АРКТАГЕ́Я,
фауністычнае царства сушы; займае Паўн. Амерыку, Паўн. Афрыку і Еўразію (за выключэннем Індастана і Індакітая). Уключае адзіную вобласць — Галарктычную, якую часам падзяляюць на Палеаркгыку і Неарктыку.
т. 1, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІБІЁНТЫ
[ад амфі... + біёнт(ы)],
арганізмы, якія жывуць або развіваюцца ў двух асяроддзях. Да амфібіёнтаў адносяцца віды жывёл і раслін, здольныя жыць і ў вадзе, і на сушы (многія земнаводныя, марскія чарапахі і інш.; гл. Амфіфіты, Гіграфіты); віды, якія жывуць у адных узроставых фазах развіцця (звычайна — лічынкавай) у вадзе або ў глебе, у другіх — на сушы. Напр., большасць жаб, стракоз, камароў, многія мошкі, майскі і чэрвеньскі хрушчы, жукі-шчаўкуны (драцянікі) і інш. Найб. пашыраны ў паласе прыліваў і адліваў.
т. 1, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАХІ́МІЯ
(ад гідра... + хімія),
раздзел геахіміі, які вывучае хім. састаў гідрасферы і хім. працэсы, што ў ёй адбываюцца; частка акіяналогіі (хімія акіяна) і гідралогіі сушы (хімія вод сушы). Даследуе колькасны і якасны састаў рэчыва ў растворы ці ў завіслым стане ў воднай масе аб’ектаў або ў донных асадках, іх фізіка-хім. і біяхім. пераўтварэнні, фарміраванне асадкавых радовішчаў карысных выкапняў, атрыманне каштоўных рэчываў з марской вады і расолаў падземных вод, хім. забруджванне гідрасферы.
т. 5, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВА́ЛЬНЫ ЛАНДША́ФТ, аквакомплекс,
прыродная адзінка дзялення воднага асяроддзя (акіяна, возера, вадасховішча); участак, якому ўласцівы спецыфічныя асаблівасці характарыстык вады, газавага саставу, донных адкладаў і біёты. Аналагічны ландшафту геаграфічнаму на сушы.
т. 1, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЛАСЦЬ УНУ́ТРАНАГА СЦЁКУ,
бяссцёкавая вобласць, частка сушы, пазбаўленая сувязі з Сусветным ак. праз рэкі. Займае 22% плошчы сушы. Прымеркавана да тэр. з арыдным кліматам, радзей з умераным кліматам і плоскім рэльефам (некаторыя водападзельныя прасторы). Рэкі вобласці ўнутранага сцёку ўпадаюць у бяссцёкавыя азёры ці перасыхаюць або вычэрпваюцца на арашэнне зямель. Самыя вялікія вобласці ўнутранага сцёку ў Афрыцы і Азіі. У Арала-Каспійскую вобласць ўнутранага сцёку, якая ахоплівае часткі тэр. Еўропы і Азіі, упадаюць рэкі Волга, Кура, Урал, Амудар’я і Сырдар’я.
т. 4, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАГАВА́Я ЛІ́НІЯ,
лінія перасячэння паверхні мора або возера з паверхняй сушы. З’яўляецца мяжой дадзенага вадаёма. Умоўнае паняцце: узровень вады многіх вадаёмаў непастаянны, рэальная Б.л. няспынна змяняецца, таму за паказчык берагавой лініі прымаюць сярэдняе шматгадовае становішча ўзроўню вадаёма.
т. 3, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУСТЫ́НЬВАННЕ,
страта мясцовасцю суцэльнай расліннасці пры немагчымасці яе ўзнаўлення без удзелу чалавека. Адбываецца ў выніку прыродных змен, часцей у выніку антрапагеннага ўздзеяння на прыроду: высечка лясоў у сумежных з пустынямі рэгіёнах і празмерны выпас жывёлы. Назіраецца ў засушлівых (не абавязкова гарачых) абласцях.
Адрозніваюць 2 формы апустыньвання: дэзертыфікацыю — пашырэнне арэала пустыні — і дэзертызацыю — паглыбленне працэсаў апустыньвання на месцы. Агульная плошча пустыняў і паўпустыняў свету складае каля 43% усёй сушы, плошча антрапагенных — каля 6,7%. Мяркуюць, што працэс апустыньвання ідзе са скорасцю 7—24 км² у гадзіну. Пад пагрозай апустыньвання знаходзіцца яшчэ 30 млн. км² — 19% сушы.
т. 1, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́ЙСКАГА ЗАЛІ́ВА НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,
размешчаны ў Зах. Афрыцы, займае акваторыю Гвінейскага зал., раён дэльты р. Нігер у Нігерыі і Камеруне, узбярэжжа Кот-д’Івуар, Ганы, Тога і Беніна. Пл. 230 тыс. км². Здабыча нафты з 1957 на сушы і з 1965 на шэльфе. Асн. нафтагазаносныя гарызонты прымеркаваны да апт-сенаманскіх і палеаген-міяцэнавых адкладаў. Пачатковыя запасы нафты 3550 млн. т і 1380 млрд. м³ газу (1982). Глыб. залягання прадукцыйных пластоў ад 1200—2000 м на сушы да 2500—3000 м на шэльфе. Каля 300 радовішчаў нафты і газу; галоўныя — Бому, Іма-Рывер, Окан, Мерэн (Нігерыя), Эмерод (Койга), Малонга (Ангола).
т. 5, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІФІ́ТЫ [ад амфі... + ... фіт(ы)] водныя, прымацаваныя да грунту вадаёма расліны, большасць лістоў і кветак якіх размешчана пад вадой. Напр., рагоз, трыснёг, стрэлкаліст і інш. Многія амфіфіты — тыповыя прыбярэжна-водныя і земнаводныя расліны-«амфібіі», прыстасаваныя да росту і ў вадзе, і на сушы (гл. Амфібіёнты).
т. 1, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР
(франц. barre),
пясчаны падводны вал у прыбярэжнай паласе марскога дна перад вусцем ракі (прывусцевы бар) або вузкая, выцягнутая ўздоўж берага наносная паласа сушы, што аддзяляе лагуну ад мора (берагавы бар). Утвараецца ад сукупнага дзеяння цячэння ракі, марскіх хваляў, прыліваў і адліваў.
т. 2, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)