АЛЕКСАНДРО́ВІЧ Аркадзь Уладзіміравіч
(1889 — ?),
бел. спартсмен. Неаднаразовы чэмпіён і рэкардсмен Пецярбурга і Расіі ў падыманні цяжару. У 1913, заснаваўшы ў Мінску аддзяленне спарт. т-ва «Санітас», разам з У.Сакалдзінскім пачаў развіваць гіравы спорт, барацьбу.
т. 1, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАБА́НАЎ Юрый Анатолевіч
(н. 2.2.1963, г. Віцебск),
бел. спартсмен (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту (1984). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1987). Чэмпіён свету 1985 у складзе каманды СССР, неаднаразовы чэмпіён СССР, пераможца міжнар. спаборніцтваў.
т. 2, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАЦЬБА́ «ДА КРЫЖА́»,
бел. народная спарт. гульня. Нагадвае вольную барацьбу. Барцам дазваляецца штурхаць адзін аднаго, рабіць падножкі, хапаць за ногі. Перамагае той, хто прыцісне саперніка спіной да зямлі і ўтрымае яго рукі, разведзеныя ў бакі.
т. 2, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІНІЯ́ДА,
масавыя спартыўныя мерапрыемствы па альпінізме. Праводзіцца з вучэбнымі (абучэнне асновам альпінізму) ці спарт. (падрыхтоўка спартсменаў-разраднікаў) мэтамі. Часам прымяркоўваецца да святкавання пэўных знамянальных дат (юбілейныя алімпініяды). Першая бел. алімпініяда адбылася ў 1960 на Каўказе.
т. 1, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМПІ́ЙСКІ РУХ,
міжнародны грамадскі рух, накіраваны на прапаганду і развіццё спорту праз падрыхтоўку і арганізацыю Алімпійскіх гульняў. Аб’ядноўвае мільёны людзей незалежна ад паліт. і рэліг. перакананняў, расавай прыналежнасці на прынцыпах раўнапраўя, дэмакратыі і ўзаемнай павагі. Асн. мэты і прынцыпы алімпійскага руху выкладзены ў Алімпійскай хартыі. Арганізац. аснова алімпійскага руху — Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК), Нацыянальныя алімпійскія камітэты (НАК) і іх кантынентальныя аб’яднанні (Асацыяцыя нац. алімпійскіх к-таў, Алімпійскі Савет Азіі, Асацыяцыя еўрап. нац. алімпійскіх к-таў і інш.), арганізац. к-ты Алімпійскіх гульняў, міжнар. і нац. федэрацыі па алімпійскіх відах спорту. Важную ролю ў развіцці алімпійскага руху адыгрываюць алімпійскія кангрэсы, сесіі МАК, дзейнасць яго спецыялізаваных камісій і інстытутаў, а таксама розных міжнар. спарт. арг-цый (Трыбунал спарт. арбітража, Вярх. Савет міжнар. спарт. арбітража, Міжнар. алімпійская асацыяцыя даследаванняў у спарт. медыцыне і інш.). Алімпійскі рух мае свае традыцыі, рытуалы, алімпійскую сімволіку.
Гісторыя сучаснага алімпійскага руху пачынаецца з канца 19 ст. Па ініцыятыве франц. педагога, гісторыка і грамадскага дзеяча П. дэ Кубертэна ў 1894 у Парыжы адбыўся І Міжнар. спарт. (алімпійскі) кангрэс, які прыняў рашэнне аднавіць на сучаснай аснове Алімпійскія гульні. Праграмныя і арганізац. асновы алімпійскага руху, распрацаваныя Кубертэнам і яго паплечнікамі, удасканальваліся на працягу наступных дзесяцігоддзяў.
Розныя праграмы МАК па каардынацыі дзейнасці нац. алімпійскіх к-таў прадугледжваюць дапамогу ім у развіцці алімпійскага руху ў сваіх краінах (асн. з іх — праграма «Алімпійская салідарнасць»). Дзейнічаюць Міжнар. алімпійская акадэмія (засн. ў 1961 у Алімпіі, рыхтуе спецыялістаў вышэйшага класа ў розных галінах спорту), Алімпійскі музей (засн. ў 1993 у Лазане, Швейцарыя), Міжнар. алімпійская федэрацыя філатэлістаў (з 1982). Існуе сістэма алімпійскіх узнагарод — медалі для пераможцаў і прызёраў гульняў, Алімпійскі кубак і Алімпійскі ордэн (прысуджаюцца за асаблівыя заслугі ў развіцці алімпійскага руху) і інш. У сістэме алімпійскага руху вылучаюцца рэгіянальныя спарт. спаборніцтвы пад патранажам МАК (Азіяцкія, Афрыканскія, Панамерыканскія і інш. гульні), спаборніцтвы, што наладжваюцца пасля Алімпійскіх гульняў у алімпійскім горадзе для спартсменаў-інвалідаў (гл. Параалімпійскія гульні). На Беларусі алімпійскім рухам кіруе Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі.
Літ.:
Le mouvement olympique = The olympie movement. Lausanne, 1993.
Г.К.Кісялёў.
т. 1, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-ПРЫКЛАДНЫ́Я ВІ́ДЫ СПО́РТУ,
агульная назва практыкаванняў і іх комплексаў, якія выкарыстоўваюць пры падрыхтоўцы воінаў па розных вайсковых спецыяльнасцях. Уключаюць элементы з розных відаў спорту (лёгкая атлетыка, плаванне, лыжныя гонкі і інш.). Да ваенна-прыкладных відаў спорту адносяць ваенна-спарт. мнагабор’і, пераадоленне палос перашкод, марш-кідкі, кросы з арыентаваннем на мясцовасці, лыжныя гонкі са стральбой, плаванне ў абмундзіраванні і са зброяй, фігурнае ваджэнне аўтамабіля і інш. Практыкаванні выконваюцца ў абмундзіраванні з рыштункам і зброяй на спец. палосах перашкод і снарадах індывідуальна або ў складзе каманды (вайск. падраздзялення). Па ваенна-прыкладных відах спорту існуюць адпаведныя нарматывы, спарт. класіфікацыя, праводзяцца спаборніцтвы.
т. 3, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМПІ́ЙСКІЯ ВІ́ДЫ СПО́РТУ,
спартыўныя дысцыпліны, прызнаныя міжнар. алімпійскім к-там (МАК) і ўключаныя ў праграму Алімпійскіх гульняў. Гал. ўмовы прызнання алімпійскіх відаў спорту — вял. іх пашырэнне ў свеце, наяўнасць міжнар. спарт. федэрацый і іх прызнанне МАК, правядзенне сусв., рэгіянальных, нац. чэмпіянатаў, кубкавых турніраў.
Алімпійскімі відамі спорту могуць стаць тыя спарт. дысцыпліны, якія пашыраны не менш як у 40 краінах 3 кантынентаў у спаборніцтвах мужчын і не менш як у 25 краінах 2 кантынентаў у спаборніцтвах жанчын — для летніх Алімпійскіх гульняў, не менш як у 25 краінах 2 кантынентаў (мужчыны) і 20 краінах (жанчыны) — для зімовых Алімпійскіх гульняў. Як выключэнне да алімпійскіх відаў спорту традыц. адносіцца бобслей.
т. 1, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ВАЕ́ННА-ПАЛЯЎНІ́ЧАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
добраахвотная спартыўная арг-цыя паляўнічых і рыбаловаў вайск. часцей. Засн. ў 1934 як Усеармейскае ваенна-паляўнічае т-ва Бел. ваен. акругі (БВА). З 1976 Ваенна-паляўнічае т-ва БВА, з 1992 сучасная назва. Асн. задачы: прапаганда і развіццё паляўнічага спорту, стэндавай стральбы і спарт. рыбалоўства; падрыхтоўка воінаў, стралкоў, паляўнічых-разведчыкаў; арганізацыя н.-д. работы па вядзенні спарт. паляўнічых, рыбалоўных гаспадарак і стэндавым спорце.
Членства індывідуальнае і калектыўнае. За арг-цыямі т-ва замацавана (1995) 531,7 тыс. га паляўнічых угоддзяў (у т. л. лясных 277 тыс., палявых 167,4 тыс., водна-балотных 53,4 тыс. га) і 3 возеры (агульнай пл. каля 480 га).
Я.І.Харкоў.
т. 2, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРЫКА́НСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
комплексныя спарт. спаборніцтвы краін Афрыкі. Праводзяцца з 1965 Вышэйшым саветам спорту Афрыкі (уваходзяць каля 50 краін кантынента, 1987) пад апекай Міжнар. алімпійскага к-та. У праграме спаборніцтвы па баскетболе, барацьбе, боксе, валейболе, веласпорце, гандболе, дзюдо, лёгкай атлетыцы, плаванні, футболе і інш.
т. 2, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛО́Ў Вячаслаў Аляксандравіч
(н. 25.2.1938, С.-Пецярбург),
бел. спартсмен (сучаснае пяцібор’е). Засл. майстар спорту СССР (1972). Скончыў Ерэванскі ін-т фіз. культуры (1966). З 1967 у Бел. савеце фізкультурна-спарт. т-ва «Дынама». Чэмпіён свету (1969) у камандным першынстве ў складзе зборнай СССР.
т. 3, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)