ІМА́ГА (ад лац. imago вобраз),
дарослая стадыя індывід. развіцця насякомых і некаторых іншых членістаногіх. У гэтай стадыі членістаногія размнажаюцца, іншы раз рассяляюцца, не ліняюць і не растуць. Працягласць стадыі І. ад некалькіх гадзін да некалькіх гадоў. Напр., у аўсяніка І. цягнецца гадзіны, у матылькоў-мяшочніц — мінуты; у жукоў (даўганосікі, чарнацелкі) 2—3 гады.
т. 7, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАНТО́МА [ад грэч. odus (odontos) зуб + ...ома],
дабраякасная пухліна ў выглядзе кангламерату розных зубных тканак. Узнікае ад парушэння развіцця аднаго або некалькіх зубоў на верхняй ці ніжняй сківіцы, часцей каля карэнных зубоў. Мяккая адантома — ранняя стадыя развіцця пухліны — складаецца з эпітэліяльнай і злучальнай тканак. Назіраецца часцей у маладым узросце. Цвёрдая адантома (абвапнаваная) можа ўключаць дробныя зубы або зубападобныя структуры, акаймаваныя капсулай. Лячэнне хірургічнае.
т. 1, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́МФА (ад грэч. nymphē кукалка, лічынка, літар. нявеста, дзяўчына),
фаза (стадыя) паслязародкавага развіцця членістаногіх, якія развіваюцца без яўна выражанага метамарфозу (без стадыі кукалкі).
Уласціва кляшчам, усім першаснабяскрылым і некат. крылатым насякомым. У аўсянікаў, вяснянак і стракоз Н. наз. наядай. Выглядам Н. падобная на дарослы арганізм; адрозніваецца недаразвітым палавым апаратам, а ў крылатых насякомых — і крыламі. Ліняе шмат разоў і паступова ператвараецца ў імага.
т. 11, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРСЕРЫЗА́ЦЫЯ [ад імя англ. вынаходніка Дж.Мерсера (J.Merceir; 1791—1866)],
1) першая стадыя тэхнал. працэсу вытв-сці віскозы. Ажыццяўляюць апрацоўкай цэлюлозы водным растворам гідраксіду натрыю. Пры М. ўтвараецца шчолачная цэлюлоза, адначасова адбываецца набраканне цэлюлозы і растварэнне яе нізкамалекулярных фракцый.
2) Апрацоўка баваўняных і цэлюлозных тканін водным растворам гідраксіду натрыю. Надае тканінам бляск, павышае гіграскапічнасць, мех. трываласць і паляпшае іх здольнасць афарбоўвацца.
т. 10, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЛЮ́ЗІЯ (ад лац. occlusus замкнёны, схаваны),
1) захоп крышталямі часткі рэчыва асяроддзя пры крышталізацыі. Прыводзіць да забруджвання крышталёў прымесямі, якія ўплываюць на іх фіз. ўласцівасці.
2) Паглынанне газаў цвёрдымі металамі ці расплавамі з утварэннем цвёрдых і вадкіх раствораў або хім. злучэнняў (напр., нітрыды, гідрыды).
3) Аклюзія цыклону — стадыя развіцця цыклону, пры якой цёплыя масы паветра пры сустрэчы з халодным фронтам выцясняюцца ў верхнія слаі трапасферы і страчваюць сувязь з зямной паверхняй.
т. 1, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РСІЯ ў геалогіі,
1) І. тэктанічная — завяршальная стадыя ў цыкле развіцця геасінкліналі, якая адбываецца ў змене апускання зямной кары падняццямі. У гэты перыяд з І. звязаны: пачатак росту горных хрыбтоў, змінанне горных парод у складкі, пранікненне магматычных інтрузій і рэгіянальны метамарфізм.
2) І. рэльефу, перавернуты рэльеф — ператварэнне рэльефу агентамі дэнудацыі з узнікненнем зваротных суадносін паміж геал. структурамі і формамі рэльефу (напр., над антыкліналямі размешчаны рачныя даліны, а над сінкліналямі горныя хрыбты).
т. 7, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАСТАЦЫ́СТА (ад бласта... + грэч. kystis пузыр),
бластадэрмічны пузырок, стадыя развіцця зародка млекакормячых жывёл і чалавека ў выніку драблення аплодненага яйца. Бластацыста — пузырок, запоўнены вадкасцю. Вонкава нагадвае бластулу млекакормячых, але адрозніваецца ад яе дыферэнцыроўкай груп клетак на трафабласт і эмбрыяпласт (зародкавы вузельчык). З зародкавага вузельчыка ўтвараюцца зародкавыя лісткі (эктадэрма, эндадэрма і мезадэрма), якія фарміруюць цела зародка. На стадыі бластацысты зародак перамяшчаецца па яйцаводзе ў поласць маткі, абалонка яйца разрываецца, што стварае ўмовы для імплантацыі.
т. 3, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛДА́ЙСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,
апошняе зледзяненне плейстацэну ў еўрап. ч. Расіі. Адбылося 80—11 тыс. г. назад. У пачатку зледзянення ледавік дасягаў макс. памераў і даходзіў да цяперашняга г. Цвер (ранневалдайская, калінінская, падпарожская стадыя), пасля чаго настала пацяпленне (сярэдневалдайскае, ленінградскае, манчалоўскае). У канцы валдайскага зледзянення ледавік зноў пашырыўся і падыходзіў да сучаснага Валдайскага узв. (познавалдайская, асташкаўская стадыі). Валдайскае зледзяненне адпавядае паазерскаму зледзяненню ў Беларусі, вюрмскаму зледзяненню ў Альпах, віскансінскаму ў Паўн. Амерыцы, вейхзельскаму, віслінскаму ў Зах. Еўропе.
т. 3, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАБЛЕ́ННЕ яйца, сегментацыя яйца,
рад паслядоўных дзяленняў аплодненага яйца, у выніку якіх утвараюцца больш дробныя клеткі (бластамеры); стадыя развіцця ўсіх шматклетачных жывёл. Пачынаецца пасля збліжэння мужч. і жан. клетак (гл. Апладненне) і аб’яднання іх храмасом. У некат. жывёл бывае Д. неаплодненых яец (гл. Партэнагенез). Іншы раз аплодненыя яйцы знаходзяцца ў стане спакою (гл. Дыяпаўза) і пачынаюць развівацца пры змяненні знешніх умоў (напр., т-ры навакольнага асяроддзя). У чалавека Д. прыводзіць да ўтварэння комплексу бластамераў — морулы.
т. 6, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́КАЛКА,
1) прамежкавая стадыя ў развіцці насякомага з поўным ператварэннем (гл. Метамарфоз), у час якой знікаюць лічынкавыя органы і развіваюцца органы дарослай асобіны (імага).
2) Арганізм па пэўнай стадыі развіцця. Адрозніваюць 3 тыпы К.: свабодная (адкрытая) — у сеткакрылых, перапончатакрылых, большасці жукоў; пакрытая — у матылёў, даўгавусых і прамашоўных караткавусых двухкрылых; скрытая (несапр. кокан, пупарый) — у мух, галіц. К. не корміцца і звычайна нерухомая. Працягласць стадыі К. ад 6—10 сут (у некаторых мух) да многіх месяцаў.
т. 8, с. 567
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)