БАЦВІ́ННЕ,

надземная раслінная маса агароднінных, кармавых і тэхн. коранеклубняплодаў. У свежым і сіласаваным выглядзе выкарыстоўваецца на корм с.-г. жывёле: пераважна буйн. раг. жывёле (10—15 кг за суткі), у невял. колькасці свінням і авечкам. Бацвінне бульбы з-за наяўнасці ў ім шкоднага хім. рэчыва — саланіну — даюць абмежавана; нельга скормліваць яго цяжарнай жывёле і маладняку.

т. 2, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСАКО́СНЫ ГОД,

каляндарны год, які мае 366 сутак (на адны суткі больш за звычайны). Ёсць у юліянскім (стары стыль) і грыгарыянскім (новы стыль) календарах. Паводле новага стылю высакосным з’яўляецца кожны год, лічба якога дзеліцца на 4 без рэшты (акрамя гадоў, лічба якіх заканчваецца на 2 нулі, але не дзеліцца на 400, напр., 1700, 1800, 1900).

т. 4, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́РНЫ ДЗЕНЬ,

перыяд, калі Сонца многія суткі не апускаецца за гарызонт. Бывае на Пн ад Паўн. і на Пд ад Паўд. палярных кругоў. Доўжыцца на 68° паўн. ш. з 27 мая да 19 ліп., на 80° паўн. ш. — з 15 крас. да 31 жніўня. На Паўн. полюсе Сонца бывае над гарызонтам 189 сут.

т. 12, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРА́Д (ваен.),

1) падраздзяленне або група ваеннаслужачых у вайск. часці, на караблі, у гарнізоне, прызначаныя для нясення ўнутранай, каравульнай і гарнізоннай службаў, а таксама для выканання інш. задач (напр., пагран. Н.). Звычайна прызначаецца на суткі, на работы — на тэрміны, вызначаныя камандзірам.

2) Пэўная колькасць сіл і сродкаў, патрэбных для выканання баявой задачы (напр., Н. самалётаў).

т. 11, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ГРАФ (ад бара... + ...граф),

самапісная прылада для пастаяннай рэгістрацыі атм. ціску. Бываюць анероідныя і ртутныя. Найб. пашыраны анероідныя, прыёмная частка якіх зроблена з некалькіх злучаных мембранных анероідных карабкоў (гл. Анероід). Змены атм. ціску выклікаюць перамяшчэнне вечкаў карабкоў, якія перадаюцца пяру, што чэрціць суцэльную крывую на стужцы барабана з гадзіннікавым механізмам (завод разлічаны на суткі або тыдзень). Выкарыстоўваецца на метэастанцыях.

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАДКАМЕ́Р,

прылада для вымярэння колькасці і інтэнсіўнасці ападкаў. Уяўляе сабой дажджамернае вядро прыёмнай плошчай 200 см² з ахоўнай планкавай агароджай. Устанаўліваецца на выш. 2 м над зямлёй. Назіранні вядуцца 2 разы ў суткі і пасля ападкаў. Выкарыстоўваюцца таксама сумарны ападкамер — цыліндр, у якім вада пакрываецца плёнкай тэхн. масла, каб пазбегнуць выпарэння, і ападкамер з тэрмастатамі (цвёрдыя ападкі пераводзіць у вадкія).

Ападкамер Траццякова.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБРЭ́ХТАЎСКІ СТЭАРЫ́НАВА-СВЕ́ЧАЧНЫ І МЫЛАВА́РНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1836—1910 у маёнтку Альбрэхтава Пінскага пав. (цяпер у межах Пінска). Вырабляў стэарынавыя свечкі, мыла, алеін, гліцэрын. У 1862 за суткі выраблялася 50—60 пудоў (каля 1 т) свечак. У 1876—77 працавалі 213 рабочых, у 1900 — 66 чал. На Усерасійскіх выстаўках 1861, 1865 і 1870 вырабы з-да адзначаны сярэбранымі медалямі.

т. 1, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПУ́РАВАЯ КІСЛАТА́, бензаілгліцын,

C6H5CONH2CH2COOH, адзін з канчатковых прадуктаў абмену рэчываў у большасці пазваночных жывёл. Утвараецца ў печані і нырках з бензойнай к-ты і гліцыну пры ўдзеле каэнзіму A; выдаляецца з мачой (у норме ў чалавека за суткі выдаляецца 0,1—2 г гіпуравай кіслаты). Проба на сінтэз гіпуравай кіслаты выкарыстоўваецца ў клініцы для вызначэння здольнасці печані абясшкоджваць таксічныя рэчывы (Квіка—Пытэля проба).

т. 5, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБАСНЯ́НСКАЯ ЦУКРО́ВАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1839—62 у маёнтку Добасна Бабруйскага пав. (цяпер вёска ў Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл.). Мела агнявы рухавік і гідраўлічныя прэсы (у 1860—62 — тры). У 1839 працавала 176, у 1859 — 63 рабочыя. У 1861—62 за суткі перапрацоўвала да 900 пудоў буракоў, з якіх атрымлівалі па 36 пудоў цукр. пяску. Прадукцыя вывозілася ў Маскву, Крамянчуг, Херсон.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСТРА́ЎНІКАВЫ СОК, панкрэатычны сок,

стрававальны сакрэт падстраўнікавай залозы, бясколерная вадкасць шчолачнай рэакцыі. Мае ферменты (трыпсін, хіматрыпсін, эластаза і інш.), якія ў працэсе стрававання расшчапляюць бялкі, тлушчы, вугляводы. У састаў П.с. ўваходзяць таксама мачавая кіслата, мачавіна, мікраэлементы. У чалавека П.с. за суткі выдзяляецца 1,5—2 л. Сакрэцыя кантралюецца нерв. і эндакрыннай сістэмамі. Фізіял. стымулятары выдзялення П.с. — саляная і некат. інш. к-ты, жоўць, ежа.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)