ТЭДЖЭ́Н (па-за межамі Туркменістана наз. Герыруд),

рака ў Афганістане (верхняе і сярэдняе цячэнне) і Туркменістане; часткова мяжа паміж Іранам і Афганістанам і паміж Туркменістанам і Іранам. Даўж. 1150 км, пл. бас. 70,6 тыс. км² У вярхоўях цячэ ў вузкай горнай даліне, у нізоўях — у шырокай даліне Заканчваецца ў Тэджэнскім аазісе — вада разбіраецца на арашэнне. Сярэдні расход вады каля Пулехатума (325 км ад вусця) каля 30 м³/с. З вадасховішчы Нізоўі Т. жывяцца вадой з Каракумскага канала. На Т. — г. Тэджэн (Туркменістан).

т. 16, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРБАНСАХА́ТАЎ Курбандурды (5.9.1919, в. Караяб Марыйскай вобл., Туркменістан — 25.2.1992),

туркменскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Туркменістана (1990). Скончыў Туркменскі пед. ін-т (Ашхабад, 1941). У зб-ках аповесцей і апавяданняў «Сурай» (1955), «Сэрца — не камень» (1958), «Сорак манет» (1961), «Родны чалавек» (1965), рамане «Тойлы Мерген» (1970) жыццё і праблемы туркм. вёскі, вясковай інтэлігенцыі. Аўтар зб-каў вершаў «Салдат вярнуўся дадому» (1947), «Сад садоў» (1962), п’ес «Ханг» (1966), «Непралітая кроў» (1968), кінасцэнарыяў. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.​Гіль.

Тв.:

Рус. пер. — Если любишь... М., 1972.

т. 9, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРГА́НАЎ Барыс Аляксандравіч (21.10.1901, С.-Пецярбург — 7.5.1980),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Кіеўскі ун-т знешніх зносін (1923). Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў «Простыя вершы» (1930), «Паходны крок» (1931), «Наш сцяг» (1942), «Маскоўскія вершы» (1947), кнігі нарысаў «Рэспубліка Туркменістан» (1930). На рус. мову пераклаў паэмы Я.​Купалы «Курган» і «Тарасова доля», асобныя яго вершы, а таксама асобныя творы Я.​Коласа, М.​Машары, паэму П.​Броўкі «Беларусь». Аўтар артыкулаў «Новыя вершы Янкі Купалы» (1936), «Пясняр беларускага народа» (1947; пра Я.​Купалу), прадмовы да кнігі Я.​Коласа «Выбраныя вершы» (1939).

т. 16, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСЕ́НАВА Таўшан (23.11.1915, аул Юзбашы, Туркменістан — 15.4.1988),

туркменская пісьменніца. Нар. пісьменніца Туркменістана (1974). Вучылася ў Ашгабацкім пед. ін-це (1937—39). Друкавалася з 1928. Паэзія характарызуецца ўплывам нар. творчасці: зб-кі «Жанчынам Усходу» (1951), «Чырвоныя кветкі» (1962), «Позіркі ўдалячынь» (1967). Аўтар гіст. аповесці «Дыпломная праца» (1964), п’ес «Шэмшат» (1938), «Цюльпаны» (1968), «Тваім каханнем» (паст. 1969), «Жонка з вышэйшай адукацыяй» (1974), кн. нарысаў «Узыдзе сонца — увесь свет убачыць» (1973). На бел. мову яе асобныя творы пераклаў Р.​Семашкевіч.

Літ.:

Сидельникова Л.М. Путь советской поэтессы. Ашхабад, 1970.

т. 18, кн. 1, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІ́ЕВА Мая (Мамаджан; н. 1920, аул Безмеін Ашгабацкага р-на, Туркменістан),

туркменская спявачка (лірычнае сапрана). Нар. арт. СССР (1955). У 1938—41 вучылася на туркм. аддзяленні Маскоўскай кансерваторыі. З 1941 салістка Туркменскага т-ра оперы і балета. Першая выканала на туркм. сцэне шэраг партый еўрап. опернага рэпертуару: Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Чыо-Чыо-сан (аднайм. опера Дж.​Пучыні). Сярод партый нац. рэпертуару: Айна, Шасенем («Айна», «Шасенем і Гарыб» А.​Шапашнікава і Д.​Авезава), Лейлі («Лейлі і Меджнун» Ю.​Мейтуса і Авезава).

т. 9, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎГРУБАШЭ́РСНЫЯ АВЕ́ЧКІ,

пароды авечак з неаднароднай паўгрубай воўнай, якая складаецца з пуху, пераходнага воласу і восці. У адрозненне ад грубашэрсных авечак воўна П.а. больш мяккая, мае пух даўж. да 8 см, восць больш тонкая. Воўну выкарыстоўваюць для вытв-сці дываноў, штучнага футра, коўдраў, тканін.

Да П.а. належаць сараджынская (Зах. Туркменістан) і таджыкская (Таджыкістан) пароды, алайская і горнакарпацкая пародныя групы. Сараджынскія П.а. маюць падцягнуты курдзюк, маса 60 кг (маткі), 80 кг (бараны); настрыг воўны 3—4,5 кг. Таджыкская парода з шырокім курдзюком, маса 70 кг (маткі), 120 кг (бараны); настрыг воўны 2,5—4 кг. Гл. таксама Авечкагадоўля.

А.​А.​Козыр.

т. 12, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў Віктар Барысавіч (1.4.1923, Мінск — 27.11.1981),

бел. скульптар. Скончыў Маскоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1952). Працаваў у станковай і манументальнай скульптуры. Сярод станковых твораў кампазіцыі «Партрэт студэнткі», «Раніца» (абодва 1956), «Мары» (1957), «Юнацтва» (1960), «Зноў ідуць» (1964), партрэт арх. Я.​І.​Цюкава (1973) і інш. Аўтар помнікаў У.​І.​Леніну ў р.п. Мікашэвічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. (1959), Ашгабаце (1966), Небіт-Дагу (Туркменістан, 1967), туркм. паэту 18 ст. Махтумкулі ў Ашгабаце (1970). Прымаў удзел у арх.-скульптурным аздабленні будынкаў Сувораўскага вучылішча (1953), Палаца культуры Белсаўпрофа (1954), Т-ра юнага гледача (1956) у Мінску.

Б.​А.​Крэпак.

В.Б.Папоў. Помнік Махтумкулі ў Ашгабаце. 1970.

т. 12, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛІ́ЕЎ Алты(6.1.1909, с. Бабадайхан Тэджэнскага р-на, Туркменістан — 11.12.1973), туркменскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1955). Скончыў Туркм. драм. студыю (1929, Ашхабад), тэатр. тэхнікум у Баку (1931). У 1931—41 акцёр, у 1953—56 гал. рэжысёр Туркм. драм. т-ра. У 1941—53 гал. рэжысёр, у 1960—63 дырэктар і гал. рэжысёр Туркм. т-ра оперы і балета. У 1956—60 дырэктар, з 1957 рэжысёр кінастудыі «Туркменфільм». Створаныя ў кіно вобразы вызначаюцца жыццярадаснасцю і яркім нац. каларытам. Сярод роляў у кінафільмах Нуры («Дурсун», 1940), Керым («Далёкая нявеста», 1948). Паставіў фільмы «Вырашальны крок» (1966), «Махтумкулі» (1968), «Таямніцы Мукама» (1974). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949. Дзярж. прэміі Туркменіі 1966, 1976.

т. 8, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎШУ́ТАЎ Ата (5.7.1903, г. Безмеін, Туркменістан — 5.11.1953),

туркменскі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў нац. прозы і драматургіі. Скончыў Камуніст. ун-т працоўных Усходу ў Маскве. Друкаваўся з 1925. Аўтар першых у нац. л-ры драм. твораў «Закаспійскі фронт» і «Крывавы лес» пра падзеі грамадз. вайны, п’есы «Джума» (паст. 1939), раманаў «Мехры і Вепа» (1946; пра падзеі Вял. Айч. вайны), «Каля падножжа Капет-Дага» (1947—49), аповесцей, нарысаў і апавяданняў, у якіх стварыў каларытныя нац. характары, маляўнічыя карціны прыроды. Яго творы адметныя тонкім веданнем побыту, псіхалогіі туркм. народа, яго гісторыі і фальклору. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.​Гіль.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. повести и рассказы. М. 1977.

Літ.:

Аборский А. Ага Каушутов. Ашхабад, 1965.

т. 8, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕКІ́ЛАЎ Аман (9.5.1912, аул Кешы Ашгабацкага р-на, Туркменістан — 13.12.1974),

туркменскі пісьменнік і літ.-знавец. Нар. пісьменнік Туркменістана (1967). Засл. дз. н. Туркменістана (1972). Акад. АН Туркменістана (1969, чл.-кар. з 1960). Д-р філал. н. (1959). Вучыўся ў Ін-це гісторыі, філасофіі і л-ры ў Маскве (1935—39). Друкаваўся з 1926. Аўтар паэм «Наперад» (1935), «Апошняя сустрэча» (1940), «Радзіма» (1964), «Вяртанне салдат» (1965), рамана ў вершах «Каханне» (кн. 1—2, 1947—57), рамана «Развеяныя хмары» (апубл. 1978), у якіх імкнуўся асэнсаваць найб. значныя этапы гіст. лёсу туркм. народа. Даследаваў праблемы жанру, стылю, мовы, туркм. л-ры, шляхі яе развіцця. Дзярж. прэмія Туркменістана імя Махтумкулі 1968.

А.Кекілаў.

т. 8, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)