ГАСТРЫ́Н,

гармон, які выпрацоўваюць клеткі слізістай абалонкі піларычнай часткі і дна страўніка. Знойдзены ў кішэчніку, а таксама гіпофізе шэрагу жывёл. Па хім. прыродзе — поліпептыд з 17 амінакіслотных астаткаў. Малекулярная маса каля 2200. Існуе ў дэсульфаванай (Г.I) і сульфаванай (Г.II) формах. Удзельнічае ў рэгуляцыі функцый стрававальных органаў, стымулюе сакрэцыю салянай к-ты ў страўніку, павялічвае сакрэцыю страўнікавага і панкрэатычнага сокаў, жоўцевыдзяленне, змяняе тонус і рухальную актыўнасць страўніка і кішэчніка. Пры павелічэнні ўзроўню салянай к-ты ў страўніку (да pH 3) выдзяленне гастрыну тармозіцца. Атрыманы хім. сінтэзам.

т. 5, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТАШНАСЦЬ,

своеасаблівае цяжкае адчуванне набліжэння рвоты. Часцей бывае пры хваробах страўніка, нырак, таксікозе цяжарных, парушэнні мазгавога кровазвароту, атручэннях алкаголем, чадным газам і інш.; зрэдку ў здаровых людзей пры непрыемных эмоцыях. Гл. таксама Ірвота.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛАРАСПА́ЗМА (ад грэч. pyloros прываротнік + спазма),

спазма мускулатуры прываротніка страўніка, у выніку якой адсутнічае ці затрымліваецца яго апаражненне. Назіраецца пераважна ў грудных дзяцей (часцей у першыя месяцы жыцця) у сувязі з функцыян. парушэннямі вегетатыўнай нерв. сістэмы.

т. 12, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЕЛАТЭРАПІ́Я (ад грэч. ampelos вінаград + тэрапія),

вінаградалячэнне, выкарыстанне пладоў і соку вінаграду ў лек. мэтах. Вядома са старажытнасці, у Расіі з канца 19 ст. Практыкуецца ў зонах вінаградарства, звычайна ў спалучэнні з клімататэрапіяй. Лепшыя лек. сарты — Шасла, Рыслінг, Семільён, Гауш, Акішміш, Тагузюм чэлекі. Асн. станоўчы ўплыў ампелатэрапіі звязаны з багаццем і разнастайнасцю ў спелых пладах і соку вінаграду вугляводаў, пекцінавых і мінер. рэчываў, вітамінаў; выяўляецца праз нармалізацыю і актывацыю абменных працэсаў (асабліва водна-салявога абмену), апетыту, сакрэцыі страўніка, маторыкі кішэчніка, функцый мочавыдзялення і інш. Проціпаказана пры цукр. дыябеце, вострых захворваннях, язве страўніка, гіпертаніі, хранічных паносах і абвастрэннях туберкулёзу. Дозы спажывання пладоў вінаграду пры ампелатэрапіі могуць дасягнуць 2 кг, соку — 1,2 л за суткі.

т. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫСТА́ЛЬТЫКА (ад грэч. peristaltikos які ахоплівае, сціскае),

скарачэнні сценак полых органаў (стрававода, страўніка, кішэчніка), якія хвалепадобна распаўсюджваюцца і ў норме садзейнічаюць перамяшчэнню змесціва да выхадной адтуліны. Перыстальтычныя рухі адбываюцца ў выніку каардынацыйнай дзейнасці падоўжнага і кальцавога слаёў мышцаў. У чалавека П. страўніка 2—3, дванаццаціперснай кішкі — 10—12 хваляў за мінуту. Рэгулюецца вегетатыўнай нерв. сістэмай, ц. н. с. і гумаральнымі фактарамі. На П. ўплываюць фіз. і хім. ўласцівасці ежы. Антыперыстальтыка — рух хвалі скарачэнняў у процілеглым напрамку (да ротавай адтуліны). Для тоўстага кішэчніка з’яўляецца фізіял. уласцівасцю (забяспечвае затрымку змесціва, паляпшэнне ўсмоктвання вады і электралітаў). Узнікае таксама з прычыны паталогіі (напр., спайкі) і пры рвоце. Перыстальтычныя рухі ўласцівы целу кольчатых чарвей.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАЦЫ́ДНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя рэчывы, здольныя звязваць і нейтралізаваць саляную к-ту, што знаходзіцца ў страўнікавым соку. Выкарыстоўваюцца пры гастрытах, язвавай хваробе з высокай кіслотнасцю. Антацыдныя сродкі могуць быць солі, вокіслы і гідравокіслы шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, якія ў залежнасці ад усмоктвання ў страўніку падзяляюцца на 2 групы. Рэзарбцыйныя антацыдныя сродкі (натрыю гідракарбанат, калію і кальцыю карбанаты) знімаюць пякотку і боль, але пры ўзаемадзеянні з салянай к-той утвараюць вуглякіслы газ, што прыводзіць да расцягвання страўніка і адрыжкі. Нерэзарбцыйныя антацыдныя сродкі (магнію вокіс і карбанат, алюмінію гідравокіс і фасфат) утвараюць з салянай к-той хларыды, якія нейтралізуюць павышаную кіслотнасць і садзейнічаюць утварэнню геляў у водным асяроддзі страўніка. Выкарыстоўваюцца камбінаваныя антацыдныя сродкі, што ўключаюць вяжучыя, спазмалітычныя, жаўцягонныя, слабіцельныя і анестэзоўныя сродкі (вікаір, вікалін, альмагель).

т. 1, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІДАСТАМО́З,

інвазійная нематадозная хвароба гусей (пераважна маладняку да 4 мес), качак і інш. птушак, якая выклікаецца нематодамі амідастомамі. Пашыраны ўсюды. Пік інвазіі ў сярэдзіне лета. Птушкі заражаюцца праз корм, абнасенены яйцамі гельмінтаў. Паказанні: запаленне слізістай абалонкі страўніка, парушэнні стрававання, кволасць, страта апетыту, хісткая хада.

т. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫПЕРЫСТА́ЛЬТЫКА (ад анты... + перыстальтыка),

хвалепадобнае скарачэнне сценак полых трубчастых органаў (стрававальнага тракту, страўніка, мачаточнікаў і інш.) чалавека і жывёл, пры якім іх змесціва перамяшчаецца ў напрамку, адваротным звычайнаму. Фізіял. ўласцівасць тоўстых кішак. У тонкіх кішках, страўніку ў норме адсутнічае, узнікае пры рвоце і некаторых паталаг. з’явах.

т. 1, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНО́МА (ад адэн... + ...ома),

дабраякасная пухліна, якая можа развіцца з залозістага эпітэлію і захаваць структурныя прыкметы зыходнай тканкі. Развіваецца ў тканках малочнай, шчытападобнай, прастаты, гіпофіза і інш. залоз, а таксама ў залозістым эпітэліі слізістых абалонак страўніка, кішэчніка і інш. Часам перараджаецца ў злаякасную пухліну. Лячэнне хірургічнае.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАПЛАЦЭФАЛІДО́ЗЫ КО́НЕЙ,

гельмінтозныя хваробы, якія выклікаюцца ўзбуджальнікамі — стужачнымі чарвямі (цэстоды сям. Anoplocephalidae). Прамежкавыя гаспадары — панцырныя кляшчы. Жывёлы заражаюцца ў асноўным летам і восенню на пашы пры заглынанні з травой інвазійных кляшчоў. Хваробы характарызуюцца прыступамі колікаў, нерв. прыпадкамі, сутаргамі, паносамі, схудненнем, разрывам страўніка і перытанітам. Лячэнне тэрапеўтычнае. Праводзяць прафілактычныя дэгельмінтызацыі.

т. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)