ВО́ЎЧАК Афанасій, бел. майстар залатых і сярэбраных спраў сярэдзіны 18 ст. Працаваў у Магілёве з П.Сліжыкам. Прадстаўнік ракако ў бел.маст. апрацоўцы металу. З падпісаных яго работ вядомыя гарэльефныя чаканеныя абклады да абразоў магілёўскіх цэркваў (1749, захоўваліся ў Магілёўскім гіст. музеі, зніклі ў Вял.Айч. вайну) і абклады да абразоў Маці Божай (1767) і Хрыста (1769) аршанскіх храмаў.
Літ.:
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРО́Ў (Мікола) (Мікалай Іванавіч; 8.5.1934, в. Заполле Віцебскага р-на — 25.11.1991),
бел. графік, мастацтвазнавец, пісьменнік. Скончыў Маскоўскі паліграф.ін-т (1959). Працаваў на радыё, у ІМЭФАН Беларусі, з 1963 гал. мастак Дзяржкамвыда Беларусі. Аформіў кнігі: «Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст.» (1980), «Янка Купала ў творчасці мастакоў» і «Якуб Колас у творчасці мастакоў» (1982), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.» (1984, усе разам з Г.М.Галубовічам), «Беларускія мастакі пра Вялікую Айчынную вайну» (1985; складальнік і аўтар тэксту), «Беларуская кніжная графіка» (1987), «Беларускі палітычны плакат» (1989; складальнік і аўтар тэксту, з Галубовічам) і інш. У творчасці відавочны асэнсаванне лепшых здабыткаў сусв. кнігамастацтва, сувязь з нац.маст. традыцыямі. Пісаў на рус. і бел. мовах. Аўтар зб-каў вершаў і казак «Веснавая завязь» (1962), «Мішка-пілот» (1966), «Карусель» (1971), «Касмалёт» (1979), «Зямля ў квецені» (1983), «Касманаўтам быць хачу» (1984) і інш., мастацтвазнаўчых даследаванняў пра бел. мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́КШЫН (Сямён Аляксандравіч) (н. 8.3.1931, г. Гомель),
бел. філосаф і гісторык-медыявіст. Д-рфілас.н. (1987), канд.гіст.н. (1965). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1953). З 1960 у Ін-це філасофіі і права Нац.АН Беларусі. Даследуе гуманіст. рух і рэліг.-царк. жыццё Беларусі 14—17 ст., гісторыю філас. і грамадска-паліт. думкі эпохі Адраджэння і Рэфармацыі, праблемы культуры, філасофіі і гісторыі, нац. самасвядомасці бел. народа. Стварыў цэласную гісторыю станаўлення і развіцця рэнесансава-гуманіст. думкі Беларусі, вызначыў спецыфічныя рысы айч. Адраджэння і гуманізму. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1972), прац «Францыск Скарына і яго час» (1988), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Тэксты, даведнік, каментарыі» (1989), «Скарына і яго эпоха» (1990), «Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X—XIX стст.» (1995). Дзярж. прэмія Беларусі 1984.
Тв.:
Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Скорина и Будный: Очерк филос. взглядов. Мн., 1974;
Франциск Скорина. М., 1981;
Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ШЧАНКА (Міхаіл Ісакавіч) (н. 27.2. 1930, в. Стараселле Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1989), праф. (1990). Скончыў Мінскі пед.ін-т замежных моў (1959). З 1963 выкладае ў Мінскім лінгвістычным ун-це. Даследуе праблемы раманістыкі і агульнага мовазнаўства. Аўтар манаграфій «Змяненне семантыка-сінтаксічнай спалучальнасці французскіх дзеясловаў (XVI—XX стст.)» (1971), «Віртуальны і актуальны аспекты сказа» (1988), вучэбных дапаможнікаў па граматыцы і стылістыцы франц. мовы («Граматыка французскай мовы», 1997, і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКІ (Генадзь Васілевіч) (19.9.1936, г. Валгаград, Расія — 23.8.2000),
бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі, паэт і перакладчык. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1996), д-ртэхн.н., праф. (1981). Чл. Саюза пісьменнікаў Беларусі (2000). Скончыў Вышэйшае ваенна-марское інж. радыётэхн, вучылішча (1959, г. Гатчына, Расія). З 1960 і з 1986 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН Беларусі, з 1970 у Мінскім радыётэхн. ін-це, адначасова з 1994 нач. аддзела Вышэйшага атэстацыйнага к-та Беларусі. Працы па тэорыі сістэм аўтам. кіравання (САК) і аўтаматызаванага праектавання. Распрацаваў асновы агульнай тэорыі каранёвых траекторый сістэм з параметрамі, якія змяняюцца паводле зададзенага закону, метады і сродкі аўтаматызаванага праектавання робататэхн. комплексаў і САК. Пісаў вершы з 1956: У яго перакладах на рус. мову выйшлі кнігі: «Беларуская лірыка XIX—XX стст. ...» (1998), «Анталогія беларускай лірыкі XIX—XX стст.» і «Анталогія беларускай паэзіі» (т. 1—2, 2001).
Тв.:
Основы общей теории корневых траекторий систем автоматического управления. Мн., 1972;
Теория систем автоматизированного проектирования: Интеллектуальные САПР на базе вычислительных комплексов и сетей. Мн., 1994;
Корневые методы исследования интервальных систем. Мн., 1999 (у сааўт.);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫТЦ (Ditz) Ян Фрэдэрык, мастак 18 ст. Паходзіў з Саксоніі. Працаваў размалёўшчыкам і злотнікам шкла, фаянсу, маёлікі ў жывапісных майстэрнях Навасвержанскай фаянсавай мануфактуры і на Урэцкай шклагуце (1739—43). Размалёўваў золатам і рубінавыя, бясколерныя медальёны, адлітыя ў формах. Ведаў састаў добрага шкла. З 1756 працаваў у Слуцкім тэатры Радзівіла, з 1759 пры дварах кн. Радзівілаў у Польшчы і Нясвіжы.
Літ.:
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;
Kamieńska Z. Manufaktura szklana w Urzeczu, 1737—1846. Warszawa, 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАІ́СІЙ,
усходнеславянскі гравёр 17 ст. Аўтар падпісаных дрэварытаў «Вобраз Адзігітрыі» і «Іакаў Баравіцкі», змешчаных у кн. «Рай мыслены» (1659, выд. ў друкарні Іверскага манастыра на Валдаі, Расія). Магчыма, удзельнічаў у аздабленні «Часаслова» (1657 і 1658), «Брашна духоўнага» (1661) і інш. кніг, надрукаваных там жа. Мяркуюць, што да 1656 працаваў у Куцейне пад Оршай, дзе прымаў удзел у аздабленні выданняў Куцеінскай друкарні, а пасля 1676 — на Друкарскім двары ў Маскве.
Літ.:
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЫ́КА (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 18.3.1935, в. Селішча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. мовазнавец. Чл.-кар.АН Беларусі (1994), д-рфілал.н. (1981), праф. (1992). Скончыў БДУ (1959). З 1965 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе мову помнікаў стараж.бел. л-ры, старабел. графіку, арфаграфію, фанетыку, марфалогію, лексікалогію і інш.: «Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы» (1970), «Даўнія запазычанні беларускай мовы» (1972), «Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст.» (1980). Аўтар «Слоўніка іншамоўных слоў» (1993), рэдактар і сааўт. «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—14, 1982—96).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ ЦА́РСКІЯ ВАРО́ТЫ,
помнік манум.-дэкар. мастацтва канца 17 ст. Створаны для Георгіеўскай (Юр’еўскай) царквы Віцебска. Драўляныя прамавугольнай формы вароты, упрыгожаныя разьбой і паліхромнай размалёўкай, уключаюць 6 утвораных расліннымі парасткамі клеймаў — рэльефных выяў святых на зялёным фоне. У двух верхніх клеймах традыц. кампазіцыя «Благавешчанне» заменена выявамі Сімяона Столпніка і Міколы Цудатворца, у ніжніх змешчаны 4 выявы евангелістаў з разгорнутымі Евангеллямі на каленях. Позы святых свабодныя, трактоўка адзення выяўляе формы фігур.
Захоўваюцца ў Нац.маст. музеі Беларусі.
Літ.:
Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЎЦЭ́ВІЧ (Алесь Канстанцінавіч) (н. 13.9.1958, в. Лупачы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1988). Скончыў БДУ (1981). З 1985 супрацоўнік Ін-та гісторыі АН Беларусі, з 1987 нач. сектара археал. даследаванняў Бел. рэстаўрацыйна-праектнага ін-та, з 1990 вядучы археолаг арх.-рэстаўрацыйнага кааператыва пры Мін-ве культуры БССР, з 1994 у Гродзенскім ун-це. Асн. тэматыка даследаванняў — матэрыяльная культура гарадоў, мястэчак і замкаў Бел. Панямоння 14—17 ст.
Тв.:
Майстар — наш продак. Мн., 1990;
Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV—XVIII стст. Мн., 1991.