АГЛАБІ́ДЫ,
дынастыя араб. эміраў
[800—909] у Іфрыкіі (Паўн. Афрыка). Заснавальнік — Ібрахім Ібн аль-Аглаб [800—812],
нам. абасідскага халіфа Харун ар-Рашыда. Аглабіды стварылі фактычна незалежную дзяржаву са сталіцай у Кайруане, захапілі Сіцылію, Калабрыю, вялі рэліг. барацьбу з харыджытамі, змагаліся са створаным імі імаматам Тахерт (паўд. ч. Іфрыкіі). Пасля падзення дынастыі Аглабідаў улада перайшла да Фатымідаў (гл. Фатымідаў халіфат).
т. 1, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,
штомесячны навукова-тэарэтычны і грамадска-публіцыстычны часопіс. Выходзіць з кастр. 1991 у Мінску на бел. і рус. мовах. Знаёміць чытачоў з сучаснай навук., пед., грамадскай думкай па розных галінах ведаў. Мае пастаянныя раздзелы: «Навука», «Эканоміка», «Улада», «Паліталогія», «Суверэнітэт», «Духоўны свет», «Мараль», «Экалогія» і інш. На старонках часопіса выступаюць буйнейшыя бел. і замежныя вучоныя, дзеячы культуры, педагогі, палітыкі.
т. 2, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХМАНІ́ДСКІ СУЛТАНА́Т, Бахмані,
дзяржава ў Індыі ў 1347—1525. Утвораны ў выніку паўстання дэканскіх феадалаў супраць Дэлійскага султаната. Заснавальнік Бахманідскага султаната Зафар-хан даў пачатак дынастыі Бахманідаў, сталіца Бахманідскага султаната — г. Гулбарга, з 1429 — Бідар. Улада Бахманідаў распаўсюджвалася на ўвесь Дэкан да р. Крышна на Пд. У канцы 15 — пач. 16 ст. распаўся на султанаты Ахмаднагар, Берар, Бідар, Біджапур, Галконда.
т. 2, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВОПРО́СЫ ИСТО́РИИ»,
навуковы часопіс. Выдаецца з 1926 у Маскве на рус. мове штомесяц. Засн. як час «Историк-марксист», у 1941 аб’яднаны з «Историческим журналом», з 1945 — сучасная назва. Друкуе праблемныя артыкулы па рас. і сусв. гісторыі, тэорыі гіст. працэсу, гістарыяграфіі і інш. Асн. раздзелы: «Гістарычныя партрэты», «Улада і інтэлігенцыя», «Гісторыя і лёсы», «Гісторыкі пра час і пра сябе», «Гістарыяграфія», «Лісты ў рэдакцыю» і інш.
т. 4, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРШАКІ́ДЫ (Аршакуні) армянскія, царская дынастыя ў Арменіі ў 62—428. Роднасная Аршакідам парфянскім. Заснавальнік Тырыдат I (з 62, афіцыйна ў 66—80). Пры Хасрове I Вялікім [217—238] улада Аршакідаў стала спадчынная. З часу царавання Тырыдата III Вялікага [287—332] хрысціянства стала (каля 301) дзярж. рэлігіяй Арменіі. Аршакіды змагаліся за незалежнасць дзяржавы, але беспаспяхова. Пасля падзелу Арменіі Вялікай у 387 паміж Іранам і Рымам Аршакіды трапілі да іх у залежнасць. У 428 дынастыя Аршакідаў спынілася.
т. 1, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́КАНАЎ (Міхаіл Аляксандравіч) (12.1.1856, г. Екацярынбург, Расія — 10.8.1919),
расійскі гісторык. Акад. Пецярбургскай АН (1912). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1878). З 1890 праф. гісторыі і права Дэрпцкага (Тартускага), з 1914 Пецярбургскага ун-та. Навук. працы па гісторыі сялянства, дзяржавы і царквы ў Расіі, стараж.-рус. права, асн. з іх — «Улада маскоўскіх гасудароў» (1889), «Нарысы па гісторыі вясковага насельніцтва ў Маскоўскай дзяржаве XVI—XVII ст.» (1898), «Нарысы грамадскага і дзяржаўнага ладу Старажытнай Русі» (1907).
т. 6, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДАЎДА́НСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1921, канстытуцыя Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. Прынята 28 чэрв. ў дзень св. Віда (Vidovdan). Абвясціла каралеўства парламентарнай і спадчыннай манархіяй на чале з сербскім каралём з дынастыі Карагеоргіевічаў. Паводле Відаўданскай канстытуцыі каралю належала выканаўчая і заканадаўчая (разам з 1-палатным парламентам — нар. скупшчынай) улада. Паліт. правы і свабоды (слова, друку, сходаў і інш.) маглі быць адменены каралём. Замацоўвала пануючае становішча ў грамадстве сербскай паліт. эліты. Адменена 6.1.1929 у выніку ўстанаўлення ў краіне ваенна-манархічнага рэжыму.
т. 4, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОПШ ((Dopsch) Альфонс) (14.6.1868, г. Ловасіцы, Чэхія — 1.9.1953),
аўстрыйскі гісторык. Праф. Венскага ун-та (1900—38). Аўтар прац «Эканамічнае развіццё ў эпоху Каралінгаў, галоўным чынам у Германіі» (т. 1—2, 1912—13), «Эканамічныя і сацыяльныя асновы культурнага развіцця Еўропы ад часоў Цэзара да Карла Вялікага» (т. 1—2, 1918—20), «Натуральная гаспадарка і грашовая эканоміка ў сусветнай гісторыі» (1930), «Улада і селянін у часы Германскай імперыі» (1939) і інш., у якіх сцвярджаў бесперапыннасць гіст. працэсу ад антычнасці да сярэдневякоўя.
т. 6, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПА́ТРЫІ (ад санскр. кшатра — улада),
раджаны, раджанья, саслоўе (варна) у Стараж. Індыі. Варна К. склалася на рубяжы 2—1-га тыс. да н.э. ў плямёнах арыяў (гл. Арыйцы) у ходзе заваявання імі Індыі і фарміравання класавага грамадства. У стараж.-інд. дзяржавах складалі ваен.-плем. арыстакратыю, займалі пануючае паліт. і эканам. становішча. К. былі кіраўнікамі дзяржаў, службовымі асобамі, рабаўладальніцкай знаццю, воінамі. Да сярэдзіны 1-га тыс. н.э. перасталі вызначаць склад кіруючага класа, паняцце К. захавалася толькі як традыц. ўяўленне.
т. 9, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́РХ (грэч. monarchos ад monos адзін + archos правіцель),
аднаасобны кіраўнік дзяржавы, які ажыццяўляе ўладу паводле ўласнага права, а не ў дэлегаваным парадку. Улада М. з’яўляецца, як правіла, пажыццёвай і перадаецца ў спадчыну. Ва ўсіх манархічных краінах М. паводле закону — недатыкальная асоба. У розных краінах М. маюць розныя назвы: кароль — у Вялікабрытаніі, Іспаніі, Даніі, Швецыі, Бельгіі; султан — у Малайзіі, Брунеі, Амане, эмір — у Кувейце, Аб’яднаных Араб. Эміратах, вял. герцаг — у Люксембургу, князь — у Ліхтэнштэйне. Гл. таксама Манархія.
т. 10, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)