БЕРТРА́Н ДЭ БОРН (Bertran de Born; каля 1140, замак Перыгор, гіст. вобл. Лімузен, Францыя — каля 1215),
правансальскі паэт-трубадур. Выдатны майстар сірвентэса — паліт., воінскай і дыдактычнай куртуазнай песні, што адлюстроўвала рыцарскі кодэкс годнасці, погляды і пачуцці дробнага рыцарства. Валодаў замкам Альтафорт, удзельнічаў ва ўсіх тагачасных паліт. падзеях і феад. спрэчках. Паводле падання, быў адным з гал. віноўнікаў міжусобіцы на франц. землях сярод членаў каралеўскай сям’і Плантагенетаў. І хоць паданне не зусім адпавядала рэчаіснасці, Дантэ змясціў Бертрана дэ Борна як зласлівага дарадцу ў 8-е кола пекла, дзе той паўстае з адсечанай галавой у руцэ («Боская камедыя», Пекла, XXVIII, 118—122). Вельмі бурлівае, поўнае авантур жыццё паэта скончылася ў манастыры.
Тв.:
Рус. пер. — [Стихи] Поэзия трубадуров;
Поэзия миннезингеров;
Поэзия вагантов. М., 1974.
Літ.:
Смирнов А.А. Лирика трубадуров и труверов // История зарубежной литературы: Средние века и Возрождение. 4 изд. М., 1987;
Ковалева Т.В. Рыцарская (куртуазная) литература // Ковалева Т.В., Лапин И.Л., Паньков Н.А. Литература Средних веков и Возрождения. Мн., 1988.
Г.В.Сініла.
т. 3, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАДА́ННЕ АБ КНЯЗЯ́Х УЛАДЗІ́МІРСКІХ»,
помнік рас. л-ры і публіцыстыкі 16 ст., які выкарыстоўваўся велікакняжацкай, а пасля царскай уладай для ўмацавання свайго аўтарытэту. У аснове «Падання» легенда пра паходжанне ўладзімірскіх і маскоўскіх вял. князёў ад рым. імператара Аўгуста праз легендарнага Пруса, які нібыта з’яўляўся адначасова нашчадкам Аўгуста і сваяком Рурыка — заснавальніка княжацкага роду Рурыкавічаў. Другая легенда апавядала пра набыццё Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам царскіх рэгалій ад дзеда па маці візант. імператара Канстанціна Манамаха. Час з’яўлення гэтых легенд невядомы. У пач. 16 ст. (не пазней 1523) яны былі злучаны ў «Пасланні» цвярскога царк. публіцыста Спірыдона-Савы. На аснове «Паслання» складзена 1-я рэд. гэтага «Падання», ідэі якой выкарыстоўваліся ў дыпламат. спрэчках пры Васілю III і Іване IV. Легенда пра паходжанне маскоўскіх вял. князёў ад Аўгуста ўключана як уступны артыкул да Гасударава радаслоўца 1555 і ў Сцепянную кнігу (паміж 1560 і 1563, апалогія маскоўскай манархіі). 2-я рэд. «Падання» напісана як уступны артыкул да «Чыну вянчання» Івана IV у 1547.
т. 11, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАДА́РЧАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць прававых нормаў, якія вызначаюць парадак кіравання гасп. дзейнасцю, рэгулююць гасп. адносіны, што складваюцца паміж рознымі арг-цыямі і іх падраздзяленнямі, і накіраваны на забеспячэнне рацыянальнага і эфектыўнага гаспадарання. Нормы гаспадарчага права змешчаны ў актах гасп. заканадаўства, якое вызначае прынцыпы, формы і метады гаспадарання, прававое становішча суб’ектаў гаспадарання і органаў гасп. кіравання, сістэму гаспадарчых дагавораў і інш. абавязацельстваў, адказнасць у гасп. адносінах і інш. Асн. крыніцамі гаспадарчага права Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца яе Канстытуцыя, законы аб прадпрыемствах, кааперацыі, маёмасці, прадпрымальніцкай дзейнасці, аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці, банкаўскай справе, аб эканам. неплацежаздольнасці і банкруцтве, аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзярж. уласнасці, аб абароне правоў спажыўцоў і інш. У гаспадарчае права сумесна з агульнымі нормамі і правіламі выкарыстоўваюцца і нормы канкрэтнага характару (нормы-заданні, рэкамендацыі, ведамасныя інструкцыі і інш.), якія выдаюцца ўрадам і органамі гасп. кіравання, рашэнні гасп. судоў па канкрэтных спрэчках суб’ектаў гаспадарання і інш. Забеспячэнне іх выканання дасягаецца пэўнымі санкцыямі, якія прымяняюць у выпадках парушэння нормаў, а таксама мерамі матэрыяльнага заахвочвання і ў арганізац. парадку.
Ю.Я.Савельеў.
т. 5, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКОЕ Э́ХО»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-бурж. кірунку. Выдавалася з 30.5(12.6).1908 да 20.9(3.10).1909 у Мінску на рус. мове. Выступала за бурж.-дэмакр. рэформы, абмежаванае культ.-нац. самавызначэнне народаў, эвалюцыйнае развіццё грамадства на аснове раўнапраўя, свабоды слова. Змяшчала агляды друку, крытычныя матэрыялы на асобныя рэакц. выданні («Минское слово» і інш.), камерцыйную рэкламу і аб’явы, антываен. публіцыстыку, белетрыстыку, маст. творы мясц. аўтараў. Інфармавала пра тэатр. і муз. жыццё Мінска, дзейнасць Мінскага літ.-артыстычнага т-ва. Пры асвятленні эстэт. праблем схілялася да народніцкай крытыкі, займала кампрамісную пазіцыю ў спрэчках паміж прыхільнікамі рэалізму і мадэрнізму. Апублікавала літ.-крытычныя нататкі, літ. агляды пра рус., бел. пісьменнікаў, кампазітараў (Л.Андрэева, М.Арцыбашава, С.Гарадзецкага, М.Гумілёва, М.Горкага, А.Каменскага, Я.Купалу, Л.Талстога, П.Чайкоўскага, А.Чэхава), а таксама замежных (М.Метэрлінка, Ю.Славацкага), пра юбілеі М.Гогаля, І.Тургенева.
Літ.:
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985. С. 136—153.
У.М.Конан.
т. 10, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. positio становішча),
1) пункт гледжання па якім-небудзь пытанні; акрэсленая ацэнка факта, з’явы, падзеі; дзеянні, паводзіны, што зыходзяць з гэтай ацэнкі (П. ў спрэчках, П. чакання і да т.п.).
2) Ваенная П. — паласа (раён, участак) мясцовасці (акваторыі), занятая або намечаная для заняцця войскамі. П., як правіла, абсталёўваюцца ў інж. адносінах і з’яўляюцца састаўной ч. глыбока эшаланіраваных абарончых палос, размешчаных у пэўным парадку па фронце і ў глыбіню. Аснову кожнай П. складаюць звязаныя паміж сабой адзінай сістэмай агню і загарод апорныя пункты падраздзяленняў, якія абараняюцца. П. абсталёўваюцца акопамі, траншэямі, хадамі зносін і інш. Рыхтуюцца таксама П. агнявых сродкаў, а для пускавых установак ракетных войск — стартавыя П. У сухап. войсках адрозніваюць П. баявыя, запасныя, абарончыя, перадавыя, прамежкавыя і інш. Перад наступленнем у зыходным раёне рыхтуюцца чакальныя П.; у ходзе наступлення войскі займаюць і абсталёўваюць П. для замацавання захопленай мясцовасці. П. для ВМФ (ВМС) з’яўляецца водная прастора, якую займаюць караблі для вядзення бою; у прыбярэжных раёнах абсталёўваюцца мінна-артыл. П.
3) Становішча, размяшчэнне чаго-небудзь (напр., П. фігур на шахматнай дошцы).
т. 11, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВА́ЦЦАЦЬ ТРЭ́ЦІ З’ЕЗД КПБ (нечарговы). Адбыўся 14—15.1.1959 у Мінску. Прысутнічала 645 дэлегатаў з рашаючым і 83 з дарадчым голасам ад 187 909 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: кантрольныя лічбы развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1959—65 і задачы Кампартыі Беларусі (К.Т.Мазураў). Падрыхтоўка да з’езда супала са святкаваннем 40-годдзя БССР і КПБ, узнагароджаннем рэспублікі другім ордэнам Леніна. У дакладзе адзначаліся вынікі эканам. развіцця Беларусі за 1956—58: аб’ём прамысл. вытв-сці павялічыўся на 41%, у лік дзеючых уступілі Мінскія з-ды аўтам. ліній, трактарных запчастак, гадзіннікавы, электратэхнічны, ацяпляльнага абсталявання, камвольны камбінат; Полацкі з-д шкловалакна, 1-я чарга Васілевіцкай, 2-я чарга Смалявіцкай ДРЭС. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі ў 1953—58 вырасла ў 2,2 раза, у т. л. жывёлагадоўлі ў 3,1 раза. Павялічваліся маштабы буд-ва (у 1958 пабудавана 1,7 млн. м² жылля, у вёсцы — 28 тыс. дамоў). Аднак дакладчык і выступаючыя ў спрэчках (24 чал.) адзначалі недахопы ў развіцці нар. гаспадаркі, культуры: невыкананне многімі прамысл. і с.-г. прадпрыемствамі даведзеных ім заданняў, марудны рост прадукцыйнасці працы, вял. выдаткі на выпуск адзінкі прадукцыі, вял. аб’ём незавершанага буд-ва і інш. З’езд ухваліў кантрольныя лічбы развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1959—65 і дырэктыўныя ўстаноўкі для Беларусі.
Р.П.Платонаў.
т. 6, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ТА ЦЫВІ́ЛЬНАГА СУДА́,
вышэйшы судовы орган па цывільных справах у губернях Рас. імперыі. Уведзены на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» 1775. Ў 1778 уведзены ў Полацкай і Магілёўскай губ., у 1795 — у Мінскай губ. Апеляцыйная інстанцыя (2-я інстанцыя) па цывільных справах для верхняга земскага суда, губернскага магістрата, верхняй расправы. У якасці суда 1-й інстанцыі разглядала цывільныя справы з коштам іску не ніжэй за 500 руб. Да адмены Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 на тэр. Беларусі (да 1840) цывільныя справы разглядаліся ў палаце на падставе заканадаўства Рас. імперыі (справы, якія закраналі інтарэсы казны) і норм мясц. права. У склад палаты ўваходзілі старшыня, 2 саветнікі і 2 асэсары. 6.2.1797 паводле ўказа Паўла I П.ц.с. на тэр. Беларусі скасаваны і заменены гал. судамі. Адноўлены ў 1831 як апеляцыйная і рэвізійная інстанцыя для павятовых судоў і магістратаў. У якасці 1-й інстанцыі разглядалі справы па спрэчках аб гарадах, маёнтках, якія знаходзіліся на тэр. розных паветаў. У дачыненні судоў 1-й інстанцыі мелі адм. паўнамоцтвы і маглі аб’яўляць вымовы і накладаць штрафы на чыноўнікаў ніжэйшых судоў. Пасля 1831 у склад палаты ўваходзілі старшыня, саветнік (з 1837 таварыш старшыні) і па 2 засядацелі ад дваран і купецтва. Справаводства вялося на рус. і польскай (да 1831) мовах. У 1867 паводле ўказа Сената П.ц.с. аб’яднаны з палатамі крымінальнага суда ў злучаныя палаты крымінальнага і цывільнага суда.
А.У.Марыскін.
т. 11, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІКІ,
прадстаўнікі адной з плыней рас. грамадскай думкі 1840—50-х г., якія выступалі за развіццё Расіі па зах.-еўрап. шляху. Сярод З. пераважалі дваране, былі таксама разначынцы і выхадцы з багатага купецтва. Да З. належалі: літаратары П.Я.Чаадаеў, І.С.Тургенеў, М.А.Мельгуноў, В.П.Боткін, П.В.Аненкаў, вучоныя Ц.М.Граноўскі, С.М.Салаўёў, К.Дз.Кавелін, І.В.Вярнадскі і інш., прымыкалі пісьменнікі Дз.В.Грыгаровіч і І.А.Ганчароў, В.М.Майкаў, М.А.Някрасаў, М.Я.Салтыкоў-Шчадрын і інш. У грамадскай барацьбе супраць «тэорыі афіцыйнай народнасці» і ў ідэйных спрэчках са славянафіламі 1840-х г. на баку З. выступалі і атаясамлівалі сябе з імі А.І.Герцэн, М.П.Агароў, В.Р.Бялінскі. З. супрацоўнічалі ў часопісах «Отечественные записки», «Современник», «Русский вестник», «Атеней», газ. «Московские ведомости» і інш. На філас. погляды З. значны ўплыў зрабілі творы зах.-еўрап. філосафаў Ц.Штрауса, Г.Гегеля, В.Баўэра, Г.Бокля і інш. Аснова іх светапогляду — запазычанае ў асветнікаў прызнанне вядучай ролі чалавечага розуму ў пазнанні, філас. асэнсаванні і практ. засваенні рэчаіснасці. Гіст. працэс З. ўспрымалі як прагрэс грамадства ад горшага да лепшага. Яны сцвярджалі самакаштоўнасць чалавечай асобы як носьбіта розуму, не прымалі патрыярхальную ідэю «сямейнага адзінства» памешчыкаў і іх прыгонных, былі прыхільнікамі хутчэйшага вызвалення сялян. З. лічылі «справядлівым» тое грамадства, дзе створаны ўсе ўмовы для існавання і самарэалізацыі асобы, крытычна ставіліся да парадкаў і сац. адносін у Зах. Еўропе, тлумачылі «заходні» шлях Расіі як перайманне лепшых рысаў зах.-еўрап. цывілізацыі. З. падзяляліся на т. зв. лібералаў (большасць), якія выступалі за мірныя, рэфарматарскія шляхі змен, і радыкалаў (лідэры А.І.Герцэн, і М.П.Агароў), якія дапускалі магчымасць рэв. змен у грамадстве. У 1860-я г. паміж радыкальнымі і ліберальнымі З. адбыўся рашучы разрыў. Многія тэарэт. палажэнні, выпрацаваныя З., сталі ідэалаг. асновай шэрагу радыкальных і ліберальных плыней рас. грамадскай думкі.
Літ.:
Сладкевич Н.Г. Очерки истории общественной мысли России в конце 50-х — начале 60-х гг. XIX в. Л., 1962;
Щукин В.Г. Русское западничество сороковых годов XIX в. как общественно-литературное явление. Краков, 1987;
Бердяев Н.А. Истоки и смысл русского коммунизма. М., 1990.
т. 7, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)