ТЭКТО́НІКА (ад грэч. tektonikos які адносіцца да будаўніцтва),

геатэктоніка, галіна геалогіі, якая даследуе структуру, рухі і дэфармацыі літасферы ва ўзаемасувязі з глыбіннымі працэсамі і развіццём Зямлі. Цесна звязана са стратыграфіяй, літалогіяй, петраграфіяй, палеагеаграфіяй, геамарфалогіяй, геафізікай, геахіміяй, касм. геалогіяй і інш. Падзяляецца на марфалагічную Т. (гл. Геалогія структурная), рэгіянальную (тэктанічныя структуры асобных рэгіёнаў, краін, кантынентаў, акіянаў), гістарычную (гісторыя тэктанічных рухаў, этапы і стадыі іх развіцця, гл. Тэктанічны цыкл), агульную або тэарэтычную Т. (заканамернасці развіцця літасферы і яе структуры), гляцыятэктоніку, неатэктоніку, петратэктоніку, сейсматэктоніку, тэктанафізіку, параўнальную Т., тэктанічную картаграфію, актуатэктоніку (сучасныя тэктанічныя рухі), эксперыментальную (мадэліраванне механізмаў тэктанічных дэфармацый).

У самаст. галіну вылучылася ў пач. 20 ст. Гал. этапы развіцця супадаюць з гіст. этапамі геалогіі (гл. таксама Тэктанічныя гіпотэзы). Вял. ўклад. зрабілі рус. і сав. вучоныя А.​П.​Карпінскі, А.​Дз.​Архангельскі, М.​М.​Цяцяеў, У.​А.​Обручаў, М.​С.​Шацкі, А.​В.​Пейве, Ю.​А.​Касыгін, А.​Л.​Яншын, У.​У.​Белавусаў, М.​У.​Муратаў, В.​Я.​Хаін і інш., шатл. Дж.​Гетан, аўстр. Э.​Зюс, швейц. Э.​Арган, франц. Г.​Э.​Ог, Р.​Обуэн, галанд. Р.В. ван Бемелен, ням. Г.​Штыле, С.​М.​Бубнаў, амер. Дж.​М.​Кей. Ф.​Кінг і інш.

На Беларусі даследаванні ў галіне Т. праводзяцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН, Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це ВА «Белгеалогія», ВА «Беларусьнафта» і інш. Праведзена тэктанічнае раянаванне тэр. краіны, устаноўлена будова фундамента і чахла. платформавы чахол падзелены на структурныя комплексы і паверхі, вылучаны гал. тыпы структур і фармацый, класіфікаваны разломы, саляныя структуры Прыпяцкага прагіну, вызначаны асн. рысы тэктанічнага развіцця тэрыторыі, глыбіннай будовы літасферы і навейшых тэктанічных рухаў, у т. л. галацэнавых, вывучаны гляцыятэктанічныя з’явы, распрацавана тэктанічная аснова пошукаў карысных выкапняў. Вял. ўклад зрабілі Р.Я.Айзберг, У.А.Багіна, Б.В.Бандарэнка, З.А.Гарэлік, Р.Т.Гарэцкі. Г.У.Зінавенка, В.С.Канішчаў, Г.І.Каратаеў, Э.А.Ляўкоў, У.М.Макарэвіч, А.С.Махнач, Ж.П.Хацько і інш.

Літ.:

Тектоника Белоруссии. Мн., 1976;

Палеотектоника Белоруссии. Мм., 1983;

Хаин В.Е. Общая геотектоника. 2 изд. М., 1973;

Яго ж. Региональная геотектоника: Внеальпийская Европа и Западная Азия. М., 1977.

Р.​Г.​Гарэцкі, А.​М.​Каўхута.

т. 16, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)