ПРЫКАМО́РКІ,

мытні на адгалінаваннях ад асн. гандлёвых шляхоў (гасцінцаў) у 16—18 ст. У П. ацэньвалі тавары і бралі з купцоў мыта. Падпарадкоўваліся адміністрацыі каморы.

т. 13, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НДЭКС ПАКУПНО́Й ЗДО́ЛЬНАСЦІ,

паказчык, што характарызуе колькасць тавараў і платных паслуг, якія можна набыць за адну грашовую адзінку пры дадзеным узроўні цэн на тавары і тарыфаў на паслугі. Адваротная велічыня індэкса цэн. Калі індэкс цэн на тавары і тарыфаў на паслугі зніжаецца, то І.п.з. павялічваецца, і наадварот. Ён адлюстроўвае змену намінальнага кошту грашовай адзінкі (кошту, пазначанага на грашах) з улікам змены цэн і тарыфаў. Умовамі павелічэння і замацавання пакупной здольнасці рубля з’яўляюцца ўстанаўленне правільных суадносін паміж попытам і прапановай, вытворчасць тавараў і паслуг, неабходных для задавальнення бягучых патрэб грамадства, эфектыўнае дзярж. рэгуляванне грашовага прапанавання і інш.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКУПНА́Я ЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

здольнасць грашовай адзінкі быць абмененай на пэўную колькасць тавараў і паслуг; здольнасць насельніцтва абменьваць заробленыя (накопленыя) сродкі на тавары (купіць іх у дзярж., каап. і інш. гандлі) і аплату розных паслуг. П.з. грошай вызначаецца індэксам, адваротным індэксу цэн і тарыфаў на паслугі: калі індэкс цэн і тарыфаў за пэўны час знізіцца, то індэкс П.з. грошай павысіцца (гл. Індэкс пакупной здольнасці). П.з. насельніцтва залежыць ад узроўню аплаты працы, пенсій, стыпендый і інш. выплат, грашовых накапленняў насельніцтва, таксама і ад узроўню цэн на тавары, прадукты харчавання, паслугі, накіраваныя на задавальненне пэўных патрэб чалавека (гл. Узровень жыцця).

У.​Р.​Залатагораў.

т. 11, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭА́ЛЬНАЯ ЗАРАБО́ТНАЯ ПЛА́ТА,

эканамічны паказчык, што вызначае аб’ём прадметаў спажывання і паслуг, які работнік можа набыць на свае грошы, атрыманыя ў форме аплаты працы; састаўная частка рэальных даходаў насельніцтва. Яе велічыня залежыць ад памеру аплаты ў адпаведнасці з колькасцю і якасцю працы і ад цэн на тавары і паслугі, падаткаў і інш. Вылічваецца ў працэнтах ці як каэфіцыент і вызначае суадносіны паміж намінальнай (грашовай) заработнай платай і індэксам цэн на тавары і паслугі ў дадзены перыяд за вылікам спагнаных падаткаў і ўзносаў. Памяншэнне Р.з.п. звязана з інфляцыяй, калі яна не кампенсуецца павелічэннем, індэксацыяй заработнай платы.

т. 13, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЙСКУРА́НТ (ням. Preiskurant ад Preis цана + франц. courant бягучы, цяперашні),

зборнік, даведнік цэн на прадукцыю, тавары, паслугі. Зафіксаваныя ў П. цэны наз. прэйскурантнымі (бываюць даведачныя, цэны прапановы, нязменныя).

т. 13, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВІГАЦЫ́ЙНЫЯ А́КТЫ (Navigations Acts),

у 14—19 ст. пастановы англ. парламента, якія выдаваліся з мэтай абароны марскога гандлю Англіі ад замежнай канкурэнцыі. Першы Н.а. прыняты ў 1381. Выдадзены 9.10.1651 «Акт аб павелічэнні гандлёвага флоту і падтрымцы мараплавання англійскай нацыі», які ўстанавіў, што тавары з Азіі, Афрыкі і Амерыкі трэба ўвозіць у Англію і яе ўладанні толькі на англ. суднах, а еўрап. тавары — на англ. суднах або суднах краіны-экспарцёра, быў накіраваны супраць галанд. пасрэдніцкага гандлю і рыбалоўства і прывёў да англа-галанд. марской вайны 1652—54 (гл. Англа-галандскія войны 17 стагоддзя). Пасля паражэння ў вайне Нідэрланды вымушана прызналі акт 1651. Палажэнні гэтага акта захаваліся ў актах 1660, у т. л. «Акт аб падтрымцы і развіцці караблебудавання і мараплавання», і ў 1663, якія патрабавалі, каб у англ. калоніі тавары перавозіліся толькі на англ. суднах і забаранялі экспарт шэрагу тавараў з калоній за мяжу; яны далей развіты ў актах 1672 і 1696. Н.а. адыгралі вял. ролю ва ўмацаванні марскога гандлю Англіі, але сталі непатрэбнымі пры пераходзе да свабоднага гандлю — фрытрэдэрства і адменены ў 1849.

т. 11, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКІ ЗАВО́Д ПЛАСТМА́САВЫХ ВЫ́РАБАЎ.

Пабудаваны ў 1963—65 у г. Барысаў. Асн. прадукцыя (1995): поліэтыленавыя напорныя трубы для трубаправодаў, трубы гафрыраваныя для меліярацыі, плёнка, тэхн. вырабы і тавары нар. ўжытку.

т. 2, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦЕЖАЗДО́ЛЬНЫ ПО́ПЫТ,

попыт на тавары і паслугі, забяспечаны грашовымі сродкамі пакупнікоў. Сувязное звяно паміж вытв-сцю і спажываннем, што вызначае важнасць яго вывучэння і прагназавання ў маркетынгавай стратэгіі фірмы (прадпрыемства).

т. 12, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д «ЭМАЛЬПО́СУД».

Створаны ў 1925 на аснове прамысл. бляшанай арцелі «Молат». З 1956 наз. «Металазавод», з 1963 — «Сантэхабсталяванне», з 1977 — «Эмальпосуд». Асн. прадукцыя: сантэхн. чыгунныя эмаліраваныя вырабы, стальны эмаліраваны посуд, інш. тавары нар. ўжытку і вытв.-тэхн. прызначэння.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАЖНІ́ЦЫ ЦЭН»,

тэрмін, якім характарызуецца дынаміка цэн на тавары, што прадаюцца і купляюцца таваравытворцамі за пэўны перыяд, і адлюстроўваецца разрыў («нажніцы») паміж гэтымі цэнамі. Найчасцей выяўляецца ў сферы абмену прадукцыяй паміж прам-сцю і сельскай гаспадаркай, паміж развітымі краінамі і краінамі, што развіваюцца, каб падкрэсліць неэквівалентнасць абмену паміж імі. «Н.ц.» могуць «расшырацца» і «звужацца» ў залежнасці ад канкрэтных тэндэнцый у руху цэн (напр., цэн на харчаванне і сыравіну, што рэалізуюцца с.-г. вытворцамі, з аднаго боку, і на тавары, якія набываюцца імі ў прамыславікоў, — з другога). Праблемы «Н.ц.» маюць актуальнае эканам. і сац. значэнне для краін, дзе высокая доля с.-г. і здабыўной прам-сці ў нацыянальным даходзе; найб. абвастраюцца ў перыяды крызісаў, войнаў, абвастрэння міжнар. адносін.

т. 11, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)