КАШАПА́РАЎ (Анатоль Яфімавіч) (н. 15.10.1950, Мінск),
бел. спявак (тэнар). Засл. арт. Беларусі (1979). У 1972—89 у ансамблі «Песняры», выконваў сола ў вак. цыкле У.Мулявіна на словы Я.Купалы і ў нар. песні «Дзяўчына-сардэнька» ў яго апрацоўцы, песнях «Добры вечар, дзяўчыначка» І.Лучанка, «Волагда» Б.Макравусава, «Я не магу іначай» А.Пахмутавай Яго выкананне адметнае лірычнай напоўненасцю, эмацыянальнасцю. Жыве ў ЗША.
А.Ю.Дзям’яненка.
т. 8, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ПРЫК (Уладзімір Іванавіч) (н. 16.9.1927, в. Барысаўка Белгародскай вобл., Расія),
бел. спявак (лірычны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1956). Працаваў у Кіеўскай філармоніі, Львоўскім т-ры оперы і балета. З 1963 саліст Бел. філармоніі. Сярод оперных партый: Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). У канцэртным рэпертуары лірычныя песні, рамансы, оперныя арыі і інш.
т. 4, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБАКУ́ЛАЎ (Ахмад) (н. 17.1.1931, г. Душанбе),
таджыкскі спявак (драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1971). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1954). У 1954—56 і з 1966 саліст Таджыкскага т-ра оперы і балета, адначасова з 1966 заг. кафедры ф-та мастацтваў Таджыкскага пед. ін-та (праф. з 1977). Сярод партый: Садык («Вяртанне» Я.Сабзанава), Мадан («Камдэ і Мадан» З.Шахідзі), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала). Дзярж. прэмія Таджыкістана 1966.
т. 2, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРО́ДАЎ (Джурабек) (н. 24.12.1942, с. Куруд Ленінабадскай вобл., Таджыкістан),
таджыкскі спявак (тэнар), выканаўца на рубобе, кампазітар. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Ленінабадскі пед. ін-т (1962). З 1963 артыст Тадж. філармоніі. У яго рэпертуары тадж. і інш. нар. песні з уласным акампанементам. Выступае і з сімф. аркестрам. Аўтар больш як 150 песень, у т. л. цыклаў на словы М.Турсун-задэ, С.Ясеніна і інш. Дзярж. прэмія Таджыкістана 1987.
т. 11, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАСА́Д (Пётр Аляксандравіч) (15.7.1939, в. Шэлехава Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 16.6.1994),
бел. спявак (барытанальны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1989). Спяваў у самадзейнасці. З 1960 артыст Дзярж. акад. нар. хору Беларусі. Валодаў моцным, роўным ва ўсіх рэгістрах голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, дакладнай інтанацыяй. Яго выканальніцкая манера вылучалася абаяльнасцю, шчырасцю, эмацыянальнасцю. Выконваў адказныя сола ў праграмах калектыву, у т. л. бел. і рус. нар. песнях і інш.
М.П.Дрынеўскі.
т. 11, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЙБУТАЎ (Рашыд Маджыд аглы) (14.12.1915, Тбілісі — 9.6.1989),
азербайджанскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. СССР (1959). Герой Сац. Працы (1980). З 1944 саліст Бакінскай філармоніі, у 1953—60 — Азерб. т-ра оперы і балета. Заснавальнік (1966) і кіраўнік Азерб. т-ра песні. Сярод партый Балаш («Севіль» Ф.Амірава), Аскер («Аршын мал алан» У.Гаджыбекава; здымаўся ў аднайм. кінафільме). Дзярж. прэмія СССР 1946; Дзярж. прэмія Азербайджана 1978.
Літ.:
Абасова Э. Рашид Бейбутов. Баку, 1965.
т. 2, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДРО́ЎСКІ-САС ((Bandrowski-Sas) Аляксандр) (22.4.1860, г. Любартаў, Польшча — 28.5.1913),
польскі спявак (драм. барытон, пазней тэнар). Адзін з лепшых оперных і камерных спевакоў свайго часу, выступаў у буйнейшых т-рах свету. Вядомы як выканаўца гераічных партый у операх Р.Вагнера, Дж.Меербера, Дж.Вердзі. Першы выканаўца партыі Манру ў аднайм. Оперы І.Падарэўскага (1901, Дрэздэн). Пісаў і перакладаў на польск. мову оперныя лібрэта. З 1909 выкладаў у Кракаўскай кансерваторыі (сярод вучняў Э.Бандроўская-Турская).
т. 2, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДЖАПАРЫ́ДЗЕ (Зураб Іванавіч) (н. 12.4.1928, Кутаісі),
грузінскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1966). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1952), з 1971 выкладае ў ей (праф. з 1984). У 1952—59 і з 1970 саліст Т-ра оперы і балета імя Паліяшвілі (Тбілісі), у 1959—70 — Вял. т-ра. Сярод лепшых партый: Абесалом («Абесалом і Этэры» З.Паліяшвілі), Міндыя («Міндыя» А.Тактакішвілі), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ). Дзярж. прэмія Грузіі 1971.
т. 1, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РАЎ (Барыс Паўлавіч) (28.4.1915, г. Набярэжныя Чаўны, Татарстан — 9.12.1991),
бел. спявак (тэнар). Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Цэнтр. вучылішча тэатр. самадзейнасці ў Маскве (1936). У 1943—78 саліст Ансамбля песні і танца БВА. Творчую манеру М. вызначалі мяккая інтанацыя, шчырасць, сцэн. свабода. У рэпертуары песні сучасных, у т. л. бел., кампазітараў. Валодаў таксама мастацтвам канферансу. Найб. значная работа — вобраз Васіля Цёркіна ў муз.-літ. кампазіцыі «Цёркін у запасе» паводле паэмы А.Твардоўскага «Васіль Цёркін».
т. 9, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭ́НЕЎ-СЛАВЯ́НСКІ (сапр. Агрэнеў) Дзмітрый Аляксандравіч
(19.12.1836, або 1834, Масква — 23.7.1908),
рускі спявак (тэнар), харавы дырыжор. Арганізатар і кіраўнік хору «Славянская капэла» (1868), з якім канцэртаваў па Расіі і за мяжой. У праграмах былі і бел. нар. песні («Чаму ж мне не пець», «Ці не дудка мая» і інш.). Адыграў значную ролю ў прапагандзе слав. муз. фальклору, хоць маст. якасці некат. яго запісаў і апрацовак, адбор нар. песень крытыкаваліся знаўцамі музыкі.
Літ.:
Локшин Д.Л. Замечательные русские хоры и их дирижёры. 2 изд. М., 1963.
т. 1, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)