акустычная ці эл.-магн. хваля, што адбіваецца ад якой-н. перашкоды і рэгіструецца прыёмнікам ці назіральнікам Гукавое Р. (пошчак) распазнаецца на слых, калі інтэрвал паміж пасланым і прынятым сігналамі 50—60 мс і больш. Для некаторых жывёл (напр., кажаны, дэльфіны, кіты) Р. — сродак арыенціроўкі і пошуку здабычы. Эл.-магн. Р. выкарыстоўваецца, напр., у радыёлакацыі, далёкай радыёсувязі на кароткіх хвалях; акустычнае — у гідралакацыі, ультрагукавой дэфектаскапіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛІ́ТКА,
слыхавая частка ўнутр.вуха пазваночных жывёл і чалавека. Спіральнай формы, на ўзор ракавіны смаўжа; утварае віткі (напр., у кіта 1,5, у чалавека 2,5—2,75). Добра развітая ў начных драпежных птушак (напр., соў), якія выкарыстоўваюць слых для лакацыі. Унутры канала У. існуюць 2 мембраны, якія падзяляюць поласць на 3 часткі лесвіцы: тымпанальную (барабанны канал), вестыбулярную (вестыбулярны канал) і сярэднюю (улітачны ход). Пераўтварае гукавыя ваганні ва ўзбуджэнне нерв. валокнаў, ажыццяўляе першы этап частотнага аналізу гуку. Гл. таксама Слыху органы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТУ́ЖАЎ (сапр.Пажараў) Аляксандр Аляксеевіч
(28.4.1874, Варонеж — 1.3.1953),
рускі акцёр. Нар.арт.СССР (1937). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1895. З 1898 у Малым т-ры. Прадстаўнік героіка-рамант. школы, трагік. У 1910, страціўшы слых, распрацаваў сістэму прыёмаў, якія далі магчымасць выступаць на сцэне. У мастацтве Астужава гуманістычны пафас і тэмперамент спалучаліся са шчырасцю і ўзнёсласцю выканання. Вяршыня творчасці — вобразы Атэла і Урыэля Акосты (аднайм. п’есы У.Шэкспіра і К.Гуцкава). Сярод інш. роляў: Рамэо («Рамэо і Джульета» Шэкспіра), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Освальд («Здані» Г.Ібсена). Дзярж. прэмія СССР 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЮХ,
успрыманне арганізмам пры дапамозе нюху органаў пэўных уласцівасцей (паху) розных рэчываў, што прысутнічаюць у навакольным асяроддзі; адзін з відаў хемарэцэпцыі. Мае сігнальнае значэнне. Служыць жывёлам для пошуку і выбару корму, высочвання здабычы, выратавання ад ворагаў, для біяарыентацыі, біякамунікацыі і інш. Адрозніваюць жывёл з добра развітым Н. (большасць млекакормячых), са слаба развітым Н. (птушкі, цюлені, вусатыя кіты, прыматы) і з поўнай адсутнасцю органаў Н. (зубатыя кіты). Асобную ролю ў зносінах жывёл адыгрываюць ферамоны. У людзей больш важныя віды дыстантнай чуллівасці — зрок і слых, але ацэнка ежы вызначаецца пераважна з дапамогай Н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАТАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. palatum паднябенне),
пад’ём сярэдняй часткі спінкі языка да цвёрдага паднябення пры губной, пярэднеязычнай ці заднеязычнай артыкуляцыі зычнага гука, т.зв. змякчэнне зычных. П. можа быць дадатковай артыкуляцыйнай прыкметай, калі яна абумоўлена пазіцыяй зычнага ў слове: («лес»), ці самаст. фаналагічнай рысай, калі мяккасць зычнага не залежыць ад пазіцыі ў слове («мэбля»). У першым выпадку такія зычныя называюць палаталізаванымі, у другім — палатальнымі. Характэрны тон і шум, якія з’яўляюцца пры П., робяць мяккія зычныя больш высокімі на слых, чым іх цвёрдыя адпаведнікі.
Літ.:
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕРТО́Н (ням. Oberton),
1) у фізіцы, простая (сінусаідальная) састаўная складанага вагання (мех., эл.) з частатой, вышэйшай за асноўную. Любое перыяд. ваганне выяўляецца як сума асн. тону і абертону. Амплітуда і частата абертону вызначаюцца ўласцівасцямі вагальнай сістэмы і спосабам яе ўзбуджэння. Абертоны з частотамі, кратнымі частаце асн. вагання, наз. гарманічнымі, інш. — негарманічнымі (уласцівыя гукам сірэн, шумам). Ад сукупнасці частот асн. вагання і абертону залежыць тэмбр гуку.
2) У муз. акустыцы гарманічныя абертоны, размешчаныя ва ўзыходным парадку, утвараюць натуральны гукарад. У комплексе з асн. тонам яны складаюць муз. гук і, хоць гучаць слабей за асн. тон і на слых не распазнаюцца, надаюць яму пэўную афарбоўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ТЫК,
здольнасць чалавека і жывёл успрымаць уздзеянні вонкавага асяроддзя з дапамогай рэцэптараў скуры, апорна-рухальнага апарата (мышцаў, сухажылляў, суставаў і інш.), слізістых абалонак (на губах, языку і інш.) і пераўтвараць сігналы ў пэўны від адчувальнасці. Аснова Д. — раздражненне розных відаў рэцэптараў (механарэцэптараў, якія ўспрымаюць дакрананне, ціск, расцяжэнне, тэрмарэцэптараў — цяпло і холад, рэцэптараў болю) і пераўтварэнне інфармацыі ц. н. с. Успрыманне прадметаў вонкавага асяроддзя з дапамогай Д. дазваляе ацэньваць іх форму, памеры, уласцівасці паверхні, кансістэнцыю, т-ру, сухасць і вільготнасць, становішча і перамяшчэнне ў прасторы. У многіх беспазваночных Д. разам з хім. адчувальнасцю — асн. від успрымання раздражненняў вонкавага асяроддзя. Д. у пэўнай меры замяняе інш. органы пачуццяў (зрок, слых) пры іх пашкоджанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБА́КА СВО́ЙСКІ (Canus fimiliarus),
млекакормячая жывёла сям. сабачых. Паходзіць ад воўка, прыручаны каля 10 тыс. гадоў да н.э. Вядома каля 400 сучасных парод, якія адрозніваюцца памерамі, экстэр’ерам, паводзінамі. Падзяляюцца на 3 асн. групы: дэкаратыўна-пакаёвыя сабакі, паляўнічыя сабакі, службовыя сабакі.
Тыповыя драпежнікі. Маюць 42 зубы (12 разцоў, 4 клыкі, 26 карэнных), з іх найб. развіты клыкі. Канечнасці пальцаходныя; на пярэдніх лапах па 5 пальцаў (адзін не кранаецца зямлі), на задніх па 4. Развіты слых, зрок, нюх. Добра бегаюць, скачуць, плаваюць. Мозг развіты. Дрэсіруюцца з разнастайнымі мэтамі. Палавой спеласці самкі дасягаюць у 7—8, самцы ў 10—12 мес. Цяжарнасць 58—65 сут. Нараджаюць 1—18 сляпых, глухіх, без зубоў шчанят. Жывуць 10—12 гадоў. Гл. таксама Сабакагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НАў музыцы,
колькасная характарыстыка ступеневых якасцей музычных гукаў. Вызначае адносіны паміж элементамі муз. гуку як фіз. з’явы (частата, інтэнсіўнасць, склад гуку, працягласць) і яго муз. якасцямі (вышыня, гучнасць, тэмбр, працягласць) як адбіткамі ў свядомасці чалавека гэтых фіз. уласцівасцей гуку. Ступеневая якасць, напр., гуку a1 не пераходзіць у суседнія якасці ў дастаткова шырокай зоне — прыкладна ад 430 да 450 герц; З. абсалютнага слыху прыблізна 80 цэнтаў; інтэрвальнага, адноснага слыху — каля 60—70 цэнтаў. Унутры З. музыканты адрозніваюць вял. колькасць інтанацыйных адценняў. Паняцце З. пашыраецца і на ўспрыняцце тэмпу і рытму, дынамічны і тэмбравы слых. Вучэнне пра З. (распрацавана муз. акустыкам М.Гарбузавым) адкрыла новыя магчымасці для вывучэння маст. інтэрпрэтацыі муз. твораў.
Літ.:
Н.А.Гарбузов — музыкант, исследователь, педагог. М., 1980. С. 11—48, 80—270.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУТА́ЦЫЯ,
вагальны рух восі ўласнага вярчэння цела, які адбываецца адначасова з прэцэсіяй і пры якім змяняецца вугал паміж воссю ўласнага вярчэння цела і воссю, вакол якой адбываецца прэцэсія, (вугал нутацыі Θ; гл.Эйлеравы вуглы).
У гіраскопа (ваўчка), што рухаецца пад дзеяннем сілы цяжару , Н. ўяўляе сабой ваганні восі гіраскопа, амплітуда і перыяд якіх тым меншыя. чым большая вуглавая скорасць яго ўласнага вярчэння Ω. Частата Н. пры вялікіх Ω можа быць такая вялікая. што нутацыйныя ваганні восі ваўчка будуць успрымацца на слых (гудзенне). Пры наяўнасці супраціўлення (трэння) нутацыйныя ваганні дастаткова хутка затухаюць, пасля чаго ў гіраскопа застаецца толькі прэцэсійны рух.
У астраноміі Н. — абумоўленыя прыцягненнем Сонца і Месяца невялікія ваганні зямной восі, якія накладваюцца на яе прэцэсійны рух. Адкрыў у 1737 англ. астраном Дж.Брадлей.