Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ СОЛЕВЫВА́РНЫ КАМБІНА́Т.
Дзейнічае з 1982 у г. Мазыр Гомельскай вобл. на мясц. радовішчы каменнай солі, па тэхналогіі, заснаванай на выпарванні солі з ачышчанага расолу. У 1988 дасягнуў праектнай магутнасці 360 тыс. т солі за год. З 1997 адкрытае акц.т-ва «Мазырсоль». Асн. прадукцыя (1999): кухонная соль «Палессе» з дадаткамі ёду і фтору, соль прафілактычная з дадаткамі розных мікраэлементаў, соль без дадаткаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, якая займаецца здабычай і апрацоўкай кухоннай (каменнай) солі. Здабыча марской і азёрнай солі пачалася развівацца задоўга да н.э. ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Рыме. У Расіі солеварэнне вядома з пач. 12 ст.Найб. развіта ў ЗША, Кітаі, Германіі, Расіі, Польшчы, Украіне і інш. На Беларусі С.п. пачала развівацца ў 2-й пал. 20 ст. з распрацовак адкладаў Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей (дзейнічае вытв. аб’яднанне «Беларуськалій») і Мазырскага радовішча каменнай солі (працуе Мазырскі солевыварны камбінат). Асн. прадукцыя: кухонная соль «Палессе» і інш. з дабаўкамі ёду і фтору, сольпрафілакт. з дабаўкамі мікраэлементаў, соль без дабавак. Гадавая здабыча солі (тыс.т) — 192,7 (1985), 356 (1990), 343,2 (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎТО́Ну музыцы,
найменшы інтэрвал 12-ступеннага тэмпераванага муз. строя; 1/12 частка актавы. П. паміж 2 суседнімі ступенямі гукарада (мі—фа, соль—ля-бемоль, соль—фа-дыез) наз. дыятанічным (інтэрвал малая секунда), паміж асн. ступенню гукарада і яе павышэннем (рэ—рэ-дыез) ці паніжэннем (рэ—рэ-бемоль) — храматычным (інтэрвал павялічаная ці паменшаная прыма). Усе паўтонавыя інтэрвалы энгарманічна роўныя. Гл. таксама Дыятоніка, Лад, Тэмперацыя, Храматызм, Энгарманізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́Т (ад грэч. háls соль),
каменная соль, мінерал класа хларыдаў, хларыд натрыю, NaCl. Мае 39,34% натрыю, 60,66% хлору. Прымесі: бром, марганец, медзь, галій, мыш’як, серабро і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі кубічныя, радзей актаэдрычныя. Агрэгаты зярніста-крышт., шчыльныя, валакністыя, радзей у выглядзе нацёкаў, скарынак, налётаў, сталактытаў, выцвітаў, друзаў. Бясколерны, прымесямі афарбоўваецца ў розныя колеры. Празрысты. Бляск шкляны, тлусты. Цв. 2. Шчыльн. 2,2 г/см³. Крохкі. Лёгка раствараецца ў вадзе, мае салёны смак. Утвараецца пераважна асадкавым шляхам (крышталізуецца з марской вады ў лагунах і рэліктавых азёрах, якія перасыхаюць), вядомы ў вулканічных вазгонах і экзагенных выцвітах. Гал. тыпы радовішчаў: каменная і калійная солі ў асадкавых горных пародах; самасадачная соль сучасных азёр; саляныя крыніцы. Выкарыстоўваецца ў харч., тэкст., фармацэўтычнай, хім. і энергет. прам-сці, электраметалургіі, халадзільнай справе, у вытв-сці пластмас і інш.Прамысл. радовішчы на Украіне, у Расіі, ЗША, Германіі. На Беларусі прамысл. паклады галіту вядомыя ў дэвонскіх адкладах. Распрацоўваецца Мазырскае радовішча каменнай солі.