КАНКУРЭ́НЦЫЯ ў біялогіі,
антаганістычныя адносіны, звязаныя з барацьбой за існаванне, дамінаванне, корм, прастору і інш. паміж арганізмамі (асобінамі, відамі), якія маюць патрэбу ў адных і тых жа рэсурсах. Сітуацыя, пры якой для дзвюх асобін або відавых папуляцый недастаткова колькасці рэсурсаў асяроддзя. Забяспечваецца эвалюцыяй і прыстасавальнасцю арганізмаў, праз яе пасрэдніцтва ідзе папуляцыйны і біяцэналагічны, экалагічны адбор. Заканамернасці К. эксперыментальна выявіў сав. вучоны Г.Ф.Гаўзе (1934) у доследах з прасцейшымі аднаклетачнымі арганізмамі.
т. 7, с. 587
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАН’ЮНКТУ́РА (позналац. conjunctura ад лац. conjungo звязваю, злучаю),
збег акалічнасцей, сітуацыя, стан рэчаў, здольныя паўплываць на зыход якой-н. справы. К. эканамічная — стан эканомікі, узровень эканам. актыўнасці, якія характарызуюцца рухам цэн, працэнтных ставак па дэпазітах і крэдытах, валютнага курсу, зарплаты, дывідэндаў, а таксама дынамікай вытворчасці і спажывання. Адлюстроўвае ўплыў не толькі эканам. фактараў, але і паліт., сац., тэхн., экалаг. і інш. Іх аналіз дазваляе своечасова выявіць адмоўныя ўплывы і тэндэнцыі, вызначыць іх прычыны і прыняць неабходныя меры па паляпшэнні К.
т. 8, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПТЫМУМ (ад лац. optimum найлепшае),
сукупнасць найбольш спрыяльных умоў; найлепшы варыянт рашэння задачы або шлях дасягнення мэты пры дадзеных умовах і рэсурсах. Для дасягнення О. неабходна аптымізацыя; сітуацыя, пры якой дасягаецца О., наз. аптымальнай. О. эканамічны ў шырокім сэнсе — найб. эфектыўнае функцыянаванне вытв-сці, у вузкім — найлепшае выкарыстанне матэр. рэсурсаў, пры якім дасягаецца магчымы макс. эфект вытв-сці або магчымы мінімум затрат. О. сацыяльны — стан сац. сістэмы, які з’яўляецца найлепшым з пункту гледжання рэалізацыі яе мэт пры дадзеных унутр. і знешніх умовах і рэсурсах.
т. 11, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЛАКРА́ТЫЯ (ад грэч. ochlos натоўп + kratos улада),
1) у старажытнагрэчаскіх вучэннях пра дзяржаву (Платон, Арыстоцель) — панаванне натоўпу; сітуацыя мяцяжоў, пагромаў, вулічных бунтаў, адметных праяўленнем ганебных намераў і дзеянняў.
2) Улада грамадска-паліт. груповак, якія апелююць да папулісцкіх настрояў у найб. прымітыўных варыянтах. Для ахлакратыі характэрны зменлівы паліт. курс, які адлюстроўвае дынамічны настрой «чалавека з народа», незадаволенага сваім статусам і гатовага да неадкладнага вырашэння складаных грамадскіх праблем спрошчаным метадам. Недахоп паліт. кампетэнцыі, цяга да даброт, што прыносіць улада, унутрыпаліт. і знешнепаліт. авантур робяць ахлакратыю адной з небяспечных паліт. з’яў, здольных прывесці грамадства да агульнанар. Катастрофы.
т. 2, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАПСО́НІЯ (ад мана... + грэч. opsōnia закупка прадуктаў),
сітуацыя на рынку, калі аднаму пакупніку процістаіць вял. колькасць прадаўцоў. Ва ўмовах збалансаванага, насычанага таварамі рынку М. можа прыводзіць да негатыўных вынікаў: штучнае заніжэнне цэн буйнейшым спажыўцом на сыравіну, матэрыялы, паўфабрыкаты, якія ён купляе, навязванне контрагенту неспрыяльных умоў дагавораў і інш. Такія дзеянні прадпрыемстваў-манапсаністаў праследуюцца антыманапольным заканадаўствам. Найб. тыповае праяўленне М. — дзяржаўная М., калі адзіным пакупніком якой-н. прадукцыі (напр., узбраення) з’яўляецца дзяржава. Дзярж. М. часта выкарыстоўваецца як сродак падтрымкі некаторых галін (напр., сельскай гаспадаркі), прадукцыю якіх дзяржава купляе па цвёрдых цэнах. Гл. таксама Манаполія, Алігаполія, Алігапсонія.
т. 10, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ДЭР ((Bieder) Герман) (н. 21.10.1941, Маркерсдорф, Аўстрыя),
аўстрыйскі славіст. Д-р філасофіі (1970), з 1986 д-р габілітаваны. Скончыў Венскі ун-т (1970). З 1971 у Зальцбургскім ун-це. Даследуе сінхронную і дыяхронную лінгвістыку, моўныя кантакты, гісторыю мовы, моўную палітыку: «Нямецкія словаўтваральныя элементы ў славянскіх мовах» (т. 1—2, 1985) і інш. Непасрэдна бел. тэматыцы прысвечаны артыкулы «Літоўскі статут 1529 г.» (1973), «Літоўскі статут 1588 г.» (1974), «Першае і другое адраджэнне беларускай мовы і культуры» (1991), «Моўная сітуацыя ў Беларусі» (1993). Прачытаў у Зальцбургскім ун-це курс лекцый «Беларуская мова для русістаў» (1982).
Тв.:
Sprachenpolitische Tendenzen in Weissrussland. Vien, 1995.
У.Л.Сакалоўскі.
т. 3, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯНІ́СІЙ (Балабан) (?, Падляшша — 1663),
праваслаўны царк. дзеяч Рэчы Паспалітай. Епіскап холмскі, луцкі, з 1650 зноў епіскап холмскі. Адстойваў праваслаўе ад уніяцкага ўціску. Мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі (ліст. 1657—63). У жн. 1661 па рэкамендацыі канстанцінопальскага патрыярхата і гетмана Украіны І.Выгоўскага прызначыў епіскапам магілёўскім і мсціслаўскім Іосіфа Нелюбовіча-Тукальскага, аднак з мая 1661 кафедра была занята епіскапам Мяфодзіем, прызначаным маскоўскім патрыярхатам. Канфліктная сітуацыя прымусіла Д. адысці ад царк. і паліт. спраў. Апошні час жыў у Чыгірыне, застаючыся мітрапалітам намінальна.
Літ.:
Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. М., 1991. Т. 2. С. 294—295;
Яскевіч А.А. Праблема цэласнасці старабеларускай філалогіі XVI—XVII ст.: Адзінства экзэгезы і герменеўтыкі. Мн., 1996. С. 103—108.
А.А.Яскевіч.
т. 6, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗАЎ (Віктар Сяргеевіч) (н. 21.8.1913, г. Яраслаўль, Расія),
рускі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага (1952). З 1931 акцёр Кастрамскога т-ра юнага гледача. П’есы пераважна пра сучасную моладзь: «Яе сябры» (паст. 1949), «У добры час!» (паст. 1954, экранізацыя 1956), «У пошуках радасці» (паст. 1957, фільм «Шумны дзень», 1961), «У дзень вяселля» (паст. 1964), «Традыцыйны збор» (паст. 1967), «Сітуацыя» (паст. 1973), «Гняздо глушца» (1978), «Парсючок» (1987) і інш. У п’есе «Вечна жывыя» (фільм «Ляцяць жураўлі», абодва 1957) тэма грамадз. абавязку, высокіх традыцый рус. інтэлігенцыі. Аўтар кн. аўтабіягр. прозы «Падарожжа ў розныя бакі» (1987), інсцэніроўкі рамана «Звычайная гісторыя» І.Ганчарова (паст. 1966, Дзярж. прэмія СССР 1967). П’есы Р. ставіліся на Беларусі: у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «У добры час!» (1955), «Перад вячэрай» (1962), «Традыцыйны збор» (1966); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Яе сябры» (1950), «Старонка жыцця» (1953), «У добры час!» (1955), «У пошуках радасці» (1958), «Перад вячэрай» (1962), «У дзень вяселля» (1964); у Рускім драм. т-ры — «Яе сябры» (1952), «У дзень вяселля» (1964), «З вечара да поўдня» (1970), «Гняздо глушца» (1979); у Бел. рэсп. т-ры юнага гледача — «Твой шлях» (1956), «У пошуках радасці» (1958), «Няроўны бой» (1960), «Чатыры кроплі» (1975), «На моры» («Парсючок», 1987); у Брэсцкім абл. драм. т-ры — «Старонка жыцця» (1953), «У добры час!» (1955), «У пошуках радасці» (1957); у Гомельскім абл. драм. т-ры — «Сітуацыя» (1973); у Гродзенскім абл. драм. т-ры — «Перад вячэрай» (1963), «Вечна жывыя» (1983); у Магілёўскім абл. драм. т-ры — «Гняздо глушца» (1979); у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі — «Чатыры кроплі» (1975).
Тв.:
Избранное. М., 1983.
Літ.:
Анастасьев А.Н. Виктор Розов: Очерк творчества. М., 1966.
т. 13, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМО́ЎЕ ў граматыцы,
граматычная катэгорыя, якая паказвае на адсутнасць прадмета, якасных прыкмет прадмета, дзеяння або стану, а таксама слова-сказ, што перадае нязгоду з выказваннем («не»). У бел. мове асн. сродкі выражэння: часціца «не» («Ён не чытае»); часціца «ні» («На небе ні хмурынкі»); займеннікі і прыслоўі з прэфіксамі «не» («нейкі», «неяк») або «ні» («ніхто», «ніякі»); прэдыкатывы «не», «нельга», «немагчыма»; слова «не» як эквівалент адмоўнага члена сказа або яго галоўнага члена ў рэпліках, пры супрацьпастаўленні («Ён дома? — Не»); слова «няма».
Адмоўе можа быць агульнае — калі адмаўляецца ўся сітуацыя, пра якую паведамляецца ў сказе («Брат не хадзіў учора ў кіно»), і прыватнае — калі адмаўляецца толькі частка сітуацыі («Брат хадзіў учора не ў кіно», «не брат хадзіў учора ў кіно»).
Я.М.Камароўскі.
т. 1, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМІЗА́ЦЫЯ (ад лац. optimus найлепшы),
1) працэс выбару найлепшага варыянта з некалькіх магчымых.
2) Прывядзенне пэўнай сістэмы ў найлепшы (аптымальны) стан.
3) У тэхніцы — працэс паляпшэння характарыстык тэхн. сістэмы, канструкцыі, тэхнал. працэсу праз пошук параметраў, пры якіх дасягаецца найб. (ці найменшае) значэнне крытэрыю аптымальнасці. Калі крытэрыяў некалькі, аптымізацыя будзе многакрытэрыяльнай.
У працэсе праектавання тыповай з’яўляецца сітуацыя нявызначанасці, калі ёсць мноства магчымых варыянтаў тэхн. рашэння. Аптымізацыя знімае гэтую нявызначанасць звужэннем дапушчальных рашэнняў і выбарам найлепшага (аптымальнага). Для ажыццяўлення аптымізацыі тэхн. задач з дапамогай метадаў аперацый даследаванняў фармулюецца як матэм. задача аптымізацыі, якая ўключае крытэрый аптымальнасці, матэм. мадэль аб’екта, а таксама абмежаванні на магчымыя значэнні параметраў. Аптымізацыя — неад’емная частка працэсу праектавання тэхн. сістэм, дасягаецца пры аўтаматызацыі праектавання на аснове камп’ютэрных сістэм і інфарм. тэхналогій. Вынік аптымізацыі — канкрэтная аптымальная сістэма.
Літ.:
Батищев Д.И. Методы оптимального проектирования. М., 1984.
А.Ф.Апейка.
т. 1, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)