АБРАМО́ВІЧ (Марыян Станіслаў) (25.3.1871, г. Цвер — 7.1.1925),

удзельнік рэв. руху, дзеяч культуры Польшчы і Беларусі. У час вучобы ў Маскоўскім ун-це ўзначальваў гурток сацыяліст. кірунку ў маскоўскім польскім коле. У 1892 выдаў у Тыльзіце (Усх. Прусія) бел. агіт. брашуру «Дзядзька Антон», за што арыштаваны, прыгавораны да 3 гадоў турмы і 6 гадоў ссылкі, пасля якой жыў у Пецярбургу, узначальваў рабочую друкарню «Праца». У рэвалюцыю 1905—07 забяспечваў сувязь паміж Польскай сацыяліст. партыяй і рас. рэв. партыямі. З 1908 у Варшаве. З 1918 займаўся архіўнай і бібліятэчнай справай.

Літ.:

Скалабан В. Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. № 2.

т. 1, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ВО́ЛЬНА-ЭКАНАМІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ў Петраградзе,

згуртаванне бел. інтэлігенцыі. Існавала з кастр. 1918 да 1920. Створана Петраградскім аддзяленнем Беларускага нацыянальнага камісарыята і бел. секцыяй РКП(б). Асн. мэта: спрыяць развіццю навукі, культуры і нар. гаспадаркі Беларусі. За аснову прыняты статут Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве з дапаўненнем задач эканам. характару. Падрыхтаваны зварот «Да вывучэння Беларусі». Старшыня праўлення — Я.​С.​Канчар, у т-ва ўваходзілі акадэмік Я.​Ф.​Карскі, праф. П.​М.​Жуковіч (ганаровыя члены), М.​М.​Аўсяны, А.​Ц.​Вазіла, П.​І.​Міклашэўскі, М.​М.​Сабалеўскі, А.​К.​Сержпутоўскі і інш.

В.​У.​Скалабан.

т. 2, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВА-КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БНКТ) у Маскве, згуртаванне беларускай інтэлігенцыі ў 1918—19. Створана пры садзеянні Беларускага нацыянальнага камісарыята. Асн. задачы: развіццё навукі і культуры Беларусі, правядзенне культ.-асв. работы сярод беларусаў. На першым пасяджэнні (14.7.1918) прысутнічала больш за 1000 чал. У т-ва ўваходзілі У.​І.​Пічэта (старшыня праўлення), В.​Р.​Брайцаў, Я.​Л.​Дыла, В.​І.​Качалаў, М.​К.​Любаўскі, Ф.​Ф.​Турук, М.​А.​Янчук і інш. Т-ва планавала выданне матэрыялаў па этнаграфіі Беларусі, зборнікаў бел. фальклору і бел. л-ры, гіст. і эканам. літаратуры. Быў падрыхтаваны час. «Белорусская жизнь» (не выйшаў).

В.​У.​Скалабан.

т. 2, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТКЕ́ВІЧ (Піліп Мацвеевіч) (14.11.1881, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 20.3.1921),

бел. паліт. дзеяч. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1901), настаўнічаў. На 1-м Усерас. з’ездзе сял. дэпутатаў (май 1917, Петраград) увайшоў у групу «14-ці беспартыйных» з Беларусі на чале з М.​В.​Фрунзе, абраны чл. Выканкома Усерас. Савета сял. дэпутатаў. У 1917 старшыня выканкома Бабруйскага пав. Савета сял. дэпутатаў, нам. старшыні Бел. абл. к-та пры Усерас. Савеце сял. дэпутатаў, узначальваў (з В.​Селіванавым) Бел. аддзел Наркамнаца. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. У 1918 і 1919 арыштоўваўся ням. і польск. ўладамі. З 1920 на пед. рабоце.

В.​У.​Скалабан.

т. 8, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ БЕЛАРУ́СКІ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ АТРА́Д,

створаны ў снеж. 1918 у Петраградзе Бел. секцыяй РКП(б) з беларусаў бежанцаў, чырвонаармейцаў і маракоў Балт. флоту. Налічваў каля 200 чал., у т. л. 90 камуністаў. Камандзір атрада А.​Я.​Казадоеў, камісар Р.​Р.​Каўшыла. У студз. 1919 два ўзводы атрада на чале з Каўшылам паводле пастановы канферэнцыі Бел. секцыі РКП(б) і выкліку Часовага рабоча-сял. сав. ўрада Беларусі адпраўлены ў Мінск, дзе частка асабовага складу атрада накіравана на работу ў Мінскую надзвычайную камісію (ЧК), у парт. і сав. органы, астатнія пазней уліліся ў Чырв. Армію.

В.​У.​Скалабан.

т. 12, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАРО́ДНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т.

Працаваў у Маскве з 11 ліп. да 12 жн. 1918. Арганізаваны культ.-асв. аддзелам Беларускага нацыянальнага камісарыята. Загадчык ун-та П.​А.​Урбановіч. Заняткі наведвалі 57 чал., пераважна школьныя настаўнікі Беларусі. Яны праслухалі лекцыі па бел. гісторыі, л-ры, мове, эканоміцы, геаграфіі і інш. Сярод лектараў Дз.​М.​Анучын («Да пытання аб тэрыторыі Беларусі»), У.​І.​Пічэта («Гісторыя беларускага народа»), А.​М.​Ясінскі («Гісторыя адукацыі на Беларусі»), П.​А.​Растаргуеў («Беларуская мова»), З.​Х.​Жылуновіч («Агляд беларускай літаратуры») і інш. Слухачы адначасова наведвалі лекцыі на Усерас. настаўніцкіх курсах, арганізаваных Наркамасветы РСФСР. Частка прачытаных лекцый выдадзена пад назвай «Курс беларусазнаўства» (1918—20).

В.​У.​Скалабан.

т. 2, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУШКАРЭ́ВІЧ (Канстанцін Аляксеевіч) (3.11.1890, г. Слонім Гродзенскай вобл. —28.2.1942),

бел. гісторык, перакладчык. Д-р філал. н. (1940), праф. (1941). Скончыў Гродзенскую гімназію (1912), Петраградскі ун-т (1917). Ўдзельнічаў у рабоце Гродзенскага гуртка беларускай моладзі, адзін з заснавальнікаў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ун-та. У 1919—22 выкладаў у Томскім, з 1925 — Ленінградскім ун-тах (з 1941 заг. кафедры), адначасова супрацоўнік навук. устаноў. Даследаваў бел. л-ру, гісторыю, мову і культуру славян. Пераклаў на рус. мову аповесць З.​Бядулі «Салавей» і зб. апавяд. Ц.​Гартнага «Трэскі на хвалях» (абодва 1928). Пасля смерці Б.І.Эпімах-Шыпілы (1934) захоўваў яго асабісты архіў.

В.​У.​Скалабан.

т. 13, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЯЗЕ́Й (Віктар Адамавіч) (8.6.1881, Мінск — пасля 1951),

удзельнік бел. нац. руху пач. 20 ст. З 1903 адзін з кіраўнікоў арг-цыі Бел. сацыяліст. грамады (БСГ) у Мінску (парт. псеўд. Кузьма), на яго кватэры адбыўся 2-і з’езд БСГ (студз. 1906). Працаваў бібліятэкарам б-кі імя Пушкіна. У пач. 1908 арыштаваны, пры вобысках знойдзены нелегальная л-ра, фальшывы пашпарт, пячатка БСГ. У кастр. 1909 засуджаны Віленскай суд. палатай і ў студз. 1910 сасланы ў Кірэенскі пав. Іркуцкай губ. З Сібіры дасылаў лісты ў «Нашу ніву». У 1920-я г. працаваў у Інбелкульце. У 1926 на пасяджэнні секцыі рэв. руху выступіў з дакладам «Утварэнне і праца БСГ». У 1951 жыў у Ратамцы пад Мінскам.

В.​У.​Скалабан.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧУ́ЛЬСКІ (Васіль Фёдаравіч) (9.8.1893, в. Навасады Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 29.10.1973),

бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1946). Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1911—15), скончыў Маскоўскі ун-т (1917). У 1918 супрацоўнік Белнацкома ў Маскве, у 1919—24 выкладчык у Слуцку, у 1925—33 навук. супрацоўнік Інбелкульта, АН Беларусі, у 1934—71 выкладчык ВНУ Масквы. Друкаваўся з 1927. Удзельнічаў у падрыхтоўцы выдання твораў М.​Багдановіча (т. 1—2, 1927—28), А.​Гаруна (1929). Даследаваў сувязі «Слова аб палку Ігаравым» з бел. фальклорам. Аўтар артыкулаў, рэцэнзій па праблемах укр., рус. л-ры.

Тв.:

Тэхніка работы з кнігай. Мн., 1933;

Лісты В.​Ф.​Мачульскага да А.​Я.​Багдановіча // Шлях паэта. Мн., 1975.

В.​У.​Скалабан.

т. 10, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САЎСКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з крас. 1942 да ліп. 1944 на тэр. Косаўскага р-на, уваходзіла ў Брэсцкую абл. антыфаш. арг-цыю. Створана на базе падп. груп, што ўзніклі ў першыя месяцы вайны. Складалася з ячэек, аб’яднаных у падраёны. К-т арг-цыі (кіраўнікі М.​Ф.​Трында, А.​М.​Мініч, В.​Т.​Радзюк) наладзіў сувязь з падпольшчыкамі Слонімскага р-на і дапамог ім у стварэнні сваёй антыфаш. арг-цыі. Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод насельніцтва, збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, харч. прадукты, медыкаменты, адзенне, палілі і разбіралі масты, парушалі сувязь ворага, з дапамогай насельніцтва перакопвалі дарогі на Ружаны, Пружаны і інш., рабілі на іх завалы; удзельнічалі ў Косаўскім баі 1942.

В.​У.​Скалабан.

т. 8, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)