А́КТЫ РЭФАРМАЦЫ́ЙНЫХ СІНО́ДАЎ У ПО́ЛЬШЧЫ,

«Akta synodów różnoeierczych w Polsce», шматтомнае выданне крыніц па гісторыі Рэфармацыі ў Польшчы і ВКЛ. Выдаюцца з 1966 у Варшаве. Ахопліваюць перыяд з 1550 да канца 17 ст. Выкарыстаны ўсе кодэксы пратаколаў рэфармацыйных сінодаў, упамінанні пра сіноды ў старадруках, асобныя акты, карэспандэнцыі, рэляцыі на польск., лац., чэшскай мовах. Асвятляецца арганізац., царкоўнарэліг., ідэалаг. дзейнасць рэфармацыйных абшчын («Чэшскіх братоў», кальвіністаў, арыян), узаемаадносіны розных рэфармацыйных плыняў, палітыка вярх. улады ў адносінах да Рэфармацыі, удзел бел.-літ. дзеячаў у грамадска-паліт. жыцці Польшчы і ВКЛ.

Л.​С.​Іванова.

т. 1, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НІЧ Багдан-Ігар (5.10.1909, с. Навіца на Лемкаўшчыне, Польшча — 6.7.1937),

украінскі паэт. Скончыў Львоўскі ун-т (1933). Лірыка Антоніча (зб-кі «Вітанне жыцця», 1931; «Тры пярсцёнкі», 1934; «Кніга Льва», 1936; «Зялёнае Евангелле» і «Ратацыі», 1938) адметная філасафічнасцю, своеасаблівым касмічна-планетарным светаўспрыманнем, манументальнай вобразнасцю, арыгінальнай метрыкай і метафарычнасцю. Узаемаадносіны чалавека і прыроды, сутнасць жыцця — лейтматыў яго паэзіі. Аўтар лібрэта оперы «Доўбуш», незакончанага рамана «На тым беразе», артыкулаў па эстэтыцы.

Тв.:

Пісня про незнишенність материї. Київ, 1967.

Літ.:

Богдан-Ігор Антонич // Історія української літератури XX століття. Київ, 1994. Кн. 1.

В.​А.​Чабаненка.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖАДУ́Б Алесь (Аляксандр Канстанцінавіч, н. 27.9.1952, г. Ганцавічы Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1974) і Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1985). З 1990 жыве ў Маскве. Друкуецца з 1976. У апавяданнях, аповесцях «Гарадок» (1980), «Старая хата» (1982), «Высока сонейка, высока» (1984), «Дарога на замчышча» (1988), «Стрэчанне» (1990) паказаў побыт, узаемаадносіны жыхароў невял. гарадка, сучасныя жыццёвыя праблемы. Аповесці «Лесавік» (1985) і «Дуб» (1990) рэканструююць стараж. пласты нар. міфалогіі. Аўтар гіст. эсэ «Рака вады жывой» (1989), зб-каў апавяд. «Святы калодзеж» (1994), «Магіла для дырэктара могілак» (1997).

І.М.Кажадуб.

т. 7, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬЦАЎ Аляксандр Мікалаевіч (14.10. 1921, г. Цвер, Расія — 21.4.1964),

рускі гісторык. Канд. гіст. н. (1949). Скончыў Маскоўскі ун-т (1944). З 1946 выкладчык у ВНУ Масквы, у т. л. ў Маскоўскім ун-це. У манаграфіі «Расія і Беларусь у сярэдзіне XVII ст.» (1974), прысвечанай вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, даследаваў ход ваен. дзеянняў, палітыку рус. улад адносна шляхты, духавенства, мяшчанства, сялянства, узаемаадносіны рус. ўрада і ўкр. казакоў у дачыненні да Беларусі. Апублікаваў Баркулабаўскі летапіс («Археаграфічны штогоднік за 1960 г.», 1962).

В.​С.​Пазднякоў.

т. 10, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТАТ (ад англ. state дзяржава),

1) самакіравальная адм.-тэр. адзінка ў шэрагу федэратыўных дзяржаў (ЗША, Мексіка, Бразілія, Індыя, Нігерыя і інш.). Прававое становішча Ш., аб’ём кампетэнцыі яго органаў улады, узаемаадносіны з цэнтр. урадам вызначаюцца федэральнай канстытуцыяй. У некат. краінах (ЗША, Мексіка) Ш. маюць уласныя канстытуцыі. Узначальвае Ш. выбраны або прызначаны губернатар, паўнамоцтвы якога ў пэўнай ступені аналагічныя кампетэнцыі кіраўніка дзяржавы. Ш. маюць уласныя заканад. органы і суд. сістэму. Ш. не з’яўляецца суверэннай дзяржавай.

2) Пастаянны склад супрацоўнікаў якога-н. суб’екта гаспадарання, установы (т.зв. штатны расклад).

т. 17, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМАТЫ́ВЫ,

навукова абгрунтаваныя разліковыя велічыні, якія характарызуюць колькасную і якасную меру затрат прац. часу, матэрыяльных і грашовых рэсурсаў і інш. Характэрная рыса Н. — іх доўгатэрміновы характар. Ва ўмовах цэнтралізаванай планавай эканомікі Н. рэгламентуюць узаемаадносіны дзяржавы з прадпрыемствамі (арг-цыямі) і прадпрыемстваў паміж сабой. Ва ўмовах рыначнай эканомікі выкарыстоўваюцца пры кіраванні карпарацыямі і фірмамі. Важнае значэнне маюць сацыяльныя Н., што выступаюць крытэрыямі пажаданага і дасягнутага развіцця сац. сферы, і экалагічныя Н., выкананне якіх абавязковае пры стварэнні новай тэхнікі і тэхналогіі, праектаванні, буд-ве і рэканструкцыі прадпрыемстваў, паляпшэнні ўмоў працы і ахове навакольнага асяроддзя.

т. 11, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІІ́ШАВА Зайнаб Абдулаўна (н. 2.1.1908, с. Туюмбетава Кугарчынскага р-на, Башкортастан),

башкірская пісьменніца. Нар. пісьменніца Башкортастана (1990). Скончыла Башкірскі пед. тэхнікум (Арэнбург, 1929). Друкуецца з 1930. У аповесцях «Кюнхылыу» (1949), «Гельямал» (1953), «Чалавек-дзівак» (1960), «Дзе ты, Гульніса?» (1962), «Думы, думы...» (1963), сказе «Каханне і нянавісць» (1964) — філас. праблемы, узаемаадносіны асобы і грамадства, каларытныя вобразы жанчын-башкірак. У драм. творах выкарыстоўвала сюжэты башк. нар. творчасці. Аўтар першай у башк. л-ры трылогіі («Зняважаныя», 1958; «Абуджэнне», 1966; «Да святла», 1969) аб жыцці дарэв. Башкірыі, падзеях рэвалюцыі і грамадз. вайны.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. М., 1988.

Літ.:

Алибаева С.А., Журавлева А.А., Журавлева А.Н. Зайнаб Биишева: Жизнь и творчество. Уфа, 1993.

К.​А.​Аралбаеў.

т. 3, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУБО́ЎСКІ Пётр Васілевіч (28.6.1857, Чарнігаўская губ. — 30.3.1907),

расійскі гісторык. Д-р рус. гісторыі (1885), праф. (1898). Скончыў Кіеўскі ун-т. Належаў да школы У.Б.Антановіча. З 1886 выкладаў у Кіеўскім ун-це. Навук. працы па гіст. геаграфіі, гіст. бібліяграфіі, крыніцазнаўстве стараж. гісторыі. У працы «Гісторыя Смаленскай зямлі да пачатку XV ст.» (1895) паказаў ход славянскай каланізацыі з паўн.-ўсх. Прыкарпацця, месцы рассялення і найменні славянскіх плямён, утварэнне бел. мовы, адрозненні паміж полацкімі і смаленскімі крывічамі, узаемаадносіны Смаленскага княства з ВКПЛ і Маскоўскай дзяржавай.

Тв.:

История Северской земли до половины XIV столетия. Киев, 1881;

Критико-библиографический обзор трудов по древнейшему периоду русской истории // Унив. изв. 1907. № 8.

Л.​П.​Храпко.

т. 4, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУМА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,

сацыяльна-бытавыя пазаабрадавыя нар. песні. Узніклі ў асяроддзі чумакоў. У Ч.п. адлюстравана нялёгкая праца чумакоў, іх спецыфічны побыт у час працяглага адрыву ад дому, узаемаадносіны ў арцелях, пратэст супраць эксплуатацыі і сац. няроўнасці, а таксама ўзаемаадносіны з сям’ёй і інш. Найб. захавалася бел. Ч.п. пра горкую долю, хваробу, смерць і пахаванне чумака на чужыне, развітанне з сям’ёй ці каханай дзяўчынай, пра каханне. Для Ч.п. характэрны глыбокі псіхалагізм, тонкасць у перадачы пачуццяў, сімволіка. Большасць з іх сумныя; былі і вясёлыя песні. Бытавалі ў сял. асяроддзі як бяседныя, застольныя.

Літ.:

Гринблат М.Я. Белорусы. Мн., 1968;

Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979;

Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982.

Г.​А.​Пятроўская.

т. 17, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРА́РНАЕ ПРА́ВА,

спецыялізаваная комплексная галіна права, нормы якога замацоўваюць асн. прынцыпы арг-цыі і дзейнасці с.-г. прадпрыемстваў і аб’яднанняў, рэгулююць іх узаемаадносіны паміж сабой і дзяржавай, з работнікамі сельскай гаспадаркі і грамадзянамі, якія вядуць індывід. сялянскую (фермерскую) гаспадарку. Прававымі ін-тамі аграрнага права з’яўляюцца: аграрныя праваадносіны, прававое рэгуляванне пераходу да рыначных адносін у аграпрамысл. комплексе, дзярж. рэгуляванне сельскай гаспадаркі, прававое становішча суб’ектаў гаспадарання, арганізацыйна-прававыя формы іх кіраўніцтва, права ўласнасці на зямлю і сродкі вытв-сці, рэгуляванне працоўных адносін, аплата працы і размеркаванне прыбыткаў і інш. Асн. крыніцы аграрнага права на Беларусі — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, законы аб праве ўласнасці на зямлю, аб плацяжах за зямлю, аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы і інш.

М.​В.​Сторажаў.

т. 1, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)