ПАДСТРА́ЎНІКАВЫ СОК, панкрэатычны сок,
стрававальны сакрэт падстраўнікавай залозы, бясколерная вадкасць шчолачнай рэакцыі. Мае ферменты (трыпсін, хіматрыпсін, эластаза і інш.), якія ў працэсе стрававання расшчапляюць бялкі, тлушчы, вугляводы. У састаў П.с. ўваходзяць таксама мачавая кіслата, мачавіна, мікраэлементы. У чалавека П.с. за суткі выдзяляецца 1,5—2 л. Сакрэцыя кантралюецца нерв. і эндакрыннай сістэмамі. Фізіял. стымулятары выдзялення П.с. — саляная і некат. інш. к-ты, жоўць, ежа.
т. 11, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЕ́ЧНЫ СОК,
вадкасць, што змяшчаецца ў млечніках раслін. Звычайна малочнага колеру (адсюль назва), але бывае і інш. афарбоўкі (напр., у чыстацелу — аранжавы). З’яўляецца эмульсіяй, якая мае ў сабе клетачны сок, змешаны з тэрпеноідамі, алкалоідамі, танінамі, бялкамі, інш. рэчывамі, і знаходзіцца ў вакуолях. Можа мець амілапласты. У каўчуканосаў М.с. наз. латэксам натуральным (багаты на каўчук натуральны і гуту). У мякаці пладовых цел некат. грыбоў ёсць таўстасценныя гіфы (аналаг млечнікаў) з М.с. рознага колеру.
т. 10, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІШЭ́ЧНЫ СОК, стрававальны сок,
вадкі прадукт залоз тонкага і тоўстага аддзелаў кішэчніка ў некат. беспазваночных (малюскі, членістаногія), усіх пазваночных і чалавека. У пазваночных і чалавека К.с. бясколерны або жаўтаваты са шчолачнай рэакцыяй, з камячкамі слізі і злушчанымі клеткамі эпітэлію. Састаў К.с.: вада, арган. і неарган. рэчывы, ферменты, якія канчаткова расшчапляюць бялкі, тлушчы і вугляводы ежы (амілаза, цукраза, фасфатаза, энтэракіназа і інш.). Выдзяляецца бесперапынна (у чалавека за суткі 1—3 л). Кішэчная сакрэцыя рэгулюецца нерв. і гумаральным шляхамі.
А.С.Леанцюк.
т. 8, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ТАЧНЫ СОК,
вадкасць, што выдзяляецца цытаплазмай жывой расліннай клеткі і запаўняе яе вакуолі. Складаецца з вады і розных рэчываў, звычайна ў выглядзе калоідных раствораў. У спячым насенні і спорах раслін К.с. абязводжваецца, пры прарастанні — абвадняецца. У маладых клетках К.с. менш, чым у старых. Склад К.с. спецыфічны для сям., відаў раслін, залежыць ад умоў вырошчвання, узросту расліны і асобных клетак. У ім ёсць вугляводы (вінаград, груша, цукр. буракі), інулін (вяргіня, тапінамбур), пекціны (цытрусавыя, яблыня), амінакіслоты, дубільныя рэчывы і інш. Афарбоўка К.с. залежыць ад пігментаў. Абумоўлівае асматычныя ўласцівасці і тургар клетак, служыць ёмістасцю для вады, метабалітаў і канчатковых прадуктаў абмену.
А.С.Леанцюк.
т. 8, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПІУМ (лац. opium ад грэч. opion макавы сок),
опій, высахлы на паветры млечны сок з надрэзаў на няспелых макаўках опійнага маку; моцны наркотык, мае каля 20 алкалоідаў: марфін, кадэін, наркацін і інш. У О. да 10% марфіну, які больш за інш. алкалоіды ўздзейнічае на арганізм чалавека. Ужыванне вядзе да наркаманіі. Прэпараты О. (напр., марфіну гідрахларыд) выкарыстоўваюць як моцны абязбольвальны сродак пры злаякасных пухлінах, нырачных коліках і інш.; супраць кашлю (напр., кадэін) і інш.
т. 11, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ТЭКС НАТУРА́ЛЬНЫ (ад лац. latex вадкасць, сок),
млечны сок каўчуканосных раслін, пераважна гевеі бразільскай; калоідная сістэма з дыспергаваных у вадзе глобул (дыяметрам 0,2—2 мкм) каўчуку натуральнага (НК). Мае 37—41% (па масе) сухіх рэчываў, у т. л. 35—38% НК, і да 2,5% бялкоў.
Атрымліваюць падсочкай кары дрэва. Для прадухілення каагуляцыі і гніення ў свежы Л.н. дадаюць аміяк, гідраксід натрыю, буракс і інш. кансервавальныя агенты. Для перапрацоўкі канцэнтруюць, у асн. цэнтрыфугаваннем (канцэнтрат мае каля 60% НК). Выкарыстоўваюць для атрымання НК, латэксных вырабаў, кляёў. Гл. таксама Латэксы сінтэтычныя.
т. 9, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕКМЕ́С (тур.),
канцэнтраваны (упараны) сок вінаграду. Мае цукар, арган. к-ты і вітаміны. Выкарыстоўваюць у кандытарскай прам-сці, вінаробстве, таксама як пажыўны і лячэбны прадукт.
т. 2, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМІГУ́Т (ад гумі + лац. gutta кропля),
згушчаны млечны сок, які атрымліваюць пры падсочцы кары некат. трапічных раслін сям. клюзіевых. Складаецца са смалы і гумі. Выкарыстоўваюць для вырабу спіртавых лакаў і жоўтай акварэльнай фарбы.
т. 5, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)