ЛІНЕАМЕ́НТ (ад лац. lineamentum лінія, контур) у геалогіі, лінейныя або дугападобныя геал. структуры планетарнага значэння, часта зоны глыбінных разломаў, таксама выпрастаныя элементы ландшафту асобных раёнаў, якія адлюстроўваюць разрыўныя парушэнні і трэшчынаватасць. Тэрмін прапанаваны амер. геолагам У.Хобсам (1904). Л. планетарнага ранг у прасочваюцца ўздоўж рухомых паясоў і краёў платформ, вулканічных і астраўных дуг, шыротных разломаў Ціхага ак., рыфтавых зон Сярэдзінна-Атлантычнага хр. і інш. Праз тэр. Беларусі праходзіць Л. Сармацка-Туранскі. Распасціраецца на 4 тыс.км. ад Падляска-Брэсцкай упадзіны на З да паўд.-зах. адгор’яў Гісарскага хр. (Узбекістан) на У. Шыр. 100—150 км. Сетка рэгіянальных Л. (прамалінейныя ўчасткі далін рэк, эразійныя ўступы, ланцугі азёр, балот, крыніц і інш.) на тэр. Беларусі мае даўжыню суцэльных адрэзкаў 5—100 км. Плошчы з найб. шчыльнасцю Л. ствараюць працяглыя лінейныя зоны, якія абмяжоўваюцца разрыўнымі парушэннямі. Участкі інтэнсіўнага згушчэння Л. адпавядаюць найб. высокаму заляганню паверхні фундамента (антэклізы, выступы, падняцці, седлавіны). Л. вызначаюцца па аэра- і космафотаматэрыялах, тапакартах, у час палявых даследаванняў, выкарыстоўваюцца пры геолага-разведачных работах. Гл. таксама Тэктанічны разрыў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДА́НСКАЯ РАЎНІ́НА (ад лац. Padanis, назва р. По ў стараж. рымлян),
Падана-Венецыянская раўніна. На Пн Італіі, паміж Альпамі, Апенінамі і Адрыятычным м., пераважна ў бас.р. По. Уключае таксама Ламбардскую (на ПнЗ) і Венецыянскую (на У) нізіны. Даўж. каля 500 км, шыр. да 200 км. Паверхня пераважна плоская, паступова паніжаецца з 3 на У ад 300—400 м да ўзр. мора. П.р. — тэктанічны прагін, запоўнены тоўшчай алювію р. По і яе прытокаў, а таксама марскімі адкладамі. У цэнтры П.р. — гліністыя нізкія раўнінныя ўчасткі, па краях — пясчана-галечныя высокія раўнінныя ўчасткі. У нізоўі р. По асобныя ўчасткі ляжаць ніжэй узр. мора. Клімат пераходны ад субтрапічнага да ўмеранага. Сярэдняя т-растудз. 0—4 °C, ліп. 22—24 °C. Ападкаў 600—1000 мм за год. Рэкі бас. По, Адыджэ, Брэнта і інш. Частыя паводкі (асабліва вясной і восенню), для абароны ад якіх многія рэкі абвалаваны. Расліннасць трысняговых балот і тарфянікаў, асабліва ў дэльтавых раёнах. Сетка арашальных, асушальных і суднаходных каналаў. Густа заселена. Асн.с.-г. раён Італіі: пасевы пшаніцы, кукурузы, рысу. На П.р. — гарады Мілан, Турын, Венецыя, Балоння, Падуя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПАЛ,
1) у геалогіі — акруглае ў плане падняцце слаёў зямной кары. Адрозніваюць вулканічныя, гранітагнейсавыя, тэктанічныя і саляныя. Вулканічны К. выш. да 800 м, са стромкімі схіламі, узнікае за кошт выціскання вязкай лавы з вулканічнага канала ў суправаджэнні моцнага выбуху. Граніта-гнейсавы К. — ізаметрычная структура ў дакембрыйскіх пародах крышт. фундамента (Балтыйскі і Алданскі шчыты, Бел. антэкліза і інш.), радзей трапляецца ў больш маладых складкавасцях. Тэктанічны К. — антыклінальная складка горных парод, даўж. і шыр. якой аднолькавыя або блізкія. Саляны К. фарміруецца ў вял. упадзінах платформ і краявых прагінаў у выніку праяўлення саляной тэктонікі. З К. звязаны радовішчы каменнай солі, нафты, прыродных газаў і інш. 2) У геамарфалогіі — абазначэнне любой купалападобнай формы рэльефу або масіву горных парод.
3) У акіяналогіі — раён пад’ёму тэрмакліна да паверхні; на картах тэмператур на розных гарызонтах вылучаецца ў выглядзе некалькіх замкнёных ізатэрмаў з мінім. т-рай у цэнтры.
Схемы канструкцый купалаў: а — рабрыстая; б — сеткавая, в — шматгранная; г — у выглядзе танкасценнай абалонкі; д — з некалькіх скляпенняў-абалонак.Купал царквы Сан-Ларэнца ў Турыне. Арх. Г.Гварыні. 1668—87.Купал з ліхтаром.Купал маўзалея Гур-Эмір у Самаркандзе. 1404.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РДСКАЯ ШКО́ЛА,
мастацкая школа ў архітэктуры і жывапісе Паўн. Італіі (назва ад гіст. вобласці Ламбардыя) у 8—15 ст. У архітэктуры склалася на працягу 8—10 ст. Адыграла вырашальную ролю ў фарміраванні т.зв. першага раманскага стылю ў Італіі. Узор яе царк. архітэктуры — 3-нефавая базіліка са слаба выражаным трансептам, крыптай і кампанілай. У інтэр’еры строгае рытмічнае чляненне, падкрэсленае сістэмай скляпеністых перакрыццяў, тэктанічны ўзор вонкавых сцен з лапатак, аркатурных фрызаў і аркадных, т. зв. карлікавых галерэй (цэрквы Сант-Амброджа ў Мілане, асн.буд-ва ў 11—12 ст.; Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне, 12 ст.). У росквіце было мастацтва разьбы на камені (майстры Нікалао, Бенедэта Антэламі і інш.). Готыка тут атрымала падкрэслена статычную інтэрпрэтацыю, набыла дэкар. характар (Міланскі сабор, пачаты ў 1386). Пабудовы эпохі Адраджэння (арх. А. Філарэтэ, Г. Салары, Дж. А. Амадэо) адметныя багаццем дэкар. уставак, якія падкрэсліваюць роўнядзь сцяны, наватарскімі па будове ўнутр. прасторы арх. кампазіцыямі (творчасць Д.Брамантэў).
Жывапіс у ламбардскага трэчэнта і ранняга кватрачэнта ўласцівы крохкая вытанчанасць форм, паэтычнасць. Ён развіваўся ў рэчышчы т. зв.інтэрнац. готыкі (мініяцюры ў рукапісных «гербарыях» і «лячэбніках», анімалістычныя малюнкі Дж. дэ Грасі). Значная роля ў развіцці жывапісу кватрачэнта належыць Пізанела. У 2-й пал. 15 ст. ўзмацніліся ўплывы фларэнтыйскага мастацтва і творчасці А.Мантэньі. У творах майстроў гэтага часу пераважалі пластычная яснасць кампазіцыі, змякчаны каларыт, святлоценявая мадэліроўка (В.Фопа, Іль Берганьёне, Браманціна, Брамантэ). У эпоху Высокага Адраджэння асноватворным стаў уплыў мастацтва Леанарда да Вінчы і яго школы. У 2-й пал. 16 ст. ўтварылася асобная брэшыянская школа, у якой спалучыліся традыцыі Л.ш. і венецыянскай школы жывапісу.