ГРЫЖА́НКА,
даўняя бел. страва з бручкі, якую крышылі на дробныя кавалкі, тушылі, запраўлялі малаком. Вядома на Віцебшчыне.
т. 5, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЕ́ЛЬ,
1) дэсертная страва з соку, адвару ягад і садавіны, завараных з крухмалам, вядомая ў беларусаў і многіх народаў свету.
2) Бел. страва з аўсянай, жытняй, пшанічнай мукі грубага памолу. Расчынялі на заквасцы. Рошчыну на К. ставілі ў цёплае месца на ноч, потым працэджвалі і з цэду гатавалі К. Часам варылі прэсны К. з гароху; гарох моцна разварвалі і прапускалі праз рэшата, прыпраўлялі алеем, салам. На посную куццю быў адной з абавязковых страў.
Г.Ф.Вештарт.
т. 8, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУ́СТА,
традыцыйная бел. страва з варанай дробна пакрышанай капусты з бульбай, прыправамі, часам грыбамі. Гатуюць з мясам або затаўкаюць здорам ці заскварваюць; часта перад ядою прыпраўляюць смятанаю.
т. 8, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ША,
1) у беларусаў вясельная абрадавая страва, якой частавалі маладых пасля, а часам і перад першай шлюбнай ноччу. Маладых, накрытых ручніком ці наміткай, прыводзілі з каморы ў хату, свякроў у вывернутым кажусе пугай здымала з іх пакрывала, кідала яго на печ і садзіла за стол, потым тройчы папераменна частавала з лыжкі К., трымаючы ў руках пугу. Пакаштаваўшы К., жаніх браў з рук маці лыжку з рэштай К. і кідаў яе на печ. Свякроў «біла» маладых пугай і выганяла з-за стала, яны аббягалі вакол яго і выходзілі з хаты, а свякроў садзілася на іх месца. За стол садзіліся госці. Неўзабаве маладая вярталася з закускай, частавала свякроў, апярэзвала яе поясам уласнага вырабу, вешала на плечы ручнік, на галаву завязвала чыстую хустку (Віцебшчына). Рытуал кідання К. на печ ці парог — рэшткі стараж. абраду ахвярапрынашэння продкам роду. Да 19 ст. яго першапачатковае значэнне страцілася. К. таксама абрадавая страва на радзінах (гл. Бабіна каша). 2) Традыцыйная страва амаль усіх народаў свету.
Л.А.Малаш.
т. 8, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ШКІ,
традыцыйная бел. страва. Кішкі чысцяць, вымываюць і напаўняюць дранай сырой пасоленай бульбай з тлушчам, зашываюць і пякуць на блясе. Гатуюць таксама з прысквараным цестам з грэцкай мукі.
т. 8, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЫ́,
традыцыйная бел. страва, каша з бобу, гароху ці тоўчанай бульбы. К. называліся таксама галушкі з аўсянай або гарохавай мукі, замешанай на вадзе з соллю ў крутое цеста.
т. 7, с. 553
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́БКА,
традыцыйная беларуская нар. страва. Драную бульбу заскварваюць салам, мясам з цыбуляю і інш. спецыямі і запякаюць. Гатовую бабку падаюць з малаком або смятанай. Вядома ўсюды ў наш час.
т. 2, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ННІЦА,
бел. страва з мукі і ягад каліны. Жытнюю муку запарвалі варам, калі яна «ўсалодае», сыпалі ягады каліны. Сушаныя ягады спачатку запарвалі варам і варылі. Елі К. з хлебам.
т. 7, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЕ́Ш,
у беларусаў 1) страва з мяснога булёну, падкалочанага мукой. Калі не было мяса, К. заскварвалі салам.
2) Густы, звычайна малочны суп з прасяных, радзей з ячных круп.
3) Тое, што крупнік.
т. 8, с. 573
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАШЧА́КА,
традыцыйная бел. страва — мачанне для бліноў. Падсмажаныя кавалачкі сала, каўбасы, свіныя рабрынкі з вострымі прыправамі падкалочваюць мукой і тушаць у печы. У наш час верашчака пашырана на ўсёй Беларусі пад назвай мачанка.
т. 4, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)