ГІРУ́ЦКІ Анатоль Антонавіч (н. 23.10.1948, в. Смаляны Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1977). З 1982 працаваў у Бел. політэхн. ін-це, з 1991 — у Бел. пед. ун-це (з 1994 заг. кафедры тэорыі і гісторыі мовы). Гал. кірункі навук. дзейнасці — бел.-рус. двухмоўе, тэорыя мовазнаўства, нейралінгвістыка. Праблемам двухмоўя прысвечаны працы «Беларуска-рускі мастацкі білінгвізм: тыпалогія і гісторыя, моўныя працэсы» (1990) і «Вазьмі маё слова...» (1990, разам з А.Я.Міхневічам). Своеасаблівая філас.-рэліг. канцэпцыя слова выкладзена ў кн. «Структура слова: асновы Тэорыі Вялікага Аб’яднання» (1995) і «Тайна імя» (1996). Аўтар дапаможнікаў для ВНУ.
т. 5, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́КМАН, Чэкмонас Валерый Мікалаевіч (н. 26.12.1936, в. Завалля Манастырышчынскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна), бел. і літоўскі мовазнавец. Д-р філал. н. (1982). Скончыў Растоўскі ун-т (1965). З 1968 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1979 у Вільнюскім ун-це (з 1983 праф., у 1989—99 заг. кафедры слав. філалогіі). У 2001—03 дырэктар Цэнтра па вывучэнні культ. меншасцей Літвы. Даследуе бел. і рус. дыялекталогію, гісторыю праслав. мовы, літ.-слав. моўныя кантакты, дыялектную фанетыку літ. мовы. Аўтар кн. «Гісторыя проціпастаўленняў па цвёрдасці-мяккасці ў беларускай мове» (1970), «Гукі беларускай мовы» (1973, з А.Падлужным), «Даследаванні па гістарычнай фанетыцы праславянскай мовы: Тыпалогія і рэканструкцыя» (1979), артыкулаў.
т. 17, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯФА́ГІНА Галіна Львоўна (н. 4.7.1952, г. Пінск Брэсцкай вобл.),
бел. літаратуразнавец. Д-р філал. н. (1999), праф. (2001). Скончыла БДУ (1975), з 1978 працуе ў ім. Даследуе стылёвыя плыні рус. прозы і драматургіі 20 ст., а таксама бел. л-ру. Аўтар кн. «Маральна-філасофскія праблемы прозы 70-х—80-х гадоў» (1989, з Дз.Фёдаравым), «Руская проза другой паловы 80-х — пачатку 90-х гадоў XX стагоддзя», «Дынаміка стылёвых плыняў у рускай прозе 1980—1990-х гадоў» (абедзве 1998), «Паэтыка рускай мадэрнісцкай прозы (тыпалогія стыляў пачатку і канца XX стагоддзя)» (1999), «Руская проза канца XX стагоддзя» (2003), навуч. дапаможнікаў і інш.
т. 18, кн. 1, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОР-РАЯ́ЛЬ ГРАМА́ТЫКА,
лінгвістычная тэорыя, паводле якой у аснове ўсіх моў — адзіная ідэальная лагічная схема, задача граматыкі — устанавіць прынцыпы, агульныя для ўсіх моў, і асн. адрозненні паміж імі. Выкладзена абатамі кляштара Пор-Раяль А.Арно і К.Лансло ў кн. «Усеагульная рацыянальная граматыка...» (1660). Першыя словы яе назвы з цягам часу сталі абазначэннем асобнага тыпу лінгвістычных даследаванняў (гл. Універсальная граматыка). П.-Р.г. як спроба пабудовы на рацыянальным грунце на падставе абагульнення фактаў этн. моў усеагульнай грамат. сістэмы заклала пачатак агульнага мовазнаўства як асобнай навук. дысцыпліны. Нягледзячы на пэўную абсалютызацыю дэдуктыўнага метаду і разумовую абстрактнасць, П.-Р.г. — крыніца даследаванняў мовы ў такіх кірунках, як філасофія мовы, фармальна-граматычнае апісанне (мадэліраванне) моў, тыпалогія моў, тэорыя моўных універсалій (гл. Універсаліі лінгвістычныя). А.Я.Міхневіч.
т. 12, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВЕРГЕ́НЦЫЯ ў мовазнаўстве,
разыходжанне, узаемнае аддаленне роднасных моў або дыялектаў адной мовы (напр., Д. індаеўрапейскіх моў пасля распаду індаеўрап. прамовы; Д. ўсх.-слав. дыялектаў праслав. мовы, што прывяло да фарміравання бел., укр. і рус. моў і інш.). Д. абумоўліваецца самастойнасцю развіцця роднасных этнасаў, што звязана са зменамі сац. умоў іх існавання (міграцыі, перамены ў моўна-этнічным акружэнні пэўнага этнасу, уваходжанне роднасных этнасаў у розныя дзярж. або культ.-рэліг. ўтварэнні і інш.). Д. адбываецца шляхам паступовых змен на ўсіх моўных узроўнях (фанетыка, фаналогія, граматыка, лексіка). Д. і супрацьлеглая ёй канвергенцыя — рознанакіраваныя і ўзаемазвязаныя працэсы, якія вядуць да ўзнікнення новых моў ці моўных саюзаў.
Літ.:
Вайнрайх У. Языковые контакты: Пер. з англ. Киев, 1979;
Теоретические основы классификации языков мира. М., 1980;
Цыхун Г.А. Тыпалогія сінтаксічных адрозненняў у балканаславянскім арэале: [VIII Міжнар. з’езд славістаў: Дакл.]. Мн., 1978.
Н.Б.Мячкоўская.
т. 6, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯХРАНІ́Я (ад дыя... + грэч. chronos час),
1) змены, што адбываюцца на працягу часу ў моўнай сістэме, на асобных узроўнях мовы, а таксама ў іх падсістэмах і адзінках.
2) Лінгвістычнае вывучэнне працэсаў такіх змен, а таксама гіст. развіцця моўнай сістэмы ў цэлым. Дыяхранічнае мовазнаўства даследуе законы існавання і функцыянавання мовы ў часе і прасторы, што істотна для разумення як агульнай прыроды мовы, так і прычын, што абумовілі яе стан на пэўным гіст. этапе. Паслядоўнае размежаванне Д. і сінхраніі (а таксама самі тэрміны) прапанаваны Ф. дэ Сасюрам. Асн. раздзелы дыяхранічнага мовазнаўства: параўнальна-гістарычнае мовазнаўства, гіст. граматыка і лексікалогія, этымалогія, гісторыя літ. мовы, дыяхранічная тыпалогія моў.
Літ.:
Соссюр Ф. де. Курс общей лингвистики // Соссюр Ф. де. Тр. по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977;
Пауль Г. Принципы истории языка: Пер. с нем. М., 1960.
Н.Б.Мячкоўская.
т. 6, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІЦТВАЗНА́ЎСТВА,
навука аб прынцыпах і метадах вядзення паляўнічай гаспадаркі на аснове рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў паляўнічых жывёл, іх аховы і развядзення.
Распрацоўвае біял. асновы паляўнічай гаспадаркі: класіфікацыя, тыпалогія, баніціроўка, біятэхнія і меліярацыя паляўнічых угоддзяў, улік і ацэнка рэсурсаў паляўнічых жывёл, павышэнне прадукцыйнасці папуляцый на аснове вывучэння іх біялогіі, экалогіі, заканамернасцей змены колькасці, нарміраванага адлову і адстрэлу, узнаўленне запасаў і ахова дзікіх звяроў і птушак. Распрацоўвае таксама праблемы эканомікі, арганізацыі, тэхнікі і таваразнаўства прадукцыі паляўнічай гаспадаркі. Развіваецца ў цеснай сувязі з біялогіяй, экалогіяй, эталогіяй, батанікай, біягеаграфіяй і біяцэналогіяй; выкарыстоўвае іх метады даследаванняў.
На Беларусі навук. даследаванні па П. вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі, Бел. тэхнал. ун-це, БДУ, Гомельскім ун-це, Бярэзінскім запаведніку і інш. Распрацаваны метады мечання жывёл, кальцавання птушак, морфафізіял. індыкатараў, назіранне за перамяшчэннем жывёл на працягу сутак і інш.
У.С.Раманаў.
т. 12, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКАША́НЕЦ Аляксандр Аляксандравіч (н. 23.11.1954, в. Жураўцы Валожынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (2001), праф. (2003). Скончыў БДУ (1977). З 1977 у Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі (з 1989 нам. дырэктара, з 2003 в.а. дырэктара). З 1998 адначасова заг. кафедры Ін-та падрыхтоўкі навук. кадраў Нац. АН Беларусі. Даследуе пытанні бел. і рус. словаўтварэння, супастаўляльнай і сац. лінгвістыкі. Сааўтар кн. «Руская мова ў Беларусі» (1985), «Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі» (1987), «Грамадства — мова — палітыка» (1988), «Супастаўляльнае апісанне рускай і беларускай моў: Марфалогія» (1990), «Культура рускай мовы ў пытаннях і адказах» (1996), «Беларуская мова» (1998), «Тыпалогія двухмоўя і шматмоўя ў Беларусі» (1999), «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы» (2000), «Параўнанне сістэм і функцыянавання сучасных славянскіх моў. Словаўтварэнне/Намінацыя» (2003) і інш.
Тв.:
Словаўтварэнне і граматыка. Мн., 2001.
А.Я.Міхневіч.
т. 18, кн. 1, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕ́НЫ МО́ЎНЫЯ,
разнастайныя моўныя працэсы, якія прыводзяць да адрозненняў пэўнай мовы ад яе самой у папярэднія часы. Знешнія З.м. ахопліваюць змены ў адносінах грамадства да мовы (напр., пашырэнне ці звужэнне грамадскіх функцый мовы, распаўсюджванне пэўнай мовы на іншамоўных тэрыторыях, наданне мове статусу дзярж. або рабочай мовы і інш.). Унутраныя З.м. аб’ядноўваюць змены ў самой моўнай сістэме: у фанетыцы і фаналогіі (напр., развіццё дзекання і цекання ў бел. мове, змена тыпаў націску ў гісторыі слав. моў), у граматыцы (напр., выпрацоўка ў індаеўрап. мовах мадэлей складаназалежных сказаў, страта скланення назоўнікаў у балг., франц. і англ. мовах), у лексіцы і фразеалогіі (напр., станаўленне тэрміналогій), стылістыцы (напр., фарміраванне канцылярска-юрыд. стылю старабел. мовы ў справаводстве, дзелавых актах і Статутах ВКЛ). У канкрэтных мовах асобныя З.м. падпарадкоўваюцца заканамернасцям моўнай дыяхраніі і могуць прыводзіць да моўнай дывергенцыі або канвергенцыі, а таксама да змен тыпалагічнага характару (гл. Тыпалогія моўная).
Н.Б.Мячкоўская.
т. 7, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛОТАГЕНЕ́З (ад грэч. glōtta мова + ...генез),
працэс станаўлення чалавечай натуральнай гукавой мовы. Праблема глотагенезу звязана з паходжаннем мовы і вывучаецца комплексна як мовазнаўствам (пераважна параўнальна-гістарычным мовазнаўствам і гіст. тыпалогіяй), так і інш. навукамі аб чалавеку. Супастаўляючы прамовы асобных макрасем’яў, параўнальна-гістарычны метад дазваляе акрэсліць формы верагоднай зыходнай мовы Homo sapiens (сучаснага чалавека); гіст. тыпалогія дапамагае выявіць найб. верагодныя шляхі фарміравання асн. моўных катэгорый.
Здольнасць падтрымліваць зносіны развівалася ў чалавека ў адпаведнасці з развіццём пэўных зон мозга: спачатку жэставыя зносіны (правае паўшар’е), потым аднаслоўныя абазначэнні прадметаў словамі (заднія зоны левага паўшар’я) і ўтварэнне звязных сказаў (скронева-лобныя зоны левага паўшар’я). Тэорыю глотагенезу на працягу 20 ст. распрацоўвалі лінгвісты А.Трамбеці, Б.Разенкранц, антраполагі В.В.Бунак, Г.У.Хьюз, А.Ліберман, палеанеўролаг В.І.Качаткова. У 1984 засн. Міжнар. т-ва па даследаванні глотагенезу з цэнтрам у Парыжы.
Літ.:
Якушин Б.В. Гипотезы о происхождении языка. М., 1984.
А.М.Рудэнка.
т. 5, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)