МАЦЮШО́Ў (Аляксей Дзмітрыевіч) (21.3.1916, в. Аўсішча Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 19.9.1943),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Харкаўскае ваен. вучылішча пагранічных войск (1940). У Чырв. Арміі з 1937. У Вял.Айч. вайну на фронце з 1941. Нач. штаба палка маёр М. вызначыўся ў баях на тэр. Смаленшчыны. У вер. 1943 на чале ўзвода аўтаматчыкаў і 2 узводаў 45-мм гармат прарваўся ў тыл праціўніка, завязаў бой, у выніку якога былі захоплены 4 мінамёты, 27 кулямётаў, 40 вінтовак, 18 аўтамашын і 3 рацыі. М. загінуў у баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́БЫ БЕЛАРУ́СКІ ЗБОР,
спецыяльныя курсы для падрыхтоўкі арганізатараў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Дзейнічалі ў крас.—ліст. 1942 каля г. Мурам Уладзімірскай вобласці. Створаны паводле рашэння ЦККП(б)Б. З 1-га выпуску ў чэрв. 1942 сфарміраваны 12 партыз. атрадаў, якія ў пач.ліп. праз Віцебскія «вароты» перапраўлены на тэр. акупіраванай Беларусі. За час існавання Асобага беларускага збору падрыхтавана 2865 чал. З іх сфарміраваны і накіраваны ў тыл ворага 15 атрадаў і 100 арганізатарскіх груп, 60 інструктараў мінна-падрыўной справы і 2318 падрыўнікоў. Многія атрады выраслі ў партыз. брыгады, групы — у атрады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУГО́ЎСКІ (Мікалай Пятровіч) (14.12. 1911, в. Равуча Талачынскага р-на Віцебскай вобл. —25.6.1944),
Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял.Айч. вайну на фронце з 1941. Камандзір стралк. батальёна капітан Л. вызначыўся ў 1944 пры вызваленні Віцебскай вобл.: 23 чэрв. батальён на чале з ім прарваў абарону ворага, заняў в. Гуркі і Ермакі, выйшаў у тыл праціўніка, адбіў 9 контратак, вызваліў в. Крупчына і Засіннікі. 24 чэрв. фарсіраваў Зах. Дзвіну, захапіў плацдарм, выйшаў на шашу Віцебск—Бешанковічы, дзе злучыўся з падраздзяленнямі войск 3-га Бел. фронту. Л. загінуў у баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЖЫНО́ ЛІ́НІЯ»,
сістэма доўгатэрміновых фартыфікацыйных умацаванняў і загарод на паўн.-ўсх. граніцы Францыі. Пабудавана ў 1929—36 (удасканальвалася да 1940) па ініцыятыве ваен. міністра А.Мажыно. Агульная працягласць па фронце 400 км і на глыб. 6—8 км. Мела з боку граніцы паласу забеспячэння глыб. 4—14 км. У час 2-й сусв. вайны ням. войскі ў маі 1940 ударам праз Бельгію прарвалі фронт франц. арміі на паўн. флангу, дзе буд-ва «М.л.» не было скончана, і выйшлі ў яе тыл. Пасля адыходу франц. палявых армій ад «М.л.», ням. войскі пераадолелі яе на вузкім участку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКІЁНАК (Іван Андрэевіч) (15.7.1914, в. Гарадзілавічы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 28.3.1944),
Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1936. З 1941 на Чарнаморскім флоце, удзельнік абароны Севастопаля, вызвалення Марыупаля, Новарасійска, Бярдзянска. Нам. камандзіра аддзялення аўтаматчыкаў асобнага батальёна марской пяхоты старшына 2-й стацці М. вызначыўся ў час дэсантнай аперацыі ў г. Мікалаеў (Украіна): у ноч на 26.3.1944 атрад дэсантнікаў (68 чал.), у складзе якога быў М., па р.Паўд. Буг зайшоў у тыл ворага, высадзіўся ў порце, 2 сутак вёў з праціўнікам няроўны бой (адбіта 18 контратак). Загінуў у гэтым баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАЎЧЭ́НЯ (Гаўрыіл Антонавіч) (1.5.1907, в. Лескі Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 5.6.1988),
Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў Ваен. акадэмію бранятанк. і механіз. войск (1944), Харкаўскі с.-г.ін-т (1956). У Чырв. Арміі з 1929. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Калінінскім франтах. Нам. камандзіра танк. батальёна капітан П. вызначыўся ў студз. 1942 у баях на тэр. Цвярской вобл. (Расія): на танку прарваўся на 12 км у тыл ворага, знішчыў 12 гармат, 6 агнявых кропак і шмат жывой сілы праціўніка, вызваляў г. Андрэапаль, Таропец. Да 1953 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАСІЛЁК»,
беларускі фальклорна-харэаграфічны ансамбль у ЗША. Існаваў у 1956—92. Створаны ў Нью-Йорку членамі эмігранцкіх арг-цый Бел.-амер. задзіночання (БАЗА) і Арганізацыі бел.-амер. моладзі (АБАМ). Кіраўнік А.Орса-Рамана. У складзе ансамбля танц., інстр. і вак. групы. У аснове рэпертуару бел.нар. танцы «Лявоніха», «Полька-Янка» і інш., а таксама творы, вывезеныя ў Амерыку і захаваныя бел. каланістамі з розных рэгіёнаў Беларусі. Калектыў удзельнічаў у культ.-паліт. імпрэзах, якія наладжвалі ў Амерыцы і Канадзе бел. эмігранцкія асяродкі, выступаў на агульнаамер. этнічных святах на сцэнах «Лінкальн-Цэнтра» і «Эліс-Тыл-Хола». У 1990 гастраліраваў на Беларусі і ў Вільні, удзельнічаў у свяце Купалля ў Вязынцы і ў Заслаўі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ «ВАРО́ТЫ»,
Суражскія «вароты», 40-кіламетровы пралом у лініі фронту на стыку груп ням. армій «Поўнач» і «Цэнтр» паміж Веліжам (Смаленская вобл.) і Усвятамі (Пскоўская вобл.) у Вял. Айч. вайну. Утварыліся ў выніку наступлення 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту і дзейнічалі з 10.2 да 28.9.1942. Подступы да іх утрымлівалі часці 4-й ударнай арміі, 1-я і 2-я Бел.партыз. брыгады. Праз «вароты» партызаны трымалі сувязь з камандаваннем 4-й ударнай арміі, у тыл ворага накіроўваліся партыз. групы, зброя. З акупіраванай тэр. выходзілі партыз. атрады на перафарміраванне, добраахвотнікі ў Чырв. Армію, насельніцтва. У памяць аб Віцебскіх «варотах» у в. Заполле Віцебскага р-на пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАДЗІ,
сяло на р. Ражая (60 км на Пд ад Масквы), каля якога ў 1572 рус. войскі разграмілі тат.-тур. войска. Выкарыстаўшы сітуацыю, калі асн. сілы рас. арміі былі заняты ў Лівонскай вайне 1558—83, Крымскае ханства і Турцыя арганізавалі паход на Маскву. 120-тысячнае войска татар і туркаў на чале з крымскім ханам Даўлет-Гірэем I 26 ліп. пераправілася цераз р. Ака непадалёку ад упадзення ў яе р. Лапасня. Рус. войска мела ўсяго каля 60 тыс.чал., але было добра падрыхтавана. Яго кіраўнік М.І.Варатынскі ўмела выкарыстоўваў мясцовасць, манеўраваў і ў шэрагу асобных баёў разбіў праціўніка, а 3 жн. нечаканым ударам свайго рэзерву ў тыл. тат.-тур. арміі канчаткова разграміў яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРО́ВІЧ (Міхаіл Фролавіч) (1.10.1897, в. Кавалічы Гродзенскага р-на — 24.11.1946),
генерал-маёр (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1928), паскораныя курсы ваен. акадэміі Генштаба (1943). У арміі з 1916, у Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20, разгрому войск Булак-Балаховіча, Антонава на Тамбоўшчыне, басмачоў у Сярэдняй Азіі. У Вял. Айч. вайну з 1943 на 1-м Укр. фронце. Вызначыўся ў ліп. 1944 у баях на Львоўскім напрамку: стралк. корпус на чале з Грыгаровічам прарваў абарону ворага, выйшаў у тыл варожай групоўкі, удзельнічаў у яе ліквідацыі, авалодаў паўн.-ўсх. часткай Львова. У час наступлення на гэтым напрамку падраздзяленні яго корпуса вызвалілі каля 100 тыс.нас. пунктаў. Удзельнік вызвалення Чэхаславакіі, Венгрыі.