ГРАМА́ДСКАЯ ПРА́ЦА,
дзейнасць людзей, накіраваная на задавальненне эканам. патрэб грамадства. Праца заўсёды грамадская, бо людзі могуць ствараць матэрыяльныя даброты толькі з дапамогай ужо назапашаных грамадствам рэсурсаў. Само ўзнікненне грамадства звязана з неабходнасцю сумеснай працы многіх вытворцаў. Індывід. праца — частка сукупнай грамадскай працы, вынікам якой з’яўляецца сукупны грамадскі прадукт. У грамадскай працы вылучаюць грамадска арганізаваную працу, г.зн. дзейнасць, уключаную ў грамадскі падзел працы. Сферы грамадскай працы: матэрыяльная вытворчасць, невытворчая сфера, хатняя гаспадарка. Гл. таксама Праца.
т. 5, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НЕНТАЛЬ (Sonnenthal) Адольф фон (21.12.1834, Будапешт — 4.4.1909),
аўстрыйскі акцёр венскага «Бургтэатра» Г.Лаўбе. З 1856 вядучы акцёр. Мастацтва З. вызначалася высокім майстэрствам сцэн. слова, тонкасцю, элегантнасцю, імкненнем ствараць гарманічна выразныя вобразы. Выконваў вядучыя ролі ў бюргерскай драме, свецкіх камедыях, п’есах Ф.Шылера («Змова Фіеска ў Генуі», «Дон Карлас»), У.Шэкспіра — Гамлет, Атэла (аднайменныя п’есы), Г.Лесінга — Натан Мудры (аднайменная п’еса), І.Тургенева — Ракіцін («Месяц у вёсцы»), Г.Гаўптмана — Геншэль («Вазніца Геншэль») і інш.
т. 7, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПА́ДЧЫННАСЦЬ ЦЫТАПЛАЗМАТЫЧНАЯ,
узнаўленне ў шэрагу пакаленняў адзнак, што кантралююцца нуклеінавымі к-тамі клетачных арганоідаў — мітахондрый, хларапластаў і, магчыма, інш. пазахрамасомнымі элементамі. Крытэрыі С.ц.: наследаванне па мацярынскай лініі, адсутнасць колькаснага мендэлеўскага расшчаплення ў патомстве, немагчымасць выяўлення счаплення генаў, розныя вынікі рэцыпрокнага скрыжавання. У вышэйшых эўкарыётаў С.ц. характарызуецца «мацярынскім эфектам» — праз цытаплазму перадаюцца толькі адзнакі маці. Некат. віды С.ц. выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, напр., цытаплазматычная мужчынская стэрыльнасць у кукурузы дазваляе ствараць высокапрадукцыйныя міжлінейныя гібрыды.
Р.Г.Заяц.
т. 15, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАЛАГІ́ЧНАЯ НАМЕНКЛАТУ́РА,
міжнародны класіфікаваны пералік тэрмінаў, якія выкарыстоўваюць у гісталогіі. Прынята на 9-м міжнар. кангрэсе анатамаў у г. Ленінград (1970) на лац., англ. і рус. мовах. Кожнай краіне дадзена права ствараць гісталагічную наменклатуру на нац. мове з улікам перакладу лац. тэрмінаў. Праект Бел. гісталагічнай наменклатуры падрыхтаваны ў 1991 паводле сістэматычнага прынцыпу на бел., лац. і рус. мовах і ўключае 2846 тэрмінаў па цыталогіі, агульнай і прыватнай гісталогіі. Зацверджаны на 2-м з’ездзе анатамаў, гістолагаў і эмбрыёлагаў Беларусі (1991).
т. 5, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗРА́ІЛЬСКІ КУЛЬТУ́РНА-ІНФАРМАЦЫ́ЙНЫ ЦЭНТР (ІКІЦ),
ізраільскае прадстаўніцтва ў Беларусі. Засн. 29.3.1992 у Мінску з мэтай інфармавання насельніцтва Беларусі пра ўсе аспекты жыцця сучаснага Ізраіля (паліт., эканам., культ., навук.-тэхн. дасягненні, развіццё сістэмы адукацыі). Дапамагае яўр. абшчыне ствараць і развіваць нядзельныя школы ў Беларусі, ажыццяўляе сувязь паміж Мін-вам адукацыі Ізраіля і яўр. агульнаадук. школай (з вер. 1993) у Мінску. Прадстаўляе Адкрыты ун-т Ізраіля. Пры цэнтры дзейнічаюць курсы па вывучэнні іўрыта, асноў прадпрымальніцтва, камп’ютэрнай граматы; працуюць дзіцячыя гурткі, б-ка.
т. 7, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧ Антон Іванавіч (1811?, Віцебскі пав. — пасля 1854),
бел. кампазітар. Пасля 1832 жыў у Пецярбургу. Быў вядомы як піяніст-выканаўца і педагог, склаў школу ігры на фп. Адзін з першых пачаў ствараць нац.-характэрныя творы, у аснове якіх мелодыі бел. нар. песень і танцаў: праграмная 8-часткавая паэма «Беларускае вяселле», п’есы «Беларускія мелодыі», «Зачараваная дуда» для фп., песні «Дзеванька» і «Гарэліца» на словы Я.Баршчэўскага і інш.
Літ.:
Мальдзіс А.І. Падарожжа ў XIX стагоддзе. Мн., 1969;
Кісялёў Г. Радок у энцыклапедыю // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.
т. 1, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕЯЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
у праве здольнасць грамадзяніна або юрыдычнай асобы сваімі дзеяннямі набываць правы і ствараць для сябе юрыдычныя абавязкі, несці адказнасць за ўчыненае правапарушэнне. У Рэспубліцы Беларусь поўнай Дз. валодаюць грамадзяне па дасягненні паўналецця (18 гадоў). Юрыд. асобы набываюць Дз., як і праваздольнасць, з моманту іх узнікнення. Правы і законныя інтарэсы непаўналетніх, а таксама грамадзян, прызнаных недзеяздольнымі ў выніку псіхічнай хваробы або разумовай непаўнацэннасці, абараняюцца іх законнымі прадстаўнікамі — бацькамі, усынавіцелямі або апекунамі. Ніхто не можа быць абмежаваны ў Дз. інакш, як у выпадках, прадугледжаных законам.
С.У.Скаруліс.
т. 6, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЧЫНАРАЗВЯДЗЕ́ННЕ,
штучнае развядзенне паляўнічай птушкі і часткова млекакормячых (пераважна зайцоў) для павелічэння іх колькасці ў паляўнічых угоддзях. Заключаецца ў гадоўлі племянных птушак у гадавальніках, інкубаванні іх яек і вырошчванні птушанят да пэўнага ўзросту, пасля чаго іх выпускаюць ва ўгоддзі. Дз. развіта ў многіх краінах Еўропы і Паўн. Амерыкі, дзе стала асн. спосабам узнаўлення дзічыны. Дазваляе падтрымліваць на аптымальным узроўні колькасць жывёл і ствараць устойлівыя папуляцыі каштоўных відаў, вырашаць асобныя праблемы аховы жывёл. На Беларусі гал. аб’екты Дз. — качка, фазан, глушэц. Пытанні Дз. распрацоўваюць у запаведніках, нац. парках і асобных паляўнічых гаспадарках.
т. 6, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЎРЫЕ́НТ (Devrient) Людвіг (15.12.1784, Берлін — 30.12.1832),
нямецкі акцёр. З 1804 гастраляваў з тэатр. трупай па Цюрынгіі, выступаў у прыдворным т-ры ў Дэсаў, Брэслаўскім т-ры. З 1814 у Берлінскім каралеўскім т-ры. Мастацтва Д. вызначалася ўменнем ствараць жыццёва праўдзівыя і рамантычныя характары, перадаваць адценні пачуццяў і думак сваіх герояў. Сярод лепшых роляў: Лір, Шэйлак, Фальстаф («Кароль Лір», «Венецыянскі купец», «Генрых IV» У.Шэкспіра), Франц Моар, Геслер («Разбойнікі», «Вільгельм Тэль» Ф.Шылера), Гарпагон («Скупы» Мальера). Вобраз Д. стварыў Э.Т.А.Гофман у кнізе «Незвычайныя пакуты аднаго тэатральнага дырэктара» (1819).
т. 6, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАРУ́ХАЛЬНАЯ СІ́ЛА,
намагнічвальная сіла, фізічная велічыня, што характарызуе здольнасць крыніц магн. поля (эл. токаў) ствараць магнітныя патокі. Уводзіцца для разлікаў магнітных ланцугоў па аналогіі з электрарухальнай сілай эл. ланцугоў.
М.с. роўная цыркуляцыі напружанасці магнітнага поля па замкнёным контуры L, які ахоплівае эл. токі, што ствараюць гэтае поле:
, дзе — элемент контуру L, накіраваны ў напрамку абходу, n — колькасць праваднікоў (віткоў) з токамі Ii, ахопленых контурам L. Адзінка М.с. ў СІ — ампер (або ампер-віток).
М.А.Караткевіч.
т. 9, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)