горад на Пд Нігера. Адм. ц. дэпартамента Зіндэр. Каля 150 тыс.ж. (1995). Вузел шашэйных дарог, канцавы пункт транссахарскай дарогі Лагуат—Айн-Салах — З. (Алжыр—Нігерыя). Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (збожжавыя, бавоўна, арахіс, жывёлагадоўля). Прадпрыемствы па перапрацоўцы арахісу, прадуктаў жывёлагадоўлі. Рамёствы (выраб скур, пляценне кошыкаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫБУ́ЦІ
(Djibouti),
горад, сталіца дзяржавы Джыбуці. Засн. ў 1888. 290 тыс.ж. (1989). Свабодны (з 1981) порт у зал. Таджура (ч. Адэнскага зал.), мае вял. значэнне для знешняга гандлю Эфіопіі. Вываз скур і кавы, увоз нафты і нафтапрадуктаў, прамысл. абсталявання. Пачатковая чыг. станцыя на чыгунцы ў Эфіопію. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл.-прамысл. цэнтр краіны. Харч.прам-сць. Суднаверф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЕВЫ ГАЛЫ́Н,
комплексныя злучэнні, крышталегідраты двайных соляў тыпу M [Al(SO4)2]·12H2O (M—K, Na, NH4 і інш.). Бясколерныя крышталі, растваральныя ў вадзе, пры награванні страчваюць крышталізацыйную ваду з утварэннем т.зв. паленага галыну. Найб. ужывальны алюмакаліевы галын; атрымліваюць апрацоўкай баксіту ці гліны гарачай сернай кіслатой з наступным дабаўленнем да раствору сульфату калію. Выкарыстоўваюць пры фарбаванні тканін, дубленні скур, праклейванні паперы, ачыстцы вады, у медыцыне як дэзінфекцыйны і вяжучы сродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДА́ШНЯ,
на Беларусі ў 18 — 1-й пал. 19 ст. прадпрыемства па вытв-сці ардашу (вышэйшага гатунку паташу), які выкарыстоўвалі ў вырабе шкла, мыла, сукна, фарбаў, фарфору, пры апрацоўцы скур, адбельванні тканін і інш. На ардашні было 6—9 медных і жал. катлоў, кадкі для драўнянага попелу, з якога выраблялі ардаш; працавалі 9—10 чал. У 1740—80 ардашні найб. пашыраны ў Крычаўскім, Прапойскім, Чачэрскім староствах, Быхаўскім, Копыскім, Любавіцкім графствах, Гродзенскай эканоміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВУ́ША,
вёска ў Беларусі, у Столінскім раёне Брэсцкай вобл., на р. Гарынь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнУ ад Століна, 253 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Гарынь. 3135 ж., 1023 двары (1995). Малое прадпрыемства па вырабе скур. Сярэдняя школа, 2 б-кі, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Арх. помнік — Троіцкая царква (1905). Каля вёскі — гарадзішча-сховішча 10—11 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗНІ́, Газна,
горад на ПдУ Афганістана, у даліне р. Газні. Адм. ц. правінцыі Газні. Вядомы з 7 ст. Каля 50 тыс.ж. (1992). Трансп. вузел на шашы Кабул—Кандагар. Стараж. цэнтр апрацоўкі металу. Саматужная вытв-сць паласаў, абутку, шуб з аўчыны, баваўняных тканін. Выраб скур. Гандаль футрам, воўнай, сушанымі фруктамі. У сярэднія вякі — важны культ., гандл. і паліт. цэнтр Сярэдняга Усходу. У наваколлі арх. помнікі 10—19 ст., у т. л. маўзалей султана Махмуда Газневі.
Упершыню ўпамінаецца ў 7 ст. Дасягнуў росквіту ў 10—11 ст., калі быў сталіцай дзяржавы Газневідаў, гандл. і культ. цэнтрам на Сярэднім Усходзе. У сярэдзіне 12 ст. разбураны Гурыдамі. У 1215—21 пад уладай Харэзмшахаў, з 1221 цюрка-манголаў, Куртаў, Цімурыдаў, з пач. 16 ст.Вялікіх Маголаў. З 1747 у складзе Афг. дзяржавы. Газні — стараж. цэнтр маст. апрацоўкі металу. Каля Газні 2 мемарыяльныя вежы 12 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕНЕГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца развядзеннем і гасп. выкарыстаннем аленяў. Адрозніваюць аленегадоўлю паўночную і пантавую.
Паўночная аленегадоўля — важнейшая галіна гаспадаркі Крайняй Поўначы, засяроджаная на развядзенні паўн. аленя (у паўн. шыротах Азіі, Еўропы — Расія, Фінляндыя, Швецыя, Нарвегія; у Паўн. Амерыцы — ЗША, Канада). У народаў тундравай зоны Сібіры пераважае мяса-скурная аленегадоўля, у больш паўд. раёнах — транспартная. Асн. прадукцыя паўн. аленегадоўлі — мяса 4—5-месячных цялят і дарослых аленяў і скуры, з якіх вырабляюць замшу, хром, цёплае адзенне, палаткі, лёгкія футры (пыжык, выпаратак і інш.). Ад самак за лактацыйны перыяд атрымліваюць 40—50 кг малака тлустасцю 17—19%. Пантавая аленегадоўля займаецца развядзеннем плямістага аленя, марала і ізюбра для атрымання пантаў, мяса і скур. Да сярэдзіны 19 ст. панты здабывалі паляваннем на дзікіх аленяў. Пасля прыручэння маралаў і плямістых аленяў пантавая аленегадоўля пашырылася ў Прыморскім, Алтайскім і Краснаярскім краях Расіі, дзе арганізаваны спец. гаспадаркі. Пантавых аленяў гадуюць таксама ў Кітаі, КНДР, Манголіі.
На Беларусі пантавая аленегадоўля з’явілася ў канцы 1980-х г. Гадуюць плямістых аленяў і маралаў (у асобных гаспадарках Кобрынскага, Іўеўскага, Маладзечанскага і Пухавіцкага р-наў). Ад плямістых аленяў ва ўзросце 12—13 гадоў і маралаў 14—16 гадоў атрымліваюць лабавыя панты. Аленяў трымаюць на агароджаных участках; у стойлавы перыяд падкормліваюць сенам і канцэнтратамі. У пач. 1990-х г. у рэспубліцы налічвалася каля 1 тыс. галоў маралаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
на Украіне. Пл. 20,2 тыс.км². Нас. 1077,6 тыс.чал. (1993), гарадскога 48%. Цэнтр — г.Луцк. Найб. гарады: Ковель, Новавалынск, Уладзімір-Валынскі.
Прырода. Паўночная частка Валынскай вобласці (3/4тэр.) размешчана на Палескай нізіне (выш. 140—150 м), паўд.ч. займае паўн.-зах. ўскраіну Валынскага узв. (выш. да 292 м). Карысныя выкапні: каменны вугаль, торф, мел, буд. пяскі, гліны, вапнякі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 650 мм за год. Асн. рэкі: Прыпяць з прытокамі Стыр, Стаход, Тур’я, Выжаўка, па граніцы з Польшчай — Зах. Буг. Найб. азёры — Свіцязь, Пулямецкае, Турскае, Арэхава. Ёсць мінер. крыніцы. Глебы ў паўн.ч. дзярнова-падзолістыя і балотныя, у паўднёвай — ападзоленыя, цёмна-шэрыя і шэрыя чарназёмныя (пераважна ўзараныя). Лясы займаюць каля 34% тэр., пераважаюць хваёвыя бары, бярозавыя гаі; у паўд.ч.вял. масівы дубова-грабавых лясоў. Больш за 10% тэр. пад забалочанымі лугамі і балотамі. Шацкі прыродны нац. парк.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтамабілі, с.-г. машыны, станкі, прылады, эл.-апаратура, абсталяванне для жывёлагадоўчых фермаў і інш.), паліўна-энергет., хім., лясная і дрэваапр. (вытв-сць мэблі), лесахім., лёгкая (швейная, тэкст., гарбарна-абутковая, у т. л.вытв-сць штучных скур), харч. (цукр., мясная, плодакансервавая, малочная, масласыраробная) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла, жалезабетонныя вырабы). Здабыча вугалю (Львоўска-Валынскі вугальны басейн). Вядучыя галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Авечкагадоўля. Конегадоўля. Сажалкавая рыбагадоўля. Развіты бульбаводства і буракаводства. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніца, ячмень, грэчка), тэхн. (цукр. буракі, лён-даўгунец), кармавыя (кукуруза, сеяныя травы) культуры, агародніну. Садаводства. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Кіеў—Ковель—Брэст, Ковель—Луцк—Львоў, Ковель—Люблін (Польшча) і інш., аўтадарогі Кіеў—Луцк, Брэст—Луцк—Дубна, Ковель—Несцераў. Аэрапорт. Суднаходства па р. Стыр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВО́Й ХІ́МІІ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна хімічнай прамысловасці, прадукцыя якой прызначана для гасп.-быт. патрэб. Выпускае больш за 100 найменняў тавараў і таварных груп, у якасці сыравіны выкарыстоўвае прадукцыю хім., нафтахім., харч. і інш. галін прам-сці і некат. с.-г. прадукты. Уключае вытв-сць сродкаў мыйных, паліравальных, клеючых, для чысткі, вывядзення плям, адбельвання, падсіньвання і падкрухмальвання вырабаў з тканін, барацьбы з быт. насякомымі і грызунамі, аховы с.-г. раслін ад шкоднікаў, догляду вырабаў са скуры і замшы, фотахімікатаў, лакафарбавых матэрыялаў, мінер. угнаенняў, вырабаў з пластмасаў, сухога спірту, парафінавых і ёлачных свечак, антыфрызу і інш.
Узнікненне і развіццё бытавой хіміі прамысловасці звязана са станаўленнем хім. прамысловасці. Асн.ч. прадукцыі бытавой хіміі прамысловасці складаюць мыйныя сродкі. Сусветная вытв-сць іх у 1992 склала больш за 20 млн.т, каля 4 кг на душу насельніцтва (найб. у Бельгіі, 44 кг). У 10 найбуйнейшых вытворцаў уваходзяць краіны Амерыкі, Еўропы і Азіі (гл.табл. 1). Найб. вядомыя ў свеце кампаніі па вытв-сці тавараў быт. хіміі «Проктэр энд Гэмбл» (ЗША), «Юнілевер» (Нідэрланды), «Міні Бэст» (Германія), «Кампазіл» (Бельгія), «Коніка» (Японія) і інш.
У Беларусі, як і ў інш. краінах б.СССР, як самаст. галіна аформілася ў 1965. Прадукцыю быт. хіміі выпускаюць больш за 30 прадпрыемстваў. Найб. з іх ВА«Брэстбытхім», Баранавіцкі завод бытавой хіміі, Барысаўскі з-дбыт. хіміі, Лідскае акц.т-ва «Лакафарба». У галіне дзейнічаюць ВА «Нафтан» (Наваполацк), Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, Пухавіцкі з-д горнага воску, Пінскі з-д штучных скур, з-ды пластмасавых вырабаў (Гомель, Барысаў, Рудзенск), «Тэрмапласт» (Рэчыца), «Металапластмасы» (Ляхавічы), ВА «Белпласт» (Пінск), «Паліміз» (Барысаў), «Эмальпосуд» (Слуцк, Гомель), гумавых (Крычаў) і гумава-тэхн. вырабаў (Капыль), быт. хіміі (Калінкавічы), камбінаты буд. матэрыялаў (Пухавічы, Кобрын, Даманава) і інш.Удз. в.хім. прадукцыі сярод прадметаў ужытку (група «Б») складае 2,4% (1993). Пра асн. віды прадукцыі бытавой хіміі прамысловасці ў Беларусі гл.табл. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ САХА́РА,
тэрыторыя на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Марока і Алжырам, на У і Пд з Маўрытаніяй; на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 4 правінцыі. Пл. 252,1 тыс.км2. Нас. 260 тыс.чал. (1993). Адм.ц. — г.Эль-Аюн. Афіц. мова — арабская.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная, на У ўздымаецца да выш. 300—350 м. На ПнУ перадгор’і Атласкіх гор (500—700 м). Карысныя выкапні: фасфарыты (каля 10 млрд.т, прыкладна чвэрць сусв. запасаў), жал., медныя. ртутныя, уранавыя руды, калійная і кухонная солі. Клімат трапічны, пустынны. Сярэднямесячныя т-ры ад 17—20 °C да 25—30 °C. Ападкаў 50—200 мм, выпадаюць у кастр.-ліст. і сак.-маі. Пастаянных рэк няма. Вял. тэрыторыі займаюць пясчаныя і камяністыя прасторы без расліннасці, месцамі — разрэджаныя ксерафітныя хмызнякі і травы.
Насельніцтва. Жывуць паўкачавыя і качавыя плямёны араба-берберскага паходжання, агульная назва — маўры. Усе вызнаюць іслам суніцкага толку. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 1 чал. на 1 км2. У асобныя перыяды многія групы насельніцтва качуюць па тэр. суседніх краін. У сувязі з ваен. дзеяннямі некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў З.С. знаходзяцца ў бежанскіх лагерах на тэр.
Алжыра. У г. Эль-Аюн з прыгарадамі 139 тыс.ж. (1990).
Гісторыя. З 11 ст. падпарадкавана Альмаравідам. У 15 ст. каля ўзбярэжжа З.С. з’явіліся партугальцы, якіх на мяжы 15 і 16 ст. выцеснілі іспанцы. У выніку пагадненняў з Францыяй (1900, 1903, 1912) пра падзел Сахары — ісп. калонія пад назвай Ісп.Зах. Афрыка. Складалася з 2 частак: Рыо-дэ-Ора і Сегіет-эль-Хамра. Пасля атрымання незалежнасці Марока (1956) і Маўрытанія (1960) заявілі прэтэнзіі на тэр. З.С. У 1958 Іспанія надала сваёй калоніі фармальны статус заморскай правінцыі пад назвай Ісп. Сахара. У 1963 адкрыта багатае радовішча фасфарытаў (эксплуатуецца з 1973). У выніку ўзмацнення вызв. руху, які падтрымлівалі краіны Магрыба (у 1973 створаны Фронт Палісарыо), Іспанія аб’явіла ў 1975 пра спыненне сваёй прысутнасці ў З.С. Да 1976 гэта тэрыторыя была падпарадкавана сумеснай іспана-маракана-маўрьпанскай адміністрацыі. Калі іспанцы канчаткова пакінулі З.С. (1976), пачаўся яе падзел паміж Марока і Маўрытаніяй. Адначасова Палісарыо абвясціў аб стварэнні Сахарскай Араб.Дэмакр. Рэспублікі (САДР) і сфарміраваў урад у эміграцыі (Алжыр). З’езд Фронту Палісарыо (1976) прыняў канстытуцыю (перапрацавана ў 1982), паводле якой вышэйшы дзярж. орган — Рада кіраўніцтва рэвалюцыі, кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якім з’яўляецца старшыня Рады; заканадаўчая ўлада належыць Сахарскай нац. радзе. Прэзідэнтам і старшынёй Рады абраны М.Абд аль-Азіз. У 1979, пасля афіц. адмовы Маўрытаніі ад прэтэнзій на частку З.С., уся яе тэрыторыя была анексіравана Марока. Міжнар. спробы ўрэгуляваць канфлікт паміж Марока і Палісарыо (незалежнасць З.С. або далучэнне яе да Марока) прывялі да прыняцця ў 1988 абодвума бакамі прапановы ААН вырашыць канфлікт шляхам рэферэндуму. У 1991 заключана пагадненне пра спыненне агню, вядзецца падрыхтоўка да рэферэндуму, тэрмін якога ўвесь час адсоўваецца. САДР — чл. Арг-цыі афр. адзінства (з 1984), яе прызналі каля 70 дзяржаў.
Гаспадарка. Эканоміка адсталая. Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае каля 300 дол. ЗША у год. У пач. 1980-х г. вялася здабыча фасфарытаў і жал. руды, арганізаваная ісп., амер. і герм. капіталам. Але з пач.ваен. дзеянняў яна спынена. Здабыча кухоннай солі. Насельніцтва займаецца паўкачавой і качавой гадоўляй вярблюдаў (каля 60—80 тыс. галоў), коз і авечак (каля 110—120 тыс. галоў). Пад пашай каля 11% тэрыторыі, часткова выкарыстоўваюцца пашавыя ўгоддзі ў суседніх краінах. Для земляробства прыдатныя 400—600 га у аазісах, вырошчваюць фінікавую пальму, ячмень, проса, агародніну. Лоўля рыбы, лангустаў, здабыча водарасцей і губак. Невял. рыбакансервавыя, харч., металаапр., швейныя прадпрыемствы. Саматужная рамесніцкая вытв-сць, пераважна выраб скур і ткацтва. 2 аэрапорты. Даўж. грунтавых аўтадарог 6,2 тыс.км, у т.л. 500 км з палепшаным пакрыццём. Пабудаваны унікальны транспарцёр даўж. больш за 100 км, які падаваў да пач.ваен. дзеянняў фасфарыты з радовішча Бу-Краа да новага порта Эль-Аюн. З.С. экспартуе невял. колькасць рыбных кансерваў, кухоннай солі, скур і воўны, імпартуе ўсе неабходныя харч. і прамысл. тавары. Гандаль пераважна з Марока і Іспаніяй. Выкарыстоўваюцца мараканскія грошы.