«ВАЕ́ННЫЯ СЯБРЫ́»,

Таварыства ваенных сяброў, тайная арг-цыя ў Літоўскім асобным корпусе (Беластоцкая вобл.) у 1825. Узначальвалі мясц. шляхціц, б. філамат М.І.Рукевіч і афіцэры Літ. піянернага батальёна К.Г.Ігельстром і А.Л.Вягелін. Налічвала 45 членаў, падзялялася на 3 ступені. Мэтаю т-ва абвяшчаліся «вольнасць», «асвета сябе і іншых, узаемная дапамога і дабро агульнае». Паводле паліт. ідэалаў «Ваенныя сябры» блізкія да дзекабрыстаў. Верагодна, мелі кантакты з Паўн. і Паўд. т-вамі дзекабрыстаў і з Польскім патрыятычным т-вам. У снеж. 1825 беспаспяхова спрабавалі ўзняць паўстанне ў войску. Удзельнікі арыштаваны і прыгавораны да розных тэрмінаў катаргі і турэмнага зняволення.

т. 3, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАРА́НЕ»,

тайнае таварыства ў 1821 — пач. 1826 у Беластоцкай і Свіслацкай гімназіях. Заснаваў Ф.Ляховіч спачатку ў Беластоку (наз. «Згодныя браты», 1821), потым у Свіслачы. Выступалі за незалежнасць Рэчы Паспалітай, падрыхтоўку грамадскай думкі да пераўтварэнняў у існуючым ладзе. У пач. 1826 у таварыстве 53 чал. Пяць былых сяброў т-ва склалі 3-ю ступень т-ва «Ваенныя сябры». Некаторыя мелі дачыненне да Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825. У сувязі са следствам па гэтай справе «З.» былі выкрыты, створана спец. «Камісія для пошуку тайных таварыстваў» (ліп.вер. 1826). Удзельнікі «З.» былі прыгавораны да розных тэрмінаў пакарання.

В.В.Швед.

т. 6, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.

Існавала ў 1907—15 у Мінску. Засн. па ініцыятыве скрыпача Н.Рубінштэйна. Працавалі класы фп. (педагогі І.Гянко, В.Сварыка, Р.Пінкус, Г.Бах, Занцэвіч), спеваў (Я.Марачнік), скрыпкі, тэорыі музыкі, гармоніі і сальфеджыо (Рубінштэйн), віяланчэлі (М.Пестрыкаў, Л. фон Зіберштэйн). У 1913 у вучылішчы адкрылася бібліятэка-чытальня Мінскага таварыства сяброў музыкі. Вучылішча стала цэнтрам муз. жыцця горада. Выкладчыкі і навучэнцы сістэматычна наладжвалі канцэрты (5—6 камерных і сімф. канцэртаў на навуч. год са складанымі праграмамі з твораў І.Гайдна, Л.Бетховена, Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, П.Чайкоўскага).

Літ.:

Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999. С. 137—138.

В.П.Пракапцова.

т. 10, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛЯ́ЕЎ (Юрый Аляксандравіч) (9.9.1930, г. Цюмень, Расія — 24.4.1986),

рускі і ўкраінскі спявак (лірычны барытон). Нар. арт. СССР (1968). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1954). З 1955 у Свярдлоўскім і Данецкім оперных т-рах. З 1960 саліст Кіеўскага т-ра оперы і балета, з 1975 — Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Анегін, Раберт («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), граф ды Луна, Рэната («Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі). Яго канцэртны рэпертуар уключаў больш як 200 вак. твораў. Аўтар песень, у т. л. «Мне дарыла Расія», «Беражыце сяброў», «Жадаю Вам». Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1975.

т. 5, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА-ДЭ-ТРУА́ (франц. pas de trois літар. танец утраіх),

у балеце адна з разнавіднасцей класічнага ансамбля для 3 удзельнікаў. Мае кананічную структуру: выхад (антрэ), адажыо, варыяцыі кожнага з удзельнікаў, агульная кода. У 19 ст. мела пераважна дывертысментны (устаўны) характар. Абмалёўвала не гал. герояў, а іх сяброў і асяроддзе, эмац. атмасферу і інш. («Пахіта» Э.Дэльдэвеза, балетмайстар М.Петыпа; «Акіян і дзве жамчужыны» ці «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні, балетмайстар А.Горскі). Каб узмацніць дзейснасць харэаграфіі, сучасныя балетмайстры ўводзяць гал. герояў у па-дэ-труа класічных спектакляў («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, балетмайстар Ю.Грыгаровіч). У сучасных балетах танц. трыо звычайна маюць больш свабодную форму.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЗІ́ЦКІ (Аляксей Кузьміч) (н. 2.5.1934, в. Пугачова, цяпер у межах г. Брэст),

бел. крытык. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1956). Працаваў у дзіцячым доме, сакратаром райкома камсамола, журналістам на Брэстчыне. З 1962 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1966 у Дзяржкамдруку Беларусі, з 1972 літ. кансультант Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1959. Аўтар кніг дыялогаў, інтэрв’ю, гутарак пра л-ру («Дыялогі», 1968; «Сустрэчы», 1972; «Вачыма сяброў», 1977; «Сябрына», 1986; «Гутаркі», 1988); літ.-знаўчых прац («Пра майстэрства дэталі», 1969, «Творчасць Івана Шамякіна», 1971). Выступае ў жанры малой прозы. Складальнік біягр. даведнікаў «Пісьменнікі Савецкай Беларусі» (1981), «Беларускія пісьменнікі (1917—1990)» (1994).

Я.Р.Лецка.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЖЭ́СКІ (Мікалай Карнілавіч) (1860, Мінск — 9.8.1910),

эканаміст, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію, юрыд. ф-т Пецярбургскага ун-та (1886). Працаваў у Мін-ве фінансаў, з 1891 рэферэнт у канцылярыі Дзярж. савета. З 1893 чл. тарыфнага і гандл.-прамысл. к-та Мін-ва фінансаў, адначасова ў дэпартаменце ўскосных падаткаў. У 1909 ахвяраваў сваю б-ку (каля 3 тыс. тамоў кніг па фін. пытаннях) Віленскаму т-ву сяброў навук, за што атрымаў тытул чл.-пратэктара т-ва. Аўтар прац «Падатковая рэформа: Французскія тэорыі XVIII ст.» (1888), «Кругавая парука сельскіх суполак» (1896), нарысаў аб прававым становішчы сельскіх суполак, гіст. агляду заканадаўства аб ускосных падатках.

т. 3, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НДЭ ((Linde) Самуэль Багуміл) (24.4. 1771, г. Торунь, Польшча — 18.8.1847),

польскі лексікограф. Чл. многіх замежных акадэмій. З 1791 выкладчык польскай мовы ў Лейпцыгскім ун-це, з 1804 дырэктар Варшаўскага ліцэя. У перыяд Варшаўскага княства чл. Палаты грамадскай адукацыі, кіраўнік Дырэкцыі нар. адукацыі. Адзін з арганізатараў і дырэктар публічнай б-кі пры Варшаўскім ун-це. Чл. Варшаўскага т-ва сяброў навук, многіх навук. т-ваў. Гал. праца Л. — «Слоўнік польскай мовы» (т. 1—6, 1807—14). Аўтар працы «Пра статут літоўскі...» (1816). Даследаваў стараж. прускую мову.

Літ.:

Michalski J. Spór o koncepcję «Słownika» Lindego // Studia i materiały z dziejów nauki polskiej. Warszawa, 1954. T. 2.

т. 9, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЯЛКО́ЎСКІ ((Kościołkowski) Станіслаў Юльян) (24.10.1881, г. Гродна — 2.9.1960),

польскі гісторык. Праф. (1927). Скончыў гімназію ў Гродне (1900), Ягелонскі ун-т у Кракаве са ступенню д-ра філасофіі (1905). З 1906 выкладаў у гімназіях Вільні, з 1921 узначальваў кафедру гісторыі Польшчы ў Віленскім ун-це. Адзін з заснавальнікаў Т-ва сяброў навук у Вільні (1907), з 1938 яго старшыня. У 1941 арыштаваны і высланы ў Сібір. У жн. 1942 вызвалены, выехаў у Тэгеран, потым у Бейрут. З 1950 у Англіі. Адзін з кіраўнікоў польск. эмігранцкай арг-цыі «Акадэмічная грамадскасць Універсітэта Стафана Баторыя». Аўтар манаграфіі «Антоній Тызенгаўз, надворны падскарбі літоўскі» (т. 1—2, 1970—71).

т. 8, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУТКО́ЎСКІ ((Gutkowski) Войцех) (16.4.1775, в. Замене Сядлецкага ваяв., Польшча — 1.5.1826),

адзін з першых польскіх сацыялістаў-утапістаў, вучоны-эканаміст. З 1811 чл. Т-ва сяброў навукі, у 1803—04 рэд. штомесячніка «Dziennik Ekonomiczny Zamojski» («Замойскі эканамічны веснік»), у якім прапагандаваў ідэі фізіякратызму. Гал. праца Гуткоўскага — утапічная аповесць «Падарожжа да Калапеі...» (па-польску «Kalop» анаграма слова «polak»; апубл. ўпершыню ў 1956). У ёй спалучаны рацыяналізм асветніцтва з крытыкай ладу, заснаванага на прыватнай уласнасці; шлях да аздараўлення грамадскіх адносін, на думку Гуткоўскага, належала шукаць у поўнай змене існуючага грамадскага ладу, якому ён проціпастаўляў ідэал грамадства, заснаванага на прынцыпах эгалітарызму. Аўтар прац «Эканамічны катэхізіс для сялян...» (1806), «Падлік прыбыткаў, што вынікаюць з усталявання пераўтворанага земляробства» (1825).

т. 5, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)