ЛІ́ДСКІ РАЁН.

На Пн Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (з 1962 у сучасных межах). Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 47,3 тыс. чал. (1998, без г. Ліда), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 30 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Ліда. Уключае г. Бярозаўка, рабочы пас. Першамайскі, 276 сельскіх нас. пунктаў, 15 сельсаветаў: Беліцкі, Бердаўскі, Ваверскі, Ганчарскі, Гасцілаўскі, Голдаўскі, Дакудаўскі, Дварышчанскі, Дзітвянскі, Дубровенскі, Крупаўскі, Пескаўскі, Тарноўскі, Траццякоўскі, Хадаравецкі.

Тэрыторыя раёна знаходзіцца ў межах Лідскай раўніны і Нёманскай нізіны. Паверхня раўнінная, пераважаюць выш. 130—180 м, найвыш. пункт 207 м (за 8 км на Пн ад г. Ліда). Карысныя выкапні: торф, пясок, жвір, гліна, мел. Сярэдняя т-ра студз. -5,7 °C, ліп. 17,6 С. Ападкаў 604 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. З ПнУ на ПдЗ уздоўж мяжы з Навагрудскім і Дзятлаўскім р-намі працякае р. Нёман з прытокамі Гаўя (з Жыжмай), Дзітва (з Лідзеяй), Лебяда, Нарва. Азёры Вялічкаўскае і Глухава. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (50,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,5%), тарфяна-балотныя (14,8%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (12,7%) і інш. Пад лесам 27% тэрыторыі. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, найб. масівы на У (частка Нёманскіх лясоў). Балоты займаюць 13,4% тэр. раёна, з іх асушана каля 7,2 тыс. га, найб. вял. Дакудаўскае балота, Жыжма. Заказнікі: рэсп. значэння біял. Дакудаўскі, мясцовага — гідралагічныя Хвалькоўшчына, Тарноўскі, Бярэзіна. Помнікі прыроды: рэсп. значэння парк «Бальцінікі» і ўрочышча Гаік каля в. Крупава, насаджэнне (дуб, асіна, елка) ва ўрочышчы «Аступ» каля в. Мінойты; мясцовага — парк «Гарні» ў в. Гарні (закладзены ў 1881).

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 76,7 тыс. га, з іх асушаных 29,1 га. На 1.1.1999 у раёне 14 калгасаў, 5 саўгасаў, 39 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкет), шкляной (шклозавод «Нёман» ў г. Бярозаўка), харч. прам-сці, першаснай апрацоўкі лёну. Ветсанутыльзавод па вырабе мяса-касцявой мукі (у в. Даржы). Лясгас (вытв-сць піламатэрыялаў). Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Маладзечна—Ліда—Гродна, Вільнюс—Баранавічы; аўтадарогі на Гродна, Вільнюс, Іўе, Слонім, Навагрудак; газаправод Івацэвічы—Вільнюс з адгалінаваннямі на гарады Шчучын і Бярозаўку. У раёне 22 сярэднія, 12 базавых, 7 пач., 3 муз., 1 спарт. школы, дзіцяча-юнацкі цэнтр, 27 дашкольных устаноў, 32 дамы культуры і клубы, 48 б-к, 7 бальніц, 3 амбулаторыі, 20 фельч.-ак. пунктаў, пункт хуткай дапамогі. Музеі: гісторыі і прыроды (в. Бердаўка), этнаграфіі (в. Дзітва), музей Ігната Дамейкі (в. Крупава). Помнікі архітэктуры: Крыжаўзвіжанская царква (1810) у в. Бабры, Міхайлаўскі касцёл (пач. 20 ст.) у в. Белагруда, капліца (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква (пач. 20 ст.) у в. Беліца, Пакроўская царква (1774) у в. Ганчары, царква Раства Багародзіцы (1795) у в. Голдава, Пакроўская царква (пач. 20 ст.) у в. Збляны, сядзіба (жылы дом, маслабойня, стайня, парк, 19 ст.) у в. Малое Мажэйкава, касцёл (19 ст.) у в. Няцеча, сядзіба (жылы дом, стайня, лядоўня, ветраны млын, сквер, канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Тарнова. Старажытны цэнтр ручнога маст. ткацтва ў в. Збляны. Выдаецца «Лідская газета».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 9, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1-й пал. 17 ст. — 1-й пал. 20 ст. ў Мінску. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (цяпер пл. Свабоды), знаходзіўся на яго паўд.-ўсх. баку, абмежаваны вуліцамі Валоцкай (цяпер Інтэрнацыянальная), Дамініканскай (цяпер Энгельса) і Юр’еўскай (цяпер Ракаўская). Комплекс уключаў будынкі касцёла, кляштара і гасп. пабудовы. Засн. ў 1605 па фундацыі С.​Слушкі. У 1615 мінскі ваявода П.​Тышкевіч перадаў ордэну пляц для пабудовы касцёла і кляштара. Пабудаваны ў стылі барока; у пач. і 2-й пал. 18 ст. рэканструяваны. Касцёл св. Томаша Аквінскага (закладзены ў 1622) — прамавугольная ў плане 3-нефавая 6-слуповая базіліка з 2 капліцамі ў паўд.-зах. частках бакавых нефаў. Бязвежавы гал. фасад быў падзелены пілястрамі на 2 часткі: цэнтральная завяршалася хвалістым шмат’ярусным шчытом з невял. вежачкай, бакавыя — вял. сіметрычнымі на высокіх 8-гранных светлавых барабанах над капліцамі. Сцены касцёла расчлянёны пілястрамі, лучковымі і арачнымі аконнымі праёмамі. Інтэр’ер упрыгожаны фрэскавым жывапісам, у ім было 13 разных драўляных і стукавых алтароў. Да прэсбітэрыя касцёла прымыкаў 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак кляштара. У паўн.-зах. частцы комплексу былі сад і драўляныя гасп. пабудовы (2 флігелі, свіран, стайня). Комплекс быў абнесены высокай агароджай з 2-вежавай 3-яруснай брамай-званіцай. У 1832 кляштар закрыты, у 1840-я г. перабудаваны пад каталіцкую семінарыю, пасля 1869 у ім размяшчаліся казармы. У 1950 разбураны. Захаваліся падмуркі, крыпта, частка сцен (пасля археал. даследаванняў закансерваваны).

У.​М.​Дзянісаў.

Мінскі касцёл і кляштар дамініканцаў. Малюнак.

т. 10, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАМЫСЛА́ЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 18—19 ст. Створана ў в. Жамыслаўль (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.) на левым беразе р. Гаўя. Яе фарміраванне пачалося з 2-й пал. 18 ст. З 1805 уласнасць роду Умястоўскіх. У 1828 К.​Умястоўскі па баках набытага 1-павярховага драўлянага сядзібнага дома (у стылі барока) паставіў 2 мураваныя афіцыны з калоннымі порцікамі ў стылі класіцызму (захаваўся адзін), лядоўню, аранжарэю і манеж. Яго жонка дабудавала палац (да 1877), які існуе і цяпер. У канцы 19 ст. ўладальнік У.​Умястоўскі аддаў сядзібу пад навук. базу Віленскаму ун-ту. У час. 1-й сусв. вайны (1914) у сядзібе немцы стварылі курорт. Захаваліся палац, гасп. будынкі, вінакурня (1885), парк. Планіровачнае ядро ансамбля — мураваны палац і 2 сіметрычна пастаўленыя флігелі, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам. Цэнтр. алею перад палацам замыкае мураваная альтанка са скульптурай Маці Божай (1883). Палац пабудаваны па аналогіі з варшаўскай рэзідэнцыяй 18 ст. Лазенкі, верагодна, паводле праекта арх. Л.​Марконі. Т-падобны ў плане 2-павярховы будынак строга сім. кампазіцыі завершаны масіўным кубічным бельведэрам з шырокімі арачнымі вітражамі. У цэнтры гал. фасада лоджыя з каланадай і бакавымі антамі, у цэнтры дваровага — 4-калонны порцік з трохвугольным франтонам і трыгліфным фрызам. У вырашэнні фасадаў выкарыстаны карынфскі ордэр. У адной з залаў захавалася кафляная печ 18 ст. Уцалелі мураваныя склеп, стайня, млын, свіран (пач. 19 ст.). Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 7 га) высаджаны ў 1883, падзелены ракой на 2 часткі: рэгулярна-парадную вакол палаца і пейзажную на зарэчным баку. Растуць ліпа звычайная, кедр сібірскі, бяроза далекарлійская і інш.

А.​М.​Кулагін.

Жамыслаўская сядзіба. З малюнка Н.​Орды.

т. 6, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РСКІ ЗА́МКАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік архітэктуры 16 — пач. 20 ст. ў г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў пач. 16 ст. магнатам Ю.​І.​Іллінічам. З 1568 належаў кн. Радзівілам, у 19 ст. Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім. Уключае замак, палац (захаваўся часткова), парк, капліцу-пахавальню (гл. Мірская капліца). Замак напачатку быў мураванай (цэгла і бутавы камень) крэпасцю (з унутр. дваром, блізкім у плане да квадрата), абнесенай з зах. і паўн. бакоў абарончымі сценамі (выш. з падмуркам каля 13 м, таўшчыня ўнізе 3 м) з 5-яруснымі вежамі па вуглах. Пасярэдзіне зах. сцяны знаходзілася пятая, 6-ярусная вежа-брама, якая мела герсу і пад’ёмны мост. Вежы (выш. 25—27 м) накрыты шатрамі, прарэзаны байніцамі і амбразурамі для вядзення агню з ручной агнястрэльнай зброі і гармат. Паўд. і паўн.-зах. вежы завяршаліся машыкулямі для кідання камянёў і ліцця вару. Ніжнія ярусы вежаў маюць мураваныя скляпенні, верхнія перакрываліся памостамі на драўляных бэльках. Замак абкружаны землянымі валамі выш. каля 10 м і ровам з вадой. Дэкар. вырашэнне заснавана на кантрасце чырвонай цэглы і ружовай атынкоўкі. Вонкавыя сцены арнаментаваны парэбрыкамі, гіркамі, нішамі, паяскамі, паўкалонкамі. Архітэктура замка мае рысы позняй готыкі і рэнесансу. У 1580—90-я г. перабудаваны пад княжацкую загарадную рэзідэнцыю (будаўнік М.​Збароўскі). Да паўд. і ўсх. сцен прыбудаваны 3-павярховы палац. Вежы прыстасаваны пад жыллё, уздоўж зах. і паўд. сцен замка пастаўлены гасп. пабудовы (кухня, стайня). У сутарэннях палаца і на 1-м паверсе размяшчаліся гасп. памяшканні, на 2-м — службовыя, на 3-м — княжацкія пакоі. Усяго ў палацы больш за 40 пакояў, аздобленых лепкай, мармурам, шпалерамі. Сістэма ацяплення складалася з прыгожых кафляных печаў і камінаў, дымаходы праходзілі ў мураваных сценах. Сцены і вежы звонку атынкаваныя. Аконныя праёмы, дзверы, ганкі ўпрыгожаны разнымі дэталямі з вапняку. У вежы-браме быў гадзіннік са званамі, у т. л. ажурнымі; перад уваходам пабудавана дадатковае паўкруглае ўмацаванне (барбакан) з асобнай брамай і рэнесансавым разным парталам. Замак быў адм. цэнтрам Мірскага графства, тут знаходзіліся канцылярыя і астрог. На працягу існавання замак неаднойчы быў аб’ектам аблог і штурмаў. Пашкоджаны ў 1655 і 1706. Адноўлены ў пач. 18 ст. Замак моцна пашкоджаны ў 1794. У канцы 18 ст. заняпаў. У 1812 пад сценамі замка адбыўся бой паміж франц. кавалерыяй маршала Л.​Н.​Даву і ар’ергардам 2-й рус. арміі — казацкай конніцай М.​І.​Платава. Была ўзарвана паўн.-ўсх. вежа, палац разрабаваны, разбураны і спалены. У 1870-я г. праведзены першыя работы па захаванні замка як помніка старажытнасці. У 1920—30-я г. часткова адноўлены М.​Святаполк-Мірскім. У Вял. Айч. вайну ў замку размяшчалася яўр. гета. З 1969 праводзіліся частковая кансервацыя і навук. даследаванні (праект рэстаўрацыі 1982, арх. В.​Атас, С.​Верамейчык, В.​Калнін, навук. супрацоўнікі А.​Трусаў, Л.​Трэпет). Археал. даследаванні на тэр. замка праводзілі Ю.​Ядкоўскі (1912), М.​Ткачоў (1972), Трусаў (1980—84, 1991; у 1982 з І.​Чарняўскім). Знойдзена вял. колькасць керамічных, шкляных і метал. вырабаў. З 1992 філіял Нац. маст. музея Беларусі. Парк (т.зв. італьян. сад) створаны на Пд за замкавымі валамі. Закладзены ў 17 ст. як рэгулярны парк італьян. тыпу з сістэмай алей і баскетаў, аранжарэямі і вадаёмамі. Па перыметры абсаджаны ліпамі. У канцы 19 ст. створаны пейзажны парк (пл. каля 20 га), у яго кампазіцыі рэшткі рэгулярнага парку ў зах. частцы. Акрамя прысад з мясц. парод у парку больш за 400 цеплалюбівых раслін з розных куткоў свету. На У ад комплексу знаходзіцца фальварак, на Пд — каскад ставоў з вадзянымі млынамі. За 3 км ад замка закладзены звярынец для палявання. Комплекс у асноўным захаваўся і з’яўляецца унікальным збудаваннем бел. архітэктуры, у якім адлюстраваны стылі готыкі і рэнесансу, сумяшчаюцца рысы абарончай і палацавай архітэктуры. Аднесены ЮНЕСКА да вышэйшай катэгорыі помнікаў сусв. культуры (1994). Вядзецца рэстаўрацыя (2000).

Літ.:

Иодковский И.И. Замок в Мире // Древности. М., 1915. Т. 6;

Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987;

Трусаў А.А. Старонкі мураванай кнігі. Мн., 1990;

Калнін В.В. Мірскі замак: [Гіст.-архіт. нарыс]. Мн., 1995.

В.​Р.​Анціпаў, В.​В.​Калнін, А.​М.​Кулагін, А.​А.​Трусаў.

Мірскі замкава-паркавы комплекс.

т. 10, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)