КАНДЫДАМІКО́ЗЫ, кандыдозы,

хваробы, што выклікаюцца дрожджападобнымі грыбкамі роду Candida. Развіваюцца пры актывізацыі грыбкоў у хворага ад нерацыянальнага ўжывання антыбіётыкаў (эндагеннае заражэнне), радзей пры перадачы грыбкоў ад хворага здароваму (экзагеннае заражэнне); пастаянны спадарожнік ВІЧ-інфекцыі ў стадыі СНІДа. Адрозніваюць К. паверхневыя (пашкоджваюцца слізістыя абалонкі і скура — стаматыт, ангіна, вульвавагініт, скурныя пашкоджанні рознай лакалізацыі) і вісцэральныя (пашкоджваюцца ўнутр. органы, найчасцей дыхальныя шляхі і страўнікава-кішачны тракт). Праяўляюцца К. тварожыстай белай высыпкай, іншы раз з эрозіяй, у цяжкіх выпадках — генералізаваная інфекцыя з сепсісам і пашкоджаннем унутр. органаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 7, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАТКО́ВА (Наталля Рыгораўна) (н. 24.6.1948, Масква),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1990). Дачка М.І.Кузьменка і Р.А.Качаткова. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). Працуе ў Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. Творчасць вызначаецца характарнасцю, імправізацыяй, адчуваннем ансамбля. Сярод роляў: Адэля [ «Ажаніцца — не журыцца» («Міхалка», «Мікітаў лапаць») Далецкіх і М.​Чарота], Рузана («Вясёлы тракт» Б.​Васільева), Люся («Вар’яцкас жыццё» С.​Злотнікава), Малання («Дзеці сонца* М.​Горкага), Пашлёпкіна («Рэвізор» М.​Гогаля), Дзіяна («Курыца» М.​Каляды), Федра («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі), Голда («Памінальная малітва» паводле Шолам-Алейхема), Нерына («Нежанаты мнагажэнец, або Залёты пана дэ Пурсаньяка» паводле Мальера) і інш.

В.​А.​Грыбайла.

т. 8, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАДЭНІ́Т (ад лімфа + грэч. adēn залоза),

запаленне лімфатычных вузлоў у чалавека. Развіваецца як рэакцыя на пападанне ў лімфатычныя вузлы прасцейшых, мікробаў, вірусаў, радзей — іншародных рэчываў. Адрозніваюць Л. востры і хранічны, па прычынным фактары — неспецыфічны і спецыфічны. Часцей сустракаецца Л. востры неспецыфічны як другасная рэакцыя на інфекцыю (ангіна, карыёзныя зубы, фурункулы і інш.). У дзяцей інфекцыя пранікае праз трахеябранхіяльнае дрэва і страўнікава-кішачны тракт. Прыкметы: павышэнне т-ры цела, ламота ў суставах, павелічэнне лімфавузлоў і інш. Хранічны неспецыфічны Л. бывае рэдка, часцей — лімфадэнапатыя. Лячэнне тэрапеўтычнае і хірургічнае.

В.​Я.​Рэбека.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРНІТАХАРЫ́Я (ад арніта... + chōreō іду, пашыраюся),

распаўсюджванне насення і пладоў раслін, спораў грыбоў з дапамогай птушак; прыватны выпадак зоахарыі. Птушкі разносяць насенне і плады ў лапках, дзюбах або зашчочных мяшках (напр., жалуды і арэхі разносяць сойкі, кедроўкі і інш.) — сінарнітахарыя. Назапашваючы корм, птушкі хаваюць яго каля пнёў, пад мох і ў інш. месцы. Часам насенне не траціць усходжасці, калі праходзіць праз стрававальны тракт птушак (напр., аўсянкі, малінаўкі, дразды, амялушкі і інш. так пераносяць насенне рабіны, вішні, малін, каліны, чарніц, чаромхі і інш. раслін) — эндаарнітахарыя. Арнітахарыя адбываецца таксама пры выпадковым пераносе птушкамі пладоў, насення і спораў, якія прыліпаюць да пер’я, дзюбы і лапак — эпізоахарыя.

т. 1, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГАДА́Н,

горад у Расіі, цэнтр Магаданскай вобл., на беразе бухты Нагаева Ахоцкага м. Засн. ў пач. 1930-х г., горад з 1939. 123 тыс. ж. (1997). Марскі порт. Ад М. пачынаецца Калымскі тракт. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (вытв-сць і рамонт горнага абсталявання, суднарамонт і інш.), харч. (рыбная), лёгкая (швейная ф-ка, гарбарна-абутковы камбінат); вытв-сць буд. матэрыялаў. Паўн.-Усх. комплексны НДІ і Ін-т біял. праблем Поўначы Далёкаўсх. навук. цэнтра Рас. АН, НДІ золата і рэдкіх металаў і інш. Пед. ін-т. 2 т-ры. Краязнаўчы музей. У 1930—50 М. быў цэнтрам Упраўлення Паўн.-Усх. папраўча-працоўных лагераў НКУС СССР (гл. ГУЛАГ).

т. 9, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫТ,

інфекцыйная хвароба коней, якая характарызуецца ліхаманкай, запаленнем падсківічных лімфавузлоў і слізістых абалонак носа і глоткі. Пашыраны ўсюды, найб. у краінах з умераным і халодным кліматам. Хварэюць пераважна маладыя (да 5 гадоў) жывёлы ў халодны перыяд. Узбуджальнік — мытны стрэптакок, які перадаецца з выдзяленнямі хворых і бактэрыяносьбітаў (перахварэлых і здаровых). Заражэнне адбываецца праз страўнікава-кішачны тракт, радзей аэрагенным ці палавым шляхам. Формы цячэння: тыповая (т-ра да 41 °C, слізіста-гнойныя выдзяленні з носа, кашаль, балючае ацяканне падсківічных лімфавузлоў, іх нагнаенне і ўскрыццё), метастатычная, або ўскладненая (абсцэсы таксама ў інш. лімфавузлах, мозгу, суставах, унутр. органах), генітальная (запаляюцца палавыя органы і блізкія да іх лімфавузлы), абартыўная (лёгкая, без нагнаенняў).

т. 11, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБЮРА́ТАР (франц. carburateur),

прылада для стварэння гаручай сумесі з лёгкага вадкага паліва ў рухавіках унутр. згарання. Бывае ўсмоктвальны (паплаўковы, мембранны), упырсквальны і камбінаваны.

Мае паветраны тракт, па якім рухаецца ўсмактанае паветра, і паліўную сістэму, па якой паліва падаецца ў паветраны паток, змешваецца з ім і па ўпускным трубаправодзе паступае ў цыліндры рухавіка. Інтэнсіўнасць паступлення гаручай сумесі рэгулюецца дросельнай заслонкай (гл. Акселератар), а яе склад у адпаведнасці з рэжымам работы рухавіка — гал. сістэмай дазіравання, эканамайзерам, паскаральнай помпай, сістэмамі халастога ходу і пуску халоднага рухавіка і інш. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілях, матацыклах і інш.

В.​А.​Сяргеенка.

Карбюратар аўтамабільны: 1 — паветраная заслонка; 2 — ігольчасты клапан; 3 — паплаўковая камера; 4 — бензін; 5 — дросельная заслонка; 6 — асноўны паветраны паток.

т. 8, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРУ́ТНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

таксічныя хімічныя злучэнні, прызначаныя для пашкоджання жывога арганізма; аснова хімічнай зброі. Пранікаючы ў арганізм праз дыхальныя шляхі, слізістыя абалонкі вачэй і насаглоткі, скуру і стрававальны тракт, парушаюць механізм дзеяння ферментных сістэм. Паводле характару дзеяння падзяляюцца на нервова-паралітычныя (зарын, заман, табун), агульнаатрутныя (сінільная кіслата, хлорцыян, арсін, фасфін), скуранарыўныя (іпрыт, азоцісты іпрыт, люізіт), удушальныя (хлор, фасген, дыфасген), слёзацечныя (лакрыматары) і раздражняльныя (адамсіт, хлорацэтафенон і інш.), псіхахімічныя (BZ — бізэт, B7 — бісем). Бываюць смяротныя і несмяротныя (часова выводзяць са строю); нястойкія, стойкія і ядавіта-дымныя. Выяўляюць і дэгазуюць атрутныя рэчывы спец. прыладамі і метадамі. Ахова ад атрутных рэчываў: процівагаз, рэспіратар, спец. ахоўная і звычайная прагумаваная вопратка, антыдотная тэрапія і спец. абсталяваныя сховішчы. Як хім. зброя атрутныя рэчывы забаронены Жэнеўскім пратаколам 1925.

т. 2, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААФА́ГІ [ад заа... + ...фаг(і)],

жывёлы і расліны, кормам для якіх з’яўляюцца інш. жывёлы. Да З. належаць таксама жывёлы, што кормяцца прадстаўнікамі свайго віду (гл. Канібалізм), і паразіты жывёл. Спосаб жыцця З. залежыць ад віду ежы, спосабаў яе здабычы, морфафізіял. і эталагічнай адаптацыі. У актыўных драпежнікаў ёсць органы захопу, умярцвення здабычы, вельмі развіты органы руху і пачуццяў. Стрававальны тракт З. звычайна адносна карацейшы, чым у фітафагаў (арганізмы, якія кормяцца раслінамі). Іх наз. драпежнікамі, хоць у некат. выпадках гэты тэрмін не зусім падыходзіць (напр., лешч з’яўляецца З., аднак драпежнікам яго не называюць). З раслін да З. належаць насякомаедныя расліны (напр., расянка круглалістая, тлушчанка звычайная), з жывёл — ваўкі, лісы, ястрабы, краты і інш. Гл. таксама Некрафагі, Капрафагія, Эўрыфагія, Драпежнікі, Драпежныя звяры, Сокалападобныя.

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАЛЁЎ (Аляксандр Пятровіч) (6.3.1910, г. Рудня Смаленскай вобл., Расія — 1.7.1970),

бел. жывапісец і графік, педагог. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1938). Выкладаў у Віцебскім (1939—41) і Мінскім (1948—52) маст. вучылішчах, Бел. тэатр.-маст. ін-це (1956—70). Працаваў у гіст., быт., батальным жанрах, партрэце, пейзажы. Творам уласцівы выразная пластыка форм, багаты каларыт, рэаліст. трактоўка вобразаў. Сярод твораў: «Гродна. 1939» (1940), «Лагойскі тракт» (1945), «Восень» (1946), «Вясна», «Старая вёска» (абодва 1947), «Сенеж-возера. Вясна» (1957), «Ускраіна Мінска» (1959), «На канікулах» (1966), «Наташа» (1967) і інш. Дасканаласцю малюнка вызначаюцца графічныя работы «Салдат» (1952), «У партызанскім штабе Бацькі Міная» (1953), «Атака» (1960), «Акупанты» (1967) і інш.

Літ.:

Дробаў Л.Н. А.​П.​Мазалёў. Мн., 1976.

А.Мазалёў. На канікулах. 1966.

т. 9, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)