ЭЛЕКТРАФО́Н (ад электра... + ...фон),

пераносны апарат для гукаўзнаўлення з грампласцінак. Бываюць мона- і стэрэафанічныя. Асн. вузлы: шматскарасны электрапрывод для раўнамернага вярчэння дыска з грампласцінкай, гуказдымальнік, узмацняльнік эл. ваганняў гукавой частаты, гучнагаварыцель ці акустычная сістэма.

т. 18, кн. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЗАІНВЕ́РТАР (ад фаза + інвертар),

узмацняльнік, які пераўтварае ўваходны эл. сігнал у 2 сігналы, зрушаныя па фазе на 180°. Выконваецца на транзістарах і інш. электронных прыладах. Выкарыстоўваецца ў радыётэхн. устройствах, вымяральнай апаратуры і інш.

Схема фазаінвертара — парафазнага ўзмацняльніка: T — транзістары; R — рэзістары; Uув — уваходнае напружанне; Uвых1, Uвых2 — выходныя напружанні.

т. 16, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРААКУСТЫ́ЧНЫ МАЯ́К,

стацыянарная падводная прылада, якая выпрамяняе гукавыя (акустычныя) сігналы з мэтай арыентавання суднаў, глыбакаводных апаратаў і інш. Мае генератар гукавых ваганняў, узмацняльнік магутнасці, электраакустычны выпрамяняльнік, механізм кіравання сігналамі, сінхранізавальную прыладу, крыніцу электрасілкавання. Устанаўліваюць на дне мора, на метал. апорах ці на якары (на зададзенай глыбіні). Далёкасць дзеяння гідраакустычнага маяка каля 20 км.

т. 5, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУМАПЕЛЕНГА́ТАР,

прылада для выяўлення крыніцы гуку (шуму) і вызначэння напрамку на яго (гл. Пеленгацыя). Мае прыёмную акустычную сістэму, узмацняльнік і індыкатарную сістэму. Група Ш., размешчаных у розных пунктах, дазваляе вызначыць месцазнаходжанне крыніцы гуку адначасовым пеленгаваннем. Ш. выкарыстоўваюцца ў асн. у гідралакацыі; бываюць карабельныя, верталётныя і стацыянарныя, працуюць у дыяпазонах гукавых, інфра- і ультрагукавых частот.

т. 17, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫРАША́ЛЬНЫ ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК у аналагавых вылічальных машынах,

узмацняльнік пастаяннага току з ланцугамі адмоўнай адваротнай сувязі. Прызначаны для выканання матэм. аперацый (напр., складання, інтэгравання, дыферэнцыравання) над аналагавымі велічынямі. Пры нелінейных ланцугах адваротнай сувязі дае магчымасць выконваць нелінейныя аперацыі (падвышэнне да ступені, множанне, лагарыфмаванне). Вырашальны ўзмацняльнік без ланцугоў адваротнай сувязі наз. аперацыйным узмацняльнікам (мае каэфіцыент узмацнення больш за 10​6; выпускаецца ў выглядзе інтэгральнай схемы). Выкарыстоўваецца таксама ў сістэмах аўтаматыкі, радыё- і вымяральнай тэхнікі.

т. 4, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНЫ КВА́НТАВЫ ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК,

узмацняльнік электрамагнітных хваляў аптычнага дыяпазону спектра, дзеянне якога заснавана на вымушаным выпрамяненні ўзбуджаных атамаў, малекул або іонаў. Першасная эл.-магн. хваля пры распаўсюджванні ў актыўным асяроддзі стымулюе вымушанае выпрамяненне, тоеснае з ёй па частаце, фазе, напрамку распаўсюджвання і характары палярызацыі. Для павелічэння каэфіцыента ўзмацнення актыўнае асяроддзе змяшчаюць у аб’ёмны рэзанатар. Аптычны квантавы ўзмацняльнік мае малы ўзровень шумаў і высокую адчувальнасць. Выкарыстоўваецца ў выхадных каскадах магутных лазераў, сістэмах аптычнай і далёкай касм. сувязі, радыёастраноміі і інш.

В.​В.​Валяўка.

т. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШТАЛІ́ЧНЫ ЛІЧЫ́ЛЬНІК,

прылада для рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў; цвердацелая іанізацыйная камера. Прынцып дзеяння К.л. заснаваны на ўзнікненні пад уздзеяннем выпрамяненняў прыкметнай электраправоднасці дыэлектрыкаў. Пры праходжанні праз крышталь (напр., сульфіду кадмію) іанізавальныя часціцы выклікаюць у ім утварэнне носьбітаў зараду (электронаў і дзірак), якія пад уздзеяннем знешняга эл. поля рухаюцца да адпаведных электродаў. Асобная іанізавальная часціца выклікае ў ланцугу К.л. кароткачасовы імпульс, які пасля ўзмацнення рэгіструецца лічыльнай прыладай. Гл. таксама Паўправадніковы дэтэктар.

Блок-схема крышталічнага лічыльніка 1, 3 — электроды; 2 — крышталь; 4 — узмацняльнік; 5 — рэгістравальная апаратура.

т. 8, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАЭЛЕКТРО́ННЫ ПАМНАЖА́ЛЬНІК (ФЭП), фотапамнажальнік,

узмацняльнік слабых фотатокаў, прынцып дзеяння якога заснаваны на другаснай электроннай эмісіі, адна з фотаэлектронных прылад.

Асн. вузлы ФЭП: фотакатод (вылучае электроны пад уздзеяннем аптычнага выпрамянення — фотаток), сістэма дынодаў (павялічвае колькасць электронаў за кошт другаснай электроннай эмісіі) і анод (калектар другасных электронаў). Каэфіцыент узмацнення ФЭП да 10​8. Выкарыстоўваецца ў лічыльніках элементарных часціц, перадавальных тэлевізійных камерах, факсімільных апаратах і інш.

Схема фотаэлектроннага памнажальніка: 1 — светлавы паток; 2 — фотакатод; 3 — факусавальныя электроды катоднай камеры; 4 — дыноды; 5 — анод.

т. 16, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАЦВЁРДЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ, магнітажорсткія матэрыялы,

фера- і ферымагнетыкі, якія маюць высокае значэнне каэрцытыўнай сілы (Hc = 10​3—10​6 А/м). Характарызуюцца высокім значэннем астаткавай магнітнай індукцыі і макс. значэннем магн. энергіі на ўчастку размагнічвання пятлі гістэрэзісу. Высокія значэнні Hc у М.м. абумоўлены затрымкай працэсу перамагнічвання. М.м. выкарыстоўваюць як пастаянныя магніты, а таксама ў гістэрэзісных рухавіках і ў якасці носьбітаў магн. памяці.

Паводле тэхналогіі фарміравання высокакаэрцытыўнага стану М.м. падзяляюць на: сталі, якія загартоўваюць на мартэнсіт; недэфармуемыя літыя сплавы жалеза, нікелю і алюмінію (алні) з дабаўкамі кобальту, тытану, медзі і інш.; дэфармуемыя сплавы жалеза, нікелю, медзі (куніфэ), кобальту, нікелю, медзі (куніко) і інш., а таксама сплавы з выкарыстаннем высакародных металаў (напр., сплавы кобальту з плацінай для вырабу звышмініяцюрных магнітаў); М.м., якія атрымліваюць прасаваннем парашкоў з іх далейшай тэрмічнай апрацоўкай. З метал. парашкоў прасаваннем без сувязнога ці спяканнем пры высокай т-ры вырабляюць металакерамічныя М.м., да якіх адносяцца матэрыялы на аснове інтэрметалідаў металаў групы жалеза з рэдказямельнымі элементамі (напр., SmCo5 пяцькобальт-самарый) для вырабу найб. энергаёмістых сучасных магнітаў. Прасаваннем парашкоў разам з сувязным, які полімерызуецца пры невысокай т-ры, атрымліваюць металапластычныя М.м. Да М.м. адносяцца таксама барыевы, стронцыевы і кобальтавы ферыты.

Літ.:

Сергеев В.В., Булыгина Т.И. Магнитотвердые материалы. М., 1980.

Г.​І.​Макавецкі.

Блок-схема студыйнага шпулечнага магнітафона: 1 — генератар высокай частаты; 2 — узмацняльнік запісу; 3 — узмацняльнік узнаўлення; 4 — шпулі з магнітнай стужкай; 5, 6, 7 — магнітныя галоўкі ўзнаўлення, запісу і сцірання (адпаведна).

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЁМНЫ МО́ДУЛЬ,

функцыянальны вузел электроннага прыстасавання, у якім дыскрэтныя элементы (паўправадніковыя прылады, рэзістары, кандэнсатары і інш.) размешчаны паралельна адзін аднаму і перпендыкулярна плоскасці іх злучэння ў эл. ланцугі адпаведна схеме. Бываюць зварныя (вывады элементаў злучаны зваркай), калончатыя (элементы паміж друкавальнымі платамі), сотавыя (элементы ў спец. гнёздах з ізаляцыйнага матэрыялу) і інш. Аб’ёмны модуль аднаго тыпу маюць аднолькавыя ці кратныя геам. памеры і ўтвараюць сістэму модуляў, дапасаваных паміж сабой па эл. параметрах.

Аб’ёмны модуль (без кажуха) — узмацняльнік гукавых частот: 1 — верхняя друкавальная плата; 2 — рэзістары; 3 — металічная перамычка паміж друкавальнымі платамі; 4 — кандэнсатар; 5 — ніжняя друкавальная плата; 6 — вывады; 7 — транзістар.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)