ІСАЕ́ВІЧ Галіна Анатолеўна (н. 30.1.1922, г. Віцебск),
бел. мастачка дэкар.-прыкладнога мастацтва, жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1951). У 1957—85 гал. мастак Мін-ва прам-сці буд. матэрыялаў БССР. Распрацоўвала ўзоры вырабаў са шкла і хрусталю, якія вылучаюцца тонкай каларыстычнай гамай і вытанчанасцю форм («Прыцемкі», 1968; «Цюльпаны», 1969; «Лета», 1971; «Вячэрні», «Святочны», абодва 1972; «Вясна», 1973; «Зарыва», 1975; «Святлафоры», 1976; «Серабрысты іней», 1980; «Зімовая казка», «Папараць-кветка», усе 1982). Туалетны набор «Фіялетавы» (1957) адзначаны бронз. медалём на міжнар. выстаўцы ў Бруселі. Тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя юбілейным датам: «Ураджайная» (1957), «Кастрычнік» (1967), «Дружба народаў» (1974), «Беларусь» (1977), «Урачыстасць» (1982), «Слава гераічнаму Мінску» (1983). Аўтар жывапісных работ «Іслач», «Траццякоўшчына» (абедзве 1955), «Родная Беларусь» (1958) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗА́РАНКА Алег Мікалаевіч (н. 10.7.1961, Мінск),
бел. графік. Сын М.П.Назаранкі, брат П.М.Назаранкі. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1986). З 1993 выкладае ў Бел.АМ. Працуе пераважна ў тэхніках малюнка, афорта, літаграфіі. У творах адлюстроўвае гіст. тэматыку (серыі «Зямля пад белымі крыламі» паводле кнігі У.Караткевіча, 1986; «Пейзажы паэзіі самоты», прысвечаная М.Багдановічу, 1993), праблемы экалогіі (серыя «Сон даўжынёй у стагоддзі», 1994), праблемы сучаснасці: «Усёвідушчая», «Дыялог», «Прастора», «Год 2000» (усе 1993); «Дакрананне», «Дзяўчына і птушка» (абодва 1994); «Каін і Авель» (1995); «Пакаянне» (1996); трыпціх «Coda» (1996—97). Працуе ў станковым жывапісе: карціны «Святочны дзень» (1993), «Ева», «Сон» (абедзве 1995), «Маленне I», «Маленне II» (абедзве 1997), «Аголеная» (1998) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫПНІЧЭ́НКА Ларыса Іванаўна (н. 7.7.1941, г. Усевалажск Ленінградскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1964), выкладала ў ім (1980—92). З 2001 у Мінскім раённым цэнтры дзіцячай творчасці. Сярод твораў габелены, выкананыя пераважна спалучэннем тэхнік гладкатканага і рэльефнага ткацтва: «Лясная песня» (1974), «Саната» (1977), «Світанне» (1978), «Каваль-асілак» (1979), «Сонечная кветка», «Абуджэнне» (абодва 1980), «Паўлінка» (1981), «След Пегаса» (1982), «Святочны рытм» (1984), «Веснавы акорд», «Багацце» (серыя; усе 1985), «Раніца» (1986), «Прэлюдыя», «Прысвячэнне» (1988—89), «Прастора і час», «Гімн зямлі» (абодва 1988), «Усход Селены», «Веснавыя галасы» (абодва 1991), «Нітка Арыядны» (1995), «Русалка», «Папараць» (абодва 1997); дэкар. пано «Ураджай» для Палаца культуры ў в. Сеніца Мінскага р-на (1990) і інш. Працуе таксама ў станковым жывапісе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРСЭ́Т,
жаночая безрукаўка, састаўная частка бел.нар. касцюма. Лакальныя назвы кабат, шнуроўка, станік. Апраналі паверх кашулі да святочнага ўбору. Шылі гарсэт на падшэўцы (у 19 — пач. 20 ст.спец. краўцы) з даматканых і фабрычных тканін (сацін, шарсцянка, танныя гатункі парчы, аксаміт, тонкае сукно) чорнага, малінавага, фіялетавага, сіняга колераў. Спераду зашпільвалі на гузікі ці гаплікі або зашнуроўвалі. Паводле крою падзяляліся на кароткія (не дасягалі таліі), прамыя, якія нагадвалі ліф (турава-мазырскі, капыльска-клецкі строі); доўгія, прышытыя да спадніцы (краснапольскі, давыд-гарадоцка-тураўскі строі); прыталеныя з адразной баскай у кліны ці фальбоны (дамачаўскі, калінкавіцкі, навагрудскі, ляхавіцкі строі). Упрыгожвалі гарсэт стракатымі пампонамі і мохрыкамі, гузікамі, нашыўкамі і аблямоўкамі з каляровай тасьмы, тканін, скуры, галуна, вышыўкай, узорыстым натыканнем.
М.Ф.Раманюк.
Святочны дзявочы касцюм з гарсэтам. Светлагорскі раён. Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВА́Я БАТЛЕ́ЙКА, батлея,
выкананне асобных сцэн ці цэлых паказаў батлейкі жывымі ўдзельнікамі. Паказы Ж.б. вядомы на Беларусі, Украіне (жывы вяртэп) і ў Польшчы. Належыць да каляднага цыкла нар. паказаў. Узніклі са спробы «ажывіць» асобныя батлеечныя сцэны, найчасцей самую папулярную «Мацей і доктар». У Ж.б. часам па традыцыі выкарыстоўвалі і ўласна батлейку: яе ўносілі і ставілі на стол у пачатку ці ў канцы паказу. Усяго ў паказах Ж.б. ўдзельнічала каля 10 персанажаў. У іх захоўвалася характэрная для Каляд і ўсяго гэтага цыкла асаблівая вольная карнавальная атмасфера, святочны вясёлы настрой удзельнікаў і гледачоў. П’еса «Цар Ірад» Ж.б. была першай нар. драмай, на ўзор якой складзена папулярная нар. драма «Цар Максімілян». Гэта пацвярджае блізкасць паказаў лялечнай, Ж.б. і нар. драмы: формай, зместам і выканальніцтвам паказы пра цара Ірада і цара Максіміляна фактычна не адрозніваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЛЕ́ВІЧ Міхаіл Вікенцьевіч (н. 29.9.1932, пас. Глінішчы Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1964). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі. Сярод жывапісных твораў: «Вечар» (1968), «Спі маленькі» (1971), «Беларусачка», «У памяці жывых» (абодва 1975), «Вясковая вуліца», «Які прыгожы гэты свет» (абодва 1977), «Антось і Ганна», «Фізік-тэарэтык» (абодва 1978), «У святочны вечар» (1979), «Восень» (1980), «Веснавая краса», «Збіраюць яблыкі» (абодва 1981), «Беларуская калыханка» (1982), «Дзяўчына і ружы», «Мір», «Журавіны» (усе 1983), «Свята», «Спрадвечнае», «Успаміны», «Светлы сум» (усе 1985), «Гонар беларускай навукі», трыпціх «Красуйся і ў шчасці жыві» (1987), «Маладая сям’я» (1988), «Сімфонія вясны» (1989), «Пра час і пра сябе», «Элегія» (абодва 1992), «Філасофія прыроды» (1999), «У садзе» (2000). Выканаў шэраг графічных партрэтаў. Творы адметныя самабытнасцю маст. мовы, маляўнічай дэкаратыўнасцю, чысцінёй колераў, выразнай контурнай лініяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДАР Таіса Мікалаеўна (н. 20.2.1945, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі пед.ін-т замежных моў (1967). Настаўнічала. З 1981 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1970. У паэт. зб-ках «Захапленне» (1974), «Акно ў восень» (1977), «Святочны снег» (1981, уключае вянок санетаў «Радасць»), «Спадчынны боль» (1987, вершы і паэма «Мы родам з вайны»; раздзел «Кніга песень» змяшчае паэмы-песні паводле матываў нар. легенд), «Адна» (1989), «Хачу назваць цябе каханым» (1991), «Час душы, мой час вячэрні...» (1995) трывожны роздум над таямнічасцю жаночай душы, лёсам і шчасцем жанчыны, светлыя і трагічныя ноты, «летуценні пра... недасяжны свет». Зб-кі апавяданняў і аповесцяў «Сінія яблыкі» (1984), «Час, калі нас любілі» (1988), «Паветраны замак на дваіх» (1990) прысвечаны праблемам сучаснай сям’і, адказнасці перад людзьмі і часам, спасціжэнню сэнсу жыцця. Партрэт Ефрасінні Полацкай і яе драматычнай эпохі стварыла ў рамане «Спакуса» (1989). Раман «Ахвяры» (1992) пра складаныя перыпетыі жыцця ахвяраў культу асобы і іх нашчадкаў, якіх хвалюе не лёс Айчыны, а свой інтарэс. Пераклала на бел. мову з малдаўскай зб. лірыкі Г.Віеру «Імя тваё» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПІЁК Мікалай Афанасьевіч (н. 20.11.1935, в. Макараўка Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (2002). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1964). Працуе ў розных галінах станковага жывапісу, графікі і сцэнаграфіі. Сярод жывапісных твораў: «Год 1929» (1976), «Купалле 41» (1977), «Кветкі пераможцам» (1980), «Слуцкія ткачыхі» (1990), «Май 45-га года» (1991), «Маё хрышчэнне» (1992), «...I апусціўся анёл» (1996), «Святочны выезд Радзівіла (Каханкі) у г. Нясвіж» (2001), «З гісторыі Полацка. У.Чарадзей» (2002—03), партрэтаў, прысвечаных дзеячам культуры Беларусі: «А.Дзянісаў у ролі М.Гусоўскага», «У.Рагаўцоў у ролі Ф.Скарыны» (абодва 1980), «Скульптар У.Церабун» (1989), «Кампазітар Я.Глебаў» (1990), «А.Дудараў, В.Раеўскі і Б.Герлаван» (1995), «С.Станюта» (2000), пейзажы, нацюрморты. Аформіў больш за 30 спектакляў у т-рах Беларусі, у т. л. «Варвары» М.Горкага (1966), «Шануй бацьку свайго» В.Лаўрэнцьева «Дамы і гусары» А.Фрэдры (абодва 1964), «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна, «Камедыя памылак» У.Шэкспіра (абодва 1968), «Амністыя» М.Матукоўскага (1970), «Трыбунал» А.Макаёнка і «Адкуль грэх» А.Петрашкевіча (1971), «Снежная каралева» Я.Шварца (1979) і інш. Творам уласцівы разнапланавасць і рамантызацыя сюжэтаў, нечаканасць кампазіцыйнай пабудовы, каларыстычная гармонія, сюжэтная насычанасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́ТА ДЫ БАНДО́НЕ [Giotto di Bondone; 1266 або 1267, Коле-ды-Веспіньяна (?), Італія — 8.1.1337],
італьянскі жывапісец, прадстаўнік Протарэнесансу. Вучыўся, верагодна, у майстэрні Чымабуэ. Працаваў пераважна ў Падуі і Фларэнцыі. З імем Дж. ды Б. звязаны паварот у развіцці італьян. жывапісу, яго разрыў з сярэдневяковымі канонамі і традыцыямі італа-візант. мастацтва 13 ст. Знаёмства з познаант. жывапісам і творамі П.Каваліні вызначыла далейшае развіццё творчасці Дж. ды Б. У 1304—06 ён стварыў вядомыя размалёўкі капэлы дэль Арэна (Скравеньі) у Падуі. Размешчаныя на сценах капэлы ў 3 ярусы размалёўкі перадаюць гісторыю жыцця Марыі і Хрыста ў выглядзе шэрагу драм. эпізодаў. Захаванне ў кожнай кампазіцыі адзінства часу і месца, энергічная пабудова аб’ёмаў і прасторы, прастата сітуацый і пластычная выразнасць жэстаў, светлы, святочны каларыт робяць размалёўкі выдатным творам протарэнесансавага жывапісу Італіі. У пач. 14 ст. Дж. ды Б. выканаў размалёўкі ў царкве Бадзія (1300—02, Фларэнцыя), а таксама некалькі алтарных абразоў, сярод якіх найб. вядомы «Мадонна Аньісанці» (1310—20, Фларэнцыя). У размалёўках капэл Перуцы (каля 1320) і Бардзі (1320—25) у фларэнційскай царкве Санта-Крочэ дасягнуў арган. сувязі з архітэктурай, стрыманасці каларыту і манументальнасці вобразаў. Аўтар праекта кампанілы (званіцы) фларэнційскага сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (буд-ва пачата ў 1334).
Літ.:
Данилова И. Джотто: [Альбом]. М., 1970.
Джота ды Бандоне.Джота ды Бандоне. Фрэска «Уезд Хрыста ў Іерусалім» у капэле дэль Арэна ў Падуі. 1304—06.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́КАННЕ,
вымаўленне ў першым пераднаціскным складзе пасля мяккіх зычных галосных «о», «е» як «а», якое на пісьме перадаецца літарай «я». Характэрная асаблівасць бел. мовы. Напр., «лес — лясы́ — лесаві́к», «ка́мень — камяні́ — каменяло́мны», «ве́зці — вёз — вязу́», «вёсны — вясна́ — веснавы́». У бел.літ. мове Я. абмяжоўваецца гіст. чаргаваннем «е» з «і» [напр., «церці — заціраць», «адперці — адпіраць», «свет — світанне» (але «святло»), «смех — усміхацца» (але «смяяцца»), «ветлівы — вітаць»] і захаваннем «е» ў першым пераднаціскным складзе ў адносна новых запазычаных словах («герой», «камендант», «медаль», «мелодыя», «сезон», «семестр» і інш.). Асн. тыпы Я. ў бел. гаворках — дысімілятыўнае і недысімілятыўнае. Пры дысімілятыўным (пашырана на ПнУ ад лініі Гомель — Мінск — Смаргонь) на месцы «э», «о», «а» ў першым складзе перад усімі ненаціскнымі галоснымі, акрамя «а», вымаўляецца «а»; «в’асны», «з’амл’у», «п’ац’і»; перад складам з націскам на «а» ўтвараецца «і»: «в’існа», «з’імла», «п’іта». Пры недысімілятыўным (гаворкі Гродзенскай, паўд. часткі Мінскай, З Магілёўскай, Пн Брэсцкай і цэнтр. часткі Гомельскай абл.) ненаціскныя «э», «о», «а» ў першым складзе перад націскам заўсёды супадаюць у гуку «а»; «в’асна — в’асну», «з’амл’а — з’амл’і», «п’ата — п’аты». Да Я. не адносіцца захаванне ў некат. словах незалежна ад месца націску карэннага «я»: «ця́жка», «цяжа́р», «цяжкава́та»; «сябро́ўства», «ся́бар», «сябрава́ць»; «свя́та», «свято́чны», «святкава́ць».