ВЕТРАВЫ́Я ЦЯЧЭ́ННІ,

марскія цячэнні, якія ўзнікаюць у выніку ўздзеяння ветру на водную паверхню. Развіваюцца пад сукупным уплывам сіл трэння, турбулентнай вязкасці, градыента ціску, адхіляючай сілы вярчэння Зямлі і інш. Ахопліваюць паверхневы слой мора таўшчынёй каля 100 м. Называюцца таксама дрэйфавымі цячэннямі, калі вецер, што выклікае іх, устойлівы (напр., Паўн. і Паўд. пасатныя цячэнні, Антарктычнае цыркумпалярнае цячэнне, або цячэнне Зах. Вятроў, і інш.).

т. 4, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫМУ́ЧАЯ РТУЦЬ, фульмінат ртуці,

ртутная соль грымучай кіслаты, Hg(CNO)2; ініцыіруючае выбуховае рэчыва. Бясколерны ці шэры крышт. парашок. Нерастваральны ў вадзе. Шчыльн. монакрышталёў 4420 кг/м³. Лёгка ўзрываецца ад удару, трэння і інш. мех. і цеплавых уздзеянняў. Пры т-ры 179—180 °C самазагараецца з выбухам (цеплата выбуху 1,8 Мдж/кг). Захоўваюць пад слоем вады (вільготная менш небяспечная). Выкарыстоўваюць у капсулях-дэтанатарах.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАЕ́НКА (Яўген Дзмітрыевіч) (н. 9.11.1947, г. Мурманск),

бел. хірург. Д-р мед. н. (1992). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1972). З 1975 у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі (з 1993 дырэктар). Навук. працы па дыягностыцы і хірург. лячэнні хвароб суставаў, па даследаванні працэсаў трэння і зношвання сустаўных храсткоў, па стварэнні новых прэпаратаў для аховы храсткоў ад дэструкцыі і павелічэнні іх рэпарацыйных здольнасцяў пры паталогіі.

т. 2, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІБДЭ́НУ ДЫСУЛЬФІ́Д,

хімічнае злучэнне малібдэну з серай, MoS2. Шэрыя крышталі з вельмі нізкім каэф. трэння. Не раствараецца ў вадзе, салянай і разбаўленай сернай к-тах. Пры награванні ў паветры вышэй за 350 °C акісляецца. У прыродзе — мінерал малібдэніт. Атрымліваюць уздзеяннем пары серы або серавадароду на малібдэн ці яго трыаксід MoO3 пры т-ры 600—800 °C. Выкарыстоўваюць як цвёрдую змазку і каталізатар у арган. сінтэзе.

т. 10, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГІ́РАВАНЫ ЧЫГУ́Н,

чыгун, у які ўводзяць т. зв. легіруючыя элементы для надання пэўных уласцівасцей (гл. Легіраванне).

Бывае нізкалегіраваны (легіруючых элементаў да 3%), сярэдне- (ад 3 да 10%) і высокалегіраваны (больш за 10%); гарачатрывалы і гарачаўстойлівы (гл. Гарачатрывалыя матэрыялы, Гарачаўстойлівыя матэрыялы), анты фрыкцыйны, зносаўстойлівы, немагнітны і інш. Чыгун, у які легіруючыя элементы пераходзяць з руды, наз. прыродналегіраваным. Л.ч. ідзе на блокі цыліндраў, поршні, каленчатыя валы, падшыпнікі, дэталі вузлоў трэння і інш.

т. 9, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСТЫ́ЧНЫЯ ЗМА́ЗКІ, кансістэнтныя змазкі,

высакавязкія мазі, якія атрымліваюцца ўвядзеннем у вадкія нафтавыя ці сінт. маслы цвёрдага загушчальніка (мыла, парафіну, сілікагелю, сажы і інш.). Вызначаюцца высокай т-рай кроплепадзення, добрым прыліпаннем да паверхняў трэння, стабільнасцю ўласцівасцей. Найб. пашыраны: графітная і чыгуначная П.з., кансталін, літол, салідол і інш. Выкарыстоўваюць для змазвання вузлоў механізмаў (калі падача вадкай змазкі немагчыма), для кансервацыі розных дэталей і механізмаў пры іх працяглым захоўванні і транспартаванні.

т. 12, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕРВА́ТЫ́ЎНАЯ СІСТЭ́МА,

механічная сістэма, у час руху якой сума яе патэнцыяльнай і кінетычнай энергій застаецца пастаяннай (выконваецца закон захавання поўнай мех. энергіі). К. с. будзе кожная мех. сістэма, калі знешнія сілы, што дзейнічаюць на яе, не мяняюцца з цягам часу і з’яўляюцца патэнцыяльнымі (кансерватыўнымі), а ўсе ўнутр. сілы таксама патэнцыяльныя. Прыкладам К.с. можа быць матэм. маятнік, калі сіла трэння ў падвесе і сіла супраціўлення паветра (асяроддзя) зведзены да мінімальна магчымага значэння. Гл. таксама Дысіпатыўная сістэма.

т. 7, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎСУ́Н (Эдуард Паўлавіч) (н. 29.9.1940, в. Гільцы Чарнухінскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1988). Скончыў Харкаўскі авіяц. ін-т (1963). З 1967 у Акад. навукова-тэхн. комплексе «Сосны» Нац. АН Беларусі (з 1993 нам. дырэктара). Навук. працы па канструяванні машын ядз. энергет. установак і даследаванні працэсаў герметызацыі. Распрацаваў тэорыю працэсаў трэння ў намінальна плоскіх парах тарцовых герметызатараў і падшыпнікаў з улікам уласцівасцей паверхняў і кавітацыйных з’яў.

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЭФІЦЫЕ́НТ [ад лац. со (cum) з, разам + efficiens які ўтварае],

множнік, які звычайна выражаецца лічбамі. Калі здабытак складаецца з адной або некалькіх пераменных (ці невядомых) велічынь, тады К. пры іх наз. таксама здабытак усіх пастаянных, у т. л. і выражаных літарамі. Напр., для аднаскладаў 1/2ab і 2ax К. з’яўляюцца 1/2 і 2a адпаведна. Многія К. ў фіз. і матэм. законах маюць асобную назву, напр., вуглавы К., К. гаматэтыі, К. расшырэння, К. трэння і інш.

т. 8, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛЯРОДАПЛА́СТЫ, карбапласты, вугляпластыкі,

пластмасы, якія маюць у якасці напаўняльніку вугляродныя валокны ў выглядзе жгутоў, стужак, матаў, тканіны, сечаных валокнаў. Сувязнымі для вугляродапластаў з’яўляюцца сінт. палімеры (напр., эпаксідныя, поліэфірныя, фенолфармальдэгідныя смолы). Вугляродапласты трывалыя, цвёрдыя, тэрмічна, хімічна і радыяцыйна ўстойлівыя электра- і цеплаправодныя матэрыялы з малой шчыльнасцю, нізкімі каэф. трэння і тэрмічнага лінейнага расшырэння. Выкарыстоўваюць на выраб дэталей лятальных апаратаў (самалётаў, верталётаў, ракет), суднаў, аўтамабіляў, спарт. інвентару (лыжы, вёслы), хім. абсталявання.

Літ.:

Молчанов Б.И., Чукаловский П.А., Варшавский В.Я. Углепластики. М., 1985.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 4, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)