ЗВАНІ́ЦА,

збудаванне для размяшчэння званоў. Ва ўсх. славян упершыню згадваецца ў 988. Найб. раннія З. вядомы ў Кіеве (Ірынінскай і Дзесяціннай цэрквах) з 1107 ва Уладзіміры, Ноўгарадзе-Северскім, Полацку. Крыніцай развіцця іх форм былі абарончыя вежы са званом і металічным білам для гукавога апавяшчэння. Іканаграфічныя матэрыялы, гравюры 15—17 ст. сведчаць, што на Беларусі З. мелі сакральныя пабудовы Віцебска, Магілёва, Нясвіжа, Клецка, Гродна і Брэста і інш. Яны былі драўляныя, мураваныя і драўляна-мураваныя. Драўляныя паводле тыпу канструкцыі бываюць слупавыя, каркасныя, зрубныя, зрубна-каркасныя. Найб. простыя З. — слупавой канструкцыі з перакладзінай, на якую падвешвалі звон, або козлы з брусоў, якія ставілі побач з царквою або касцёлам (в. Ражкоўка Камянецкага р-на). У іх часам быў подыум з дошак і стрэшка ці 4-схільны дах. Пазней З. ашалёўвалі дошкамі. Яны мелі гарыз. бэлькі, што дазваляла рабіць іх 2-яруснымі і размяшчаць званы на бэлечнай крыжавіне пад дахам. Больш трывалыя зрубныя З. Часцей сустракаюцца зрубна-каркасныя, дзе зрубам-чацверыком былі ніжнія ярусы, а верхні рабіўся каркасным і завяршаўся стромкім дахам (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, 1799; в. Дуды Іўеўскага р-на; в. Чэрск Брэсцкага р-на, абедзве 18 ст., і інш.). Вядомы і мураваныя, асобна збудаваныя З. (в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на, 16 ст.). Іх верхнія ярусы часам былі глухія і мелі спец. праёмы, якія зачыняліся аканіцамі (г. Слуцк, 18 ст.; г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на, 17 ст.; в. Моладава Іванаўскага р-на, пач. 20 ст.). Будавалі З. ў арх. стылях адпаведна часу. Яны фланкіравалі фасады сакральных пабудоў абарончага тыпу 16—17 ст. (в. Сынковічы Зэльвенскага, в. Мураванка Шчучынскага, в. Камаі Пастаўскага р-наў), а таксама шматлікія 2-вежавыя касцёлы 17—18 ст. У царк. архітэктуры існавалі З.-дабудовы. Яны размяшчаліся над прытворам ці перад ім (в. Гнезна Ваўкавыскага р-на, 16 ст.; г.п. Заслаўе, 16 ст., і інш.). Вядомы З.-брамы: зрубныя, мураваныя, зрубна-мураваныя, якія ставіліся пры ўваходзе на двор царквы (касцёла); іх ніжні ярус выконваў ролю брамы. Дабудова З. з боку прытвора была пашырана ў 19 — пач. 20 ст. (Пакроўскі сабор у г. Баранавічы), у т. л. пры рэканструкцыі уніяцкіх цэркваў (в. Моладава Іванаўскага, в. Рамель Столінскага, в. Порплішча Докшыцкага, в. Хаціслаў Маларыцкага р-наў і інш.) і некаторых касцёлаў пад правасл. храмы.

А.​І.​Лакотка.

Званіца ў в. Чэрск Брэсцкага раёна. 18 ст.
Званіца ў в. Ражкоўка Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. 19 ст.
Званіца Пакроўскага сабора ў г. Баранавічы Брэсцкай вобл. 1924—31.

т. 7, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТРУ́СКІ (лац. Etrusci, Tusci, грэч. Tyrsēnoi, саманазва rasna),

старажытныя плямёны, якія ў 1-м тыс. да н.э. насялялі ПнЗ Апенінскага п-ва (вобласць Этрурыя, цяпер Таскана) і стварылі развітую цывілізацыю, якая папярэднічала рымскай. Сучасная навука лічыць, што Э. сфарміраваліся ў Італіі ў выніку складаных узаемаадносін мясц. і прышлых этн. груп, гал. чынам з Усходу. Іх этн. фарміраванне завяршылася да 8 ст. да н.э. У 7 ст. да н.э. ў Э. існавалі гарады-дзяржавы на чале з царамі, якія засяроджвалі ў сваіх руках ваен., адм. і жрэцкую ўладу. У канцы 7 ст. да н.э. ўзнікла канфедэрацыя 12 гарадоў (Веі, Цэрэ, Тарквініі, Вальсініі, Ветулонія і інш.), на чале якой стаяў вышэйшы магістрат і жрэц аднаго з гарадоў. У 6 ст. да н.э. Э. авалодалі Кампаніяй, далінай р. По і засн. там калоніі. Паводле падання, этруская дынастыя Тарквініяў правіла ў 616—509 да н.э. ў Рыме. У канцы 6 — пач. 5 ст. да н.э. ўлада перайшла да арыстакратыі, вышэйшыя выбарныя пасады замяшчаліся вузкім колам асоб. У саюзе з Карфагенам Э. каля 535 да н.э. перамаглі грэкаў-факейцаў, выцеснілі іх з Корсікі, непадзельна ўладарылі на Тырэнскім моры і пашырылі ўплыў на ўсю тэр. Італіі. Аднак сац. супярэчнасці, адпор насельніцтва залежных зямель, знешнія напады (грэкаў у 524 і 474 да н.э., рымлян каля 509 да н.э., самнітаў у 423 да н.э., галаў каля 400 да н.э.) аслабілі канфедэрацыю Э. У 3 ст. да н.э. ўся тэр. Э. трапіла пад уладу Рыма, хоць да 1 ст. да н.э. этрускія гарады зберагалі свой паліт. лад, культавыя ўстановы і культ. адметнасць. Хуткая раманізацыя Э. адбылася пасля перамогі Сулы (1 ст. да н.э.) і падзелу Этрурыі.

Мастацтва Э. звязана са стараж.-італійскай культурай Вілановы (9—5 ст. да н.э.), а таксама з інш. рэгіёнамі Усх. Міжземнамор’я (Стараж. Грэцыя, М. Азія, Сірыя, Фінікія). Пры буд-ве Э. выкарыстоўвалі клінчатыя аркі (вароты ў Перуджы) і скляпенні (несапраўдныя ступеньчатыя ў 7—6 ст. да н.э. і паўцыркульныя ў 3—2 ст. да н.э.). Захаваліся рэшткі прамавугольнай планіроўкі г. Марцабота (каля Балонні) і т.зв. гіпадамавай (г. Спіна). Гарады, размешчаныя на ўзгорках, спускаліся тэрасамі па іх схілах. Квадратныя ў плане дамы мелі 2- ці 4-схільны дах і адкрыты ўнутр. дворык-атрый. Храмы падымаліся на высокі цокаль-подый, мелі 1 ці 3 свяцілішчы-цэлы і глыбокі порцік, карніз якога з багата дэкарыраваным фрызам апіраўся на калоны тасканскага ордэра. Франтоны і схілы даху ўпрыгожвалі фігурнымі выявамі з расфарбаванай тэракоты. Каля гарадоў размяшчаліся вял. некропалі (Цэрэ, цяпер Чэрветэры; Перузія, Тарквініі і інш.). Разнастайнасцю тыпаў адметныя грабніцы-пахавальні: псеўдакупальныя (7 ст. да н.э.), у пячорах і скалістых выступах (каля г. Вальтэра, 3 ст. да н.э.), у выглядзе насыпнога кургана-тумулуса з вузкім калідорам-дромасам (у некропалі Банды-тача), у Паўн. Італіі — з несапраўднымі скляпеннямі, што апіраліся на слуп у цэнтры. Многія пахавальныя збудаванні імітавалі жылыя інтэр’еры (грабніца ў Чэрветэры, 7 ст. да н.э.). У 7—6 ст. да н.э. ў росквіце манум. жывапіс (пераважна размалёўкі грабніц). На жывапісе 5—4 ст. да н.э. адбіўся стараж.-грэч. ўплыў (грабніца «Леапардаў» у Тарквініях). Сярод помнікаў скульптуры статуі і рэльефы з расфарбаванай тэракоты і каменю (антэфіксы, акратэрыі, культавая скульптура на франтонах храмаў), пахавальныя антрапаморфныя урны-«канопы» з накрыўкай у выглядзе галавы памерлага, манум. саркафагі. Прымітыўныя формы партрэта сустракаліся на антрапаморфных урнах і надмагільных стэлах. Развівалася мастацтва тарэўтыкі: літыя бронз. статуэткі багоў, прадметы хатняга ўжытку і пахавальнага культу, люстэркі з чаканенымі ці гравіраванымі выявамі. Высокага ўзроўню дасягнула кераміка: пасудзіны тыпу букеро, што імітавалі вырабы з металу (7 ст. да н.э.), з чорна- і чырвонафігурнай размалёўкай на мясц. тэмы і сюжэты (дэманы, фантаст. істоты, драпежнікі, сцэны замагільнага жыцця). Арыгінальныя залатыя ўпрыгожанні 7—6 ст. да н.э. (булы — медальёны на ланцужках, завушніцы і інш.; ліццё, штампоўка, філігрань, зернь). У 3—2 ст. да н.э. мастацтва Э. пачало занепадаць.

Літ.:

Буриан Я., Моухова Б. Загадочные этруски: Пер. с чеш. М., 1970;

Кондратов А.М. Этруски — загадка номер один. М., 1977;

Немировский А.И. Этруски: от мифа к истории. М., 1983;

Этруски: италийское жизнелюбие: Пер. с англ. М., 1998;

Наговицын А.Е. Мифология и религия этрусков. М., 2000;

Чубова А.П., Колпинский Ю.Д., Бритова Н.Н. Искусство этрусков и Древнего Рима. М., 1982.

А.​Г.​Зельскі (гісторыя), Т.​Р.​Мартыненка (мастацтва).

Да арт. Этрускі. Фрагмент статуі Гермеса з храма Апалона ў Веях. Каля 500 да н.э.
Да арт. Этрускі. Залатыя ўпрыгожанні. 6—5 ст. да н.э.
Да арт. Этрускі. Грабніца з г. Чэрветэры. 7 ст. да н.э.
Да арт. Этрускі. Фрагмент размалёўкі грабніцы з г. Тарквініі.

т. 18, кн. 1, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАЖЫТНЫ ГОРАД.

Да найбольш стараж. паселішчаў на тэр. Беларусі належаць выяўленыя ў Падняпроўі рэшткі верхнепалеалітычных (24—20-е тыс. да н.э.) жытлаў з выкарыстаннем касцей маманта каля вёсак Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага р-наў. У жалезным веку (з 7 ст. да н.э.) насельніцтва жыло на гарадзішчах (ці выкарыстоўвала іх як сховішчы для навакольных паселішчаў); да нашага часу на Беларусі захавалася больш за тысячу такіх гарадзішчаў. Першыя ўласна гарады вырасталі з родаплемянных (Полацк, Гомель, Тураў) ці абарончых (Брэст, Мінск) цэнтраў. Яны ўяўлялі сабой умацаванае (агароджанае, адсюль назва «град», «горад») паселішча, якое нярэдка ўзнікала на месцах гарадзішчаў жалезнага веку (Полацк, Мінск). Многія гарады з’яўляліся гандл. і рэліг. цэнтрамі. Пасля прыняцця хрысціянства тут часам на месцы язычніцкіх капішчаў узнікалі першыя драўляныя, а пазней і мураваныя храмы. Ядром стараж. горада было ўмацаванне (дзядзінец), якое найчасцей размяшчалася на ўзвышаным месцы, на беразе возера ці ракі, на скрыжаванні гандл. шляхоў. Да дзядзінца прылягала ўмацаванае паселішча, т.зв. вакольны горад, у якім жылі гандляры, рамеснікі. Паводле такога прынцыпу фарміраваліся Полацк, Тураў, Мінск, Пінск і інш. гарады. Разам з хрысціянствам у буд-ве пашыраўся візантыйскі ўплыў, у 9—10 ст. прасочваюцца таксама арабскія і скандынаўскія ўплывы. У 11 ст. з’явіліся новыя буд. матэрыялы: плінфа, плітка для падлогі, вапна, цамянка, аконнае шкло, свінцовыя лісты для пакрыцця дахаў.

У перыяд удзельных княстваў (11—1-я пал. 13 ст.) гарады ўзнікалі пераважна як гандл.-рамесныя цэнтры сярод вясковай акругі (Слуцк, Клецк і інш.). часам ускладнялася іх тапаграфічная структура: дзядзінец (часам з асобным княжацкім дваром), вакольны горад, пасад ці прадмесце, гарадскі курганны ці бескурганны некропаль, загарадныя манастыры і наваколле. На княжацкіх дварах, на дзядзінцах Полацка, Гродна і Смаленска будавалі 2-павярховыя каменныя палацы (хорамы). Гарады развіваліся пераважна на аснове радыяльна-кальцавой ці радыяльна-веернай планіроўкі. З ростам заходнееўрапейскага, візантыйскага і кіеўскага імпарту адбывалася пранікненне навацый у матэрыяльную культуру гарадоў Беларусі, што прасочваецца ў інжынерна-фартыфікацыйнай справе і культавай архітэктуры. Гэта трывалыя канструкцыі абарончых збудаванняў у Віцебску, Мінску, Полацку і Гродне (напр., дзядзінец стараж. Гродна быў умацаваны каменнымі абарончымі сценамі вышынёй да 5 м), а таксама спроба збудаваць з дапамогай польскіх майстроў каменны храм у Мінску. У 13 ст. будавалі шмат’ярусныя прамавугольныя ці круглыя ў плане мураваныя вежы-данжоны — «стаўпы» (Камянец, Навагрудак, Гродна, Брэст, Тураў).

Горадабудаўніцтва эпохі ВКЛ. У 13—14 ст. адбывалася творчая перапрацоўка ўсходнеславянскіх і візантыйскіх традыцый. Пашырэнне і развіццё гэтых традыцый працягвалася на тэр. Беларусі і Украіны, а таксама яны інтэнсіўна пранікалі на землі, заселеныя балтамі, дзе бурна развіваліся гарады і ўзнік феномен новай гарадской культуры. На землях праваслаўных беларусаў і язычнікаў літоўцаў апрача храмаў узнікалі шматлікія праваслаўныя манастыры і каталіцкія кляштары. Пасля Крэўскай уніі 1385 на тэр. ВКЛ пачалі пранікаць і пашырацца традыцыі заходнееўрапейскай каталіцкай культуры. У 14 — пач. 17 ст. яе асяродкамі сталі Віцебск, Мсціслаў, Орша і Смаленск. У 14—15 ст. на тэр. зах. і цэнтр. Беларусі пабудаваны першыя драўляныя мячэці і сінагогі ў месцах кампактнага рассялення татараў і яўрэяў. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410, калі знікла крыжацкая пагроза, гарадская культура ВКЛ канчаткова стала фарміравацца як неад’емная частка заходнееўрапейскай цывілізацыі. У гэты час пашыралася магдэбургскае права, таму адм. цэнтр горада паступова перамясціўся на рыначную плошчу, дзе ставілі ратушу (Віцебск, Чачэрск, Слонім, Мінск і інш.), часам у комплексе з гандл. радамі (Нясвіж). Часта захоўвалася суіснаванне двух цэнтраў гарадскога жыцця: княжацкая рэзідэнцыя на гарадскім (звычайна верхнім) замку і ратуша з гарадскім магістратам і рыначнай плошчай. Для гэтага часу характэрна з’яўленне мястэчкаў як прамежкавай формы паселішчаў паміж горадам (местам) і вялікім сялом. Пры мястэчках будаваліся мураваныя замкі тыпу кастэляў (Крэва Смаргонскага р-на, Ліда). Пашырыліся новыя буд. матэрыялы — буйнапамерная тоўстая цэгла і керамічная дахоўка, якія наблізілі тэхніку будаўніцтва да заходнееўрапейскіх узораў. З паяўленнем гармат ранейшыя мураваныя і драўляныя замкі перабудоўвалі з улікам выкарыстання агнястрэльнай зброі (Гродна, Ліда, Мір). З 15 ст. пашырыўся стыль готыкі. Яе ўзор — Троіцкі касцёл у в. Ішкалдзь Баранавіцкага р-на: мураваны храм зальнага тыпу, асноўны аб’ём якога накрыты высокім 2-схільным дахам са стромкімі шчытамі на тарцах. Яго пластычныя ступеньчатыя шчыт і контрфорсы на гал. фасадзе аздоблены плоскімі нішамі; нефы асноўнага аб’ёму перакрыты крыжовымі скляпеннямі, апсіда — зорчатым нервюрным. Да найб. значных храмаў абарончага тыпу належаць цэрквы-крэпасці ў вёсках Сынковічы Зэльвенскага і Мураванка Шчучынскага р-наў. Сынковіцкая царква (канец 15 — пач. 16 ст.) — 3-нефавы 4-стаўповы 3-апсідны мураваны зальны храм (у плане перакошаны прамавугольнік), па вуглах фланкіраваны 4 баявымі вежамі (з захаду гранёныя, з усходу круглыя) з цаглянымі вітымі ўсходамі ўнутры. Па версе сцен праходзіць пояс машыкуляў, дах 2-схільны, з вострымі тарцовымі шчытамі. Мураванкаўская царква (другая памылковая назва — Маламажэйкаўская; пач. 16 ст.) — 4-стаўповае збудаванне зальнага тыпу (у плане прамавугольнік, блізкі да квадрата), завершанае 2-схільным дахам са шчытамі на тарцах, з паўцыркульнай апсідай і 4 круглымі вуглавымі вежамі. Абарончы характар мелі Барысаглебская царква ў Навагрудку (пач. 16 ст.), кальвінскі збор у Заслаўі (2-я пал. 16 ст. — пач. 17 ст.), сінагога ў Быхаве (пач. 17 ст.), а таксама некаторыя жылыя дамы, вежы-званіцы, брамы і ратушы. Тэр. кальвінскага збору ў мяст. Койданава (цяпер г. Дзяржынск; пач. 17 ст.) была ўмацавана мураванай сцяной з 9 круглымі ў плане 2-яруснымі абарончымі вежамі. Манументальна» кампактныя аб’ёмы храмаў, умацаваныя контрфорсамі, кантраставалі з высокімі яруснымі вертыкальнымі вежамі: касцёлы ў вёсках Гнезна Ваўкавыскага (каля 1524), Дзераўная Стаўбцоўскага (1-я пал. 17 ст.) р-наў. У 15 — пач. 17 ст. развіццё архітэктуры і горадабудаўніцтва ВКЛ характарызуецца росквітам і агульнымі тэндэнцыямі, якія маюць выразнае заходнееўрапейскае паходжанне. З эпохай Адраджэння (Рэнесанс) звязаны спробы комплекснай рэканструкцыі гарадоў на аснове рэгулярнага плана, які формамі набліжаўся да прамавугольніка, авала, паўавала (Нясвіж, Быхаў, Слуцк). Цэнтрам кампазіцыі горада была плошча з ратушай і храмамі. Напачатку рысы стылю рэнесанс спалучаліся з элементамі готыкі. Свецкая і культавая архітэктура паступова страчвала абарончыя рысы, набывала аркадныя галерэі (палац у Рагачове, 2-я пал. 16 ст.); з’явіліся храмы-ратонды з купалам (кальвінскі збор у Смаргоні, сярэдзіна 16 ст.), вежы набылі дэкаратыўнае аздабленне. Інтэр’еры ўпрыгожвалі разнымі алтарамі, скляпенні — ляпнымі нервюрамі (храмы ў вёсках Чарнаўчыцы Брэсцкага, Вішнева Валожынскага р-наў). Драўляныя вулічныя маставыя замяняліся каменнымі, брукаванымі. У цэнтрах гарадоў з’явіліся першыя цагляныя жылыя будынкі. Рамеснікі і гандляры будавалі дамы фахверкавага тыпу («прускі мур»), простыя гараджане, як і сяляне — аднакамерныя «курныя хаты» або 2- ці 3-камерныя з прыбудаваным хлявом. Пашырэнне атрымалі феад. рэзідэнцыі: замкі ў вёсках Геранёны Іўеўскага (канец 15 — пач. 16 ст.), Смаляны Аршанскага (да 1626) р-наў і інш. Да 16 ст. будавалі пераважна драўляныя замкі, якія складаліся з гародняў, са шмат’яруснымі вежамі (Полацк, Орша, Магілёў), пазней — муравана-драўляныя. Пад уплывам фартыфікацыйнага дойлідства Італіі з 2-й пал. 16 ст. пашырылася буд-ва ўмацаванняў бастыённай сістэмы (Заслаўе, Нясвіж). Сярод унікальных манументальных ансамбляў — 5-вежавы мураваны замак з палацам у Міры, пабудаваны ў пач. 16 ст. з рысамі готыкі і рэнесансу. Напачатку замак быў мураванай крэпасцю, абнесенай абарончымі сценамі з 5-яруснымі вежамі па вуглах; пасярэдзіне размяшчалася пятая, 6-ярусная вежа-брама, якая мела герсу і пад’ёмны мост. Замак быў абкружаны землянымі валамі вышынёй каля 10 м і ровам з вадой. У 1580—90-я г. комплекс перабудаваны пад княжацкую рэзідэнцыю. Да паўд. і ўсх. сцен прыбудаваны 3-павярховы палац. На працягу існавання замак неаднойчы быў аб’ектам аблог і штурмаў, моцна пашкоджаны. З 1983 вядзецца яго рэстаўрацыя. Мірскі замкава-паркавы комплекс ЮНЕСКА аднесены да вышэйшай катэгорыі помнікаў сусветнай культуры (1994) і ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны (2000).

т. 18, кн. 2, с. 637

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)