ВЕРШАВА́НАЯ МО́ВА, верш,

асаблівы тып эмацыянальна афарбаванай, згушчанай мовы, у якой гранічна адчувальны кожны кампанент, а найбольш значныя гукі і сугуччы, словы, паўзы, вобразы не толькі акцэнтуюцца, але і ставяцца ў цэнтр увагі. У адрозненне ад прозы вершаваная мова характарызуецца пастаянствам аднароднай інтанацыйнай сістэмы, сіметрыяй і перыядычнасцю члянення сінтаксічных адрэзкаў, пэўным чынам арганізаванай рытмамелодыкай. Адсюль наяўнасць рыфмаў, строф, устаноўка на муз. гучанне. Вылучаюцца белы верш, вольны верш, свабодны верш, дольнік.

т. 4, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭМЕ́НТ-ПУ́ШКА,

устаноўка для нанясення распырскваннем бетоннай сумесі на паверхню збудаванняў і канструкцый для атрымання таркрэтбетону, што вызначаецца высокай шчыльнасцю і воданепранікальнасцю. Сухая сумесь з рабочай камеры (барабана) шлангам падаецца ў фарсунку, дзе ўвільгатняецца і вылятае са скорасцю 50—70 м/с. Прадукцыйнасць Ц.-п. 1,5—6 м³/гадз, далёкасць падачы па гарызанталі 200 м, па вертыкалі да 30 м.

Цэмент-пушка з верхняй (шлюзавай) і ніжняй (рабочай) камерамі.

т. 17, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́ПАВЫ ПАД’ЁМНІК,

устаноўка для транспартавання сыпкіх грузаў з дапамогай аўтаматычна разгружальных карабоў (скіпаў). Складаецца з рэйкавых (з вуглом пад’ёму да 45°) і інш. жорсткіх накіравальных, скіпаў (падвешваюцца да цягавых канатаў, разгружаюцца перакульваннем або праз адкідное дно), пад’ёмнай машыны (лябёдкі), капра, перагрузачных прыстасаванняў. Выкарыстоўваюцца для пад’ёму карысных выкапняў і пароды па шахтавых ствалах, для загрузкі шыхты ў доменныя печы, вагранкі, падачы вугалю ў кацельні і інш.

Скіпавы пад’ёмнік: 1 — шахтавы; 2 — загрузачны (да вібрапрасавальнай машыны).

т. 14, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕЗАБЕТО́ННЫЯ РАБО́ТЫ,

комплекс работ па ўзвядзенні збудаванняў і канструкцый з маналітнага жалезабетону. Уключаюць апалубачныя (гл. ў арт. Апалубка), арматурныя работы і бетонныя работы. Выконваюцца ў паслядоўнасці: выраб і мантаж арматурных каркасаў, сетак і асобных стрыжняў; устаноўка апалубкі; прыгатаванне, транспартаванне, укладка і ўшчыльненне бетоннай сумесі; догляд бетону ў перыяд яго цвярдзення; распалубка пасля дасягнення бетонам неабходнай трываласці. Зманціраваныя арматурныя каркасы могуць выкарыстоўвацца пры ўстаноўцы апалубкі для яе фіксацыі ў патрэбным становішчы, а таксама для мацавання закладных дэталей.

П.​М.​Багаслаўчык.

т. 6, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУШЫ́ЛКА,

апарат, прыстасаванне, устаноўка для выпарэння вадкасці з розных матэрыялаў. Паводле спосабу перадачы цяпла С. падзяляюцца на канвекцыйныя (цяпло перадаецца непасрэдным сутыкненнем з нагрэтым газам); кантактныя (матэрыял сутыкаецца з гарачай паверхняй); радыяцыйныя (цяпло перадаецца вылучэннем ад розных нагрэтых паверхняў, напр., лямпаў і г.д.); індукцыйныя (нагрэў ажыццяўляецца токамі высокай частаты). У залежнасці ад матэрыялу, які высушваецца, С. бываюць для кускавых, зярністых (гл. Зернесушылка) ці для пастападобных матэрыялаў, раствораў, суспензій. Для высушвання тэрмаадчувальных матэрыялаў (хім.-фармацэўтычных прэпаратаў, вакцыны і інш.) выкарыстоўваюць сублімацыйную сушку (гл. Сублімацыя).

т. 15, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ХІМВАЛАКНО́».

Засн. ў 1978 як з-д сінт. валакна. З 1983 сучасная назва. Выпускала кордавую тканіну для шыннай прам-сці. У 1980 уведзена 2-я чарга па вытв-сці тэкстураванай жгутавай ніткі дывановага асартыменту, у 1989 — 3-я чарга па выпуску звыштрывалай кордавай тканіны, у 1997 — устаноўка па выпуску капронавай крошкі. Асн. прадукцыя (1996): ніткі жгутавыя капронавыя для дываноў, кордавая капронавая тканіна, валакно штапельнае, паліаміды; тавары нар. ўжытку (больш за 30 відаў). Асн. спажыўцы (1996): Англія, Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Галандыя, Германія, ЗША, Італія, Польшча, Чэхія, Швейцарыя, Японія, краіны СНД і Прыбалтыкі.

т. 5, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРТУА́ЗНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

прыдворна-рыцарскі кірунак у еўрап. л-ры 12—14 ст.; прадстаўлена лірыкай трубадураў і трувераў у Францыі, мінезінгераў у Германіі і рыцарскімі раманамі. Пафас К.л. — ідэалы саслоўнага гонару і доблесці не ў імя роду ці краіны, як у гераічным эпасе, а асабістай славы і маральнага ўдасканалення. Куртуазная лірыка ўзбагаціла паэзію новымі тэмамі, жанравымі формамі, вершаванымі памерамі, рыфмай; рыцарскі раман і навела распрацоўвалі ант. і візант. сюжэты, тэматыку кельцкіх сказанняў аб легендарным каралю Артуру. У К.л. вылучаецца фігура творцы, з чым звязана ўслаўленне індывід. якасцей, паглыбленне псіхал. характарыстык, больш тонкае ўспрыняцце прыроды, устаноўка на займальнасць, авантурнасць.

т. 9, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАСТА́Т (ад гідра...+ грэч. statos нерухомы),

1) падводны апарат для выканання даследаванняў і інш. работ. Спускаюць на кабель-тросе з судна-базы. Прызначэнне і метады эксплуатацыі такія, як батысферы, аднак гідрастат разлічаны на меншыя глыбіні.

2) Гідрастат у тэхніцы — устаноўка для гідрастатычнага прасавання парашковых матэрыялаў. Парашок засыпаюць у капсулу, дзе яго вібраўшчыльняюць, вакуумуюць і герметызуюць. Капсулу змяшчаюць у спец. кантэйнер, і парашок прасуецца з дапамогай рабочай вадкасці пад ціскам да 1500 МПа (пры халодным прасаванні; пры гарачым — да 500 МПа). Выкарыстоўваецца для папярэдняга ўшчыльнення парашкоў (халоднае прасаванне) перад газастатычным прасаваннем; атрымання з парашкоў бессітаватых гатовых вырабаў або загатовак для аб’ёмнага (гарачага) прасавання.

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТАЛЯ́ЦЫЯ (ад англ. installation устаноўка, размяшчэнне, збудаванне),

від мастацтва поп-арту, мантаж у прасторы аб’ектаў з рэчавага асяроддзя ці сканструяваных мастаком. Ствараецца на час правядзення буйных выставак у экспазіцыйных памяшканнях або ў экстэр’еры, звычайна размешчаны на вял. плошчы. Дазваляе стварыць незапраграмаванае вобразнае ўражанне, часта праз парадаксальныя спалучэнні рэчавых элементаў нестандартнымі сродкамі выразіць актуальныя праблемы. Узнікла ў 1970-я г., пашырылася ў ЗША (Р.​Раўшэнберг), ФРГ (І.​Бойс), Польшчы (Я.​Бярдышак) і інш. На Беларусі выкарыстоўваецца з канца 1980-х г. у творах І.​Кашкурэвіча, А.​Клінава, А.​Вараб’ёва і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

Я.​Бярдышак. Інсталяцыя з серыі «Паспарту». 1995.

т. 7, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНАБЕТО́Н,

разнавіднасць ячэістага бетону, порыстая структура якога атрымліваецца ад змешвання растворнай састаўляючай (звычайна портландцэменту з пяском і вадой) з асобна прыгатаванай пенай. Гэтая кампазіцыя потым перамешваецца з буйным порыстым запаўняльнікам.

Пена (з устойлівымі бурбалкамі дыям. да 1,5—2 мм) гатуецца з сумесі каніфольнага мыла, жывёльнага клею, алюмасульфатанафтэнаў і інш. пенаўтваральнікаў. Адрозніваюць П. цеплаізаляцыйны (выкарыстоўваюць для цеплаізаляцыі прамысл. установак) і канструкцыйны (для бетонных вырабаў і канструкцый). Разнавіднасці П. — пенагіпс, пенашлакабетон, пенасілікат, пенамагнезіт, пенашклобетон і інш. Сумесь для П. гатуюць у пенабетонамяшалках (маюць растворазмяшальнік, пенаўзбівальнік і змяшальнік ячэістай сумесі; могуць. аб’ядноўвацца з дазатарамі шламу, вады і пенаўтваральніка).

І.​І.​Леановіч.

Устаноўка для прыгатавання пенабетону.

т. 12, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)