РАССЕ́ЯННЕ МІКРАЧАСЦІ́Ц,

фізічны працэс, пры якім узаемадзеянне часціц (атамаў, малекул, нуклонаў, атамных ядраў і інш.) вядзе да змены іх імпульсу. Пры Р.м. з невялікай энергіяй выяўляюцца іх хвалевыя ўласцівасці і працэс нагадвае рассеянне святла, пры Р.м. з высокай энергіяй — карпускулярныя ўласцівасці. Бывае пругкае і няпругкае (разам са зменай імпульсу часціц змяняюцца іх унутр. станы ці ўтвараюцца новыя часціцы).

Важнейшая колькасная характарыстыка Р.м. — эфектыўнае сячэнне, вымярэнне якога дае магчымасць даследаваць унутр. структуру часціц і вывучаць законы іх узаемадзеяння (гл. Рэзерфарда формула). Класічная тэорыя Р.м. грунтуецца на законах класічнай механікі. У квантавамех. тэорыі Р.м. апісваецца матрыцай рассеяння, праз элементы якой выражаюцца вымераныя фіз. велічыні (сячэнне рассеяння, палярызацыя часціц і інш.). Р.м. пры высокіх энергіях апісваецца метадамі квантавай тэорыі паля.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 13, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУТЫКНЕ́ННІ А́ТАМНЫЯ,

элементарныя акты ўзаемадзеяння паміж часціцамі (атамамі, малекуламі, іонамі ці інш.), пры якіх структура і будова атамных ядраў не змяняюцца. Бываюць пругкія і няпругкія.

Пры пругкіх С.а. сумарная кінетычная энергія часціц застаецца пастаяннай — яна толькі пераразмяркоўваецца паміж часціцамі, а напрамкі руху часціц змяняюцца. Такія ўзаемадзеянні вызначаюць пераносу з’явы ў газах ці слабаіанізаванай плазме. Каэфіцыенты дыфузіі (перанос часціц), вязкасці (перанос імпульсу), цеплаправоднасці (перанос энергіі) і інш. выражаюцца праз эфектыўнае сячэнне рассеяння атамаў ці малекул (газакінетычнае сячэнне), напр., у газе. Пры няпругкіх С.а. змяняецца ўнутраная энергія ўзаемадзейных часціц і адпаведна іх поўная кінетычная энергія. Пры гэтым змяняецца электронны стан атама, а таксама вагальны ці вярчальны стан малекулы. Імі абумоўлены іанізацыя атамаў, працэсы ў газавых лазерах, хім. рэакцыі і інш.

А.​А.​Богуш.

т. 15, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЕ́Р-ГАДЗІ́НА (А∙гадз),

пазасістэмная адзінка электрычнага зараду, роўная зараду, які праходзіць праз папярочнае сячэнне правадніка за 1 гадз пры сіле эл. току 1 А. 1А∙гадз = 3600 Кл. У ампер-гадзіне звычайна выражаюць зарад акумулятара.

т. 1, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫХАТАМІ́Я (грэч. dichotomia ад dicha на дзве часткі + tomē разрэз, сячэнне),

тып галінавання раслін, пры якім вось падзяляецца на 2 новыя, звычайна аднолькава развітыя галінкі (гл. Галінаванне). Д. ўласціва і некат. беспазваночным жывёлам (напр., дыхатамічнае дзяленне кішачнаполасцевых).

т. 6, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ФІЛЬ (франц. profil),

1) абрыс, від твару або прадмета збоку.

2) Вертыкальнае (папярочнае ці падоўжанае) сячэнне якога-н. участка, паверхні, прадмета; від, форма чаго-н. у разрэзе.

3) Сукупнасць асн. тыповых рыс, якія характарызуюць гаспадарку, прафесію, спецыяльнасць.

т. 13, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКБУТА́Н (франц. arcboutant),

вонкавая паўарка. Перадае гарыз. распор сцяны гал. нефа базілікальнага храма на апорныя слупы — контрфорсы, што дае магчымасць аблегчыць канструкцыю сцен, павялічыць пралёт гал. нефа і паменшыць сячэнне слупоў, робіць інтэр’ер больш прасторным. Аркбутаны ўзніклі ў архітэктуры готыкі.

Аркбутан.

т. 1, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУРФ (ням. Schurf),

вертыкальная, часам нахіленая падземная горная вырабатка з выхадам на паверхню. Мае прамавугольнае, квадратнае ці круглае (дудка) сячэнне, невял. (звычайна да 25 м) глыбіню. Робіцца з зямной паверхні для разведкі радовішчаў карысных выкапняў, археал. разведкі, вентыляцыі, водаадліву, выбуховых работ і інш.

т. 17, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮВЕ́Т (франц. cuvette літар. чан, тазік),

элемент сістэмы дарожнага водаадвода. Робіцца ўздоўж невысокіх насыпаў, выемак і калянулявых адзнак землянога палатна ў выглядзе адкрытых канаў для збору і адводу паверхневых вод ад дарогі ў паніжаныя месцы або да водапрапускных збудаванняў. Папярочнае сячэнне К. трохвугольнае або трапецаідальнае.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕК (англ. neck літар. шыя),

слупападобнае геал. цела ў жарале вулкана. Складаецца з лавы, туфалавы, лавабрэкчыі, вулканічнай брэкчыі і інш. Папярочнае сячэнне акруглае або авальнае. Памеры ў дыяметры ад некалькіх метраў да 1,5 км. Залягае ў больш слабых горных пародах, пры іх эрозіі выступае ў выглядзе слупападобнага падняцця. З’яўляецца рудазмяшчальнай структурай.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРО́Ш,

намнажэнне рыхлага губчатага лёду, якое ўзнікае на вадаёмах з унутрыводнага лёду, што ўсплыў на паверхню вады. Узнікае перад ледаставам пры пераахалоджванні вады ніжэй за 0 °C пераважна на хуткаплынных рэках, ніжэй палонак і гідравузлоў. Можа рухацца ўніз па цячэнні або намнажацца пад лёдам, перагароджваць жывое сячэнне ракі, выклікаць зажор.

т. 17, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)