ЛЮКС (лац. lux святло),

адзінка асветленасці ў СІ. Абазначаецца лк. 1 лк роўны асветленасці паверхні плошчай 1 м², на якую падае раўнамерна размеркаваны светлавы паток выпрамянення ў 1 лм. Гл. таксама Люмен.

т. 9, с. 404

т. 9, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю ў г. Маладзечна Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1867—71 з цэглы. У плане ўяўляе сабой традыц. 4-часткавую схему: званіца, трапезная, 3-нефавы квадратны асн. аб’ём і 5-гранная апсіда, абапал якой прыбудаваны рызніца і ахвярнік. Над асн. аб’ёмам — 8-гранны светлавы барабан. У дэкоры выкарыстаны кілепадобныя какошнікі, ліштвы акон, шатровыя з макаўкай завяршэнні і інш. Званіца і гал. светлавы барабан царквы маюць аднолькавую арх.-пластычную структуру: 8-гранная ў сячэнні канструкцыя завяршаецца какошнікам і шатровым дахам з цыбулепадобнай галоўкай. Гэта надае кампазіцыі будынка цэласнасць і аб’ёмнае адзінства.

Г.А.Лаўрэцкі.

Маладзечанская Пакроўская царква.

т. 9, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГЛЫНА́ННЯ ПАКА́ЗЧЫК,

фізічная велічыня, адваротная адлегласці, на якой паток выпрамянення, што ўтварае паралельны светлавы пучок, аслабляецца ў выніку паглынання ў асяроддзі ў e разоў (натуральны П.п.; гл. Бугера—Ламберта—Бэра закон) ці 10 разоў (дзесятковы П.п.). Залежыць ад частаты святла, хім. прыроды і стану рэчыва.

Адзінка П.п. у СІ метр у мінус першай ступені (м−1). Гл. таксама Паглынанне святла.

т. 11, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Леанід Аляксандравіч) (24.2.1871, Масква — 11.4.1962),

рускі батанік. Чл.-кар. Расійскай АН (1922). Скончыў Маскоўскі ун-т (1895). Вучань І.М.Гаражанкіна і К.А.Ціміразева. З 1904 праф. Ленінградскай лесатэхн. акадэміі, з 1939 у Ін-це фізіялогіі раслін АН СССР, з 1944 у Ін-це лесу АН СССР. Навук. працы ў галіне фізіялогіі раслін (дыханне, браджэнне, фосфарны і бялковы абмен, светлавы і водны рэжым, фотасінтэз). Адкрыў фасфарыляванне цукроў.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГІ́НАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1886 з цэглы ў в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. Храм 4-часткавай падоўжна-восевай кампазіцыі: званіца, трапезная, асн. аб’ём з прыдзеламі, апсіда.

Прыдзелы і апсіда вырашаны паўратондамі. 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца надбудавана над прытворам і завершана цыбулепадобнай галоўкай. Над сяродкрыжжам буйны 8-гранны светлавы барабан накрыты самкнутым сферычным купалам.

А.М.Кулагін.

Даўгінаўская Троіцкая царква.

т. 6, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДУЛЯ́ЦЫЯ СВЯТЛА́,

змена ў часе паводле зададзенага закону інтэнсіўнасці светлавога патоку. Неабходна для перадачы па светлавым прамяні інфармацыі (тэлевізійнага адлюстравання, гаворкі), для аптычнай лакацыі і далёкаметрыі.

Бывае ўнутраная (ажыццяўляецца ўздзеяннем на крыніцу святла) і знешняя (уздзеяннем на светлавы паток). Для знешняй М.с. выкарыстоўваюць мадулятары, пераважна электрааптычныя (ячэйкі Кера, элементы Покельса). З паяўленнем магутных кагерэнтных патокаў святла ад лазераў пачала ажыццяўляцца фазавая М.с., пры якой паводле зададзенага закону зменьваецца зрух фазы светлавых ваганняў.

т. 9, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў г. Быхаў (Магілёўская вобл.). Будынак цэнтрычны, крыжападобны ў плане, на цагляным атынкаваным фундаменце. З трох бакоў зроблены ўваходы ў выглядзе шырокіх мураваных ганкаў з казыркамі на драўляных калонах. Над гал. уваходам — высокая васьмігранная ў плане 3-ярусная званіца, над сяродкрыжжам — вялікі светлавы барабан (дыяметр 8 м, вышыня 12,5 м) з купалам. Фасады вертыкальна ашаляваны. Вокны паўцыркульныя. У інтэр’еры цэнтральная 2-светлавая частка перакрыта самкнёным скляпеннем на ветразях.

т. 3, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОНСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры класіцызму. Пабудавана з дрэва ў 1826 у в. Блонь (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.). Сіметрычны прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай апсідай. Над бабінцам званіца (васьмярык на чацверыку) са шпілем, над сяродкрыжжам 8-гранны светлавы барабан са шлемападобным купалам. Гал. фасад акцэнтаваны манум. порцікам, які ўтвараюць 4 мураваныя калонкі і трохвугольны франтон. Сцены гарызантальна ашаляваны, завершаны карнізам з поясам «сухарыкаў», разным фрызам. У інтэр’еры асн. частка 3-нефавая, над бабінцам хоры.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕШАНКО́ВІЦКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю візант. кірунку. Пабудавана ў 1870 з цэглы ў цэнтры г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. Цэнтрычны крыжова-купальны 5-купальны храм. Вертыкальная накіраванасць кампазіцыі ўзмацняецца адсутнасцю гарыз. чляненняў, верт. выцягнутасцю фасадных плоскасцяў, выкарыстаннем лапатак на ўсю вышыню фасадаў, высока ўзнятых вузкіх арачных аконных праёмаў і нішаў, вял. цокальнага падмурка. У арх. дэкоры выкарыстаны элементы стараж.-рус. дойлідства. Унутраная прастора дынамічна расчынена ў светлавы барабан,. моцная канструкцыя якога трымаецца на ветразях і 4 масіўных слупах.

А.М.Кулагін.

т. 3, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБТУРА́ТАР (франц. obturater ад лац. obturare зачыняць),

1) прылада, з дапамогай якой у кінаапаратах перыядычна (на час, неабходны для змены кадра) перакрываецца светлавы паток, а таксама ажыццяўляецца мадуляцыя святла ў некаторых оптыка-мех. і фотаэл. прыборах. Адрозніваюць абтуратар з вярчальным рухам — дыскавыя, конусныя, цыліндрычныя і са зваротна-паступальным — шторныя; з люстраным пакрыццём або без яго. Абтуратар мае светлавыя адтуліны, праз якія святло праходзіць да кінаплёнкі.

2) Пругкі элемент у затворах гармат, які прыціскаецца пры выстрале да сценкі камеры і прадухіляе прарыў парахавых газаў.

т. 1, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)