КУНЕ́НЕ (Cunene, Kunene),

рака ў Паўд. Афрыцы, у Анголе, часткова на мяжы э Намібіяй. Даўж. 945 км, пл. басейна больш за 100 тыс. км². Вытокі на пласкагор’і Біе. У вярхоўі цячэ ў скалістых цяснінах, утварае парогі і вадаспады, сярэдняе цячэнне — у шырокай даліне, у ніжнім — шэраг парогаў і вадаспадаў. Упадае ў Атлантычны ак. У сухі сезон месцамі перасыхае. ГЭС. На асобных участках суднаходная.

т. 9, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КЛАН (Lachlan),

рака на ПдУ Аўстраліі, правы прыток р. Марамбіджы (бас. Мурэя). Даўж. каля 1500 км, пл. басейна 85 тыс. км². Пачынаецца на зах. схілах Вял. Водападзельнага хр., у вярхоўі цячэ ў глыбокай даліне, парожыстая, у ніжнім цячэнні — па раўніне. Сярэдні расход вады 42 м³/с. У сухі зімовы сезон перасыхае. Сцёк зарэгуляваны сістэмай вадасховішчаў. Суднаходная ў ніжнім цячэнні ў перыяд летніх дажджоў.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМА́МІ (Lomami),

рака ў Цэнтр. Афрыцы, у Дэмакр. Рэспубліцы Конга, левы прыток р. Конга. Даўж. каля 1500 км, пл. басейна 110 тыс. км². Пачынаецца на плато Катанга, цячэ на Пн у глыбокай даліне, парожыстая. Сярэдні расход вады каля 1700 м³/с. Пад’ём узроўню вады ў сезон дажджоў з вер. да красавіка. Суднаходная на 330 км ад вусця. У вусці — г. Ісангі.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТА пара года, кліматычны сезон паміж вясной і восенню. У астраноміі — перыяд ад дня летняга сонцастаяння да асенняга раўнадзенства (з 22 чэрв. да 23 вер. ў Паўн. паўшар’і, з 22 снеж. да 21 сак. ў Паўднёвым). Паводле календара летнія месяцы ў Паўн. паўшар’і чэрвень, ліпень, жнівень, у Паўд.снеж., студз., люты. Працягласць Л. як кліматычнага і феналагічнага сезона скарачаецца ад нізкіх шырот да высокіх. У экватарыяльным поясе Л. ў кліматычным разуменні цягнецца ўвесь год, у субтропіках — каля 5 месяцаў, ва ўмераным поясе — каля 3 месяцаў, у палярных шыротах не больш як 1—2 месяцы. На тэр. Беларусі Л. пачынаецца з пераходу сярэдняй сутачнай т-ры паветра вышэй за 14 °C у 2—3-й дэкадах мая. Паводле феналагічных з’яў вылучаюць пачатак Л., поўнае Л., спад Л. На летні сезон прыпадае больш за палавіну гадавой працягласці сонечнага ззяння і сонечнай радыяцыі. Л. характарызуецца паслабленнем цыкланічнай дзейнасці, дастаткова высокімі т-рамі паветра, вады, паверхні глебы, бесперапыннай вегетацыяй раслін.

т. 9, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МСКАЕ ПРЫМО́Р’Е,

кліматычны курорт на Украіне. На беразе Чорнага м. паміж гарадамі Феадосія і Судак. Ахаванасць гарамі ад паўн. і паўн.-ўсх. вятроў, клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу, з мяккай зімой, пераважна гарачым і сухім летам, працяглы купальны сезончэрв. да сярэдзіны кастр.), пясчана-галечны пляж даўж. 3 км і інш. фактары спрыяюць клімата- і таласатэрапіі хвароб органаў дыхання (нетуберкулёзнага паходжання) і нерв., сардэчна-сасудзістых функцыян. расстройстваў.

т. 8, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НУЭ (Benue),

рака ў Зах. Афрыцы, у Камеруне (вярхоўі) і Нігерыі, левы прыток Нігера. Даўж. 1300 км, пл. басейна 441 тыс. км². Пачынаецца на ўсх. схілах нагор’я Камерун, перасякае яго па цясніне, далей цячэ па раўніне сярод вільготных саваннаў у шырокай густанаселенай даліне. Паводка з чэрв. да верасня. Сярэдні расход вады 3170 м³. Суднаходная ад г. Ібі, у сезон дажджоў ад г. Гаруа. Каля вусця (шыр. да 1,5 км) — г. Лакоджа.

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАБА́С, паўзун (Anabas testudineus),

рыба атрада акунепадобных. Водзіцца ў стаячых і слаба праточных вадаёмах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі.

Даўж. да 25 см. Цела буравата-зялёнае, бруха жаўтаватае. Можа жыць без вады каля 8 гадзін. З дапамогай хваста, грудных плаўнікоў і шыпоў шчэлепных накрывак поўзае па сушы. Дыхае атм. паветрам з дапамогай спец. надшчэлепнага органа. У сухі сезон упадае ў спячку, закопваючыся ў глей. Драпежнік. Аб’ект мясц. промыслу, разводзяць у сажалках.

Анабас.

т. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭ́МІЯ (Artemia salina),

ракападобнае атрада шчэлепаногіх. Пашырана ў салёных азёрах і лужынах паўпустыняў, пустыняў і марскіх ліманаў, здольная жыць пры салёнасці вады ад 40 да 230%0 і болей.

Даўж. 0,8—1 см. У залежнасці ад салёнасці вады зменьваецца даўж. галінак вілачкі на канцы брушка (павялічваецца пры апрасненні). Жывіцца мікраскапічнымі водарасцямі і бактэрыямі. Размнажаецца 3 разы за сезон, плоднасць да 70 яец або наўплісаў. Разводзяць і выкарыстоўваюць на корм рыбам.

Артэмія: салёнаводная форма.

т. 1, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНГВЕУ́ЛУ (Bangweulu),

возера ў Цэнтр. Афрыцы, у Замбіі, у бас. р. Конга (Заір), на выш. 1067 м. Пл. ад 4 тыс. км² (у сухі сезон) да 15 тыс. км² (у час летніх дажджоў). Глыб. да 5 м. Берагі нізкія, забалочаныя. Упадае (у час дажджоў) р. Чамбешы, выцякае р. Луапула. Амаль усё возера зарасло чаротам і асакою. Больш за 50 відаў рыб; водзяцца бегемоты. Адкрыта ў 1868 англ. даследчыкам Д.Лівінгстанам. На ўсх. берагах нац. парк Ісангана.

т. 2, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСО́ННЫЯ ЛЯСЫ́,

лістападныя лясы абласцей з мусонным кліматам, якія скідваюць лісце ў сухі сезон. Адрозніваюць вільготныя мяшаныя М.л., фларыстычны склад якіх параўнальна бедны (цік, сал, эўкаліпт, падлесак з вечназялёных відаў расліннасці, травяное покрыва самкнутае) і сухія монадамінантныя М.л., якія складзены з аднаго віду (салавыя, эўкаліптавыя і інш.). Пашыраны ў тропіках, трапляюцца ў субтрапічных і ўмераных шыротах (на Д. Усходзе, п-вах Індастан, Індакітай, у Паўн. і Паўн.-Усх. Аўстраліі, Цэнтр. Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы).

т. 11, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)