тып двухмоўнага слоўніка, які ўключае тоесныя па значэнні і блізкія па гучанні словы дзвюх блізкароднасных моў, што характарызуюцца нерэгулярнымі адрозненнямі ў фанетычнай і марфалагічнай структуры, слова- і формаўтварэнні, націску (т.зв. паралексы, гл. ў арт.Паралексія). Напр., бел. «шэры» — рус. «серый», «далонь» — «ладонь», «гусь» (ж.р.) — «гусь» (м.р.), «клопат» (адз. лік) — «хлопоты» (мн. лік) і інш. У П.с. падаюцца толькі тыя словы, якія могуць абумовіць парушэнне літ. нормы адной з блізкароднасных моў. У бел. лексікаграфіі першы слоўнік такогатыпу — «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985), які ўключае толькі паралексы (як дадатковы моўны матэрыял у слоўнік увайшлі міжмоўныя амонімы і паронімы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫ́ПЫ НЕРВО́ВАЙ СІСТЭ́МЫ, тыпы вышэйшай нервовай дзейнасці,
комплекс асн. прыроджаных і набытых індывід. уласцівасцей нервовай сістэмы чалавека і жывёл, што вызначае адрозненні ў паводзінах і адносінах да адных і тых жа ўздзеянняў навакольнага асяроддзя. Уведзены І.П.Паўлавым (1927). У аснове класіфікацыі — уяўленне пра сілу, ураўнаважанасць і рухомасць працэсаў узбуджэння і тармажэння. Існуе 4 гал. Т.н.с. Моцны неўраўнаважаны тып (адпавядае тэмпераменту халерыка) характарызуецца хуткай выпрацоўкай станоўчых (узбуджальных) умоўных рэфлексаў (УР) і слабай тармазных; у жывёл такогатыпу вегетатыўныя функцыі аднаўляюцца працягла і няроўна. Для моцнага ўраўнаважанага інертнага тыпу (флегматык) характэрна павольнае ўтварэнне станоўчых і тармазных УР; у жывёл рэакцыі прыстасавальнасці і ўзнаўлення вегетатыўных працэсаў адбываюцца павольна. У моцнага ўраўнаважанага рухальнага тыпу (сангвінік) станоўчыя і тармазныя УР утвараюцца хутка і лёгка трансфармуюцца пры змене раздражняльніка; жывёлам уласціва лёгкая прыстасавальнасць вегетатыўных функцый да змен навакольнага асяроддзя. Слабы тып (меланхолік) характарызуецца слабымі ўзбуджальнымі і тармазнымі працэсамі, УР выпрацоўваюцца з цяжкасцю, а тыя, што ўтварыліся, лёгка тармозяцца; у жывёл вегетатыўныя працэсы вялыя, лёгка парушаюцца, цяжка і няпоўна аднаўляюцца. У чалавека вылучаюць спец. тыпы, якія характарызуюцца ўзаемадзеяннем 1-й сігнальнай сістэмы, што адлюстроўвае рэчаіснасць у форме адчуванняў і ўспрыманняў, і другой сігнальнай сістэмы: тып мысліцельны з перавагай 2-й сігнальнай сістэмы; тып мастацкі з перавагай першай; тып сярэдні, калі абедзве сігнальныя сістэмы прадстаўлены ў роўных суадносінах. Неўрозы і псіхасаматычныя захворванні ўзнікаюць пераважна ў прадстаўнікоў моцнага неўраўнаважанага і слабага Т.н.с.
Літ.:
Русалов В.М. Биологические основы индивидуально-психологических различий. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМАБУДАЎНІ́ЧЫ КАМБІНА́Т (ДБК),
будаўніча-мантажная арг-цыя, якая вырабляе зборныя жалезабетонныя канструкцыі жылых дамоў, транспартуе іх на буд. пляцоўкі, манціруе з іх будынкі і здае заказчыку цалкам гатовымі да эксплуатацыі. Структура кіравання ДБК залежыць ад яго магутнасці, умоў дзейнасці і да т.п. У арг-цыі такогатыпу рэалізуецца гал. перавага — магчымасць увязвання ў адзіны тэхнал. працэс дзейнасці ўсіх спецыялізаваных падраздзяленняў, таму ў шэрагу ДБК няма буд.-мантажных упраўленняў. Асн.вытв. падраздзяленні — пастаянна дзеючыя ўчасткі, якія выконваюць буд., сан.-тэхн., электрамантажныя і інш. віды работ.
Аснову базы індустр. домабудаўніцтва Рэспублікі Беларусь складаюць 28 з-даў буйнапанэльнага домабудаўніцтва з агульнай магутнасцю 3198; 3 тыс.м² агульнай плошчы жылля за год, або 2430,6 тыс.м³ зборнага жалезабетону (1996). Першы ДБК у краіне створаны ў Мінску ў 1960. Камбінаты падпарадкоўваюцца Мін-ву архітэктуры і буд-ва Рэспублікі Беларусь. Гл. таксама Аб’ёмнаблочнае домабудаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЧЫННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
прадпрыемствы вотчыны, маёнтка, заснаваныя на працы прыгонных сялян на Беларусі, Украіне і ў Расіі ў 17—19 ст. Дробная вытв-сць — вотчыннае рамяство развівалася з 11—12 ст. На Украіне (пераважна Левабярэжнай) вотчынныя мануфактуры ўзніклі ў канцы 17 ст.; выраблялі жалеза, шкло, салетру, тытунь, сукно, шоўк, з 1830-х г. — цукар. У Расіі вотчынная прамысловасць існавала з 17 ст., вырабляла паташ, палатно, сукно, шоўк, гарэлку; найб. развіццё атрымала ў 2-й пал. 18 ст.
На Беларусі буйная вотчынная прамысловасць у форме мануфактуры ўзнікла ў пач. 18 ст. Гэта былі пераважна прадпрыемствы, заснаваныя на выкарыстанні ўласнай с.-г. і лясной сыравіны, паліва і прылад працы вотчыннікаў. Першыя прадпрыемствы такогатыпу — Налібоцкая шкляная мануфактура, Урэцкая шкляная мануфактура. У 2-й пал. 18 ст. вылучаліся суконныя мануфактуры ў Нясвіжы, Мінску, Брэсце, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, гуты ў мяст. Ілья Вілейскага і мяст. Мыш Навагрудскага пав., а таксама жалезаапр. прадпрыемствы графа І.Храптовіча ў Ашмянскім пав. У канцы 18 ст. ўзніклі буйныя мануфактуры ва ўсх.ч. Беларусі, якая адышла да Рас. імперыі (у Шклове, Крычаве, Добрушы, Дуброўне, Горках, Беліцы і інш.). Большасць іх прадукцыі ішла па пастаўках у казну: палатно на парусы для флоту, сукно на абмундзіраванне для арміі, скуры, шкляны посуд, гарэлка і інш. У цэлым у вотчыннай прамысловасці пераважалі дробныя прадпрыемствы, асабліва ў мукамольнай, вінакурнай, дрэваапр., цагельнай і гарбарнай вытв-сці. У 1796 на Беларусі было 8649 вотчынных прадпрыемстваў, на якіх працавала 15 тыс.чал. З развіццём прам-сці прадпрыемствы ўзбуйняліся, а іх колькасць змяншалася: да 1861 іх засталося 2313. Адмена прыгоннага права ў 1861 прывяла да ліквідацыі вотчыннай прамысловасці. Прадпрыемствы вотчыннай прамысловасці былі зачынены, прададзены прадпрымальнікам або рэарганізаваны на капіталіст. лад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЛУМАЧА́ЛЬНЫ СЛО́ЎНІК,
лінгвістычны аднамоўны слоўнік, у якім словы падаюцца з апісаннем (тлумачэннем) іх значэння і сферы выкарыстання. Т.с. вызначаюць лексічныя нормы літ. мовы на пэўным этапе яе развіцця. У ім даюць грамат. акцэнтуацыйныя і правапісныя характарыстыкі слоў, нормы іх спалучальнасці, фіксуюць устойлівыя словазлучэнні тэрміналагічнага і фразеалагічнага характару з раскрыццём іх значэння, паказваюць паходжанне іншамоўных слоў. Як камбінаваны лексікаграфічны даведнік Т.с. займае гал. месца ў нац. лексікаграфіі і з’яўляецца паказчыкам агульнага ўзроўню яе развіцця.
Для вывучэння рус.літ. мовы 19—20 ст.найб. важнае значэнне маюць акад. «Слоўнік царкоўнаславянскай і рускай мовы» (вып. 1—4, 1847; 2-е выд., 1867—68), «Тлумачальны слоўнік жывой велікарускай мовы» У.І.Даля (ч. 1—4, 1863—66; т. 1—4, 7-е выд. 1978—80), «Тлумачальны слоўнік рускай мовы» (т. 1—4, 1935—40), «Слоўнік сучаснай рускай літаратурнай мовы» (т. 1—17, 1948—65), «Слоўнік рускай мовы» (т. 1—4, 1981—84).
Першы на Беларусі акад. даведнік такогатыпу — «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84). У 1966 выйшаў «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: Для сярэдняй школы» А.Я.Баханькова, І.М.Гайдукевіча і П.П.Шубы (3-е выд., 1979), у якім тлумачацца значэнні каля 6 тыс. слоў, што выкарыстоўваюцца ў вучэбнай і маст. л-ры. У 1996 выдадзены «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» пад рэдакцыяй М.Р.Судніка і М.Н.Крыўко, які змяшчае больш за 65 тыс. слоў. Т.с. ўзніклі на аснове перакладных, дзе значэнне слоў раскрываецца шляхам перакладу на інш. мову. Некат. ранейшыя бел. слоўнікі спалучаюць асаблівасці тлумачальных і перакладных. Найб. значны з іх — «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча (1870, факсімільна перавыдадзены ў 1983), дзе адлюстравана нар.бел. лексіка сярэдзіны 19 ст. Т.с. можа ўключаць лексіку твораў толькі пэўнага пісьменніка (гл.Слоўнік мовы пісьменніка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНО́МІКА-МАТЭМАТЫ́ЧНЫЯ МАДЭ́ЛІ,
мадэлі эканам. аб’ектаў, працэсаў, пры апісанні якіх выкарыстоўваецца матэматычнае мадэліраванне.
Гістарычна першая такая мадэль — эканам. табліца Ф.Кенэ з абгрунтаваннем працэсаў стварэння, узнаўлення і пераразмеркавання грамадскага даходу (1758). Першую агульную мадэль эканомікі для знаходжання максімальна магчымага тэмпу эканам. росту і адпаведных гэтаму росту прапорцый і цэн сканструяваў Дж.Нейман (1937). У СССР вопыт Э.-м.м. выкарыстоўваўся для планавання і прагназіравання ўсіх звёнаў і ўзроўняў эканомікі.
Адрозніваюць дэскрыптыўныя і аптымізацыйныя Э.-м.м. Дэскрыптыўныя растлумачваюць пэўныя эканам. з’явы і працэсы, напр., мадэлі эканам. росту, канкурэнтнай эканам. раўнавагі. Да іх адносяць і прагнозныя мадэлі для розных частак эканомікі, якія грунтуюцца на матэм. статыстыцы, у прыватнасці карэляцыйны аналіз. Аптымізацыйныя, аптымальныя мадэлі — сістэмы ўраўненняў, роўнасцей і няроўнасцей, якія акрамя абмежаванняў (умоў) уключаюць і асобага роду ўраўненне (функцыянал, або крытэрый аптымальнасці). З дапамогай такога крытэрыя знаходзяць найлепшае рашэнне па якім-н. паказчыку, напр., мінімум затрат на матэрыялы пры зададзеным аб’ёме прадукцыі, або максімум прадукцыі (ці прыбытку) пры зададзеных абмежаваннях па рэсурсах і г.д. Аптымізацыйныя мадэлі звычайна адносяць да тыпу мадэлей лінейнага праграмавання. Э.-м.м., у якіх апісваецца момантавы стан аб’екта, наз.статыстычнымі, а тыя, што паказваюць развіццё аб’екта — дынамічнымі. Вылучаюць таксама аналітычныя мадэлі (у выглядзе формул функцыянальнай залежнасці розных паказчыкаў), лікавыя (у выглядзе лікавых прыкладаў), матрычныя (у форме табліц), сеткавыя (у форме сеткавых графікаў). Прынята падзяляць Э.-м.м. на 2 групы: мадэлі, якія адлюстроўваюць пераважна вытв. аспекты эканомікі і мадэлі, якія адлюстроўваюць сац. аспекты эканомікі.
Літ.:
Немчиков В.С. Экономико-математические методы и модели. 2 изд. М., 1963;
Канторович Л.В., Горстко А.Б. Оптимальные решения в экономике. М., 1972;
Иванилов Ю.П., Лотов А.В. Математические модели в экономике. М., 1979;
Вилкас Э.И., Майминас Е.З. Решения: теория, информация, моделирования. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНЫХ ПРАБЛЕ́М ІНСТЫТУ́ТБеларускага дзяржаўнага універсітэта,
навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў 1986 у Мінску. У структуры ін-та 12 лабараторый, аб’яднаных у 3 аддзелы: ядз. даследаванняў; кагерэнтных і нелінейных працэсаў; фізікі высокіх энергій. Гал. кірункі навук. дзейнасці: даследаванні ў галіне фізікі ядра і элементарных часціц, космамікрафізікі і ядз. астрафізікі, ядз. оптыкі палярызаваных асяроддзяў з мэтай устанаўлення фундаментальных заканамернасцей, якія вызначаюць развіццё мікрасвету; даследаванні ў галіне фізікі і электрадынамікі асяроддзяў са складанай структурай з мэтай устанаўлення іх фіз. уласцівасцей і распрацоўкі новых перспектыўных матэрыялаў для лазернай тэхнікі, дэтэктараў іанізавальных выпрамяненняў, нанатэхналогіі; даследаванні ў галіне аб’ёмных лазераў на свабодных электронах і іх выкарыстанне ў новых тэхналогіях; распрацоўка метадаў і апаратурных сродкаў для сістэм прадухілення надзвычайных сітуацый (у т. л. радыяцыйных і экалагічных аварый), экалагічнага кантролю і маніторынгу прыроднага асяроддзя, радыяцыйнай бяспекі ў медыцыне і нар. гаспадарцы.
У ін-це створаны і развіваецца новы кірунак навук. даследаванняў — ядз. оптыка палярызаваных асяроддзяў. Найважнейшыя дасягненні ў гэтай галіне: адкрыты з’явы ядз. працэсіі спіна нейтрона, вярчэння плоскасці палярызацыі гама-квантаў у асяроддзі з палярызаванымі электронамі; тэарэтычна абгрунтавана першае эксперым. назіранне новага тыпу выпрамянення — параметрычнае рэнтгенаўскае выпрамяненне, якое ўзнікае пры пралёце электрона праз крышталі, а таксама першае ў свеце выяўленне такога выпрамянення, якое ўзбуджаецца пратонамі вялікіх энергій у крышталі на паскаральніку Ін-та фізікі высокіх энергій у г. Протвіна (Расія); абгрунтаванне існавання з’явы спінавага дыхраізму і вярчэння спіна дэйтронаў вялікіх энергій у непалярызаваным рэчыве. Першыя эксперыменты праведзены ў 2003 сумесна з ін-там ядз. фізікі Кёльнскага ун-та і Ін-там ядз. фізікі (г. Юліх, Германія): тэарэтычна прадказаны з’явы вярчэння спіна часціц высокіх энергій у выгнутых крышталях (эксперыментальна выяўлена ў Лабараторыі імя Фермі. ЗША); створаны першы ў свеце аб’ёмны лазер на свабодных электронах (АЛСЭ) і атрыманы генерацыі індуцыраванага СВЧ-выпрамянення ў АЛСЭ (2001); распрацаваны новае пакаленне цяжкіх хуткіх эфектыўных сцынтылятараў для выкарыстання ў фізіцы высокіх энергій. мед. дыягностыцы і навук. даследаваннях, асновы лінейнай электрадынамікі вугляродных нанатрубак. тэорыя дыфракцыі хваль на гладкадэфармаваных структурах і тэорыя нелінейных эфектаў у вугляродных нанатрубках.
Разам з фундаментальнымі даследаваннямі ў ін-це праводзіцца шырокі спектр прыкладных даследаванняў, вынікамі якіх сталі распрацоўка апаратуры для радыяцыйнага і экалагічнага кантролю, канкурэнтаздольных храматаграфічных комплексаў для дэталёвага вугляроднага аналізу, апаратуры для высокаэфектыўнай сушкі драўніны, сістэмы аператыўнага выяўлення ўцечак з заглыбленых трубаправодаў і ёмістасцей пад ціскам і інш. У ін-це працуюць (працавалі) У.Р.Барышэўскі, В.В.Ціхаміраў, С.А.Максіменка, Р.Я.Сляпян, М.М.Шумейка і інш.Апубл. працы Барышэўскага «Каналіраванне, выпрамяненне і рэакцыі ў крышталях пры высокіх энергіях» (1982), «Ядзерная оптыка палярызаваных асяродкаў» (1995), зб.навук. прац па асн. кірунках дзейнасці ін-та «Фундаментальныя і прыкладныя фізічныя даследаванні. 1986—2001» (2001).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРКІ
Як састаўная частка адзінага сац.-культ. комплексу Беларусі, як асн. элементы азелянення і садова-паркавага мастацтва, паркі ствараюцца ў гар. і сельскай мясцовасці сродкамі ландшафтнай архітэктуры. Яны прызначаны для арганізацыі вольнага часу, задавальнення культ.-пазнавальных патрэбнасцей і інтарэсаў людзей праз стварэнне на сваёй тэр. спрыяльных умоў для адпачынку, распаўсюджвання і папулярызацыі культ. каштоўнасцей і ведаў аб прыродзе, фарміравання беражлівых і гуманных адносін да навакольнага асяроддзя. Усе паркі адкрытыя для публічнага наведвання.
Найб. старадаўнія на Беларусі паркі, што захаваліся, адносяцца да 18 ст. Адрозніваюць паркі рэгулярныя, пейзажныя, мемарыяльныя, паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады і інш. Для рэгулярных паркаў характэрны строгая геам. планіроўка і радковая пасадка дрэў, падпарадкаваная гал. кампазіцыйнай восі; наяўнасць баскетаў, шырокіх партэраў з кветкавымі газонамі, басейнаў, каналаў, фантанаў, часам — стараж. палаца (замка), ад якога разыходзяцца прамыя алеі Да ліку лепшых узораў такіх паркаў належаць Бачэйкаўскі парк, закладзены ў сярэдзіне 18 ст. ў в. Бачэйкава (Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл.), Дубайскі парк, створаны ў 2-й пал. 18 ст. ў в. Дубай (Пінскі р-н Брэсцкай вобл.), у в. Вялікае Мажэйкава (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.), у в. Забалацце (Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл.) і інш.
У канцы 18—19 ст. былі пашыраны пейзажныя паркі з уласцівай для іх свабоднай планіроўкай, маляўнічым размяшчэннем кампазіцыйных элементаў, што імітуюць прыродны ландшафт, невялікія збудаванні ў выглядзе гатычнага сабора, замка, грота, розныя віды малых форм архітэктуры, і інш. Адзін з паркаў такогатыпу закладзены ў 1879 на тэр. Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу (засн. ў 1583 кн. М.К.Радзівілам Сіроткам). Яго агульная плошча каля 100 га. На правабярэжнай частцы парку (падзелены р. Уша) знаходзяцца палац і замак з фрагментам парку (Замкавы парк) і Стары, т.зв. англійскі парк з японскім садам; у левабярэжнай частцы — Новы (Марысін) парк з т.зв. іпадромам. У парку ўстаноўлены бюсты кн. Юрыя Нясвіжскага, італьян.арх. Дж.М.Бернардоні, пісьменнікаў У.Сыракомлі, Я.Коласа, картографа Т.Макоўскага, 3 вазы з сімваламі: «1794. За нашу і вашу волю. 1863», «1410. Грунвальд», «Gloria Victoria» і інш. Пасля рэканструкцыі ў 1991 водна-паркавай сістэмы Нясвіжа адноўлены 5 пейзажных паркаў, у т. л. парк «Альба». Найб. захаваным на Беларусі пейзажным паркам з элементамі рамантызму з’яўляецца парк Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, заснаванага ў 2-й пал. 18 ст. на правым беразе р. Сож (даўж. 800 м, пл. 25 га). У ім знаходзіцца пладовы сад з багатай аранжарэяй («Зімовы сад»), ставок «Лебядзінае возера», вял. і мал. гроты, Верхні і Ніжні масты, памятныя камяні, больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод; устаноўлены конная статуя кн. І.Панятоўскага, 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29), манумент кн. I Ф.Паскевіча ў адзенні рымскага палкаводца, дэкаратыўныя мармуровыя скульптуры і інш. Да тыпу пейзажных паркаў адносяцца Савейкаўскі парк (Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл.), паркі Жыліцкага (Кіраўскі р-н Магілёўскай вобл.), Лагойскага. Валожынскага палацава-паркавых ансамбляў і інш.
Мемарыяльныя паркі часцей ствараюцца ў гонар выдатных дзеячаў навукі і культуры, нац. герояў (напр., парк імя Я.Купалы ў Мінску), або прысвячаюцца значным гіст. падзеям ці юбілеям (напр., парк Перамогі ў Мінску). Большасць такогатыпу паркаў з’яўляюцца часткай сядзібна-паркавых ансамбляў. Да нашага часу на Беларусі захаваліся 175 мемарыяльных сядзіб з рэшткамі паркаў. У іх ліку рэшткі парку ў родавым маёнтку Касцюшкаў Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н Брэсцкай вобл.), закладзенага ў канцы 17 ст., у гар. сядзібе Ваньковічаў (Мінск), дзе з 1824 жыў і працаваў мастак-рамантык Валенцій Ваньковіч, бывалі Я.Дамель, С.Манюшка, У.Сыракомля, В.Дунін-Марцінкевіч. У Брэсцкім р-не захаваліся мемарыяльныя сядзібы Лышчыцы (радзіма К.Лышчынскага) і Скокі (радзіма Ю.Нямцэвіча). У Баранавіцкім р-не 9 такіх сядзіб, у т. л. музей-сядзіба А.Міцкевіча «Завоссе» і сядзіба ў Ясянцах — радавым маёнтку апошняга канцлера ВКЛ Я.Храптовіча. У 2004 у в. Ракаў Мінскага р-на адкрылася сядзіба-музей, звязаная з імёнамі Ф.Багушэвіча, А.Міцкевіча і М.К.Агінскага; тут экспануюцца мэбля і адзенне 18—19 ст., муз. інструменты, фрагменты слуцкіх паясоў і інш. У 19 ст. склаўся новы тып парку — гарадскі с а д (у Мінску, Віцебску, Магілёве і інш.). Самы старадаўні такі парк — Цэнтр. дзіцячы парк імя М.Горкага (былы Губернатарскі сад; пл. 30 га), у якім дзейнічаюць разнастайныя атракцыёны, планетарый, крыты каток, летняя эстрада. У 1920-я г. пачалі стварацца паркі культуры і адпачынку, дзіцячыя, спартыўныя, заалагічныя і інш.
У 2002 на Беларусі дзейнічалі 24 паркі культуры і адпачынку, у т. л. ў Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абл. — па 4, у Гомельскай вобл. і г. Мінск — па 3, Магілёўскай вобл. — 1 і Мінскай вобл. — 5. Дзейнічаюць 4 заапаркі (Віцебск, Гомель, Гродна, Мінск). Найб. паркі культуры і адпачынку ў Гомелі (280 га, з філіяламі), Віцебску (190 га), Гродне (92 га), Кобрыне (60 га), Брэсце (40 га). У Мінску працуюць парк культуры і адпачынку імя Чэлюскінцаў (50 га) і імя 50-годдзя Кастрычніка (110 га), а таксама парк Я.Купалы і парк Перамогі (у раёне Камсамольскага возера). У парках культуры і адпачынку праводзяцца тэатралізаваныя канцэрты, выстаўкі, нар. святы, творчыя конкурсы, гульнёва-забаўляльныя праграмы, дыскатэкі, танцавальныя вечары, спарт. мерапрыемствы. У 2002 у іх дзейнічала 14 гурткоў маст. самадзейнасці, 16 спарт. гурткоў і 8 дзіцячых аб’яднанняў. У 2003 у Мінску адкрыты адзіны ў Беларусі сучасны парк забаў «Dream Land» (Краіна мары), у якім дзейнічаюць разнастайныя італьян. атракцыёны (экстрэмальныя, сямейныя, дзіцячыя), лічбавая фотастудыя і інш.
Паркавая прастора выкарыстоўваецца і як месца актыўных зносін людзей з прыродай, чаму садзейнічае стварэнне ў іх рэкрэацыйна-аздараўленчых зон і аб’ектаў, спрыяльных умоў для фіз. і маральна-псіхал. адпачынку і аднаўлення сіл чалавека. Першы батанічны сад на Беларусі засн. Ж.Э.Жыліберам у Гродне на месцы старога гарадзішча; у 1778 у садзе было больш за 2000 відаў экзотаў (большасць экзатычных насаджэнняў у 1781 перанесена ў Віленскі батанічны сад, цяпер на яго месцы гар. парк культуры і адпачынку). У пач. 20 ст. існаваў (да 1924) Вялікалятчанскі батанічны сад каля Віцебска. Працуюць батанічныя сады БСГА (з 1847), Віцебскага ун-та (закладзены ў 1919), БДУ (арганізаваны ў 1933), Бел.тэхнал. ун-та (арганізаваны ў 1969). У Цэнтр. батанічным садзе Нац.АН Беларусі (створаны ў 1932, пл. больш за 80 га) сабрана больш за 9 тыс. відаў раслін. У яго экспазіцыі: дэндрарый з сектарамі Беларусі, Д.Усходу, Усх. Азіі, Паўн, Амерыкі, Еўропы, Сібіры, Каўказа, Сярэдняй Азіі, альпінарый, ружоўнік, цюльпаннік, вяргіннік, бэзавы сад, сад бесперапыннага цвіцення, ландшафтны. З 1985 у Мінску дзейнічае парк камянёў — геалагічны музей пад адкрытым небам. У ім больш за 2 тыс. экспанатаў, пл. экспазіцыі 6,5 га, з іх 4,5 га займае рэльефная мадэль геагр. карты Беларусі. Парк з’яўляецца эксперыментальнай базай Ін-та геалагічных навук Нац.АН Беларусі па вывучэнні ледавіковых валуноў, вырашэнні шэрагу актуальных праблем геалогіі, а таксама своеасаблівым сродкам папулярызацыі і пашырэння прыродазнаўчых і гісторыка-краязнаўчых ведаў.
Літ.:
Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1974;
Яго ж. Старинные усадьбы Минского края. Мн., 2000;
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989;
Смолік А.І. Культура Беларусі XI—XIX стст.: Навук.давед.Мн., 1998;
Каштоўнасці мінуўшчыны, 5: Рэстаўрацыя і выкарыстанне помнікау гісторыі і культуры: Матэрыялы канф., Мінск, 17 крас. 2001 г.Мн., 2001.
С.Ф.Дубянецкі, Э.С.Дубянецкі.
Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.Сноўскі палацава-паркавы ансамбль.Мірскі садова-паркавы комплекс.У парку камянёў.Фрагмент парку Я.Купалы ў Мінску.У Гродзенскім заалагічным парку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́НІЯ,
1) паселішча, заснаванае стараж. народамі (асірыйцамі, фінікійцамі, грэкамі, рымлянамі) у чужых землях. Іх узнікненне найчасцей абумоўлена недахопам зямлі і гандл. рынкаў. К. грэкаў і фінікійцаў былі звычайна самастойнымі, рымскія — апорнымі пунктамі імперыі ў яе правінцыях.
2) Краіна або тэр., якая знаходзіцца пад уладай замежнай дзяржавы (метраполіі), кіруецца на падставе спец. рэжыму і пазбаўлена паліт. і эканам. самастойнасці. Адна з гал. прычын утварэння К. — нераўнамернасць эканам. і сац. развіцця чалавецтва. Першыя К. (пазней калан. імперыі) па-за межамі Еўропы (у Амерыцы, Афрыцы і Паўд.-Усх. Азіі) створаны ў эпоху Вял.геагр. адкрыццяў 15—16 ст.Напр., ісп. К. ахоплівалі амаль усю Паўд., Цэнтр. і частку Паўн. Амерыкі. У 17 — пач. 19 ст. ў Паўн. Амерыцы, Афрыцы, Паўд.-Усх. Азіі К. Англіі, Францыі і інш. краін узнікалі як прыбярэжныя крэпасці, земляробчыя і гандл. паселішчы, якія паступова пашырыліся. Карэннае насельніцтва К. прыгняталася, часам вынішчалася ці выганялася. Самаразвіццё буйных К. выклікала неабходнасць іх аддзялення ад метраполій. У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83паўн.-амер. К. Англіі аддзяліліся і ўтварылі самаст. дзяржаву — ЗША. Падобным чынам у выніку вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 утварыліся незалежныя дзяржавы ў Лац. Амерыцы. У эпоху даманапаліст. рыначнай эканомікі К. — рынкі збыту тавараў і крыніцы сыравіны для метраполій. У манапаліст. эпоху К. сталі і сферай прыкладання капіталу. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. патрэбы прам-сці метраполій у сыравіне і барацьба паміж буйнымі індустр. дзяржавамі за рынкі збыту выклікалі новую хвалю калан. захопаў у Афрыцы і Азіі. У 1923 агульная плошча К. Бельгіі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Італіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Францыі, ЗША і Японіі складала 58,5 млн.км² (больш за 1/3 плошчы зямлі), у т. л. К. Вялікабрытаніі 35,2 млн., Францыі 12,2 млн.км². У 1930—40-я г. пачаўся і ў 1970-я г. завяршыўся распад калан. сістэмы, абумоўлены працэсамі сац.-эканам. развіцця чалавецтва і ростам нац.-вызв. руху ў К. Цяпер К. такогатыпу ў свеце няма. Гл. таксама Каланіялізм.
3) Паселішча перасяленцаў з інш. краіны, вобласці. У Рас. імперыі ў 18 — пач. 20 ст. К. называлі пасёлкі замежных перасяленцаў (немцаў, грэкаў, сербаў і інш.), якія атрымлівалі ад дзяржавы зямлю і займаліся сельскай гаспадаркай.
4) У Польшчы, у т. л. ў Зах. Беларусі, у 1920—30-я г. тып с.-г. паселішча сялян-перасяленцаў на новаасвоеных землях (гл.Асаднікі).
5) Супольнасць землякоў у чужой краіне (горадзе); зямляцтва. У 1989 бел. К. налічвалі ў Расіі 1052 тыс.чал., на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс., у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. ад 300 тыс. да 2 млн.чал. 6) У Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах СНД від папраўча-працоўнай установы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАЖЫТНЫ ГОРАД.
Да найбольш стараж. паселішчаў на тэр. Беларусі належаць выяўленыя ў Падняпроўі рэшткі верхнепалеалітычных (24—20-е тыс. да н.э.) жытлаў з выкарыстаннем касцей маманта каля вёсак Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага р-наў. У жалезным веку (з 7 ст. да н.э.) насельніцтва жыло на гарадзішчах (ці выкарыстоўвала іх як сховішчы для навакольных паселішчаў); да нашага часу на Беларусі захавалася больш за тысячу такіх гарадзішчаў. Першыя ўласна гарады вырасталі з родаплемянных (Полацк, Гомель, Тураў) ці абарончых (Брэст, Мінск) цэнтраў. Яны ўяўлялі сабой умацаванае (агароджанае, адсюль назва «град», «горад») паселішча, якое нярэдка ўзнікала на месцах гарадзішчаў жалезнага веку (Полацк, Мінск). Многія гарады з’яўляліся гандл. і рэліг. цэнтрамі. Пасля прыняцця хрысціянства тут часам на месцы язычніцкіх капішчаў узнікалі першыя драўляныя, а пазней і мураваныя храмы. Ядром стараж. горада было ўмацаванне (дзядзінец), якое найчасцей размяшчалася на ўзвышаным месцы, на беразе возера ці ракі, на скрыжаванні гандл. шляхоў. Да дзядзінца прылягала ўмацаванае паселішча, т.зв. вакольны горад, у якім жылі гандляры, рамеснікі. Паводле такога прынцыпу фарміраваліся Полацк, Тураў, Мінск, Пінск і інш. гарады. Разам з хрысціянствам у буд-ве пашыраўся візантыйскі ўплыў, у 9—10 ст. прасочваюцца таксама арабскія і скандынаўскія ўплывы. У 11 ст. з’явіліся новыя буд. матэрыялы: плінфа, плітка для падлогі, вапна, цамянка, аконнае шкло, свінцовыя лісты для пакрыцця дахаў.
У перыяд удзельных княстваў (11—1-я пал. 13 ст.) гарады ўзнікалі пераважна як гандл.-рамесныя цэнтры сярод вясковай акругі (Слуцк, Клецк і інш.). часам ускладнялася іх тапаграфічная структура: дзядзінец (часам з асобным княжацкім дваром), вакольны горад, пасад ці прадмесце, гарадскі курганны ці бескурганны некропаль, загарадныя манастыры і наваколле. На княжацкіх дварах, на дзядзінцах Полацка, Гродна і Смаленска будавалі 2-павярховыя каменныя палацы (хорамы). Гарады развіваліся пераважна на аснове радыяльна-кальцавой ці радыяльна-веернай планіроўкі. З ростам заходнееўрапейскага, візантыйскага і кіеўскага імпарту адбывалася пранікненне навацый у матэрыяльную культуру гарадоў Беларусі, што прасочваецца ў інжынерна-фартыфікацыйнай справе і культавай архітэктуры. Гэта трывалыя канструкцыі абарончых збудаванняў у Віцебску, Мінску, Полацку і Гродне (напр., дзядзінец стараж. Гродна быў умацаваны каменнымі абарончымі сценамі вышынёй да 5 м), а таксама спроба збудаваць з дапамогай польскіх майстроў каменны храм у Мінску. У 13 ст. будавалі шмат’ярусныя прамавугольныя ці круглыя ў плане мураваныя вежы-данжоны — «стаўпы» (Камянец, Навагрудак, Гродна, Брэст, Тураў).
Горадабудаўніцтва эпохі ВКЛ. У 13—14 ст. адбывалася творчая перапрацоўка ўсходнеславянскіх і візантыйскіх традыцый. Пашырэнне і развіццё гэтых традыцый працягвалася на тэр. Беларусі і Украіны, а таксама яны інтэнсіўна пранікалі на землі, заселеныя балтамі, дзе бурна развіваліся гарады і ўзнік феномен новай гарадской культуры. На землях праваслаўных беларусаў і язычнікаў літоўцаў апрача храмаў узнікалі шматлікія праваслаўныя манастыры і каталіцкія кляштары. Пасля Крэўскай уніі 1385 на тэр.ВКЛ пачалі пранікаць і пашырацца традыцыі заходнееўрапейскай каталіцкай культуры. У 14 — пач. 17 ст. яе асяродкамі сталі Віцебск, Мсціслаў, Орша і Смаленск. У 14—15 ст. на тэр.зах. і цэнтр. Беларусі пабудаваны першыя драўляныя мячэці і сінагогі ў месцах кампактнага рассялення татараў і яўрэяў. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410, калі знікла крыжацкая пагроза, гарадская культура ВКЛ канчаткова стала фарміравацца як неад’емная частка заходнееўрапейскай цывілізацыі. У гэты час пашыралася магдэбургскае права, таму адм. цэнтр горада паступова перамясціўся на рыначную плошчу, дзе ставілі ратушу (Віцебск, Чачэрск, Слонім, Мінск і інш.), часам у комплексе з гандл. радамі (Нясвіж). Часта захоўвалася суіснаванне двух цэнтраў гарадскога жыцця: княжацкая рэзідэнцыя на гарадскім (звычайна верхнім) замку і ратуша з гарадскім магістратам і рыначнай плошчай. Для гэтага часу характэрна з’яўленне мястэчкаў як прамежкавай формы паселішчаў паміж горадам (местам) і вялікім сялом. Пры мястэчках будаваліся мураваныя замкі тыпу кастэляў (Крэва Смаргонскага р-на, Ліда). Пашырыліся новыя буд. матэрыялы — буйнапамерная тоўстая цэгла і керамічная дахоўка, якія наблізілі тэхніку будаўніцтва да заходнееўрапейскіх узораў. З паяўленнем гармат ранейшыя мураваныя і драўляныя замкі перабудоўвалі з улікам выкарыстання агнястрэльнай зброі (Гродна, Ліда, Мір). З 15 ст. пашырыўся стыль готыкі. Яе ўзор — Троіцкі касцёл у в. Ішкалдзь Баранавіцкага р-на: мураваны храм зальнага тыпу, асноўны аб’ём якога накрыты высокім 2-схільным дахам са стромкімі шчытамі на тарцах. Яго пластычныя ступеньчатыя шчыт і контрфорсы на гал. фасадзе аздоблены плоскімі нішамі; нефы асноўнага аб’ёму перакрыты крыжовымі скляпеннямі, апсіда — зорчатым нервюрным. Да найб. значных храмаў абарончага тыпу належаць цэрквы-крэпасці ў вёсках Сынковічы Зэльвенскага і Мураванка Шчучынскага р-наў. Сынковіцкая царква (канец 15 — пач. 16 ст.) — 3-нефавы 4-стаўповы 3-апсідны мураваны зальны храм (у плане перакошаны прамавугольнік), па вуглах фланкіраваны 4 баявымі вежамі (з захаду гранёныя, з усходу круглыя) з цаглянымі вітымі ўсходамі ўнутры. Па версе сцен праходзіць пояс машыкуляў, дах 2-схільны, з вострымі тарцовымі шчытамі. Мураванкаўская царква (другая памылковая назва — Маламажэйкаўская; пач. 16 ст.) — 4-стаўповае збудаванне зальнага тыпу (у плане прамавугольнік, блізкі да квадрата), завершанае 2-схільным дахам са шчытамі на тарцах, з паўцыркульнай апсідай і 4 круглымі вуглавымі вежамі. Абарончы характар мелі Барысаглебская царква ў Навагрудку (пач. 16 ст.), кальвінскі збор у Заслаўі (2-я пал. 16 ст. — пач. 17 ст.), сінагога ў Быхаве (пач. 17 ст.), а таксама некаторыя жылыя дамы, вежы-званіцы, брамы і ратушы. Тэр. кальвінскага збору ў мяст. Койданава (цяпер г. Дзяржынск; пач. 17 ст.) была ўмацавана мураванай сцяной з 9 круглымі ў плане 2-яруснымі абарончымі вежамі. Манументальна» кампактныя аб’ёмы храмаў, умацаваныя контрфорсамі, кантраставалі з высокімі яруснымі вертыкальнымі вежамі: касцёлы ў вёсках Гнезна Ваўкавыскага (каля 1524), Дзераўная Стаўбцоўскага (1-я пал. 17 ст.) р-наў. У 15 — пач. 17 ст. развіццё архітэктуры і горадабудаўніцтва ВКЛ характарызуецца росквітам і агульнымі тэндэнцыямі, якія маюць выразнае заходнееўрапейскае паходжанне. З эпохай Адраджэння (Рэнесанс) звязаны спробы комплекснай рэканструкцыі гарадоў на аснове рэгулярнага плана, які формамі набліжаўся да прамавугольніка, авала, паўавала (Нясвіж, Быхаў, Слуцк). Цэнтрам кампазіцыі горада была плошча з ратушай і храмамі. Напачатку рысы стылю рэнесанс спалучаліся з элементамі готыкі. Свецкая і культавая архітэктура паступова страчвала абарончыя рысы, набывала аркадныя галерэі (палац у Рагачове, 2-я пал. 16 ст.); з’явіліся храмы-ратонды з купалам (кальвінскі збор у Смаргоні, сярэдзіна 16 ст.), вежы набылі дэкаратыўнае аздабленне. Інтэр’еры ўпрыгожвалі разнымі алтарамі, скляпенні — ляпнымі нервюрамі (храмы ў вёсках Чарнаўчыцы Брэсцкага, Вішнева Валожынскага р-наў). Драўляныя вулічныя маставыя замяняліся каменнымі, брукаванымі. У цэнтрах гарадоў з’явіліся першыя цагляныя жылыя будынкі. Рамеснікі і гандляры будавалі дамы фахверкавага тыпу («прускі мур»), простыя гараджане, як і сяляне — аднакамерныя «курныя хаты» або 2- ці 3-камерныя з прыбудаваным хлявом. Пашырэнне атрымалі феад. рэзідэнцыі: замкі ў вёсках Геранёны Іўеўскага (канец 15 — пач. 16 ст.), Смаляны Аршанскага (да 1626) р-наў і інш. Да 16 ст. будавалі пераважна драўляныя замкі, якія складаліся з гародняў, са шмат’яруснымі вежамі (Полацк, Орша, Магілёў), пазней — муравана-драўляныя. Пад уплывам фартыфікацыйнага дойлідства Італіі з 2-й пал. 16 ст. пашырылася буд-ва ўмацаванняў бастыённай сістэмы (Заслаўе, Нясвіж). Сярод унікальных манументальных ансамбляў — 5-вежавы мураваны замак з палацам у Міры, пабудаваны ў пач. 16 ст. з рысамі готыкі і рэнесансу. Напачатку замак быў мураванай крэпасцю, абнесенай абарончымі сценамі з 5-яруснымі вежамі па вуглах; пасярэдзіне размяшчалася пятая, 6-ярусная вежа-брама, якая мела герсу і пад’ёмны мост. Замак быў абкружаны землянымі валамі вышынёй каля 10 м і ровам з вадой. У 1580—90-я г. комплекс перабудаваны пад княжацкую рэзідэнцыю. Да паўд. і ўсх. сцен прыбудаваны 3-павярховы палац. На працягу існавання замак неаднойчы быў аб’ектам аблог і штурмаў, моцна пашкоджаны. З 1983 вядзецца яго рэстаўрацыя. Мірскі замкава-паркавы комплекс ЮНЕСКА аднесены да вышэйшай катэгорыі помнікаў сусветнай культуры (1994) і ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны (2000).