сістэма адліку часу, у якой працягласць сутак вызначаецца па кульмінацыях пункта вясенняга раўнадзенства ў месцы назірання (гл.Зорныя суткі). Роўны прамому ўзыходжанню (у гадзіннай меры) нябеснага свяціла ў момант яго верхняй кульмінацыі. Выкарыстоўваецца ў астраноміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯБЕ́СНАЯ СФЕ́РА,
уяўная сфера адвольнага радыуса, на якую праектуюцца нябесныя свяцілы. Служыць для зручнасці вызначэння нябесных каардынат свяціл і вуглавых адлегласцей паміж імі.
На Н.с. і ўнутры яе фіксуюцца гал. лініі і пункты, адносна якіх праводзяцца ўсе вымярэнні вуглавых велічынь. Звычайна цэнтр Н.с. змяшчаюць у пункт знаходжання вока назіральніка. Прамая ZOZ′, якая праходзіць праз цэнтр O Н.с. і супадае з напрамкам ніткі адвеса ў месцы назірання, наз.вертыкальнай лініяй. Яна перасякае Н.с. ў пунктах зеніту (Z) і надзіра (Z′). Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с. перпендыкулярна вертыкальнай лініі, перасякае Н.с. па акружнасці SWNE, якая наз. матэматычным ці сапраўдным гарызонтам. Ён падзяляе Н.с. на бачную і нябачную паўсферы. Дыяметр РР’, вакол якога адбываецца вярчэнне Н.с., наз. воссю свету. Яна перасякае Н.с. ў Паўночным (P) і Паўднёвым (P′) полюсах свету. Вугал φ паміж воссю свету і плоскасцю гарызонта роўны геагр. шыраце месца назірання. Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с. перпендыкулярна восі свету, перасякае Н.с. па акружнасці QWQ′E, якая наз.нябесным экватарам. Ён падзяляе паверхню Н.с. на 2 паўшар’і — паўночнае і паўднёвае. Нябесны экватар перасякаецца з матэм. гарызонтам у 2 пунктах — пункце ўсходу (E) і пункце захаду (W). Плоскасць, што праходзіць праз вось свету і вертыкальную лінію, перасякае Н.с. па акружнасці PZQSP′Z′Q′N, якая наз.нябесным мерыдыянам. Ён падзяляе паверхню Н.с. на ўсходняе і заходняе паўшар’і. Нябесны мерыдыян перасякаецца з матэм. гарызонтам у пункце поўначы (N) і пункце поўдня (S); прамая NS — паўдзённая лінія. Вялікі круг Н.с., які праходзіць праз зеніт, свяціла М і надзір, наз.кругам вышыні, ці вертыкалам свяціла. З прычыны сутачнага вярчэння Зямлі становішча свяціл на Н.с. зменьваецца: яны апісваюць паралельныя нябеснаму экватару акружнасці — нябесныя, ці сутачныя паралелі свяціл. Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с., полюсы свету і свяціла, перасякае Н.с. па акружнасці, якая наз.гадзінным кругам ці кругам схіленнясвяціла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЯСК,
1) характарыстыка ўласцівасці паверхні, абумоўленая люстраным адбіццём святла. Колькасна вызначаецца суадносінамі паміж інтэнсіўнасцямі святла пры люстраным і дыфузным адбіцці.
2) Бляск нябеснага свяціла — характарыстыка асветленасці, якая ствараецца свяцілам на плоскасці, перпендыкулярнай прамяням, што на яе падаюць (уплыў атмасферы не ўлічваецца). Вымяраецца ў зорных велічынях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІДЭРЫ́ЧНЫ ГОД [ад лац. sidus (sideris) нябеснае свяціла, зорка],
зорны год, прамежак часу паміж 2 паслядоўнымі вяртаннямі Сонца, пры яго бачным гадавым руху, у адно і тое ж (адносна зорак) месца нябеснай сферы. Роўны перыяду поўнага абарачэння Зямлі вакол Сонца (адносна зорак). Складае 365,25636 сярэдніх сонечных сутак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКСТА́НТ [ад лац. sextans (sextantis) шостая частка; у марской справе часцей секстан],
вугламерны адбівальны інструмент, асн. частка якога — дуга памерам у 1/6 частку акружнасці (60°), падзеленая на градусы і долі градуса (лімб). Вымярае вуглы да 120°. Выкарыстоўваецца ў мараходнай і авіяц. астраноміі для вымярэння вышынь нябесных свяціл і берагавых прадметаў над гарызонтам, а таксама вуглоў паміж бачнымі з карабля прадметамі.
Выявы аб’ектаў, напр., нябеснага свяціла і марскога гарызонту, паміж якімі вымяраецца вуглавая адлегласць, сумяшчаюцца ў трубе С. Гэта дае магчымасць не замацоўваць С. на нерухомай аснове, рабіць вымярэнні, трымаючы яго ў руках. Для астр. вызначэння месца карабля ці самалёта С. вымяраюць вышыні некалькіх нябесных свяціл, а потым будуюць вышынныя лініі становішча з улікам папраўкі на паніжэнне гарызонту з прычыны шарападобнасці Зямлі.
Схема секстанта: 1, 3 — святлафільтры; 2, 4 — люстэркі; 5 — падзорная труба; 6 — шкала; φ — вугал паміж напрамкамі на нябеснае свяціла і гарызонт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЁГРАФ (ад гелія... + ...граф),
1) у метэаралогіі самапісная прылада для рэгістрацыі працягласці сонечнага ззяння. У аснове канструкцыі геліёграфа Кэмпбела—Стокса нерухомы шкляны шар. Ён служыць лінзай і збірае сонечныя промні, якія прапальваюць кардонную стужку, падзеленую на адпаведныя гадзіне і яе часткам адрэзкі. Па даўжыні прапаленай «зайчыкам» (які на працягу дня перамяшчаецца па стужцы) лініі падлічваецца час, калі свяціла Сонца. Існуюць і інш. сістэмы геліёграфа, у т. л. з фатаграфічнай рэгістрацыяй. Як геліёграф могуць выкарыстоўвацца актынографы.
2) У астраноміі тэлескоп, прыстасаваны для фатаграфавання Сонца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫДЫЯ́ННЫ КРУГ,
астранамічная прылада для вызначэння экватарыяльных каардынат нябесных свяціл (гл.Нябесныя каардынаты). Мае падзорную трубу, што можа паварочвацца ў плоскасці мерыдыяна вакол гарыз. восі, на якую насаджаны кругі са шкаламі для вымярэнняў вуглоў. Пры навядзенні трубы на зорку, якая кульмініруе, па паказаннях кругоў вызначаюць зенітную адлегласць свяціла і вылічваюць схіленне. М.к. выкарыстоўваецца таксама для рэгістрацыі момантаў праходжання нябесных свяціл праз мерыдыян.
Схема мерыдыяннага круга: AB — падзорная труба; вось вярчэння WE размешчана гарызантальна па лініі Усход-Захад; CD — круг з дзяленнямі; M — мікраметр для адліку дзяленняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ГРАФ (ад астра... + ...граф),
астранамічная прылада для фатаграфавання нябесных аб’ектаў. Працуе па схеме рэфрактара, рэфлектара ці люстрана-лінзавага тэлескопа. Відарыс нябеснага свяціла або часткі неба з дапамогай аб’ектыва фіксуецца на фотапласцінцы. Святласіла астрографа і маштаб відарысаў залежаць ад дыяметра і фокуснай адлегласці аб’ектыва. Вял. ўчасткі неба фатаграфуюць караткафокуснымі астрографами з фокуснай адлегласцю менш за 1 м. Для вызначэння зорных паралаксаў, даследавання падвойных зорак, уласнага руху зорак і інш. выкарыстоўваюць астрографы з фокуснай адлегласцю да 10—15 м. Зрушэнне трубы астрографа ўслед за сутачным вярчэннем нябеснай сферы пры фатаграфаванні забяспечваецца гадзіннікавым механізмам і кантралюецца назіральнікам або аўтам. сістэмай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ (франц. halo ад грэч. halōs круг, дыск),
адна з аптычных з’яў у атмасферы. Узнікаюць гало ў перыстых, перыста-слаістых і перыста-кучавых воблаках (знаходзяцца на вышыні больш за 6 км) у выніку пераламлення святла ў ледзяных крышталях або адбіцця святла ад іх граней. Назіраюцца вакол Сонца і Месяца, маюць вуглавы радыус 22° і 46° і форму каляровых (як слабая вясёлка) ці белых кругоў, дугаў, слупоў, крыжоў, плям. Гало адрозніваюцца ад вянцоў, што ўтвараюцца пры дыфракцыі святла на дробных кроплях празрыстых, пераважна высокакучавых воблакаў і маюць меншы дыяметр. Ва ўмовах Беларусі (Мінск) гало назіраюцца каля 30 разоў за год.
Асноўныя формы гало: 1 — кругі з вуглавым радыусам 22° і 46°; 2 — слупы вышэй і ніжэй свяціла; 3 — несапраўдныя Сонцы ці Месяцы на гарызантальным крузе; 4 — датычныя дугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕ́РА, Мілавіца,
другая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, астр. знак ♀. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 108,2 млн.км. Арбіта Венеры блізкая да кругавой (яе эксцэнтрысітэт найменшы ў Сонечнай сістэме і роўны e=0,0068), нахіл арбіты да плоскасці экліптыкі складае 3°24′. Сярэдні дыяметр 12 100 км, маса 4,87∙1024кг (0,82 зямной), сярэдняя шчыльнасць 5240 кг/м³, паскарэнне свабоднага падзення на экватары 8,76 м/сек2. Бляск ад -3,3 да -4,3 зорнай велічыні (вялікі бляск з-за параўнальнай блізкасці Венеры да Зямлі і высокай адбівальнай здольнасці яе паверхні). Найменшая адлегласць Венеры ад Зямлі 38 млн.км, найб. 261 млн.км.
Венера — самае яркае свяціла на небе пасля Сонца і Месяца; бывае відаць пасля захаду Сонца як вельмі яркая вячэрняя зорка і перад світаннем як ранішняя зорка. Падобна Меркурыю і Месяцу мае фазы, якія ўпершыню адзначыў Г.Галілей у 1610. Перыяд абарачэння Венеры вакол Сонца 224,7 зямных сут, вакол восі 243 сут (абарачэнне адваротнае). Працягласць сонечных сутак на Венеры адпавядае 120 зямным сут. Змены сезонаў няма (вось абарачэння амаль перпендыкулярная плоскасці арбіты). З дапамогай АМС «Венера-15» і «Венера-16» зроблена радыёлакацыйнае картаграфаванне планеты: паверхня Венеры — гарачая сухая камяністая пустыня; горныя раёны складаюць менш за 2%. Выяўлена шмат згладжаных кратэраў дыяметрам ад дзесяткаў да соцень кіламетраў, ёсць дзеючыя вулканы. Венера абкружана шчыльнай атмасферай (адкрыў М.В.Ламаносаў у 1761), якая складаецца з вуглякіслага газу (96%), азоту (~4%) і інш. Ціск каля паверхні ~94 атм., т-ра 470 °C. Унутраная будова Венеры падобная на зямную: ядро, мантыя, кара. Даследаванні Венеры праводзіліся пры дапамозе АМС «Венера», «Вега» і «Марынер».
Літ.:
Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;
Планета Венера: Атмосфера, поверхность, внутреннее строение. М., 1989.
Н.А.Ушакова.
Каляровыя тэлефотапанарамы паверхні Венеры, атрыманыя ў час палёту станцый «Венера-13» і «Венера-14».