КА́МЕНКА,
комплекс археалагічных помнікаў каля в. Каменка Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — гарадзішча і селішча жал. веку (6 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.; мілаградская культура і штрыхаванай керамікі культура), курганныя могільнікі (102 і 97 насыпаў) 11—12 ст. На гарадзішчы і селішчы знойдзены фрагменты ляпнога посуду, на могільніках — ганчарны посуд, жал. крэсівы, нож, бронзавыя спражкі, паясныя кольцы, пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы, пярсцёнкі, шкляныя пацеркі. Могільнікі маюць змешаную дрыгавіцка-радзіміцкую этнічную прыналежнасць.
т. 7, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧЭ́ЛЬНІК,
курганны могільнік 10—13 ст. каля в. Пчэльнік Барысаўскага р-на Мінскай вобл. 146 курганоў выш. 0,5—2,5 м, дыям. 5—9,5 м (самы вял. выш. 3,5 м, дыям. 20 м). Каля буйных курганоў ёсць раўкі. У адным выяўлены жаночы касцяк, арыентаваны галавой на З, знойдзены шкляныя залачоныя пацеркі, бронзавыя скроневыя кольцы з заходзячымі канцамі, гаршчок. У інш. курганах пахавальны абрад — трупапалажэнне, рэчы не знойдзены.
Г.В.Штыхаў.
т. 13, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́ННЕ,
2 курганныя могільнікі 11—12 ст. паміж в. Курганне Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. і р. Дабасна. У адным могільніку пахавальны абрад — трупапалажэнне на спіне галавой на 3, трапляецца трупаспаленне. Знойдзены ганчарная кераміка, пярсцёнкападобныя і сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы; шкляныя, сердалікавыя, бурштынавыя і металічныя пацеркі; металічныя прылады працы і інш. Могільнік належаў радзімічам. У другім могільніку пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце і ў яме. Знойдзены ганчарная кераміка, жал. нож, шкляныя залачоныя і сердалікавыя, буйназярністыя яйкападобныя пацеркі. Належаў дрыгавічам.
У.У.Багамольнікаў.
т. 9, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІЯ КУРГА́ННЫЯ МО́ГІЛЬНІКІ,
група археал. помнікаў на тэр. і ў ваколіцах г. Заслаўе Мінскага р-на. Захаваліся рэшткі 8 могільнікаў. Даследаваны 142 курганы (большасць 2-й пал. 10—1-й пал. 11 ст.), належаць пераважна крывічам, таксама дрыгавічам, невял колькасць інш. усх.-слав. плямёнам, фіна-уграм і балтам. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце, зрэдку ў падкурганных ямах і насыпе, у 5 курганах — трупаспаленне. Пахавальны інвентар — зброя (коп’і, суліцы, сякеры, булава), упрыгожанні (скроневыя кольцы, шыйныя грыўні, каралі, бранзалеты), рэчы хатняга ўжытку (кераміка, нажы, грабяні і інш.), манеты.
т. 6, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ДЧЫЦЫ,
помнікі археалогіі каля в. Лудчыцы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.: стаянка грэнскай культуры (12—8 тыс. г. назад) і курганны могільнік 11 ст. На стаянцы выяўлены рэшткі авальнага заглыбленага ў мацярык жытла драўлянай канструкцыі накшталт ярангі. Знойдзены крамянёвыя прылады працы (наканечнікі стрэл, разцы, скрабкі, вастрыі, пласціны і інш.), паблізу жытла — рэшткі агнішча. Пахавальны абрад на могільніку — трупапалажэнне на мацерыку галавой на 3, адно пахаванне з нябожчыкам у становішчы седзячы на дошцы. Знойдзены пацеркі, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, бранзалеты, бронзавая літая фігурка чалавека і інш.
т. 9, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВО́РЫЦКАЯ СЛАБАДА́,
археалагічныя помнікі (селішча і курганны могільнік 10—11 ст.) каля в. Дворыцкая Слабада Мінскага р-на. На селішчы выяўлены рэшткі каля 100 жытлаў, знойдзена шмат прывазных рэчаў, вырабаў мясц. рамеснікаў, прадметы ўзбраення, кераміка з клеймамі «трызубец». Магчыма, селішча абслугоўвала валокі ці сухапутны адрэзак шляху ад р. Лошыца да гарадзішча на Менцы і прыйшло ў заняпад з пабудовай новага дзядзінца Мінска на сутоках Свіслачы і Нямігі. На курганным могільніку (21 насып), пераважна дрыгавічоў, пахавальны абрад трупапалажэнне. Сярод знаходак пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы, пацеркі з металу, шкла і сердаліку, ганчарны посуд, драўлянае вядро з мёдам.
т. 6, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБЕ́НШЧЫНА,
гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры каля в. Лабеншчына Мінскага р-на. Пляцоўка з У умацавана 3 валамі і 2 равамі, з ПнЗ — 2 валамі і 2 равамі. У ранні перыяд існавання (4—1 ст. да н.э.) гарадзішча было слаба ўмацавана, пляцоўка выкарыстоўвалася часткова. Выяўлены рэшткі 5 наземных жытлаў слупавой канструкцыі, падзеленых на асобныя жылыя камеры, агнішчы круглай і авальнай форм, абкладзеныя камянямі, печ-домніца. У 2—4 ст. гарадзішча заселена поўнасцю, насыпаны валы, выкапаны равы, па краі пляцоўкі пастаўлена драўляная сцяна. Знойдзена вял. колькасць рэшткаў посуду, жал. сякеры, сярпы, посахападобныя шпількі, скроневыя кольцы, гліняныя прасліцы і інш.
т. 9, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАГРУ́ДАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі бронзы (11—9 ст. да нашай эры) на тэр. лесастэпавай часткі Правабярэжнай Украіны. Назва ад т.зв. «попельнікаў» (разнавіднасць культавых помнікаў) у Белагрудаўскім лесе каля в. Пікавец (Чаркаская вобл.). Насельніцтва жыло на неўмацаваных паселішчах, у вялікіх (5 × 9 м, 10 × 12 м) паўзямлянках, заглыбленых да 1 м, вырабляла бронзавую зброю (кельты, кінжалы, наканечнікі коп’яў), упрыгожанні (скроневыя падвескі, бранзалеты, пярсцёнкі), каменныя прылады працы (укладышы для сярпоў, скрабкі, сякеры і інш.). Аснова гаспадаркі — земляробства. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы і трупаспаленне пад курганамі і ў грунтавых магілах. Характэрны цюльпана- і слоікападобны кухонны посуд з наляпнымі валікамі, сталовыя міскі, кубкі, чарпакі, арнаментаваныя зубчастым штампам.
т. 2, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТУ́НІЧЫ,
селішча і курганны могільнік канца 10 — пач. 13 ст. каля в. Аўтунічы Гараднянскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна. У 1987—92 даследавана каля паловы плошчы селішча (больш за 15 тыс. м²) і ўвесь некропаль (64 насыпы). Асн. кірунак гасп. дзейнасці насельніцтва — здабыванне гліны і падрыхтоўка яе да ганчарнай вытв-сці, выраб і абпальванне посуду, лясны промысел, с.-г. работы. Выяўлены рэшткі 662 наземных і паглыбленых у зямлю пабудоў, у т. л. ганчарныя майстэрні, смалакурні, дзягцярні, шмат ганчарных горнаў, кар’еры для здабычы гліны і месцы захоўвання сыравіны. У большасці курганоў пахавальны абрад — трупапалажэнне ў падкурганных ямах, у 11 — на гарызонце, у 9 — кенатафы; інвентар традыцыйны для ўсх. славян: кераміка, скроневыя кольцы, бранзалеты і інш.
т. 2, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧАЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й ЛЕ́СУ Засн. ў 1967, адкрыты ў 1969 у г.п. Клічаў Магілёўскай вобл. як музей нар. славы, з 1998 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 370 м², больш за 4 тыс. адзінак асн. фонду (1998). Экспазіцыя складаецца з раздзелаў: чалавек і зямля, чалавек і лес, чалавек і рака. Сярод экспанатаў таксама археал. знаходкі (пацеркі, скроневыя кольцы, прылады працы, фрагменты глінянага посуду) з раскопак на тэр. раёна, прадметы культуры і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., вырабы Клічаўскага шклозавода (1901—14), рэчы з асабістага фонду вучонага-географа А.А.Смоліча, матэрыялы пра стварэнне і дзейнасць у Вял. Айч. вайну падполля і партыз. руху, творы графікі і жывапісу. Філіял музея — Усакінскі мемарыяльны комплекс.
Л.Л.Ачыновіч.
т. 8, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)