МЕХМЕ́Д II, Мехмет II (Mehmet) Фатых (Заваёўнік)

[30.3.1432, г. Эдырне, Турцыя — 3.4 (альбо 3.5). 1481],

турэцкі султан [1444; 1451—81]. Ажыццяўляў шырокую заваёўніцкую палітыку. 28.5.1453 захапіў Канстанцінопаль (з гэтага часу наз. Стамбул), спыніўшы існаванне Візант. імперыі. Заваяваў Сербію (1459), Марэю (1460), Трапезундскую імперыю (1461), Боснію (1463), в-аў Эўбея (1471), Албанію (1479), падпарадкаваў Крымскае ханства (1475). Пры ім складзены першы збор законаў Асманскай імперыі. Падтрымліваў развіццё гарадоў, будаўніцтва і мастацтва.

т. 10, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНА́Н, Каджа Мімар Сінан (1489 ці 1490, г. Кайсеры, Турцыя — 1588),

турэцкі архітэктар і інжынер. З 1538 гал. архітэктар султана Сулеймана I Кануні. Творча пераасэнсоўваў канстр.-маст. вопыт візант. дойлідства. Узводзіў велічныя цэнтрычныя купальныя мячэці з інтэр’ерамі, аздобленымі керамічнымі пліткамі (Шахзадэ, 1548, Сулеймана I, 1550—57, у г. Стамбул; Джума-Джамі, 1552, у г. Еўпаторыя, Рэспубліка Крым, і інш.), маўзалеі, палацы, масты, умацаванні.

Сінан. Мячэць Сулеймана I у Стамбуле.

т. 14, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІША́Н (Гевонд) (18.7.1820, г. Стамбул — 22.11.1901),

армянскі паэт, гісторык і мысліцель. Адукацыю атрымаў у кангрэгацыі арм. царкоўнікаў-мхітарыстаў у Венецыі. У зб. «Песнапенне» (т. 1—5, 1857—58) апаэтызаваў прыроду роднага краю, подзвіг народа ў барацьбе супраць чужаземных захопнікаў. Родапачынальнік рамант. кірунку ў арм. паэзіі (цыкл вершаў «Песні Патрыярха»). Аўтар фундаментальных даследаванняў па гістарыяграфіі, археалогіі, філалогіі, геаграфіі і этнаграфіі Арменіі, рэліг.-філас. трактатаў, кн. «Успаміны пра радзіму армян» (т. 1—2, 1869—70).

С.​Сарынян.

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУДАНІ́ЙСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1922,

падпісана 11.10.1922 у г. Муданья (Турцыя) прадстаўнікамі Вял. нац. сходу Турцыі з аднаго боку і ўрадаў Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі — з другога; 13.10.1922 да іх далучылася Грэцыя. М.п. скончыла грэка-турэцкую вайну 1919—22 і канстатавала перамогу кемалісцкай рэвалюцыі. Прадугледжвала вывад у 30-дзённы тэрмін грэч. войск з Усх. Фракіі за р. Марыца і часовае захаванне войск саюзнікаў у г. Стамбул і раёне Чарнаморскіх праліваў да падпісання мірнага дагавора. Дзейнічала да заключэння Лазанскага мірнага дагавора 1923.

т. 11, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-ФРА́НКА-РУ́СКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1915 аб пралівах,

сакрэтнае пагадненне, заключанае ў 1-ю сусв. вайну. Аформлена ў выглядзе абмену памятнымі запісамі і нотамі ў крас.—маі 1915. Прадугледжвала пасляваенны падзел Турцыі (саюзніцы Германіі): са згоды Англіі і Францыі да Расіі (у выпадку яе ўдзелу ў вайне да перамогі над герм. кааліцыяй) павінны былі перайсці г. Канстанцінопаль (цяпер Стамбул), пралівы Басфор, Дарданелы і сумежныя з імі раёны еўрап. і азіяцкай часткі Турцыі. Практычных вынікаў для Расіі не мела, бо анулявана Дэкрэтам аб міры 1917.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСКАНЯ́Н (Арус Тыгранаўна) (10.5.1899, г. Стамбул, Турцыя — 20.7.1943),

армянская актрыса. Нар. арт. Арменіі (1935). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1908 у Стамбуле. З 1910 выступала ў т-рах Баку, Тбілісі, з 1921 адна з вядучых актрыс Першага Дзярж. т-ра Арменіі ў Ерэване (цяпер Т-р імя Г.​Сундукяна). Яе майстэрства адметнае сцэн. культурай, тонкай распрацоўкай дэталей, дакладнасцю сцэн. формы. Сярод роляў: Сона, Сусан («Злы дух», «Намус» А.​Шырванзадэ), Антыгона (аднайм. п’еса Сафокла), лэдзі Макбет («Макбет» У.​Шэкспіра), Кацярына, Кручыніна («Навальніца», «Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Марыя Мікалаеўна («Рускія людзі» К.​Сіманава).

т. 4, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎРАКАРДА́ТАС ((Maurokardatos) Аляксандрас) (11.12.1791, г. Стамбул, Турцыя — 18.8.1865),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Грэцыі; адзін з кіраўнікоў Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. У студз. 1822 прэзідэнт Нац. сходу ў Эпідаўры, які абвясціў незалежнасць Грэцыі і выбраў М. яе прэзідэнтам (1822—23). Імкнуўся цэнтралізаваць кіраванне краінай, арыентаваўся на Вялікабрытанію. У сувязі з абвастрэннем супярэчнасцей паміж кіраўнікамі паўстання адмовіўся ад пасады прэзідэнта. У 1827—31 быў у апазіцыі да І.Кападыстрыі. Пры каралю Атоне I займаў урадавыя і дыпламат. пасады, у 1844 і 1854—55 прэм’ер-міністр.

т. 10, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХМУ́Д II (Mahmut; 20.7.1784, Стамбул — 1.7.1839),

турэцкі султан [1808—39]. Узведзены на прастол у выніку дварцовага перавароту. З сярэдзіны 1820-х г. правёў шэраг рэформ, накіраваных на стварэнне цэнтралізаванага дзярж. апарату і ліквідацыю феад. раздробленасці. Знішчыў корпус янычараў (1826), пазбавіў губернатараў права мець уласнае войска (1836—39), адкрыў шэраг свецкіх школ і вучылішчаў. Пры М. II Асманская імперыя пацярпела паражэнні ў войнах з Расіяй (1806—12 і 1828—29), вымушана была прызнаць незалежнасць Грэцыі і аўтаномію Сербіі (1830), вяла няўдалыя войны супраць Мухамеда Алі (1831—33 і 1839).

т. 10, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПАЗЯ́Н (Ваграм Камеравіч) (18.1.1888, г. Стамбул, Турцыя —5.6.1968),

армянскі акцёр. Нар. арт. СССР (1956). Сцэн. адукацыю атрымаў у Італіі. З 1907 (з перапынкамі) працаваў у арм. т-рах Стамбула, у 1922—53 іграў у арм. і рус. трупах Ерэвана, Тбілісі, Баку, Ленінграда, з 1954 у Арм. т-ры імя Г.​Сундукяна ў Ерэване. Творчасці ўласцівы дасканаласць выканаўчай тэхнікі, бліскучы артыстызм. Выступаў пераважна ў п’есах У.​Шэкспіра: Атэла, Гамлет, Рамэо, Макбет («Атэла», «Гамлет», «Рамэо і Джульета», «Макбет»). Сярод інш. роляў: Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Арбенін («Маскарад» М.​Лермантава).

т. 12, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЛО́ВІЧ (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 28.7.1961, г. Гродна),

бел. спартсмен (цяжкая атлетыка, вагавая катэгорыя больш за 110 кг). Засл. майстар спорту СССР (1988). Засл. работнік фіз. культуры і спорту Беларусі (1992). Скончыў Гродзенскі ун-т (1983). З 1997 трэнер абл. школы вышэйшага спарт. майстэрства. Чэмпіён XXIV (1988, Сеул) і XXV (1992, г. Барселона, Іспанія) Алімп. гульняў. Чэмпіён (1987, г. Острава, Чэхаславакія; 1989, Афіны; 1991, г. Донаўэшынген, Германія; 1994, г. Стамбул, Турцыя) і сярэбраны прызёр (1983, Масква) чэмпіянатаў свету. Чэмпіён Еўропы (1989—90). Чэмпіён СССР (1983, 1989, 1991—92). 12-разовы рэкардсмен свету (1983—84, 1987, 1994).

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)