СЛЕ́ДЧЫ,
службовая асоба пракуратуры, органаў папярэдняга следства мін-ва ўнутр. спраў, дзярж. бяспекі і фін. расследаванняў, якая ажыццяўляе папярэдняе следства. С. абавязаны прымаць усе меры да ўсебаковага, поўнага і аб’ектыўнага даследавання акалічнасцей крымін. справы, ажыццяўляць крымін. праследаванне асобы, у адносінах якой сабраны дастатковыя доказы аб учыненні ёю злачынства, шляхам прыцягнення яе ў якасці абвінавачанага, прад’яўлення абвінавачання, ужыванні ў адносінах да яе меры стрымання, перадачы яе справы пракурору для накіравання ў суд. С. таксама абавязаны прыняць меры па забеспячэнні бяспекі ўдзельнікаў крымін. працэсу і інш. асоб у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Ён правамоцны ўзбуджаць крымін. справу ці адмаўляць у яе ўзбуджэнні, спыняць ці прыпыняць папярэдняе следства па крымін. справе, ажыццяўляць усе следчыя і інш. працэсуальныя дзеянні, прадугледжаныя законам. Пастановы С., вынесеныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі закону, па крымін. справах, што знаходзяцца ў яго вядзенні, абавязковыя для выканання ўсімі юрыд. і службовымі асобамі і грамадзянамі.
Г.А.Маслыка.
т. 15, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБЛІ́ (Mably) Габрыэль Бано дэ (14.3.1709, г. Грэнобль, Францыя — 23.4.1785),
французскі паліт. мысліцель і гісторык. Брат Э.Кандыльяка. Вучыўся ў езуіцкім каледжы і семінарыі, пазней адмовіўся ад духоўнай кар’еры. З 1742 на дыпламат. службе, з 1746 прысвяціў сябе навук. заняткам. Асн. ідэі М. выкладзены ў працах «Сумненні, якія прапануюцца філосафам-эканамістам адносна прыроднага і неабходнага парадку палітычных грамадстваў» (1768) і «Аб заканадаўстве, або Прынцыпы законаў» (1776). У сац.-філас. разважаннях М. зыходзіў з уласнага паняцця аб чалавечай прыродзе, лічыў, што менавіта добрыя пачаткі (спачуванне, удзячнасць) аб’ядноўваюць людзей у грамадства, а розум дыктуе пэўныя законы дзеля агульнага дабрабыту і стрымання чалавечага эгаізму. Адзінай крыніцай і носьбітам усялякай улады лічыў народ; яму належыць права змены тыранічнай улады з дапамогай любых сродкаў, у т. л. рэвалюцыі. Як прыхільнік эгалітарызму патрабаваў адпаведных законаў з мэтай устанаўлення сістэмы кіравання, якая б абараняла грамадства ад разбурэнняў. Прапаноўваў прыняць законы супраць раскошы, дзярж. падтрымкі гандлю і купецтва; выказваўся за абмежаванне багаццяў прыватных асоб, у т. л. землеўладальнікаў, адмаўляў гіст. рэгрэс і магчымасць вяртання ў «залаты век» — да першабытнага камунізму.
Тв.:
Рус. пер. — Избр. произв. М.; Л., 1950;
Об изучении истории. О том, как писать историю. М., 1993.
В.І.Боўш.
т. 9, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)