ПРАЕКТЫ́ЎНАЯ МЕ́ТРЫКА,
спосаб вымярэння адлегласцей (даўжынь адрэзкаў) і вуглоў сродкамі праектыўнай геаметрыі.
Сутнасць спосабу ў замацаванні некаторай фігуры ў якасці абсалюту, які вызначае дадзеную метрычную геаметрыю, і ў вылучэнні з групы праектыўных пераўтварэнняў такіх, якія адлюстроўваюць абсалют у сябе і ствараюць такім чынам адпаведную групу рухаў. Напр., метрыка плоскасці Лабачэўскага атрымліваецца, калі за абсалют прыняць нераспадальную рэчаісную лінію 2-га парадку. Тады даўжыня адрэзка AB роўная (ABPQ), дзе P і Q — пункты перасячэння прамой AB з абсалютам, — пастаянная, аднолькавая для ўсіх адрэзкаў, (ABPQ) — падвойны стасунак (гл. Праектыўнае пераўтварэнне).
т. 12, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАПАТРЫ́Я (ад ала... + грэч. patris радзіма),
тып відаўтварэння, пры якім новыя віды ўзнікаюць ва ўмовах прасторавай раз’яднанасці папуляцый. Пад дзеяннем натуральнага адбору кожная папуляцыя дадзенага віду прыстасоўваецца да спецыфічных умоў яе месцапражывання. Адаптацыя да новых умоў і выпадковы дрэйф генаў у невял. папуляцыях прыводзяць да змены частаты алеляў і генатыпаў. У выніку працяглага раз’яднання папуляцый паміж імі можа ўзнікнуць генетычная ізаляцыя, якая захоўваецца нават у тым выпадку, калі яны зноў апынуцца разам. Такім чынам могуць утварацца новыя віды. Напр., разнастайнасць відаў уюркоў сям. Goespizidae і пашырэнне на а-вах Галапагас лічаць вынікам алапатрычнага відаўтварэння. Гл. таксама Сімпатрыя.
т. 1, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛБО́ЎСКІ МІР 1617,
мірны дагавор паміж Расіяй і Швецыяй, які завяршыў рус.-швед. вайну 1610—17 (гл. «Смута»), Заключаны 9.3.1617 у в. Сталбова каля г. Ціхвін. Швецыя вяртала Расіі гарады Ноўгарад, Старая Руса, Порхаў, Ладага, Гдоў і інш., але пакідала за сабой г. Карэла з паветам і Іжорскую зямлю з гарадамі Капор’е, Арэшак, Ям, Івангорад. Такім чынам, Расія страчвала выхад да Балт. мора, рас. ўрад выплачваў Швецыі 20 тыс. руб. Бакі дамовіліся пра свабоду гандлю рас. і швед. купцоў на тэр. абедзвюх краін. Дзярж. мяжа, усталяваная С.м., захоўвалася да Паўночнай вайны 1700—21.
т. 15, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАКУСІРО́ЎКА ГУ́КУ,
пераўтварэнне плоскіх ці разбежных гукавых хваль у збежныя. Праводзіцца для аптычных і радыёхваль метадамі адбіцця або пераламлення.
Адрозніваюць актыўную і пасіўную факусіруючыя сістэмы. Актыўная (акустычны канцэнтратар) непасрэдна стварае збежны хвалевы фронт, пасіўная (лінзы акустычныя ці люстры) мяняе акустычную даўжыню шляху такім чынам, што пераўтварае плоскі ці разбежны фронт у збежны. Пры Ф.г. адбываецца рэзкае ўзмацненне гукавога ціску, вагальнай скорасці часціц і інтэнсіўнасці гуку. Ф.г. выкарыстоўваецца для атрымання гукавога відарыса (у сістэмах гукабачання і акустычнай галаграфіі, акустычным мікраскопе), для фарміравання зададзенай дыяграмы накіраванасці электраакустычных пераўтваральнікаў (напр., у гідралакатарах, сістэмах сканіравання, для канцэнтрацыі ультрагукавой энергіі) і інш.
т. 16, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАЭКАЛО́ГІЯ (ад агра... + экалогія), сельскагаспадарчая экалогія,
раздзел прыкладной экалогіі, які вывучае ўплыў фактараў асяроддзя (біятычных і абіятычных) на прадукцыйнасць культурных раслін, а таксама структуру і дынаміку згуртаванняў арганізмаў, што насяляюць с.-г. ўгоддзі, уплыў аграбіяцэнозаў на жыццяздольнасць раслін, якія культывуюцца. Асновы сучаснай аграэкалогіі распрацавалі вучоныя італьян. Дж.Ацы (1956) і ням. Тышлер (1965). Гал. задача аграэкалогіі — размяшчэнне і выкарыстанне с.-г. угоддзяў і прыродных экасістэм (участкі лясоў, лугоў, балот, помнікі прыроды, заказнікі і інш.) такім чынам, каб забяспечыць максімальную біял. прадукцыйнасць ландшафтаў і іх захоўванне. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС адной з цэнтр. праблем аграэкалогіі на Беларусі стала вывучэнне міграцыі радыенуклідаў у экасістэмах, у прыватнасці ў аграбіяцэнозах.
т. 1, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛЬТА-ФУ́НКЦЫЯ δ-функцыя, δ-функцыя Дзірака,
сімвал, што выкарыстоўваецца ў матэм. фізіцы пры рашэнні задач, у якія ўваходзяць засяроджаныя велічыні (маса, зарад, нагрузка і інш.). Абазначаецца δ(x).
Д.-ф. можна вызначыць як шчыльнасць размеркавання масы, калі ў пункце x=0 засяроджана адзінкавая маса, а ва ўсіх астатніх пунктах маса роўная нулю. Таму δ(x) = 0 пры x≠0 і δ(x)=∞ пры x=0, прычым
. Такім чынам, Д.-ф. можна разглядаць як бясконцы ўсплёск адзінкавай інтэнсіўнасці. Асн. ўласцівасць Д.-ф., што вынікае з гэтага вызначэння:
, дзе 𝑓(x) — кожная неперарыўная функцыя.
т. 6, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПАГРАМАТЫ́ЧНЫ ВЕРШ,
верш, інструментаваны такім чынам, што ў ім адсутнічае які-небудзь адзін ці некалькі гукаў (літар). Часам Л.в. ствараюць дзеля мілагучнасці. Часцей за ўсё Л.в. — гэта своеасаблівы верш-забава, які дэманструе версіфікатарскія здольнасці паэта і гукавыя магчымасці пэўнай мовы. У бел. паэзіі Л.в. надзвычай рэдкія. Адзін з нямногіх — «Матылёк» Р.Барадуліна, у якім выразная алітэрацыя на «л» і ні разу не ўжыты гук «р»:
Лілею
млявы
плёс
люляе,
З-пад злежалых
аблок
здалёк
Ляціць віхлясты і бялявы
Пялёстак лёгкі —
матылёк.
Ён кліча у блакіт лілею —
Каб не любіла больш да слёз
Бліскучы ад лускі і глею
Самлелы,
абмялелы
плёс.
В.П.Рагойша.
т. 9, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПЕРАРЫ́ЎНАСЦЬ у матэматыцы,
адно з важнейшых паняццяў, якое існуе ў 2 асн. канцэпцыях — Н. мноства (гл. Кантынуум) і Н. адлюстравання.
Н. адлюстравання — абагульненне паняцця сапраўднай неперарыўнай функцыі на адвольныя адлюстраванні: адназначнае адлюстраванне y = 𝑓(x) некаторага мноства X элементаў x на мноства Y элементаў y наз. неперарыўным. калі са збежнасці паслядоўнасці x1, x2, ..., xn, ... элементаў мноства X да x вынікае збежнасць іх вобразаў 𝑓(x1), 𝑓(x2), …, 𝑓(xn), ... да вобраза 𝑓(x) лімітавага элемента x. Такім чынам, Н. адлюстравання аднаго мноства на другое залежыць ад таго, як у зададзеных мноствах вызначаны лімітавыя суадносіны. Мноства элементаў з пэўнымі лімітавымі суадносінамі паміж імі наз. тапалагічнай прасторай.
т. 11, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБХО́ДНЫЯ І ДАСТАТКО́ВЫЯ ЎМО́ВЫ,
умовы правільнасці сцвярджэння, без выканання якіх дадзенае сцвярджэнне не можа быць правільным (неабходныя ўмовы) і пры выкананні якіх абавязкова будзе правільным (дастатковыя ўмовы). Маюць вял. пазнавальную каштоўнасць. Часта выраз «неабходна і дастаткова» замяняюць выразам «тады і толькі тады» або «ў тым і толькі ў тым выпадку».
У складаных матэм. праблемах адшуканне зручных для карыстання ўмоў бывае цяжкім. У такіх выпадках дастатковыя ўмовы робяць больш шырокімі, каб яны ахоплівалі магчыма большую колькасць выпадкаў, дзе зададзены факт мае месца, а неабходныя ўмовы — больш вузкімі, каб яны ахоплівалі як мага меншую колькасць лішкавых выпадкаў, дзе зададзены факт не мае месца. Такім чынам, дастатковыя ўмовы паступова збліжаюцца з неабходнымі.
т. 11, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́ЛЯДЗЬ НЯВО́ЛЬНАЯ,
у ВКЛ у 14—16 ст. найб. бяспраўная катэгорыя залежнага і эксплуатуемага сельскага насельніцтва, якая звычайна не мела зямлі і сродкаў вытв-сці, жыла ў дварах феадалаў, утрымлівалася імі і была іх поўнай уласнасцю. Асн. прычынамі няволі былі нараджэнне ад бацькоў — Ч.н., шлюбы вольных з нявольнымі, самапродаж у вечную няволю, некат. крымінальныя злачынствы і палон. Ч.н. выконвала гал. ч. разнастайныя с.-г. работы, часам адм.-гасп. абавязкі (цівуны, рыкунні). Пад уздзеяннем сац.-эканам. фактараў у 16 ст. Ч.н. паступова трансфармавалася ў прыгонных сялян. У ходзе правядзення валочнай памеры ў дзярж. і прыватных маёнтках Ч.н., як правіла, была надзелена невял. зямельнымі ўчасткамі і такім чынам ператварылася ў агароднікаў.
М.Ф.Спірыдонаў.
т. 17, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)