ШЧЫ́ЛІННАЯ АНТЭ́НА,

ненакіраваная антэна ў выглядзе вузкай шчыліны, прарэзанай у плоскім ці крывалінейным метал. экране. Сканструявана так, што выпрамяненне адбываецца толькі ў адну паўпрастору адносна плоскасці экрана. Не мае частак, што выступаюць з экрана, і не парушае тым самым аэра- і гідрадынаміку аб’ектаў (напр., самалётаў, ракет), на якіх яна ўстаноўлена. Выкарыстоўваецца таксама для ўзбуджэння хваляводаў і аб’ёмных рэзанатараў і як апрамяняльнік у складаных антэнах.

т. 17, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎНЫ СКАЗ,

вядучы кампанент у структуры складанага сказа. Да галоўнага сказа далучаецца залежны кампанент — даданы сказ («Расказваў хлопец так шчыра і падрабязна, што самыя недаверлівыя людзі паверылі яму». І.​Шамякін). У якасці галоўнага сказа выступаюць усе структурныя тыпы простых сказаў. Сродкамі аб’яднання галоўнага сказа з даданымі сказамі служаць інтанацыя, падпарадкавальныя злучнікі («што», «калі», «каб»), злучальныя словы (займеннікі і прыслоўі «хто», «які», «дзе», «куды»), якія ў маўленні часта камбінуюцца з суадноснымі словамі («той», «там», «так», «дык»). Фармальна і па сэнсе даданы сказ можа залежаць ад галоўнага сказа ў цэлым («Ідзе Віктар наўмысля марудна... каб як даўжэй працягнуць дарогу». М.​Зарэцкі) або ад асобнага слова ў галоўным сказе: у апошнім выпадку даданы сказ можа стаяць і перад, і пасля, і ў сярэдзіне галоўнага («Пласкадонка, якая ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзі Быстранкі...». Я.​Брыль).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 4, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПАДКО́ВАЯ ПАДЗЕ́Я ў тэорыі імавернасцей,

падзея, якая пры выкананні пэўных умоў (правядзенні выпрабавання) можа як адбыцца, так і не адбыцца і для якой існуе пэўная імавернасць яе наступлення. Наяўнасць у выпадковай падзеі A пэўнай імавернасці p (0 ≤ p ≤ 1) тлумачыцца паводзінамі яе частаты: калі названае выпрабаванне ажыццяўляецца n разоў, а A з’яўляецца пры гэтым m разоў, то пры вялікіх n частата mn аказваецца блізкая да p. Гл. таксама Імавернасцей тэорыя.

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНГРЭГА́ЦЫІ (ад лац. congregatio злучэнне, аб’яднанне) у каталіцызме, 1) органы рымскай курыі, якія ажыццяўляюць кіраванне пэўнымі сферамі дзейнасці каталіцкай царквы. Узначальваюцца прэфектам, якога прызначае папа.

2) Рэлігійныя арг-цыі, якія кіруюцца манаскімі ордэнамі. Уваходзяць як свяшчэннаслужыцелі, так і недухоўныя асобы. Члены К. даюць зарокі (цноты, паслушэнства, беднасці) на пэўны тэрмін ці пажыццёвыя. Узніклі ў канцы 16—17 ст., найб. пашыраны ў 19 ст. 3) Аб’яднанне некалькіх манастыроў, якія прытрымліваюцца аднаго статута, пад адзіным кіраваннем.

т. 7, с. 576

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЕПТЫЦЫ́ЗМ (франц. scepticisme ад грэч. skeptikos які разглядае, даследуе),

філасофская пазіцыя, якая характарызуецца сумненнем у існаванні якога н. надзейнага крытэрыя ісціны. Заснавальнікам С. як філас. дактрыны лічыцца стараж.-грэч. філосаф Пірон (каля 365—275 да н.э.), сістэматызаваў такія погляды Секст Эмпірык. У сярэдневякоўі С. выступаў як сінонім вальнадумства, форма крытыкі царк. догматаў (напр., твор П.​Абеляра «Так і не так»). У 16—18 ст. ідэі С. былі накіраваны супраць сярэдневяковай схаластыкі (М. дэ Мантэнь, П.​Шарон, П.​Бейль і інш.). У філасофіі Д.​Юма, І.​Канта ён прымаў такую форму, якая прыводзіла да агнастыцызму. С. грунтуецца на розных тэарэт. перадумовах. Імі могуць быць або сумненне ў надзейнасці пачуццёвага пазнання, або перабольшванне значэння факта адноснасці (незавершанасці, зменлівасці) чалавечых ведаў. У апошнім выпадку С. з’яўляецца рэакцыяй на дагматызм абстрактных філас. пабудоў, што праявілася ў філасофіі Юма, Канта, пазітывістаў (А.​Конта, Г.​Спенсера). У звычайным сэнсе С. — гэта настрой, псіхічны стан няўпэўненасці, якія арыентуюць на ўстрыманне выказваць якія-н. катэгарычныя меркаванні.

Літ.:

Рихтер Р. Скептицизм в философии: Пер. с нем. Т. 1. СПб., 1910;

Лосев А.Ф. Культурно-историческое значение античного скептицизма и деятельность Секста Эмпирика // Секст Эмпирик. Соч. М., 1975. Т. 1;

Рассел Б. История западной философии...: Пер. с англ. 3 изд. М., 2000.

А.​Б.​Савеня.

т. 14, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫІДЭА́Л,

уяўленні аб чалавеку і яго дзейнасці, аб адносінах паміж людзьмі і арганізацыі грамадства, якія супрацьлеглыя поглядам на дасканалае; процілеглы ідэалу. Антыідэал мае элемент адноснасці. Тое, што разглядаецца як антыідэал аднымі людзьмі і сац. групамі, членамі пэўнага грамадства або людзьмі пэўнай эпохі, можа ўспрымацца як ідэал іншымі, і наадварот. Так, сталінізм і фашызм — антыідэал для людзей з дэмакр. мысленнем і ідэалы — для людзей з таталітарнымі ўстаноўкамі. Ёсць антыідэалы рэалістычныя (паддаюцца ажыццяўленню) і абсалютныя (не могуць быць дасягнуты ў рэчаіснасці — антыутопія). Антыідэал — неабходная форма мыслення. Разам з ідэалам антыідэал выконвае рэгулятыўную функцыю ў дзейнасці людзей, у т. л. і ў кіраванні грамадскімі працэсамі.

Г.​А.​Антанюк.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЕ ПРЫВА́ТНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць норм, якія рэгулююць прыватна-прававыя адносіны міжнар. характару. У іх прымаюць удзел чужаземцы, замежныя юрыд. асобы і замежныя краіны; яны звязаны з тэрыторыяй дзвюх або некалькіх дзяржаў; аб’ектам праваадносін з’яўляецца рэч, якая знаходзіцца за мяжой. Да сфер дзейнасці М.п.п. адносяцца пытанні цывільна-прававога стану чужаземцаў, замежных юрыд. асоб і змешаных т-ваў, права ўласнасці, абавязацельнага, аўтарскага, вынаходніцкага, сямейнага, спадчыннага правоў і інш. Нормы М.п.п. ёсць як у двухбаковых, так і ў шматбаковых міжнар. дагаворах. Асаблівасцю цывільна-прававых адносін М.п.п. з’яўляецца тое, што яго нормы, як правіла, не рэгулююць канкрэтна спрэчку, якая ўзнікла, а толькі ўказваюць, заканадаўства якой краіны належыць выкарыстаць (гл. Калізійнае права).

т. 10, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕ́ЛКУ ТРЭ́СЦІ»,

бел. нар. дзіцячая гульня. Гульцы становяцца ў рад адзін за адным нагнуўшыся, і кожны абнімае за паясніцу папярэдняга гульца. Апошні гулец садзіцца на папярэдняга, як на каня, і імкнецца хутка пры дапамозе рук пералезці далей на наступнага, з таго яшчэ далей, пакуль не перапаўзе ўсіх. Гульцы стараюцца «пералазчыка» трэсці, каб скінуць яго. Калі гулец перапаўзе ўсіх, ён становіцца наперадзе, а той, хто цяпер апошні, пачынае рабіць тое ж самае. Так працягваецца, пакуль кожны не паспрабуе прапаўзці па ланцужку.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЗАБІЯЛО́ГІЯ (ад экза... + біялогія),

галіна касмічнай біялогіі, якая займаецца пошукамі жывой матэрыі і арган. рэчываў у космасе і на інш. планетах. Ускоснымі доказамі існавання жыцця ў космасе служаць знаходкі папярэднікаў складаных арган. малекул (сінільнай к-ты, фармальдэгіду; усяго каля 20), якія выяўлены ў касм. прасторы спектраскапічнымі метадамі. У межах Сонечнай сістэмы жыццё, верагодна, ёсць толькі на Зямлі. У Э. існуюць уяўленні, што жыццё па-за межамі Зямлі магчыма як на водна-вугляроднай аснове, так і на крэмніева-аміячнай.

т. 18, кн. 1, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭА́ЛЬНАЯ ЛІНГВІСТЫ́КА,

раздзел мовазнаўства, які даследуе арэалы моўных з’яў, іх тыпы і ўзаемадзеянне. Асноўныя прынцыпы арэальнай лінгвістыкі распрацаваў у 1925 італьянскі лінгвіст М.​Барталі, які паказаў, што ўзаемадзеянне арэалаў блізкіх ці функцыянальна тоесных з’яў можа разглядацца з пункту погляду дыяхраніі (гэта значыць часавых адносін): адны арэалы ўяўляюць інавацыі (новыя з’явы, якія распаўсюджваюцца), іншыя — архаізмы (старыя з’явы, што звужаюць сваю тэрыторыю). Ад іх узаемнага размяшчэння залежаць так званыя нормы арэалаў. Складаныя выпадкі прасторавага ўзаемадзеяння арэалаў моўных з’яў (адна з якіх была прычынай узнікнення другой) даследаваў бел. лінгвіст П.​А.​Бузук.

Сучасная арэальная лінгвістыка займаецца інтэрпрэтацыяй моўных фактаў, здабытых лінгвістычнай геаграфіяй і пададзеных графічна ў выглядзе большых або меншых масіваў, размешчаных асобна ці ў кантакце паміж сабой. Налажэнне арэалаў розных інавацыйных з’яў, якія характарызуюць асобную мову ці моўную супольнасць, утварае так званую арэальную структуру гэтай мовы ці супольнасці.

Літ.:

Бузук П. Лінгвістычная геаграфія як дапаможны метад пры вывучэнні гісторыі мовы // Sbornik praci I. Sjezdu slovanskych filologů v Praze, 1929. Praha, 1932. Т. 2;

Цыхун Г.А. Арэальная тыпалогія славянскіх моў. Мн., 1988;

Bartoli M. Introduzione alla neolinguistica. Genève, 1925.

Г.​А.​Цыхун.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)