ГІДРАВУ́ЗЕЛ,

комплекс гідратэхнічных збудаванняў, тэрытарыяльна аб’яднаных для агульнага нар.-гасп. выкарыстання. Будуюцца на рэках, азёрах, каналах, вадасховішчах і сажалках, у прыбярэжных зонах мораў.

Гідравузлы бываюць: энергетычныя (для пераўтварэння воднай энергіі ў электрычную), воднатранспартныя (для паляпшэння ўмоў суднаходства і лесасплаву), водазаборныя (забяспечваюць паступленне вады для арашэння, водазабеспячэння, рыбнай гаспадаркі і інш.), вадасховішчныя (рэгулююць сцёк), комплексныя (напр., транспартна-энергетычна-водазаборныя); напорныя (плацінныя) і безнапорныя (бесплацінныя); нізканапорныя (напор, або рознасць узроўняў вады верхняга і ніжняга б’ефаў, не перавышае 10 м), сярэдненапорныя (напор 10—40 м) і высоканапорныя (больш за 40 м). Для Беларусі характэрныя нізка- і сярэдненапорныя (да 15 м) Гідравузлы — вадасховішчныя плацінныя і рачныя (а таксама на каналах) пераважна бесплацінныя вадазаборныя.

Варыянт гідравузла (схема); 1 — земляная рэчышчавая плаціна; 2 — водазліўная жалезабетонная плаціна; 3 — будынак ГЭС; 4 — суднаходны шлюз; 5 — пірс; 6 — дамба-хвалялом; 7 — арашальны канал; 8 — земляная плаціна; 9 — раздзяляльная дамба.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫДА́ТКІ АБАРАЧЭ́ННЯ,

сукупнасць затрат жывой і арэчаўленай працы, выражаных у грашовай форме, на давядзенне тавару ад вытв-сці да непасрэднага спажыўца. Падзяляюцца на чыстыя і дадатковыя. Чыстыя звязаны з актам куплі-продажу, г.зн. ператварэннем таварнай формы прадукту ў грашовую. Яны не дадаюць да тавару ніякай вартасці і з’яўляюцца непрадукц. затратамі. Кампенсаванне гэтых выдаткаў абарачэння ажыццяўляецца за кошт прыбавачнага прадукту, створанага ў сферы вытв-сці. Дадатковыя выдаткі абарачэння абумоўлены працягам працэсу вытв-сці ў сферы абарачэння. Яны адносяцца да катэгорыі прадукцыйнай, паколькі дадаюць да вартасці тавару новую вартасць (дастаўка, дапрацоўка, фасоўка тавару). Крыніцай кампенсавання дадатковых выдаткаў абарачэння з’яўляецца вартасць, створаная ў самім таварным абарачэнні. Чыстыя выдаткі абарачэння складаюць прыблізна 35—40%, дадатковыя — 60—65% іх агульнай масы. З павелічэннем вытв-сці тавараў і давядзеннем іх да непасрэднага спажыўца доля чыстых выдаткаў абарачэння павялічваецца. Гэта звязана з ростам затрат на ўтрыманне прадаўцоў і гандлёвых агентаў, збытавых падраздзяленняў, транспартна-экспедытарскіх аддзелаў, маркетынгавых даследаванняў, рахункаводства, бухгалтэрыі і інш.

т. 4, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВО́Д-АЎТАМА́Т,

вытворчы комплекс, які аб’ядноўвае гібкія аўтаматызаваныя цэхі загатовачнай вытв-сці, апрацоўчыя і зборачныя цэхі, аўтаматызаваныя склады матэрыялаў, загатовак, камплектуючых вырабаў з дапамогай транспартна-накапляльнай сістэмы і аўтаматызаванай сістэмы кіравання (АСК) вытв-сцю; вышэйшая форма гібкай аўтаматызаванай вытворчасці. Забяспечвае выпуск шырокай наменклатуры аднародных па канструкцыйных і тэхнал. параметрах вырабаў і безынерцыйны пераход на выпуск новай прадукцыі за кошт комплекснай аўтаматызацыі ўсіх асн. і дапаможных тэхнал. аперацый, праграмнай пераналадкі абсталявання, сістэм аўтаматызаванага праектавання (САПР) і кіравання вытв.-тэхнал. працэсамі.

Узаемадзеянне структурных элементаў З.-а. ажыццяўляецца сродкамі інтэграванай сістэмы кіравання на базе лакальнай вылічальнай сеткі, якая рэалізуе сумеснае выкананне функцый тэхн. і арганізац.-эканам. падрыхтоўкі вытв-сці, яе планаванне, аператыўнае кіраванне на базе інтэграцыі САПР, АСК міжцэхавага ўзроўню, АСК гібкімі вытворчымі модулямі, гібкімі аўтам. лініямі, участкамі, цэхамі, заводскімі складамі, робататэхнічнымі комплексамі і асобнымі адзінкамі спец. тэхнал. абсталявання. Інфарм. забеспячэнне структурных элементаў АСК З.-а. ўключае сродкі абмену канструктарска-тэхнал., планавай, справаздачнай і нарматыўна-даведачнай інфармацыяй, кіравальнымі праграмамі для станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, данымі аб стане вытв-сці і абсталявання, камандамі і запытамі. Інтэграцыя структурных элементаў інтэграванай АСК З.-а. ажыццяўляецца сродкамі сістэмнага інтэрфейса на аснове адзінай інфарм. базы і уніфікаванага комплексу тэхн., праграмных сродкаў і пратаколаў абмену данымі. Шматузроўневы сістэмны інтэрфейс уключае сістэмныя інтэрфейсы заводскага, цэхавага ўзроўню, узроўню аўтаматызаваных участкаў і аўтам. ліній. У знешняе асяроддзе З.-а. ўваходзяць САПР, аўтаматыз. сістэмы навук. даследаванняў, што функцыянуюць у рамках навукова-вытворчых аб’яднанняў.

Г.​В.​Рымскі.

т. 6, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯНСКАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.

Рэгулюе таварна-грашовыя і інш. маёмасныя і звязаныя з імі асабістыя немаёмасныя адносіны, заснаваныя на роўнасці ўдзельнікаў. У сістэму грамадз. заканадаўства ўваходзяць Канстытуцыя і законы Рэспублікі Беларусь, заканад. акты, прынятыя Парламентам, Прэзідэнтам, Урадам, Канстытуцыйным судом, Вярх. судом, Вышэйшым гасп. судом, Нац. банкам, міністэрствамі і інш. рэсп. органамі дзярж. кіравання, мясц. органамі кіравання і самакіравання. Асн. заканад. акт, у якім сістэматызаваны нормы грамадз. права — Грамадз. кодэкс Рэспублікі Беларусь, прыняты 7.12.1998 і ўведзены ў дзеянне 1.7.1999.

У раздзеле «Агульныя палажэнні» сфармуляваны асн. прынцыпы грамада. заканадаўства, падставы ўзнікнення грамада. правоў і абавязкаў, межы іх ажыццяўлення і спосабы абароны; вызначаны суб’екты і аб’екты грамадз. правоў, здзелкі і прадстаўніцтва, тэрміны і іскавая даўнасць. Ў раздзеле «Права ўласнасці і іншыя рэчавыя правы» раскрываецца змест права ўласнасці, вызначаюцца падставы набыцця і спынення гэтага права, утрымліваюцца нормы аб рэчавых правах і сервітуце. У яго спец. раздзелах, прысвечаных абавязацельнаму праву і асобным відам абавязацельстваў, выкладзены палажэнні аб абавязацельствах і дагаворах, нормы аб забеспячэнні выканання і аб адказнасці за іх парушэнне, раскрываюцца асобныя тыпы дагаворных (купля-продаж, падрад, лізінг, перавозка) або недагаворных (у выніку прычынення шкоды, беспадстаўнага а ўзбагачэння) абавязацельстваў. Раздзел «Выключнае права на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці (інтэлектуальная ўласнасць)» вызначае прававы рэжым аб’ектаў аўтарскага і сумежных правоў, права прамысл. уласнасці і сродкаў індывідуалізацыі, а таксама абарону ад нядобрасумленнай канкурэнцыі. Парадак атрымання ў спадчыну паводле закону і паводле завяшчання, набыцця спадчыны і асаблівасці атрымання ў спадчыну асобных відаў маёмасці раскрываюцца ў раздзеле «Спадчыннае права», а пытанні прымянення права да грамадз.-прававых адносін з удзелам замежных грамадзян або замежных юрыд. асоб — у раздзеле «Міжнароднае прыватнае права».

Нарматыўнымі актамі, якія рэгулююць грамадз. праваадносіны, з’яўляюцца законы «Аб залогу» ад 24.11.1993, «Аб страхаванні» ад 3.6.1993, «Аб пастаўках тавараў для дзяржаўных патрэб» ад 24.11.1993, «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996, «Аб спажывецкай кааперацыі (спажывецкіх таварыствах, іх саюзах) у Рэспубліцы Беларусь» ад 25.2.2002, «Аб абароне правоў спажыўцоў» ад 9.1.2002 і інш. У рамках грамадз. заканадаўства дзейнічаюць дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб абавязковым страхаванні будынкаў, якія належаць грамадзянам» (8.10.1997), «Аб упарадкаванні дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання» (16.3.1999), указы Прэзідэнта «Аб лізінгу» (13.11.1997), «Аб прадастаўленні грамадзянам ільготных крэдытаў на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў» (14.4. 2000); пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб зацвярджэнні «Палажэння аб пастаўках тавараў у Рэспубліцы Беларусь» (8.7.1996) і «Правіл транспартна-экспедыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (9.2.1996) і інш. У неабходных выпадках пытанні грамадз. адносін рэгулююцца рашэннямі судовых інстанцый (у ліку іх, напр., пастанова пленума Вярх. суда ад 26.3.2003 «Аб прымяненні судамі заканадаўства пры вырашэнні спрэчак, звязаных з правам уласнасці на жылыя памяшканні», пастанова пленума Вышэйшага гасп. суда ад 21.11.2002 «Аб асобных пытаннях практыкі разгляду спрэчак, якія вынікаюць з дагавораў перавозкі грузаў» і да т.п. Часткай грамадз. заканадаўства з’яўляюцца нормы грамадз. права, што ўтрымліваюцца ў міжнар. дагаворах, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь (напр., Канвенцыя аб міжнар. фін. лізінгу 1977, Канвенцыя ААН аб дагаворах куплі-продажу тавараў 1980, Парыжская канвенцыя аб абароне прамысловай уласнасці 1983).

Літ.:

Гражданское право: Слов.-справ. Мн., 1996;

Колбасин Д.А. Гражданское право Республики Беларусь: Общ. часть. Мн., 1999;

Гражданское право. Ч. 1—2. Мн., 2000—02;

Правоведение: Справ. по курсу высш. шк Ч. 2. Мн., 2000;

Комментарий к Гражданскому кодексу Республики Беларусь. Ч. 1—3. Мн., 2003.

А.​А.​Папова.

т. 18, кн. 2, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНОМІКА ТРАНСПАРТУ

Пытанні эканомікі транспарту і яго падгалін (чыг., аўтамаб., рачнога і паветранага транспарту) у даваенныя і ў першыя гады пасля Вял. Айч. вайны на Беларусі распрацоўвалі спецыялісты адпаведных трансп. арг-цый, Дзяржплана БССР. З 1953 вядучай установай па вывучэнні эканам. праблем транспартнага комплексу рэспублікі стаў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (з 1993 Бел. дзярж. ун-т транспарту). Тут даследавалі праблемы эканам. эфектыўнасці комплекснай механізацыі пагрузачна-разгрузачных і пуцявых работ, уніфікацыі вагавых норм паяздоў пры новых відах цягі, уплыву якасных паказчыкаў выкарыстання рухомага саставу на эканам. вынікі работы чыгункі (А.​І.​Шаляляеў, З.​І.​Патапенка, У.​Г.​Перцаў і інш.). Цяпер вучоныя-эканамісты гэтай ВНУ праводзяць эканам. аналіз дзейнасці Бел. чыгункі, вывучаюць пытанні ўдасканалення метадалогіі бухгалтарскага і падатковага ўліку, прадукцыйнасці працы, сабекошту транспартных работ і паслуг, эфектыўнасці міжнародных грузавых перавозак (А.​А.​Міхальчанка, В.​Г.​Гізатуліна, І.​А.​Елавой, М.​Д.​Малькевіч). Ва ун-це распрацавана Праграма развіцця Бел. чыгункі да 2010 і Комплексны прагноз навук.-тэхн. прагрэсу на Бел. чыгунцы да 2020.

З 1960-х г. у Ін-це эканомікі АН Беларусі, НДІ эканомікі і эканам.-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР (з 1994 Н.-д. эканам. ін-т Мін-ва эканомікі Рэспублікі Беларусь) вывучаліся праблемы рацыяналізацыі перавозак масавых грузаў, абгрунтавання асн. кірункаў развіцця ўсіх відаў транспарту на перспектыўны перыяд (І.​Я.​Галаванчыкаў, П.​А.​Дармаян, С.​І.​Анохін, А.​І.​Мараў, М.​Г.​Кучэўскі, В.​Р.​Вяршыніна і інш.). З 1990-х г. даследуюцца пытанні ўдасканалення структуры кіравання, сістэмнага рэфармавання, фін. і інвестыцыйнай дзейнасці галіны, эфектыўнасці міжнар. перавозак, выкарыстання інфраструктуры марскіх партоў для перавалкі знешнегандл. грузаў, распрацоўваюцца прагнозы і праграмы развіцця транспарту Беларусі на каротка-, сярэдне- і доўгатэрміновую перспектыву (М.​Г.​Кучэўскі, В.​Ц.​Семчанка, Т.​М.​Шынкевіч, Л.​М.​Міхневіч, Ю.​І.​Сяпцілка і інш.).

У Бел. н.-д. і тэхнал. ін-це аўтамаб. транспарту (з 2000 Бел. НДІ транспарту «Транстэхніка» Мін-ва транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь) займаліся пытаннямі павышэння прадукцыйнасці працы, удасканалення матэрыяльнага стымулявання, паляпшэння тэхніка-эксплуатацыйных паказчыкаў выкарыстання аўтамабіляў (С.​І.​Цярэшка, В.​М.​Удавенка, А.​Д.​Лугаўцоў, А.​І.​Мараў, П.​М.​Грабенік і інш.). Цяпер ін-т удзельнічае ў распрацоўцы прагнозаў, праграм і праектаў сац.-эканам. развіцця транспартнага комплексу, дзярж. транспартнай палітыкі, бізнес-планаў, маркетынгавых і інвестыцыйных праектаў, стварэнні сучасных сістэм і тэхналогій перавозкі грузаў, пасажыраў, тэхн. абслугоўвання рухомага саставу (Л.​С.​Стукалаў і інш.). На пошук шляхоў эканоміі і рацыянальнага выкарыстання матэрыяльна-тэхн. і прац. рэсурсаў пры ўкараненні новых матэрыялаў, тэхнал. працэсаў і сродкаў механізацыі ў буд-ве маставых і дарожных палотнаў накіравана дзейнасць навук. супрацоўнікаў Бел. дарожнага НДІ Мін-ва транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь. У Бел. нац. тэхн. ун-це даследуюцца праблемы эфектыўнасці міжнар. аўтамаб. перавозак і лагістычных транспартна-тэхнал. сістэм, лізінгу аўтатранспартных сродкаў, маркетынгу транспартнай дзейнасці, пытанні энергазберажэння транспарту, надзейнасці транспартнага абслугоўвання галін эканомікі (Р.​Б.​Івуць, В.​І.​Пахабаў, М.​Н.​Піліпук, А.​А.​Тозік, А.​Дз.​Малаковіч).

Па эканоміцы транспарту выдадзены навуч. дапаможнікі: «Тэорыя аналізу гаспадарчай дзейнасці» В.​Г.​Гізатулінай (2000), «Транспарт: Агульны курс» В.​П.​Ярашэвіча (2001), «Асновы маркетынгу» В.​І.​Пахабава і В.​В.​Тарэлкі (2001), «Кіраванне транспартным комплексам: Міжнародны курс» Л.​С.​Стукалава (2002), «Маркетынг на транспарце» М.​І.​Шкурына (2003) і інш.

Літ.:

Никитенко В.Г., Гуцев Е.Г. Транспорт в народно-хозяйственном комплексе БССР. Мн., 1978;

Менжинский А.И. Развитие автотранспорта общего пользования в Белорусской ССР за 60 лет. Мн., 1980;

Методические положения анализа и прогнозирования развития транспорта в условиях реформирования экономики. Мн., 1998;

Еловой И.А. Эффективность логистических транспортно-технологических систем (теория и методы расчетов). Ч. 1—2. Гомель, 2000;

Сенько В.И. Экономические методы и модели в планировании вагонного хозяйства. Гомель, 2001;

Кучевский Н.Г. Транспорт Беларуси: интеграционные процессы. Мн., 2003.

Ю.​І.​Сяпцілка.

т. 18, кн. 2, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭКТУРА 1990 — пач. 2000-х гадоў.

Моцнае ўздзеянне на сучасную архітэктуру зрабіў постмадэрнізм, у якім знайшло ўвасабленне спалучэнне рэалістычнага і авангарднага кірункаў. Першы звязаны з развіццём нац. традыцый, аснова другога — рэтраспектывізм. Новыя аб’екты набылі больш выразныя сілуэтныя кампазіцыі. Як сродак маст. выразнасці важную ролю адыгрываюць колер і святло. Паскоранымі тэмпамі ішло фарміраванне агульнагарадскіх цэнтраў. Поліцэнтрычную структуру набылі Пінск, Полацк і Наваполацк. Іх развіццё прадугледжвае выхад іх да водна-зялёных зон і лясных масіваў. У вялікіх гарадах большая ўвага аддаецца захаванню гіст. забудовы. У шэрагу выпадкаў гіст. цэнтры ператвораны ў пешаходныя зоны (Пінск, Ліда). Пры гэтым новыя транспартныя лініі фарміруюцца ў абыход гар. ядра. У 1990-я г. пачала мяняцца горадабудаўнічая канцэпцыя. Калі папярэднія генпланы гарадоў арыентаваліся на высакашчыльную шматпавярховую забудову жылых раёнаў, то новая стратэгія прадугледжвае і індывідуальнае малапавярховае буд-ва (Мінск). Атрымала развіццё ідэя захавання прыродна-ландшафтных зон, асабліва каля водных зон ці сістэм (Лошыцкая і Сляпянская сістэмы, зялёныя зоны вакол рэк Свіслач, Вяча, Волма, Пціч і інш.). Далейшае развіццё гарадоў патрабавала стварэння новых транспартна-камунікацыйных восей і вузлоў, якія мелі на мэце аб’яднанне цэнтральных і перыферыйных раёнаў горада планіровачным каркасам. Змяніўся характар забудовы жылых раёнаў. Калі ў 1970—80-я г. будынкі былі дакладна скаардынаваны з магістральнымі вуліцамі (размяшчаліся ўздоўж іх ці тарцовым бокам), то ў 1990-я г. іх узводзяць пад розным вуглом адносна вуліц. Пашырэнне атрымалі спартыўныя збудаванні, банкаўскія комплексы, маст. выразнасць якіх дасягаецца і канструкцыяй, і выкарыстаннем сучасных матэрыялаў. У такіх пабудовах падкрэсліваецца структура нясучых элементаў, вонкавыя сцены маюць частковае і суцэльнае шкленне: аўтавакзал «Маскоўскі» (арх. М.​Навумаў, інж. Л.​Валчэцкі), новы чыгуначны вакзал (В.​Крамарэнка, М.​Вінаградаў, І.​Вінаградаў) у Мінску; лядовыя палацы ў Мінску (арх. Ю.​Патапаў, І.​Боўт, А.​Шафрановіч), Віцебску (арх. І.​Боўт, А.​Шафрановіч), Гродне (арх. М.​Жучко, У.​Еўдакімаў, А.​Пархута, А.​Тараненка), Гомелі (арх. І.​Боўт, С.​Міцько з удзелам Л.​Смольскай, Н.​Шамелавай, А.​Грачова); будынкі Мінсккомплексбанка, Масбізнесбанка ў Мінску (абодва арх. А.​Вараб’ёў), банкі па вул. Міцкевіча ў Гродне (арх. Н.​Чуйко, М.​Жучко, А.​Тараненка), у г. Шчучын (арх. А.​Штэн, Э.​Марцінчык, С.​Мужэйка, Т.​Чорная) і інш. Тэндэнцыі постмадэрнізму яскрава адбіліся на грамадскай і жыллёвай архітэктуры. Ускладнілася аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя, якая найчасцей грунтуецца на прынцыпе блакіроўкі аб’ёмаў розных маштабаў і форм: паліклініка па праспекце Машэрава (арх. В.​Крусь), рэканструяваны будынак ЦУМа (арх. С.​Неўмывакін, В.​Счыслёнак, І.​Бялешчанка), жылыя дамы на скрыжаванні вуліц М.​Багдановіча і Някрасава (арх. Э.​Левіна), па вул. Грыбаедава (арх. Д.​Сакалоў, А.​Чадовіч) у Мінску; па вул. Кірава ў Брэсце (арх. У.​Чайкоўскі, А.​Чайкоўская) і інш. Атрымалі распаўсюджанне вежавыя формы: ЗАГС Кастрычніцкага раёна (арх. А.​Цэйтлін, А.​Трусаў), жылыя дамы на скрыжаванні вуліц Л.​Бяды і Някрасава (арх. Л.​Маскалевіч), па вул. Варвашэні (арх. В.​Галкоўскі, Т.​Лабінская) у Мінску; дзіцячы парк па вул. З.​Касмадзям’янскай у Пінску (арх. А.​Васіленка), катэджы ў Бараўлянах, Гарадзішчы пад Мінскам. Для ўзмацнення маст.-эстэтычнай выразнасці ў новых пабудовах выкарыстоўваюцца гіст.-арх. элементы, разлічаныя на дэкар. эфект: зубчастыя ці крывалінейныя завяршэнні сцен (замежны гандлёвы дом «Кантыненталь» у Брэсце, арх. В.​Кескевіч, Ю.​Прудзялюк), паўцыркульныя нішы і аконныя праёмы, трохвугольныя ці фігурныя франтоны з матывамі барока, арачныя галерэі, дэкар. калоны, рызаліты і інш. У сучаснай архітэктуры маюць месца матывы мадэрна (крывалінейныя формы ў спалучэнні з двухсхільнымі дахамі, мансардныя надбудовы): праект карчмы для музейна-вытворчага комплексу «Дудуткі» (у Пухавіцкім р-не; арх. А.​Базевіч, С.​Сергачоў), індывідуальны чатырохпакаёвы жылы дом (арх. В.​Кескевіч), жылыя дамы па вул. Леваноўскага (арх. А.​Янушка) у Брэсце, на Лагойскім тракце ў Мінску (арх. П.​Кракалёў, Л.​Карначык).

Найб. яскрава рэтраспектыўная тэндэнцыя ў сучаснай архітэктуры выявілася ў культавым дойлідстве. Пра распаўсюджанне ў сакральным дойлідстве гатычных матываў сведчаць буйнамаштабныя формы базілікальных храмаў са сціплым выкарыстаннем дэкар. элементаў, шчытавыя дахі, вузкія выцягнутыя вокны стральчатых абрысаў, контрфорсы (касцёл і праваслаўная царква ў Мастах, касцёл Узвіжання Святога Крыжа ў Светлагорску). У праваслаўнай царкоўнай архітэктуры знайшлі адлюстраванне візантыйскія і руска-візантыйскія матывы. Кампактныя крыжова-купальныя ў плане пабудовы маюць характэрнае закамарнае перакрыццё; сферычны, шлемападобны ці цыбулепадобны купал на высокім цыліндрычным барабане з шэрагам вузкіх аконных праёмаў (храмы Успення Прасвятой Багародзіцы ў Маладзечне, у імя Прападобнай Ефрасінні княжны Полацкай у Мінску; цэрквы Серафіма-Сароўская ў г. Белаазерск, Святога Пакутніка Валянціна ў в. Наваспаск Смаргонскага раёна і інш.). Часам для аздаблення выкарыстоўваліся какошнікі (капліца па вул. Карастаянавай у Мінску). На аснове пераасэнсавання традыцый дойлідства ў новых пабудовах знайшло адлюстраванне ўзаемадзеянне гіст. і сучаснага (аднаўленне будынка ратушы ў Мінску, 2002). Адной з істотных заканамернасцей архітэктуры стала рэтраспектыўная тэндэнцыя, што была вынікам постмадэрнізму. Аднак пэўнай стылістычнай накіраванасці 1990-я — пач. 2000-х г. не прынеслі. Для архітэктуры гэтага перыяду характэрна адраджэнне гіст. і нац. традыцый. Вынікам пошукаў выразнасці стала своеасаблівая шматстылёвасць архітэктуры.

т. 18, кн. 2, с. 647

Сляпянскае водна-паркавае паўкальцо ў Мінску. Фрагмент.
Замежны гандлёвы дом «Кантыненталь» у Брэсце. 1995—97.
Ратуша ў Мінску. Фота 2004.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНСК

Сталіца Рэспублікі Беларусь, горад рэспубліканскага падпарадкавання, цэнтр Мінскай вобласці і раёна. Палітычны, эканам., навук. і культ. цэнтр Беларусі. Транспартны вузел: чыгункі на Брэст, Маскву, Вільнюс, Гомель; аўтадарогі на Оршу, Віцебск, Даўгінава, Лагойск, Маладзечна, Ашмяны, Брэст, Слуцк, Гомель, Магілёў і інш. 2 аэрапорты. 1741,4 тыс. ж. (2004). Тэр. 305 км². Падзяляецца на 9 адм. раёнаў: Заводскі, Кастрычніцкі, Ленінскі, Маскоўскі, Партызанскі, Першамайскі, Савецкі, Фрунзенскі, Цэнтральны. Мінск размешчаны на паўд.-ўсх. схілах Мінскага ўзвышша. Клімат умерана кантынентальны са значным уплывам атлантычнага марскога паветра, з частымі цыклонамі. Сярэднегадавая тэмпература паветра 5,4 °C. Значныя ваганні сярэдняй т-ры па сезонах: ад -7,3 °C у 3-й дэкадзе студзеня да 18 °C у 2—3-й дэкадах ліпеня. У сярэднім за год выпадае 646 мм ападкаў, з якіх прыкладна ​1/3 прыпадае на халодны, ​2/3 на цёплы перыяд. 12% ападкаў цвёрдыя, 13% — мяшаныя, 75% — вадкія. Праз Мінск працякае р. Свіслач (прыток р. Бярэзіна), у горадзе прымае прыток — р. Няміга (цячэ ў калектары). Вадасховішчы: Дразды, Крыніца, Чыжоўскае, Камсамольскае возера і інш.; Вілейска-Мінская водная сістэма, Сляпянская водная сістэма.

Прамысловасць. Сярод рэгіёнаў Беларусі Мінск займае першае месца па аб’ёме прамысл. вытворчасці, на яго долю прыпадае больш за 21,3% таварнай прадукцыі краіны. У 2003 прамысловасць Мінска (з улікам малых і падсобных прадпрыемстваў) вырабіла прадукцыі на суму 7098 млрд. руб., у т. л. спажывецкіх тавараў на 2353 млрд. руб. На самаст. балансе знаходзяцца 284 прамысл. прадпрыемствы. У Мінску сканцэнтраваны ўвесь рэсп. выпуск трактароў, тралейбусаў, веласіпедаў, халадзільнікаў, трансфарматараў, пагрузчыкаў будаўнічых, буд. гіпсу, 96,2% аўтобусаў, 95,8% грузавых аўтамабіляў, 85% гарсэтных вырабаў, 81,2% шарсцяных тканін, 76,5% керамічнай пліткі глазураванай для ўнутр. абліцоўкі сцен, 73% прычэпаў і паўпрычэпаў аўтамабільных, 58,9% фетравых галаўных убораў, 56,5% падшыпнікаў качэння, 54,6% тэлевізараў, 46% маргарынавай прадукцыі, 45,6% дрэваапрацоўчых станкоў, 42,7% маянэзу, 32,7% кандытарскіх вырабаў, 32,3% мінеральных вод, 31,4% зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў; 27,3% снегаачышчальнікаў, 26,7% бульдозераў.

Машынабудаванне і металаапрацоўка — вядучая галіна прамысловасці горада, займае 1-е месца па аб’ёме валавой прадукцыі (54,3%, 2003). Развіта аўтамабільная прамысловасць. У 2003 выпушчана аўтамабіляў грузавых 17,4 тыс. шт., аўтобусаў — 480 шт., тралейбусаў 127 шт. РУП «Мінскі аўтамабільны завод» — найбуйнейшы на Беларусі і ў СНГ. У 1997 на яго базе створаны сумесныя бел.-герм. прадпрыемствы па вырабе грузавых аўтамабіляў «МАЗ—МАН» і па збыце вырабленай прадукцыі «МАЗ—МАН Трэйдзінг». Экспартуецца прадукцыя ў 70 краін свету. Працуе РУП «Мінскі завод колавых цягачоў». Вядучае месца ў СНГ сярод вытворцаў матацыклаў (32,8 тыс. шт.) і веласіпедаў (773,2 тыс. шт.) займае ААТ «Матавела».

Трактарнае і с.-х. машынабудаванне прадстаўляе ВА «Мінскі трактарны завод» — найбуйнейшы ў свеце вытворца трактароў класа 1,4—2,0 (26,6 тыс. шт.), 8—10% сусв. рынку трактароў у сваім класе (2003). Яго прадпрыемствы-сумежнікі — РУП «Мінскі завод спецыяльнага інструменту і тэхналагічнай аснасткі», УП «Мінскі маторны завод», РУП «Мінскі завод шасцерняў».

У Мінску размешчаны 4 буйныя прадпрыемствы станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці: РУП «Мінскі завод аўтаматычных ліній імя П.​М.​Машэрава», РУП «МЗОР», УП «Станкабудаўнічы завод імя С.​М.​Кірава», ЗАТ «Мінскі інструментальны завод».

Важнымі галінамі машынабудаўнічага комплексу з’яўляецца будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне, вытворчасць абсталявання для лёгкай і харчовай прамысловасці і бытавых прылад. Найбуйнейшыя прадпрыемствы гэтага комплексу: ААТ «Амкадор-Ударнік», РУП «Белкамунмаш», УП «Завод Харчмаш», ЗАТ «Атлант» (у яго складзе Мінскі завод халадзільнікаў; 885,8 тыс. шт., 2003) і Мінскі завод бытавой тэхнікі.

Атрымала развіццё падшыпнікавая прамысловасць. ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод» вырабляе 600 тыпаразмераў падшыпнікаў (14,4 млн. шт., 2003). У 2004 створана даччынае прадпрыемства ЗАА «ДАР-МПЗ» па выпуску дэталей чыгуначных счапленняў.

Электратэхнічная прамысловасць прадстаўлена РУП «Мінскі электратэхнічны завод імя В.​І.​Казлова» — сілавыя (20,9 тыс. шт., 2003) і мнагамэтавыя трансфарматары і інш.

Прыладабудаванне, радыётэхнічная, электронная, сродкаў сувязі, оптыкамеханічная падгаліны прадстаўлены: НВА «Інтэграл» (у яго складзе УП «Завод паўправадніковых прылад», РУП «Завод «Электроніка», УП «Завод «Транзістар»), УП «Мінскі механічны завод імя С.​І.​Вавілава» (у складзе БелОМА), канцэрн «Планар», ААТ «Мінскае ВА вылічальнай тэхнікі», ААТ «Гарызонт» (тэлевізары 376,3 тыс. шт., 2003), ААТ «Мінскі прыладабудаўнічы завод» («Белвар»), ААТ «Мінскі гадзіннікавы завод».

Харчовая прамысловасць займае 2-е месца па аб’ёме валавой прадукцыі (12,2%, 2003). У 2003 у Мінску выраблена мяса, уключаючы субпрадукты — 18 тыс. т, каўбасных вырабаў — 21,6 тыс. т, сыроў тлустых — 3,5 тыс. т, натуральнамалочнай прадукцыі — 195,7 тыс. т, мукі — 114 956 т, хлеба і хлебабулачных вырабаў — 144,4 тыс. т, дражджэй хлебапякарных — 14 693 т, кандытарскіх вырабаў — 41,6 тыс. т, маргарынавай прадукцыі — 7,5 тыс. т, маянэзу — 8806 т, піва — 8693 тыс. дал, гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў — 2707 тыс. дал, шампанскага — 882 тыс. дал, каньяку — 49 тыс. дал. Найбуйнейшыя прадпрыемствы галіны: УП «Мінскі мясакамбінат», УП «Мінскі мясаперапрацоўчы завод», ААТ «ГМЗ №1» «Гармалзавод №2», «Гармалзавод №3», УП «Мінскі холадакамбінат №2», РУП «Мінскхлебпрам» (у складзе аб’яднання 7 хлебазаводаў і некалькі міні-пякарань), ААТ «Кандытарская фабрыка «Слодыч», ААТ «Дражджавы камбінат» (штодзённа вырабляе каля 60 т дражджэй), ААТ «Кандытарская фабрыка «Слодыч», ААТ «Камунарка» (кандытарскія вырабы, штогод выпускае 27 тыс. т), ААТ «Мінскі маргарынавы завод», РУП «Мінск «Крышталь» (штогод вырабляе больш за 4 млн. дал лікёра-гарэлачных вырабаў і 1,8 млн. дал этылавага рэктыфікаванага спірту), РУП «Мінскі завод пеністых він», «Мінскі піўзавод ААТ «Крыніца» (да 7 млн. дал піва, больш за 1 млн. дал безалкагольных напіткаў), ААТ «Піўзавод «Аліварыя», сумеснае бел.-багамскае прадпрыемства «Аква Трайпл».

Электраэнергетыка займае 3-е месца ў прамысловасці Мінска па аб’ёме валавой прадукцыі (10,9%, 2003). Яна прадстаўлена РУП «Мінскэнерга», у складзе якога дзейнічаюць ЦЭЦ-2 (231 МВт), ЦЭЦ-3 (420 МВт), ЦЭЦ-4 (1030 МВт), ЦЭЦ-5 (330 МВт), раённыя і прамысл. кацельні. У 2003 выраблена электраэнергіі 7277 млн. кВт∙гадз, цеплаэнергіі — 13 766 тыс. Ккал.

Лёгкая прамысловасць прадстаўлена прадпрыемствамі: ААТ «Камволь», ААТ «Сукно», ААТ «Алеся» і інш. У 2003 выраблена шарсцяных тканін 3,8 млн. м², трыкатажных вырабаў — 204 тыс. шт. У складзе швейнай прамысловасці — ААТ «Элема» і «Мастра» (у 2003 выраблена 17 753 тыс. шт. швейных вырабаў). Сумеснае бел.-італьян. прадпрыемства ЗАТ «Мілавіца» ў 2003 выпусціла 9,8 млн. шт. гарсэтных вырабаў. Вядучае прадпрыемства абутковай прамысловасці — ААТ «Прамень», на базе якога створаны ТАА «Сівельга», сумесныя прадпрыемствы «Ле Гранд», «Отыка» і «Чаўляр» (мужчынскі, жаночы і дзіцячы абутак, 1,9 млн. пар, 2003).

Хімічная прамысловасць прадстаўлена: ААТ «Мінскі лакафарбавы завод» (лакі, фарбы, эмалі, грунтоўка; 2203 т, 2003); з 1994 на яго базе дзейнічае сумеснае бел.-герм. прадпрыемства «ОЛІБЕЛА» (фарбы, эмалі, алкідны лак). У ліку буйных прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці ААТ «Мінскдрэў» (піламатэрыялы 48 241 м³, 2003), ААТ «Мінскмэбля», ААТ «Мінская мэблевая фабрыка імя Дзімітрава», ААТ «Мінскпраектмэбля», «Беларускія шпалеры» (26 308 тыс. умоўных кускоў, 2003). Працуюць таксама прадпрыемствы фармацэўтычнай, паліграфічнай, буд. матэрыялаў і інш. галін прамысловасці.

Аб’ём знешняга гандлю ў 2003 склаў 8,4 млрд. долараў ЗША, у т. л. экспарт 3,3 млрд. долараў (асн. экспартныя пазіцыі: трактары, грузавыя аўтамабілі, металаапрацоўчыя станкі, быт. халадзільнікі і маразільнікі, тэлевізары, матацыклы, веласіпеды). Тавары экспартуюцца ў 134 краіны свету. З агульнага аб’ёму экспарту на долю Расіі прыпадае 55,9%, астатніх краін СНД — 7%, за межамі СНД —37,1%. Імпарт з краін па-за СНД складае 28,9% агульнага аб’ёму імпарту, Расіі — 66,8%, астатніх краін СНД — 4,3%. Асн. гандлёвыя партнёры Мінска — гарады Расіі (62,5%), Германія (5,7%), Украіна (3,7%), Вялікабрытанія (3,6%), Латвія (2,6%).

Ахова здароўя. На 1.1.2004 у Мінску 42 бальнічныя ўстановы на 20,8 тыс. ложкаў (119,3 на 10 тыс. ж.), 328 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 54,4 тыс. наведванняў за змену (312,4 наведванняў на 10 тыс. ж. за змену), 5 дзіцячых санаторыяў на 200 ложкаў. Працавала 13 412 урачоў (77 на 10 тыс. ж.) усіх спецыяльнасцей, у т. л. 3270 тэрапеўтаў (18,8 на 10 тыс. ж.), 1961 хірург (11,3 на 10 тыс. ж.), 748 акушэраў-гінеколагаў (8 на 10 тыс. ж.), 909 педыятраў (36,4 на 10 тыс. ж.), 331 афтальмолаг (1,9 на 10 тыс. ж.), 257 отарыналарынголагаў (1,5 на 10 тыс. ж.), 471 неўрапатолаг (2,7 на 10 тыс. ж.), 443 псіхіятры (2,5 на 10 тыс. ж.), 90 фтызіятраў (0,5 на 10 тыс. ж.), 193 дэрматавенеролагі (1,1 на 10 тыс. ж.), 383 рэнтгенолагі і радыёлагі (2,2 на 10 тыс. ж.), 82 урачы па лячэбнай фізкультуры і спорце (0,5 на 10 тыс. ж.), 636 урачоў санітарна-проціэпідэмічнай групы (3,7 на 10 тыс. ж.), 1791 стаматолаг (10,3 на 10 тыс. ж.), 22 744 чал. сярэдняга мед. персаналу (130,6 на 10 тыс. ж.).

Асвета, навука, культура. На 1.1. 2004 у Мінску 427 дзіцячых дашкольных устаноў (68,9 тыс. дзяцей). У 2003—04 навуч. г. працавала 265 агульнаадукацыйных школ усіх відаў (220,1 тыс. вучняў), у т. л. 8 пачатковых (2,1 тыс. вучняў), 5 базавых (400 вучняў), 191 сярэдняя (179,5 тыс. вучняў), 37 гімназій (29,9 тыс. вучняў), 4 ліцэі (1,8 тыс. вучняў), 4 навучальныя комплексы: школа (гімназія) — каледж (1,5 тыс. вучняў), 8 школ для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (2,1 тыс. вучняў), 8 вячэрніх (зменных, 2,8 тыс. вучняў), 42 сярэднія спец. навуч. ўстановы (42,2 тыс. навучэнцаў). У Мінску 33 ВНУ, з іх 23 дзяржаўныя: БДУ, Акадэмія МУС і Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Бел. медыцынскі ун-т, Бел. тэхналагічны ун-т, Бел. эканамічны ун-т, Бел. нац. тэхнічны ун-т, Бел. акадэмія мастацтваў, Бел. акадэмія музыкі, Бел. універсітэт фіз. культуры і інш. Ва ўсіх ВНУ 185,1 тыс. студэнтаў (2004). Працуе Нац. акадэмія навук Беларусі, якая аб’ядноўвае 61 навук. і навукова-вытворчую ўстанову: Навук. комплекс «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава», ін-ты фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, малекулярнай і атамнай фізікі, біяарганічнай хіміі, генетыкі і цыталогіі, геал. навук, парашковай металургіі, гісторыі, электронікі, мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору і інш. Навук. даследаванні і распрацоўкі ў розных галінах навукі, тэхнікі, прамысловасці і сельскай гаспадаркі праводзяцца таксама ў НДІ адпаведных міністэрстваў і ведамстваў, на кафедрах ВНУ і інш. Колькасць арганізацый, якія выконваюць даследаванні і распрацоўкі на 1.1.2003—187, колькасць персаналу, занятага даследаваннямі і распрацоўкамі — 23 353 чал.

На 1.1.2004 у Мінску 130 масавых бібліятэк (12 673 тыс. экз. кніг і часопісаў). Найбольшыя з іх Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Цэнтральная навук. бібліятэка імя Я.​Коласа, Мінская абл. бібліятэка імя А.​С.​Пушкіна.

У Мінску 17 музеяў. З іх найбольшыя Нац. мастацкі музей Беларусі, Бел. музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нац. музей гісторыі і культуры Беларусі, Літаратурны музей Янкі Купалы, Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. У Мінску дзейнічае 12 тэатраў: Нац. акад. тэатр оперы, Нац. акад. тэатр балета, Нац. акад. тэатр імя Я.​Купалы, Нац. акад. драм. тэатр імя М.​Горкага, тэатр лялек Беларусі, Тэатр юнага гледача, Тэатр музычнай камедыі, Тэатр-студыя кінаакцёра, драм. тэатр «Дзе-Я?», маладзёжны тэатр, т-р сатыры і гумару «Хрыстафор». Працуюць: Бел. дзярж. філармонія, Бел. дзярж. цырк, кінастудыя «Беларусьфільм», заапарк; Дзярж. акад. харавая капэла, Дзярж. акад. нар. аркестр, Дзярж. акад. нар. хор, Дзярж. акад. сімфанічны аркестр, Дзярж. ансамбль танца, Дзярж. аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі.

Фізкультура і спорт. На 1.1.2004 у Мінску 3519 спарт. збудаванняў, у т. л. 18 буйных стадыёнаў, 664 спарт. залы, 57 плавальных басейнаў, 6 манежаў, 5 спарт. збудаванняў са штучным лёдам, 138 стралковых ціраў. У ліку найбуйнейшых спарт. комплексаў Мінска і прыгарада алімпійская база «Стайкі», стадыёны «Дынама», «Трактар», «Спарт. аздараўленчы комплекс «Алімпійскі», воднаспарт. камбінат, конна-спарт. комплекс «Ратамка», рэсп. спарт. комплекс «Раўбічы», крыты каток «Юнацтва», Палац лёгкай атлетыкі, Палац тэніса, рэсп. Палац шахмат і шашак, лядовы палац спорту і інш.

Архітэктура і горадабудаўніцтва. У Мінску пад дзярж. аховай знаходзяцца 239 помнікаў горадабудаўніцтва і архітэктуры. Сярод іх арх. комплексы Верхні горад і Траецкае прадмесце; у стылях барока — Петрапаўлаўская царква (1612—13), касцёлы і кляштары бернардзінак (1633) і езуітаў (17 — пач. 18 ст.); класіцызму — царква Марыі Магдаліны (1847), будынак былых дзярж. устаноў (1852, арх. Л.​Садоўскі і К.​В.​Хршчановіч), жылыя дамы па вуліцах Герцэна, (канец 18 ст., арх. Ф.​Крамер) і Інтэрнацыянальнай (канец 18 — пач. 19 ст.); эклектыкі — былая жаночая Марыінская гімназія (1879), жылы дом па вул. Валадарскага (канец 19 ст.); мадэрну — жылыя дамы па вул. Кірава (арх. О.​Краснапольскі), К.​Маркса (арх. Г.​Гай), Савецкай (арх. С.​Гейдукевіч; усе пач. 20 ст.) і інш.

У 2-ю сусветную вайну Мінск моцна разбураны. На аснове «Эскіза планіроўкі Мінска» (1944, арх. М.​Колі, І.​Лангбард, А.​Мардвінаў, Б.​Рубаненка, У.​Сямёнаў, Н.​Трахтэнберг, А.​Шчусеў) у 1946 распрацаваны генплан аднаўлення і развіцця горада ( ін-т «Белдзяржпраект», арх. М.​Андросаў, Н.​Трахтэнберг і інш., карэкціроўка ў 1951—52). На 1-м этапе (1944—54) забудоўваліся цэнтр. раёны і гал. гарадскія магістралі, у т. л. Ленінскі праспект (сучасны праспект Ф.​Скарыны) ад Прывакзальнай пл. да пл. Я.​Коласа; завершаны ансамбль пл. Перамогі з манументам Перамогі (арх. Г.​Заборскі, У.​Кароль), які стаў адным з кампазіцыйных цэнтраў Мінска. Узводзіліся жылыя раёны пры новых прамысл. прадпрыемствах. Аднаўляліся грамадскія даваенныя пабудовы — Дом урада, Дом афіцэраў, Тэатр оперы і балета (усе — арх. І.​Лангбард), будынак ЦК КПБ (арх. У.​Вараксін, А.​П.​Воінаў) і інш., якія сталі акцэнтамі арх. ансамбляў горада.

Другі перыяд (канец 1950-х — 60-я г.) характарызаваўся ўзвядзеннем мікрараёнаў і ўключэннем іх у структурную арганізацыю горада, шырокім асваеннем метадаў індустрыяльнага будаўніцтва на аснове тыпізацыі праектаў жылых і грамадскіх будынкаў. У 1965 зацверджаны новы генплан (арх. Л.​Гафо, Я.​Заслаўскі, М.​Кудзінаў, І.​Люблінскі, А.​Наканечны, Н.​Трахтэнберг), арыентаваны на ўдакладненне зоны прамысл. і жыллёвага будаўніцтва. Буйныя жылыя масівы ўзводзіліся на свабодных тэрыторыях у межах горада. Мікрараённае будаўніцтва 4- і 5-павярховых дамоў вялося ўздоўж вуліц Арлоўскай (арх. А.​Гуль, А.​Кудравіцкі, В.​Сахно і інш.), Апанскага (арх. Ю.​Градаў, А.​Гуль, В.​Сахно), Чкалава (арх. В.​Анікін, Л.​Анікіна, Г.​Трушнікава), па Магілёўскай шашы (арх. У.​Афанасьеў, А.​Гуль, Н.​Шпігельман) і інш. Узведзены Палац спорту (1966, арх. В.​Малышаў, С.​Філімонаў), воднаспартыўны камбінат (1967, арх. В.​Ладыгіна), будынкі заводаў гадзіннікавага (1956—61, арх. С.​Баткоўскі, І.​Боўт, Н.​Шпігельман), халадзільнікаў (1968—75, арх. Л.​Афанасьева, І.​Боўт, М.​Буйлава, А.​Ганчароў, І.​Некрашэвіч) і інш.

Асноўным кірункам трэцяга этапа (1970—80-я г.) было комплекснае вырашэнне сац. і горадабудаўнічых задач пры фарміраванні жыллёвай забудовы, узмацненне ўвагі да мастацка-эстэтычных задач і ўдасканаленне архітэктурнай творчасці ва ўмовах індустр. домабудавання. У 1974 складзены праект дэталёвай планіроўкі цэнтр. часткі Мінска (арх. В.​Анікін, А.​Брэгман, Г.​Горына, Ю.​Градаў, Я.​Дзятлаў, Я.​Заслаўскі, І.​Кароль, Л.​Левін, Я.​Ліневіч, Л.​Патапаў, В.​Сярогіна, Г.​Фадзеева і інш.). Генплан 1982 (да 2000) прадугледжваў развіццё горада ў паўн.-зах. і зах. напрамках. Да канца 1980-х г. утварылася разгалінаваная шматвузлавая структура цэнтр. ядра горада. Па радыяльных напрамках сфарміраваны ансамблі грамадска-дзелавых комплексаў і жылых раёнаў (уздоўж праспектаў Машэрава, Партызанскага, вуліц Няміга, М.​Багдановіча, Я.​Коласа, Прытыцкага). Размяшчэнне аб’ектаў і забудова ажыццяўляліся з улікам перспектывы і рацыянальнага выкарыстання тэрыторыі. Блок-секцыйны метад праектавання і ўзвядзення пабудоў дазволілі палепшыць іх архітэктурна-маст. аблічча пры захаванні хуткіх тэмпаў будаўніцтва. 2-й кампазіцыйнай воссю цэнтра горада стаў водна-паркавы зялёны дыяметр уздоўж р. Свіслач, падмацаваны двума паркавымі паўкольцамі ўздоўж рэк Сляпянка і Лошыца. Забудоўваліся жылыя раёны Зялёны Луг, Усход, Чыжоўка, Серабранка, Малінаўка, Курасоўшчына, па вуліцах Ангарскай, Харкаўскай і інш. Сярод пабудоў грамадскага прызначэння: Палац мастацтва (1973, арх. Н.​Краўкова, С.​Мусінскі), Палац культуры чыгуначнікаў (1978, арх. Л.​Анікіна), Палац рэспублікі (1986), кінатэатр «Кастрычнік» (1975, арх. В.​Малышаў), выставачны комплекс «БелЭкспа» (1988, арх. В.​Капылаў, Г.​Ласкавая, Л.​Маскалевіч, Г.​Фядосенка), муз. вучылішча імя Глінкі (1975, арх. Г.​Ласкавая, Л.​Маскалевіч), карпусы БНТУ (1976—83, арх. В.​Анікін, І.​Есьман), Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (1972, арх. А.​Беразоўскі, Н.​Шпігельман, Н.​Якушка), гасцініцы «Турыст» (1972, арх. Л.​Пагарэлаў) і «Беларусь» (1986, арх. Л.​Кустова, Л.​Пагарэлаў), Камароўскі рынак (1982, арх. В.​Аладаў, А.​Жалдакоў, У.​Крывашэеў, М.​Ткачук), аўтавакзал «Усходні» (1982, арх. Л.​Кустова, Л.​Пагарэлаў, В.​Ягадніцкі). У 1984 здадзена ў эксплуатацыю 1-я чарга 1-й лініі Мінскага метрапалітэна (9 станцый), архітэктуры якога ўласцівы лаканізм, стрыманасць у выкарыстанні сродкаў маст. выразнасці, адпаведнасць тэматыкі архітэктурна-маст. вырашэння месцу размяшчэння станцый. У 1990-я г. сетка Мінскага метрапалітэна пашырана, уведзена ў эксплуатацыю 2-я лінія (11 станцый).

Новая стратэгія горадабудаўнічага развіцця (да 2010) распрацавана інстытутам «Мінскпраект» з удзелам інш. арганізацый і зацверджана ў 1991. Да сярэдзіны 1990-х г. горад развіваўся на аснове радыяльна-кальцавой сістэмы планіроўкі. Паводле новага генплана прадугледжваецца фарміраванне горада як сістэмы, расчлянёнай на асобныя зоны, звязаныя сеткай магістральных вуліц і размешчаныя ў шырокім лясным поясе ўздоўж асн. планіровачных восей па радыяльных напрамках. У аснову канцэпцыі пакладзена ідэя аб’яднання цэнтр. і перыферыйных раёнаў горада планіровачным каркасам, створаным на базе гал. транспартна-камунікацыйных восей і вузлоў. Перспектыўны генплан развіцця Мінска ўключае праектныя вырашэнні раёнаў з індывідуальнай забудовай, якія выходзяць за межы кальцавой аўтамаб. дарогі (Сёмкава, Юзуфова, Вішнёўка, Астрашыцкі Гарадок, Каралёў Стан, Сокал, Прывольны, Міханавічы, Пяцеўшчына-Крупіца, Фаніпаль, Гарадзішча, Ляхаўшчына-Хацежына, Заслаўе). Праект уключае 4 планіровачныя зоны ўнутры гар. ядра, размежаваныя 2-м гарадскім кальцом і чыгуначнымі лініямі маскоўскай, вільнюскай і брэсцкай дарог. Унутры гэтых зон знаходзяцца 35 планіровачных раёнаў, падзеленых сістэмай водна-зялёных прастораў і магістральных вуліц. Характар унутрыгарадской забудовы вызначаецца зніжэннем тэмпаў мікрараённага будаўніцтва, узвядзеннем будынкаў павышанай павярховасці, а таксама малапавярховых і індывідуальных жылых дамоў. У архітэктуры жылых і грамадскіх будынкаў назіраецца разнастайнасць форм, кампазіцыі ўскладняюцца і набываюць дынаміку. Адбываюцца змены ў канструкцыйна-тэхн. падыходзе да праектавання і будаўніцтва, пашыраецца прынцып вылучэння структуры нясучых элементаў і вонкавае ашкленне сцен. Інтэнсіўна вядзецца будаўніцтва спарт., банкаўскіх, дзелавых, культурна-асветных устаноў і аб’ектаў транспарту. Сярод найб. арыгінальных пабудоў: паліклініка ў мікрараёне «Вяснянка» (арх. В.​Крусь), ЗАГС Кастрычніцкага р-на (арх. А.​Трусаў, А.​Цэйтлін), Лядовы палац спорту па вул. Прытыцкага (арх. І.​Боўт, Л.​Патапаў, А.​Шафрановіч), чыгуначны вакзал (І.​Вінаградаў, М.​Вінаградаў, В.​Крамарэнка), офісны комплекс «XXI стагоддзе» (арх. Даніэль Бран, Зееў Нотэс, А.​Корбут, В.​Нікіцін), Мінсккомплексбанк па вул. Мяснікова (арх. А.​Вараб’ёў), Нац. бібліятэка Беларусі (арх. М.​Вінаградаў, В.​Крамарэнка пры ўдзеле Я.​Вінаградава, А.​Грышана, Т.​Несцерава, В.​Пятроўскага); адноўлена стараж. Мінская ратуша.

В.​М.​Корзун (прамысловасць), Ю.​Ю.​Захарына (архітэктура і горадабудаўніцтва).

т. 18, кн. 2, с. 730

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)