«БАРАНО́ВЫ ЛБЫ»,

скалістыя выступы карэнных горных пародаў, згладжаныя і адпаліраваныя ледавіком. Даўж. да некалькіх соцень метраў, выш. да 50 м. Назва паходзіць ад іх формы (нагадвае лбы бараноў). Звычайна схіл, накіраваны ў бок, адкуль рухаўся ледавік, пакаты, гладка адпаліраваны, з ледавіковымі драпінамі на паверхні, супрацьлеглы — больш стромкі і няроўны. Групы дробных «Барановых лбоў» наз. кучаравымі скаламі. Пашыраны ў абласцях мінулых і сучасных абледзяненняў, найб. шматлікія ў Скандынавіі, Карэліі, на Кольскім п-ве.

т. 2, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ДЭНСКАЕ ВО́ЗЕРА

(Bodensee),

у Еўропе, на мяжы Германіі, Швейцарыі і Аўстрыі. Размешчана на выш. 395 м. Пл. 538 км². Даўж. каля 63 км, шыр. 14 км, глыб. да 252 м. На ПнЗ разгаліноўваецца на 3 адасобленыя часткі (Іберлінгенскае, Ніжняе і Цэлерскае азёры). Запаўняе тэктанічную ўпадзіну, апрацаваную стараж. ледавіком. Берагі пераважна плоскія, узвышаныя, на ПдУ — высокія, скалістыя. Праз Бодэнскае возера цячэ р. Рэйн. Назіраюцца сейшы. Суднаходства, паромная пераправа. На берагах буйныя гарады і курорты: Констанц, Фрыдрыхсгафен, Ліндаў (Германія), Брэгенц (Аўстрыя). Запаведнікі.

т. 3, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НЫ

(Hyracoidea),

атрад млекакормячых. 1 сям., 3 роды: Д. дрэвавыя (Dendrohyrax), Д. горныя, або шэрыя (Heterohyrax), Д. скалістыя, або пустынныя (Procavia). 7 відаў. Пашыраны ў Афрыцы і Паўд.-Зах. Азіі (п-вы Аравійскі, Сінайскі, Сірыя і Палесціна). Жывуць у лясах (Д. дрэвавыя) і ў гарах. Наземныя Д. селяцца калоніямі.

Даўж. цела 30—60 см, маса 1,5—4,7 кг. Вонкавым выглядам нагадваюць грызуноў, але філагенетычна бліжэй да хобатных. Афарбоўка карычнева-шэрая. Хвост даўж. 1—3 см або адсутнічае. Верхняя губа раздвоеная. Пярэднія лапы чатырохпальцавыя, заднія трохпальцавыя з капытападобнымі кіпцюрамі, на падэшве моцны прысосак Пераважна расліннаедныя. Нараджаюць 1—6 дзіцянят.

Даман капскі.

т. 6, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РХНЯЕ ВО́ЗЕРА

(Lake Superior),

возера ў сістэме Вялікіх азёр Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Найб. глыбокае з Вял. азёр і самае буйное з прэснаводных азёр у свеце. Размешчана на выш. 183 м. Пл. 82,4 тыс. км². Даўж. 613 км, шыр. каля 256 км, глыб. да 393 м. Паўн. берагі скалістыя і высокія, паўднёвыя — пераважна нізінныя і пясчаныя. Буйны в-аў Айл-Роял. Сцёк у воз. Гурон па р. Сент-Мэрыс. У раёне Верхняга возера радовішчы жал. руды і медзі. Верхняе возера — важнае звяно воднага шляху, які злучае ўнутр. раёны Паўн. Амерыкі з Атлантычным ак. Рыбалоўства. Нац. Паркі Айл-Роял (ЗША), Пукаскуа (Канада). Гал. парты: Дулут, Сьюпірыёр, Ашленд, Маркет (ЗША), Тандэр-Бей (Канада).

т. 4, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЗЮ́КАВЫЯ

(Viperidae),

сямейства ядавітых змей атр. лускаватых. 11 родаў, 60 відаў. Пашыраны ў Афрыцы (адкуль, верагодна, паходзяць) і Еўразіі. Насяляюць вільготныя экватарыяльныя лясы, сухія саванны і стэпы, бязводныя пустыні, паўн. хваёвыя лясы, скалістыя горы да 3000 м над узр. м. Большасць вядзе наземны спосаб жыцця, іншыя жывуць на дрэвах або пад зямлёй. Найб. вядомыя — гюрза, эфа. На Беларусі 1 від — гадзюка звычайная. 4 віды гадзюкавых у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 2 м. Цела тоўстае, рознай афарбоўкі, хвост кароткі, галава пляскатая. Зрэнка вертыкальная. На верхняй сківіцы 1—2 вял. рухомыя ядавітыя зубы і па 3—5 больш дробных. Актыўныя пераважна прыцемкам і ўначы. Дарослыя кормяцца дробнымі жывёламі, птушкамі, яйцамі, моладзь — насякомымі і членістаногімі. Яйцажывародныя, некаторыя адкладваюць яйцы. Аб’екты адлову і ўтрымання ў серпентарыях для атрымання змяінага яду.

т. 4, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́РТА

(Alberta),

правінцыя на ПдЗ Канады. Пл. 661,2 тыс. км², нас. 2545 тыс. чал. (1993). Адм. цэнтр — г. Эдмантан. Найб. гарады Калгары, Форт-Саскачэван. Гар. насельніцтва каля 77%. Значная ч. тэрыторыі занята плато Вялікія раўніны, на ПдЗ Скалістыя горы. Клімат кантынентальны. Сярэднія т-ры (у Эдмантане) студз. -15 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. Найб. рэкі Піс-Рывер і Атабаска, азёры Атабаска, Клэр, Малое Нявольніцкае. Вядучае месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці. Здабываюць 88% нафты і газу, 40% каменнага вугалю (ад агульнай здабычы ў Канадзе), уран, серу і інш. Развіты нафтаперапрацоўка, нафтахімія, каляровая металургія, машынабудаванне, харч. прам-сць. Дае каля 20% с.-г. прадукцыі Канады. Вырошчваюць пшаніцу (каля 25%), ячмень (40%), цукр. буракі (50% ад агульнага збору ў Канадзе). Адзін з найб. раёнаў краіны па развіцці мясной і малочнай жывёлагадоўлі. Транспарт чыгуначны, аўтамабільны; нафта- і газаправоды.

З.М.Шуганава.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАВІ́ЙСКАЕ МО́РА,

паўзамкнёнае мора Індыйскага ак. паміж паўастравамі Індастан на У і Аравійскім на З. Абмывае берагі Самалі, Джыбуці, Йемена, Амана, ААЭ, Саудаўскай Аравіі, Кувейта, Ірака, Ірана, Пакістана, Індыі. Пл. 4832 тыс. км². Сярэдняя глыб. 2734 м, найб. 5803 м. Берагі высокія, скалістыя, месцамі нізінныя дэльтавыя, парэзаныя залівамі і бухтамі. Найб. залівы: Адэнскі на З (злучаецца Баб-эль-Мандэбскім пралівам з Чырвоным м.), Аманскі на ПнЗ (злучаецца Армузскім пралівам з Персідскім залівам), Кач і Камбейскі на ПнУ. Найб. а-вы: Сакотра і Лакадыўскія. У Аравійскае мора ўпадае р. Інд. Рэльеф дна выраўнаваны, агульны нахіл з Пн на Пд; на З падводны хр. Мары. Клімат трапічны мусонны. Частыя тайфуны. Сярэдняя т-ра вады на паверхні зімой 22—27 °C летам 23—28 °C. Салёнасць 35,8—36,57 ‰. Прылівы паўсутачныя (да 5,1 м). Фауна: дзюгонь, лятучыя рыбы, тунец, меч-рыба, паўд. селядзец, рыфавыя рыбы, паруснікі і інш. Гал. парты: Бамбей (Індыя), Карачы (Пакістан), Адэн (Йемен).

З.А.Андрыеўская.

т. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫТА́НСКАЯ КАЛУ́МБІЯ

(Britich Columbia),

правінцыя на З Канады. Уключае таксама а-вы Ванкувер, Каралевы Шарлоты і інш. Пл. 947,8 тыс. км². Нас. 3282 тыс. чал. (1995). Адм. ц.г. Вікторыя. На УСкалістыя горы (г. Робсан, 3954 м), на З — Берагавы хр. (г. Уодынгтан, 4042 м), паміж імі — унутр. плато выш. каля 1000 м. У прыморскай ч. клімат мяккі, вільготны, у гарах — суровы (зімой да -50 °C). Ападкаў ад 2400 мм на ўзбярэжжы да 300 мм у міжгорных далінах. Шмат азёр. Большая ч. тэр. пад хвойнымі лясамі. Здабываюць вугаль, медзь, серабро, золата, цынк, свінец, малібдэн, нафту, прыродны газ. На рэках Піс-Рывер, Калумбія і інш. значныя ГЭС, якія выпрацоўваюць каля 80% усёй электраэнергіі. Каляровая металургія — выплаўка алюмінію, свінцу, цынку, серабра. Машынабудаванне (суднабудаванне, вытв-сць лесапрамысл. і горнага абсталявання), хім., харч., цэлюлозна-папяровая прам-сць. Сельская гаспадарка ў далінах рэк на З пераважна прыгарадная (малочная жывёлагадоўля, агародніцтва, пладаводства). На ўзбярэжжы рыбалоўства (ласасёвыя, селядзец, палтус) і рыбаперапр. прам-сць. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Гал. парты і прамысл. цэнтры — Ванкувер, Вікторыя.

т. 3, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЁМІНГ

(Wyoming),

штат на З ЗША. Пл. 253,3 тыс. км². Нас. 470 тыс. чал. (1993), гарадскога каля 80%. Адм. цэнтр — г. Шаен. Большую ч. тэр. займаюць Скалістыя горы. Найвыш. пункт — г. Ганет-Пік (4201 м). На У частка Вял. раўнін (​1/4 тэр. штата). Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. да -12 °C у гарах, у ліп. ад 10 да 24 °C. Ападкаў за год ад 100 мм у міжгорных катлавінах да 510 мм у гарах. Рэкі адносяцца ў асноўным да сістэмы Місуры — Місісіпі, Йелаўстанскі нац. парк з ракой і воз. Йелаўстан. Горназдабыўны штат: нафта, прыродны газ, сода, каменны вугаль, золата, серабро, жал. руда, медзь, уран. Лесанарыхтоўка (хвойныя пароды). Апрацоўчая прам-сць: нафтаперагонка, нафтахімія, вытв-сць угнаенняў, шкла. У сельскай гаспадарцы 78% даходаў дае жывёлагадоўля. 38% тэр. штата займае паша. Пераважае авечкагадоўля воўнавага кірунку і гадоўля буйн. раг. жывёлы мяснога кірунку; характэрны буйныя жывёлагадоўчыя гаспадаркі — ранча і фермы. Асн. с.-г. культуры: сеяныя травы (люцэрна), ячмень, пшаніца, кукуруза, цукр. буракі, бульба. ​2/3 апрацаваных зямель арашаецца. Штат перасякаюць чыгункі і аўтадарогі. Больш за 100 аэрапортаў і аэрадромаў. Турызм.

М.С.Вайтовіч.

т. 3, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ЦКАЕ МО́РА,

паўзамкнёнае мора Ціхага акіяна, каля ўсх. берагоў Азіі. Пл. 1603 тыс. км², найб. глыб. 3521 м. Узбярэжжа належыць Расіі і Японіі. Ад Ціхага акіяна аддзелена п-вам Камчатка, градой Курыльскіх а-воў і в-вам Хакайда; а-вамі Сахалін і Хакайда аддзелена ад Японскага м., з якім на З і ПдЗ злучана пралівамі Невяльскога і Лаперуза. Берагі пераважна скалістыя. Залівы Шэліхава, Аніва, Цярпення, Сахалінскі і інш. Самыя вял. астравы — Шантарскія. Упадаюць найб. рэкі Амур, Уда, Ахота, Гіжыга, Пенжына. Клімат мусонны, умераных шырот. Зімой пануюць моцныя халодныя вятры, якія дзьмуць з мацерыка, летам — слабыя, цёплыя, паўд.-ўсх. вятры. Т-ра вады летам 1,5—15 °C, зімой -1,8—2 °C. З кастр. да чэрв. амаль усё мора ўкрыта лёдам. Салёнасць 32,8—33,8‰. Прылівы пераважна няправільныя, сутачныя (да 12.9 м). Для Ахоцкага мора характэрна з’ява свячэння вады і лёду. Рыбалоўства (ласасёвыя, селядзец, мінтай, камбала, траска, навага, мойва), лоўля крабаў. Па моры праходзяць важныя марскія шляхі, якія злучаюць Уладзівасток з паўн. раёнамі Д. Усходу і Курыльскімі а-вамі. Гал. парты: на мацерыку Магадан, Ахоцк, на в-ве Сахалін Карсакаў, на Курыльскіх а-вах Паўночна-Курыльск.

т. 2, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)