МІ́ЛЕР ((Miller) Глен) (1.3.1904, г. Кларында, ЗША — 16.12.1944),
амерыканскі трамбаніст, аранжыроўшчык, кіраўнік джаз-аркестраў. У 1924—26 вучыўся ва ун-це Каларада, у 1932—35 удасканальваўся ў Дж.Шылінгера (кампазіцыя, аранжыроўка). З 1921 іграў у джаз-аркестрах. У 1935 разам з Р.Ноўблам арганізаваў аркестр, вядомы т.зв. мілераўскім гучаннем (увёў кларнет і тэнарсаксафон у актаву, паміж партыямі якіх размешчаны партыі інш. інструментаў групы язычковых духавых). У 1938 стварыў уласны аркестр, сусветна вядомы пасля ўдзелу ў кінафільме «Серэнада сонечнай даліны» (1941) з яго музыкай. З 1942 з арганізаваным ім Аркестрам ВПС выступаў на фронце і па радыё. Яго творчасці прысвечаны фільм «Гісторыя Глена Мілера» (1954).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФЕНБА́Х (Offenbach; сапр.Эбершт; Eberscht) Жак
(20.6.1819, Кёльн — 4.10.1880),
кампазітар, дырыжор, віяланчэліст. Заснавальнік франц. класічнай аперэты. З 1833 у Парыжы. Вучыўся ў Ф.Галеві (кампазіцыя). Іграў у тэатр. аркестрах, выступаў як віяланчэліст і дырыжор. У 1855—62 кіраваў створаным ім т-рам «Буф-Парызьен». Аўтар сусветна вядомых аперэт: «Арфей у пекле» (1858), «Прыгожая Алена» (1864), «Парыжскае жыццё» (1866), «Перыкола» (1868), «Дачка тамбурмажора» (1879) і інш. У цэнтры большасці аперэт Афенбаха — з’едлівая сатыра, пародыя на бурж.-арыстакратычнае грамадства. Музыка Афенбаха адметная вытанчанасцю, палкай танц. рытмікай. З твораў лірычнага плана вылучаецца рамант. опера «Казкі Гофмана» (1881; паст. ў Мінску ў 1941, 1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗА́НА (Lausanne),
горад на ПдЗ Швейцарыі. Адм. ц. кантона Во. 123 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 250 тыс.ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Жэнеўскім возеры. Прам-сць: маш.-буд., металаапр., паліграф., швейная, харчасмакавая, у т. л. тытунёвая, вінаробчая. Ун-т. Штаб-кватэра Міжнар. Алімпійскага к-та. Музеі: алімпійскі, выяўл. мастацтваў, археалогіі і гісторыі, дэкар. мастацтваў і інш.Арх. помнікі 12—18 ст. Шматлікія масты і фунікулёры. Турызм. Курорт.
У старажытнасці паселішча, якое рымляне наз. Лаўзоніум. З 590 цэнтр епіскапства (улада належала сеньёру-епіскапу), якое ў 1536 скасавана ў выніку Рэфармацыі. У 13—14 ст. горад залежаў ад Савойскага графства, у 1536—1798 — ад Берна. У 1537 засн. пратэстанцкая акадэмія (з 1891 ун-т). У 1798 сталіца Леманскай рэспублікі. З 1803 у складзе Швейцарыі, сталіца кантона Во (Ваат). У Л. знаходзіцца федэральны трыбунал (з 1874), праводзяцца шматлікія міжнар. канферэнцыі, у т. л.Лазанская канферэнцыя 1922—23. Сусветна вядомы курорт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГАЛІТЫ́ЧНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ, мегаліты (ад мега... + lithos камень),
старажытныя збудаванні з вял. неапрацаваных або груба апрацаваных камянёў. Да такіх збудаванняў належаць дальмены, кромлехі, менгіры, пахавальныя і крапасныя цыклапічныя пабудовы. Пашыраны па ўсім свеце (за выключэннем Аўстраліі), пераважна ў прыморскіх рэгіёнах. На тэр. Еўропы самыя стараж. М.з. вядомы з эпохі энеаліту, значна пашырыліся ў бронзавым веку. Найб. вядомы на атлантычным узбярэжжы Зах. Еўропы, у Міжземнамор’і, на Каўказе. Сусветна вядомым М.з. з’яўляецца Стонхендж у Англіі, які, на думку многіх даследчыкаў, быў стараж. астранамічнай абсерваторыяй. На Беларусі да М.з. можна аднесці нагрувашчванне вялізных камянёў на ўзгорку каля в. Горка Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., куды з даўніх часоў прыносяць ахвяраванні мясц. жыхары. Помнікамі рытуальна-астранамічнага прызначэння, верагодна, можна лічыць вял. валуны на беразе воз. Янова каля в. Бікульнічы Полацкага р-на Віцебскай вобл., складзеныя ў выглядзе квадрата 15 × 15 м, адкрытага з аднаго боку (гл.арт.Камяні).
Э.М.Зайкоўскі.
Да арт.Мегалітычныя збудаванні. Стонхендж. Цэнтральная частка пабудовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ПАДЗЕ́Л ПРА́ЦЫ,
найвышэйшая форма грамадскага тэр. падзелу працы; спецыялізацыя асобных краін па вытв-сці пэўных відаў прадукцыі, якімі яны абменьваюцца. Неабходнасць абмену вынікамі вытв-сці абумовіла ўзнікненне міжнароднага гандлю. Да машыннай стадыі М.п.п. грунтаваўся на прыроднай аснове — розніцах у прыродна-кліматычных умовах краіны, геагр. становішчы, рэсурсах і энергіі; эканам. адносіны краін былі сканцэнтраваны пераважна на абмене прадуктамі, што не вырабляліся ў сваёй краіне. З усталяваннем буйной машыннай індустрыі дыферэнцыяцыя вытв-сці паглыбілася, пачаліся міжнац. спецыялізацыя і кааперацыя, таварны абмен паміж краінамі. Паступова М.п.п. ахапіў усе структурныя элементы грамадскага падзелу працы, а абмен, што ажыццяўляўся на міжнар. узроўні, і сам паспрыяў паглыбленню падзелу працы паміж буйнымі сферамі эканомікі, узмацніў прадметную, тэхнал. і падэтальную спецыялізацыю. Сучасны этап сусветна-гасп. сувязей характарызуецца ўсё большым нарастаннем залежнасці, абумоўленай пераводам вытв-сці ў развітых эканам. сістэмах на новую тэхнал. базу. Новы якасны стан вытв. сіл стымуляваў інтэрнацыяналізацыю ўзнаўленчых працэсаў, якая праяўляецца ў 2 асн. формах: інтэграцыі і транснацыяналізацыі (стварэнне міжнац. вытв. комплексаў). Гл. таксама Геаграфія сусветнай гаспадаркі, Знешнеэканамічныя сувязі, Падзел працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ КАМЕРНЫ АРКЕ́СТР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ Створаны ў 1968 як Мінскі камерны аркестр Бел. філармоніі, з 1989 Дзярж. камерны аркестр БССР, з 1992 сучасная назва. Арганізатар і першы дырыжор А.Янчанка. У рэпертуары арыгінальныя творы і пералажэнні п’ес бел. кампазітараў Л.Абеліёвіча, П.Альхімовіча, А.Багатырова, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, Э.Зарыцкага, С.Картэса, І.Лучанка, Дз.Смольскага, Р.Суруса і інш., музыка барока, венскіх і інш. класікаў, сучасных замежных кампазітараў. Дзейнасць аркестра спрыяла ўзбагачэнню бел. музыкі камернымі разнавіднасцямі сімфоніі, сюіты, канцэрта і інш. Аркестр часта выступае ў сумесных канцэртах з Дзяржаўным камерным хорам Рэспублікі Беларусь, стварае сумесныя праекты («Моцарт і...» і інш. тэматычныя праграмы); удзельнічаў у шматлікіх міжнар. фестывалях у краінах Зах. Еўропы; з ім выступалі сусветна вядомыя музыканты (піяніст Ю.Франс, спявачка К.Рычарэлі і інш.). Маст. кіраўнік і гал. дырыжор аркестра І.Э.Райль (з 1993), дырыжор Т.Праватораў, канцэртмайстар М.Штэйн. У розны час у аркестры працавалі дырыжоры Ю.Цырук, І.Галаўчын, А.Палянічка, В.Собалеў, канцэртмайстар А.Крамароў.
Літ.:
Агаркава А. Шлях да майстэрства // Мастацтва Беларусі. 1983. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСПО́РСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Баспор,
дзяржава ў Паўн. Прычарнамор’і ў 480 да нашай эры — канцы 4 ст. нашай эры. Сталіца — г.Пантыкапей (цяпер г.Керч). Займала Керчанскі і Таманскі п-авы, узбярэжжа Азоўскага і Чорнага мораў да сучаснага г. Новарасійск і ніжняга цячэння Дона; аб’ядноўвала грэч. гарады-калоніі Феадосію, Фанагорыю, Гаргіпію і інш. і стараж.мясц. плямёны. Б. ч. насельніцтва складалі свабодныя земляробы і рабы. Правілі Баспорскай дзяржавай дынастыі архантаў (цароў) Археанактыдаў (480—438 да нашай эры) і Спартакідаў (да 107 да нашай эры). З канца 2 ст. да нашай эры ўваходзіла ў Пантыйскае царства, з 1 ст. да нашай эры да 3 ст. нашай эры была васалам Стараж. Рыма. З сярэдзіны 3 ст. нашай эры ў эканам. і паліт. заняпадзе. Знішчана гунамі.
Археал. вывучэнне Баспора пачалося ў 19 ст. (П.Дзюбрукс, І.А.Стампкоўскі, А.Б.Ашык, Д.В.Карэйша, А.Е.Люцэнка, В.В.Шкорпіл і інш.), у 20 ст. даследаванні вялі В.Ф.Гайдукевіч, У.Д.Блавацкі, М.М.Кабыліна і інш. Выяўлены помнікі дойлідства (пахавальні з уступамі), Залаты, Царскі, Мелек-Чэсменскі курганы, зернясховішчы, рэшткі рыбазасольных і вінаробных ваннаў, ганчарныя і ювелірныя вырабы, манетныя скарбы, скляпы, размаляваныя ваеннымі, культавымі і бытавымі сцэнамі, партрэтныя скульптуры. Сусветна вядомыя маст. вырабы — залаты грэбень з кургана Солаха, сярэбраная ваза з Чартамлыцкага кургана, Кульобская ваза з электрону (сплаў золата і серабра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЬЗЕНЬ (Plzeń),
горад на З Чэхіі, на р. Бераўнка. Адм. ц.Зах.-Чэшскай вобл. Каля 200 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: цяжкае машынабудаванне, вытв-сць абсталявання для АЭС, эл.-тэхн., лакаматыва- і вагонабудаванне, харчасмакавая (у асн. піваварная), папяровая, керамічная, шкляная, гарбарная. Маст. галерэя. Музеі і тэатры. Арх. помнікі 14—18 ст.: касцёл св. Барталамея (14—15), будынкі ў стылях позняга рэнесансу і барока, ратуша ў стылі рэнесансу, касцёл св. Ганны ў стылі барока.
Гарадзішча на месцы сучаснага П. існавала яшчэ ў 10 ст. У 12 ст. існавалі аднайм. мястэчка і крэпасць, паблізу якіх каля 1292 кароль Вацлаў II засн. новы П. У час гусіцкіх войнаў адзін з асн. цэнтраў гусітаў. У 1420 гусіты пакінулі горад. Пазней П. 4 разы адбіваў напады гусіцкіх атрадаў і не прызнаў іх караля І.Подзебрада. Пасля 1420 апора каталіцызму. У 1547 П. падтрымаў Габсбургаў, стаў 2-м пасля Прагі каралеўскім горадам. Моцна пацярпеў у час 30-гадовай вайны 1618—48. З канца 17 ст. адзін з цэнтраў чэш.нац. культуры (у 1648 тут засн. друкарня). У 19 ст. важны прамысл. цэнтр (у 1842 пабудаваны сусветна вядомы піваварны з-д). У 1920—30-я г. адзін з цэнтраў рабочага руху. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1939—45). У маі 1945 вызвалены амер. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛАВЭР (Delaware),
штат на У ЗША, на ўзбярэжжы аднайменнага заліва Атлантычнага ак.Пл. 5,3 тыс.км². Нас. 700,3 тыс.чал. (1993), гарадскога 76,9%. Адм. ц. — г. Довер. Буйнейшы горад, прамысл. цэнтр і порт — Уілмінгтан. Паўн.ч. штата ўваходзіць у прыгарадную зону г. Філадэльфія. Штат займае ч. прыбярэжнай раўніны, найвышэйшы пункт 135 м. Клімат умераны, вільготны. Сярэдняя т-растудз. каля -2 °C, ліп. каля 20 °C. Ападкаў за год каля 1100 мм. Лясоў мала. Вядучая галіна гаспадаркі — апрацоўчая прам-сць. Асн. галіны: хім. і нафтахім., нафтаперапр., гумавая, аўтамабіле-, судна- і прыладабудаванне, харч., тэкстыльная. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля прыгараднага тыпу. 3 тыс.с.-г. ферм. Гал. галіна — птушкагадоўля (вытв-сць бройлераў). Гадуюць таксама буйн. раг. жывёлу, свіней. Марское рыбалоўства. Пашыраны пасевы соі, кукурузы, бульбы, пшаніцы. Агародніцтва і садоўніцтва. Транспарт марскі, аўтамаб., чыгуначны. Важную ролю адыгрывае суднаходны канал, які злучае залівы Дэлавэр і Чэсапікскі.
Да адкрыцця ў 1609 еўрап. экспедыцыяй Г.Гудзона тэр. Д. была заселена індзейскім племем дэлавараў. З 1631 тут пасяляліся галандцы, з 1638 — шведы, з 1664 — англічане. Д. быў ч.англ. калоніі Нью-Йорк, з 1682 — Пенсільваніі, у 1704 атрымаў абмежаваную аўтаномію. У 1776 у час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 створаны штат Д. Адзін з 13 штатаў-заснавальнікаў ЗША, які ў 1787 першы ратыфікаваў федэральную канстытуцыю. У 1802 Э.І.Дзюпон дэ Немур заснаваў ва Уілмінгтане парахавы з-д, які ў 20 ст. ператварыўся ў сусветна вядомы хім. канцэрн «Дзюпон дэ Немур энд компані». Прымаў удзел у грамадз. вайне 1861—65 на баку Поўначы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРЭ́С (ад лац. progressus рух наперад),
паступальнае развіццё ў грамадстве ад простага да складанага, ад менш дасканалага да лепшага, больш дасканалага стану. Ахоплівае ўсе сферы жыцця і дзейнасці людзей, увасабляецца ў навуцы і тэхніцы (гл.Навукова-тэхнічны прагрэс), у маралі, мастацтве і інш. грамадскіх з’явах; базіруецца на эканам. (вытворчых) адносінах. Можа закранаць сістэмы ў цэлым або іх кампаненты, структуры і інш. параметры ў стадыі развіцця. Паняцце, процілеглае П., — рэгрэс.
Уяўленне, што змены ў свеце, асабліва ў грамадстве, адбываюцца ў пэўным кірунку, узнікла яшчэ ў старажытнасці. Сцвярджэнні Сакрата, Платона аб гіст. тупіку сутыкнуліся з поглядамі Дэмакрыта, Геракліта, Лукрэцыя, Эпікура, якія развівалі ідэі паступальнага руху. У сярэднія вякі грамадскі П звязваўся з Богам. Сацыялісты-утапісты, асабліва А.Сен-Сімон, бачылі грамадскі П. у ліквідацыі прыватнай уласнасці і высокай тэхн. аснашчанасці вытв-сці. Рэвалюцыянеры-дэмакраты крыніцу грамадскага развіцця бачылі ў сял. рэвалюцыі, а потым у асвеце, навуцы, мастацтве, маралі.
У сучасных умовах асн. лінія грамадскага П. знаходзіць сваё выяўленне ў дэмакратызацыі і гуманізацыі ўсіх бакоў грамадскага жыцця і ва ўсебаковым развіцці асобы. Сац. П. мае месца ў сусветна-гіст. маштабе — пры змене цывілізацый і эпох, кожная з якіх прыносіла з сабой прагрэс.сац. перамены ў параўнанні з папярэдняй; ён характарызуецца пераадоленнем або змякчэннем сац. супярэчнасцей і канфліктаў, паляпшэннем умоў жыцця людзей. Развіццё грамадства не выключае момантаў рэгрэсу, руху назад у асобных сферах жыцця. Існуюць розныя канцэпцыі адносна П. Некаторым гісторыкі і сацыёлагі (А.Тойнбі, П.А.Сарокін) проціпастаўляюць сац. П. ідэю цыклічнага развіцця, кругавароту цывілізацый; іншыя ўяўляюць гібель цывілізацый як вынік навук.-тэхн. прагрэсу.