Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д СТАНО́ЧНЫХ ВУЗЛО́Ў.
Арганізаваны ў 1961 на базе шклатарнага з-да як з-д нармалізаваных вузлоў. З 1976 сучасная назва. Да 1972 выпускаў нармалі, электрамех. сілавыя сталы і рэдуктары да іх, прыстасаванні да заточных станкоў. У 1972 і 1978 уведзены ў эксплуатацыю магутнасці для вырабу дэталей такарных і радыяльна-свідравальных станкоў, загатовак па вырабе тавараў нар. ўжытку. У 1993 дадаткова арганізавана вытв-сць мэблі. Асн. прадукцыя (1997): радыяльна-свідравальныя і такарныя станкі, свідравальна-фрэзерныя прыстасаванні, мэбля, тавары нар. ўжытку. Экспарт прадукцыі ў краіны СНД, Турцыю, Іран, Аўстралію, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.
Дзейнічала з 1808 у г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Мела 8 ткацкіх станкоў. У 1808 працаваў 101 чал., выпушчана 4,2 тыс. аршынаў сукна. У 1828 выраблена 2,7 тыс. аршынаў талесаў (адзенне, якое выкарыстоўвалася яўрэямі ў час ранішняй малітвы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПО́ЙСКАЯ ПАРУСІ́НАВАЯ МАНУФАКТУ́РА.
Дзейнічала ў мяст. Прапойск Быхаўскага пав. (цяпер г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.) у 1806—47. Размяшчалася ў 3 драўляных будынках. У розныя гады мела ад 3 да 40 (1814) ткацкіх станкоў. У 1809 працавалі 84 рабочыя з прыгонных сялян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯЛІ́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ І ПРЫСТАСАВА́ННІ.
Дзялільная машына — станок для нанясення дзяленняў (штрыхоў) на лінейках, шкалах прылад, растрах і інш.Найб. пашыраны аўтам. разцовыя машыны для нанясення лінейных і вуглавых шкал на вымяральных інструментах і прыладах. Дзялільная галоўка — прыстасаванне металарэзных (пераважна фрэзерных) станкоў для павароту на пэўны вугал дэталі, якая апрацоўваецца. Бываюць мех. і аптычныя. З іх дапамогай фрэзеруюць упадзіны паміж зубамі зубчастых колаў і рэжучых інструментаў, апрацоўваюць шматграннікі і інш.Дзялільныя прыстасаванні служаць для дакладнага паварочвання або прасоўвання дэталей пры апрацоўцы і вымярэнні паверхняў, наразанні шліцаў, спіральных пазоў і інш. Да іх адносяцца механізмы павароту сталоў разметачна-расточных, зубастругальных і інш.станкоў, а таксама барабанаў, рэвальверных галовак. На універсальных дзялільных прыстасаваннях звычайна апрацоўваюць складаныя дэталі. Для дакладных вымярэнняў яны аснашчаюцца мікраскопам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВАРЭ́ЗАЛЬНЫЯ СТАНКІ́,
станкі для апрацоўкі драўніны і драўняных матэрыялаў рэзаннем. На іх вырабляюць загатоўкі, дэталі і вырабы зададзеных формаў і памераў з паверхняй неабходнай якасці. Падзяляюцца на станкі, якія працуюць без здрабнення драўніны (стругальныя станкі, лушчыльныя станкі, нажніцы) і якія здрабняюць частку драўніны.
Да Д.с., якія працуюць са здрабненнем часткі драўніны, адносяцца: пілавальныя (лесапільныя рамы, стужачнапільныя станкі, круглапільныя станкі), фрэзерныя станкі (у т. л.фугавальныя станкі, рэйсмусавыя станкі, шыпарэзныя станкі), свідравальныя станкі, даўбёжныя станкі, шліфавальныя станкі, такарныя станкі, акорвальныя і драбільныя. Адрозніваюць Д.с. адна- і многашпіндэльныя; нізкай, сярэдняй, высокай дакладнасці і асабліва дакладныя; агульнага прызначэння, спецыялізаваныя і спецыяльныя. На Беларусі Д.с. і інш.дрэваапрацоўчыя машыны выпускаюцца мінскімі ВА па выпуску аўтам. ліній, працяжных і адразных станкоў, Баранавіцкім з-дам аўтам. ліній, Гомельскім і Аршанскім станкабуд. з-дамі, Віцебскім з-дам заточных станкоў і інш.
А.А.Барташэвіч.
Функцыянальныя схемы дрэварэзальных станкоў: а — стужачнапільнага (1 — дыск, 2 — стужачная піла); б — круглапільнага (1 — пільны дыск, 2 — дэталь); в — рэйсмусавага (1 — нажавы вал); г — лушчыльнага (1 — цурбак, 2 — шпона, 3 — нож); д — 4-баковага стругальнага (1 — нажавыя галоўкі, 2 — нажавыя валы); е — свідравальнага; ж — шыпарэзнага (1 — фрэзы), з — шліфавальнага з кантактным прасікам (1 — дэталь, 2 — прыціскны прасік, 3 — шліфавальная стужка); і — шліфавальнага з кантактным вальцам (1 — шліфавальная стужка, 2 — дэталь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў Беларусі ў 1827—84 у г. Ваўкавыск. Вырабляла розныя сукны, таксама трыко. У 1870 пушчана паравая машына. Мела 40 ткацкіх станкоў, 4 часальныя апараты, 6 прадзільных машын па 600 верацён (1879). Працавалі ад 32 (1828) да 97 (1880) рабочых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ВЕНСКІЯ СУКО́ННЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ Дзейнічалі ў 1780—1861 у г. Дуброўна. З мануфактуры (уладальнікі: князі Любамірскія, Евельсон, Гінзбург) і суконная ф-ка графа Пацёмкіна выраблялі тканіну. На мануфактурах у 1814—19 было 12—31 ткацкіх станкоў і 100—260 вольнанаёмных рабочых. На ф-цы Пацёмкіна працавалі 300 прыгонных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛАТА,
1) ручны або станочны дрэваапрацоўчы інструмент (разец) для выдзёўбвання адтулін, гнёздаў, пазоў і інш. Станочныя Д. бываюць полыя, з свердлам унутры (для свідравальна-даўбёжных станкоў), ланцугова-даўбёжныя і інш. 2) Інструмент, які выкарыстоўваецца пры ўдарным і вярчальным свідраванні адтулін (гл. ў арт.Буравы інструмент).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАБЕ́ЛІНСКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў 1815—73 у маёнтку Ізабелін (цяпер вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл.). У 1815 вырабляла байку, з 1827 — рознакаляровыя сукны. Мела 8 вадзяных рухавікоў. У 1873 дзейнічалі паравы рухавік, 50 ткацкіх станкоў, 2 валюшныя, 10 прадзільных і 31 інш. машына, працаваў 51 рабочы.