БАРЫ́С Ю́Р’ЕВІЧ (?—2.5.1159),

князь белгародскі, тураўскі. Сын кн. Юрыя Далгарукага. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1146. Падтрымліваў свайго бацьку ў барацьбе з кн. Ізяславам Мсціславічам за кіеўскі прастол. У 1149 атрымаў ва ўладанне Белгарад, але праз год выгнаны адтуль Ізяславам. Удзельнічаў у аблозе Луцка, выгнанні Ізяслава з Кіева (1150). У 1155 пасаджаны на княжанне ў Тураў. Не пазней чым праз 3 гады Тураў заняў кн. Юрый Яраславіч, а Барыс Юр’евіч выехаў у Растова-Суздальскую зямлю, дзе і памёр.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЧАСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ (1083—1155),

князь, сын Уладзіміра Манамаха. У 1116 як смаленскі князь у час паходу на менскага (мінскага) кн. Глеба Усяславіча адваяваў Оршу і Копысь. Пасля смерці бацькі ў 1125 атрымаў Тураўскае княства. У 1127 удзельнічаў ва ўзяцці Ізяслаўля (Заслаўя) у час паходу кіеўскіх князёў на Полацкую зямлю. У 1132 княжыў у Пераяслаўлі, праз год вярнуўся ў Тураў. Праводзіў палітыку адасаблення Турава ад Кіева. Пасля няўдалай спробы кіеўскага кн. Усевалада ў 1142 захапіць Тураўскую зямлю Вячаслаў Уладзіміравіч пакінуў Тураў сыну Святаславу і перайшоў у Пераяслаўль. Незадаволеныя гэтым чарнігаўскія князі Ольгавічы напалі на Пераяслаўль, і Вячаслаў Уладзіміравіч вярнуўся ў Тураў. Раздаў гарады Бярэсце (Брэст), Драгічын, Клечаск (Клецк), Рагачоў, Чартарыйск сваім родзічам. У 1146, калі кіеўскі пасад захапіў Ізяслаў Мсціславіч, Вячаслаў Уладзіміравіч вярнуў сабе гэтыя гарады, захапіўшы таксама і Уладзімір-Валынскі, за што быў пераведзены з Турава ў Перасопніцу на Валыні. Пазней, верагодна, быў суправіцелем Ізяслава Мсціславіча на кіеўскім троне.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 4, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМБРО́ЎСКІ (Антоній Самуэль) (10.6.1774, г. п. Тураў Гомельскай вобл. — 22.6.1838),

бел. жывапісец і тэатр. мастак. Вучыўся ў Ф.Смуглевіча. Творчую дзейнасць пачаў дэкаратарам у прыдворным т-ры М.​К.​Агінскага ў Слоніме ў 1880, потым працаваў у Варшаве. Аўтар фрэсак у палацах Мастоўскага і Сабалеўскага (Варшава); пісаў таксама жывапісныя карціны (партрэты, пейзажы і інш.).

т. 6, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖЫ́НСК,

вёска ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл., на р. Плаў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 80 км на З ад Лельчыц, 287 км ад Гомеля, 89 км ад чыг. ст. Алеўск, 64 км ад прыстані Тураў на Прыпяці. 1112 ж., 420 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Царква.

т. 6, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЖНО́Е,

вёска ў Беларусі, у Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і аграфірмы. За 16 км на ПнУ ад г. Столін, 261 км ад Брэста, 23 км ад чыг. ст. Гарынь, на шашы Столін — Тураў. 2364 ж., 802 двары (1995). З-д харч. прадуктаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква Параскевы Пятніцы (1884).

т. 3, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́Й БАГАЛЮ́БСКІ (каля 1112 — 29.6.1174),

князь уладзіміра-суздальскі (1157—74). Сын Юрыя Далгарукага. Каля 1150—51 яму належалі Тураў і Пінск. У 1169 захапіў Кіеў; пад яго ўплыў трапілі Смаленскія і Дзвінскія землі. Змагаўся супраць феад. знаці, спрыяў развіццю гандлю і рамяства, перанёс сталіцу княства ва Уладзімір. У час яго праўлення Уладзіміра-Суздальскае княства стала найб. моцным на Русі. Забіты ў сваім замку ў Багалюбаве.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ПОСТ,

вадамерны пост, пункт на водным аб’екце, абсталяваны для сістэматычных гідралагічных назіранняў. Падзяляюцца на рачныя, азёрныя, балотныя, на вадасховішчах, ледавіках і інш., па канструкцыі бываюць рэечныя, па́левыя, мяшаныя, перадатачныя, дыстанцыйныя, паводле тыпу ўстаноўкі самапісца ўзроўню вады — берагавыя і астраўныя. У аддаленых раёнах дзейнічаюць аўтаматычныя гідралагічныя пасты. Першыя гідралагічныя пасты на рэках Беларусі ўзніклі ў 19 ст.: на Зах. Дзвіне (1838, Віцебск), на Прыпяці (1843, Пінск, Тураў, Мазыр), на Дняпры (1844, Магілёў). У 1997 дзейнічалі 120 пастоў на 83 рэках, ручаях і каналах і 14 пастоў на 14 азёрах і вадасховішчах.

т. 5, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАБЕ́ЙНІК (Lithospermum),

род кветкавых раслін сям. Бурачнікавых. Больш за 60 відаў. Пашыраны пераважна ў краінах Міжземнамор’я. На Беларусі вядомы верабейнік лекавы (Lithospermum officinale), які лічыцца зніклым; адзначаўся ў наваколлі г. Тураў. Вырошчваецца ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі.

Шматгадовыя шурпатаваласістыя травяністыя расліны з прамастойным, у верхняй ч. злёгку разгалінаваным сцяблом. Лісце простае, сядзячае, ланцэтнае. Кветкі дробныя, двухполыя, белаватыя, у верхавінкавых або бакавых аблісцелых завітках, сабраных у агульнае паўпарасонікападобнае суквецце. Плод — чатырохарэшак. Лек. (мачагонны, слабіцельны і болепатольны сродак), тэхн. (насенне мае тлусты алей, выкарыстоўваецца ў лакафарбавай прам-сці) і фарбавальныя (у каранях ёсць фарбавальнае рэчыва — літаспермін) расліны.

Верабейнік лекавы.

т. 4, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́НЧАНКА (Рыгор Міхайлавіч) (н. 25.12.1942, г.п. Тураў Гомельскай вобл.),

бел. плакатыст. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працаваў у ін-це «Белбыттэхпраект», «Агітплакаце» (1975—90), цяпер на Мінскім маст.-вытв. камбінаце (з 1975). Творам Д. ўласціва лаканічнасць і строгасць формы, ашчадная выразнасць маст. мовы. Аўтар плакатаў: «Адновім помнікі архітэктуры» (1978), «Тураву — 1000 год» (1980), «Небяспечней эпідэміі» (1981), «Раззбраенне!» (1982), «Вайна — вайне!», «Хлеб — усяму галава» (абодва 1983), «Чарнобыльскі боль» (1994). Працуе ў жанры партрэта («Кірыла Тураўскі», 1980, і інш.), займаецца рэканструкцыяй арх. помнікаў (Тураўскі храм 12 ст., 1981; Тураўскі замак і гарадзішча, 1981—84; Полацкі замак, 1996).

т. 6, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЯСЛА́Ў МСЦІСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Панцеляймон; ?—18.11.1154),

старажытнарускі князь, сын наўгародскага кн. Мсціслава Уладзіміравіча. У 1127, калі княжыў у Курску, прыняў удзел у паходзе паўд.-рус. князёў на Полацкую зямлю. Дасягнуўшы Лагожска (Лагойска), пайшоў на Ізяслаўль (Заслаўе), паланіў кн. Брачыслава. Пасля высылкі ў 1129 полацкіх князёў у Візантыю атрымаў ад вял. князя кіеўскага княжанне ў Полацку. У 1132 пераведзены ў Пераяслаўль, потым у Менск (Мінск), атрымаўшы ў дадатак Тураў і Пінск. У 1135, пасля вызвалення Полацка ад уплыву Кіева, пераехаў у Ноўгарад, затым ва Уладзімір-Валынскі. У 1146, калі стаў вял. кіеўскім князем, выгнаў з Турава свайго дзядзьку Вячаслава Уладзіміравіча, які захапіў у яго шэраг гарадоў.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)