КРЫ́НКАЎСКАЯ ЦУКРО́ВАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1842—64 спачатку як мануфактура ў маёнтку Крынкі Аршанскага пав. (цяпер в. Крынкі ў Лёзненскім р-не Віцебскай вобл.). Мела вадзяныя, конныя і агнявыя рухавікі (з 1861 — паравы), 14 чанаў, 2 халадзільныя ўстаноўкі. У 1859 працавала 50 чал. Прадукцыя збывалася ў Аршанскім і суседніх паветах.

т. 8, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФРАЧЫРВО́НАЯ ДЭФЕКТАСКАПІ́Я,

метад дэфектаскапіі, заснаваны на выкарыстанні інфрачырвонага выпрамянення. Дэфекты ў вырабе, які кантралюецца, знаходзяць па рознасці тэмператур паблізу дэфектнага месца і суседніх бездэфектных участкаў. Пры І.д. вырабы награюць, і тады яны выпраменьваюць інфрачырвоныя прамяні (фіксуюцца і вымяраюцца фотаэлементамі, фотарэзістарамі, балометрамі і інш.). Выкарыстоўваецца ў машына- і прыладабудаванні, электроннай тэхніцы і інш.

т. 7, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЯВЫ́ ЭФЕ́КТ у біялогіі,

тэндэнцыя да павелічэння колькасці, разнастайнасці і шчыльнасці арганізмаў у экатонах — пераходных зонах паміж рознымі ландшафтамі (напр., лесам і стэпам, вадой і сушай). Назіраецца на ўскраінах 2 суседніх біягеацэнозаў і ў пераходных паясах паміж імі; эфект узлеску. Адзначаецца пры чаргаванні розных ландшафтаў і ў месцах змены іх структурных падраздзяленняў (напр., на межах розных раслінных згуртаванняў).

т. 8, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎСКАЯ ДРЭС,

першая і адна з самых буйных цеплавых электрастанцый блочнага тыпу на Беларусі. Пабудавана ў 1958—67 у г. Белаазерск Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. Першы прамысл. ток дала ў 1961. 6 энергаблокаў, дзеючая магутнасць 940 тыс. кВт. На паліва выкарыстоўваецца мазут і прыродны газ. Праз Беларускую энергетычную сістэму злучана з энергасістэмамі суседніх з Беларуссю дзяржаў.

Бярозаўская ДРЭС. Агульны выгляд.

т. 3, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАНГЕЛЬДЫ ІМА́НАЎ (1873, Тургайская вобл., Казахстан — 18.5.1919),

адзін з кіраўнікоў нац.-вызв. паўстання ў Казахстане ў 1916. У час Сярэднеазіяцкага паўстання 1916 узначаліў атрады ў Тургайскім і суседніх паветах. У кастр. 1917 стварыў партыз. атрад, які выступіў супраць урада, сфарміраванага партыяй Алаш. Адзін з арганізатараў сав. улады ў Тургайскай вобл., першых у Казахстане часцей Чырв. Арміі. Загінуў у выніку антысав. мяцяжу.

т. 1, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБН САУ́Д (Абд аль-Азіз) (24.10.1880, г. Эр-Рыяд — 9.9.1953),

кароль Саудаўскай Аравіі [1932—53] і рэліг. кіраўнік вахабітаў. У 1902—27 эмір Неджда. Імкнучыся да стварэння цэнтралізаванай феад.-абсалютысцкай дзяржавы, вёў войны супраць суседніх княстваў Аравійскага п-ва. У выніку вайны 1924—25 заваяваны Хіджаз з гарадамі Мекка і Медына. У 1927 І.С. абвешчаны каралём Хіджаза. Неджда і далучаных абласцей (з 1932 Саудаўская Аравія).

т. 7, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААРДЫНАЦЫ́ЙНЫ ЛІК,

1) у крышталяхіміі — колькасць найбліжэйшых да дадзенага атама (іона) суседніх атамаў (іонаў) у крышталі. Для металаў характэрны К.л. 8 і 12, у структурах тыпу хларыду натрыю К.л. роўны 6.

2) Лік, які паказвае, колькі лігандаў можа каардынаваць каля сябе цэнтр. атам (комплексаўтваральнік) у комплексных злучэннях. Найб. пашыраны К.л. — 4 і 6, але вядома шмат комплексаў з К.л. 2, 3, 5, 7, 8 і больш.

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ФАРА (грэч. anaphora літар. вынясенне ўверх),

адзінапачатак, стылістычная фігура ў вершаскладанні — паўтарэнне аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў у пачатку вершаваных радкоў або суседніх строфаў (адпаведна выдзяляюць гукавую, лексічную і сінтаксічную анафару). Павышае эмацыянальнасць паэт. выказвання, узвышае яго тон, кампазіцыйна арганізуе, яднае асобныя радкі і часткі тэксту. Прыклад лексічнай анафары:

Зноў навіслі цёмны хмары,
Зноў туманы неба крыюць,
Зноў па свеце ходзяць мары,
Зноў крапчэй нам віхры выюць...
(Цётка. «Бура ідзе»)

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁМАНСКАЯ МЕЗАЛІТЫ́ЧНАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія ў 8—5-м тыс. да н.э. жылі на тэр. Літвы, паўн.-зах. Беларусі і некат. суседніх раёнаў. Узнікла ў выніку кантактаў нашчадкаў познасвідэрскіх плямён з насельніцтвам інш. мясц. культур. Для яе характэрны лістападобныя наканечнікі стрэл, ланцэтападобныя вастрыі, укладышы, трапецыі, авальныя сякеры, касцяныя вырабы. Носьбіты Н.м.к. прынялі ўдзел у фарміраванні на тэр. паўд.-зах. Літвы і зах. Беларусі неалітычнай нёманскай культуры.

т. 11, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫВЕРТЫ́КУЛ (ад лац. diverticulum дарога ў бок, адхіленне),

прыроджанае ці набытае выпучванне сценкі полага органа чалавека ў выглядзе мяшка. Найчасцей бывае Д. стрававода, мачавога пузыра, радзей — дванаццаціперснай кішкі, страўніка. Прыроджаны Д. звязаны з заганамі развіцця органа, набыты — з прычыны ціску з поласці органа на яго сценку. Можа развівацца пры хваробах суседніх органаў. Запаленне сценак Д. — дывертыкул і т (катаральны, язвавы, флегманозны; магчымы прабадзенні Д.). Лячэнне залежыць ад лакалізацыі і цячэння Д., іншы раз хірургічнае.

т. 6, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)