ХЛАРО́З (ад грэч. chlōros бледна-зялёны, зеленавата-жоўты), бледная немач,

адна з форм жалезадэфіцытных анемій. Упершыню апісаны ў 17 ст.; названы «Х.» з-за зеленавата-бледнага адцення скуры ў дзяўчат. Адрозніваюць ранні і позні Х. Ранні сустракаецца рэдка (у дзяўчат 15—20 гадоў) і звязаны з палавым выспяваннем. Позні адзначаецца ў жанчын 35—45 гадоў, развіваецца павольна, абвастраецца ў вясенне-асенні перыяд, што звязана з павышэннем узроўню эстрагенаў, якія прыгнечваюць утварэнне эрытрацытаў, затратамі жалеза пры паўторных цяжарнасцях і інш. Прыкметы: павышаная стамляльнасць, сэрцабіцце, шум у вушах, галавакружэнне, санлівасць, скажэнне смаку (спажыванне мелу, гліны і інш.), ломкасць і дэфармацыя (увагнутасць) пазногцяў, парушэнне менструальнага цыкла і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЭТЫ́ЛАВЫ ЭФІ́Р, этылавы эфір, серны эфір, эфір,

аліфатычны просты эфір, H5C2OC2H5. Бясколерная вадкасць са своеасаблівым пахам, tкіп 34,5 °C, шчыльн. 713,8 кг/м³ (20 °C). Атрыманы ў 16 ст. В.​Кордусам дэгідратацыяй этанолу ў прысутнасці сернай к-ты (гэтым спосабам карыстаюцца і цяпер).

Д.э. змешваецца са спіртам, бензолам і інш. арган. растваральнікамі, абмежавана — з вадой (6,5% пры 20 °C); выбухова- і вогненебяспечны (т-ра загарання -41 °C). У прам-сці атрымліваюць як пабочны прадукт пры вытв-сці этылавага спірту гідратацыяй этылену. Выкарыстоўваюць як растваральнік нітратаў цэлюлозы (у т. л. ў вытв-сці бяздымнага пораху), жывёльных і раслінных тлушчаў, прыродных і сінт. смол, алкалоідаў і інш.; экстрагент, анестэзіруючы сродак у медыцыне. Злёгку раздражняе дыхальныя шляхі, пры атручэнні настае ўзбуджэнне, потым санлівасць і страта прытомнасці, ГДК 300 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 6, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛАРО́З, птушак, бацылярны белы панос, бацылярная дызентэрыя,

інфекцыйная хвароба птушак групы сальманелёзаў.

Выклікаецца бактэрыямі з роду сальманела і пашкоджвае кішэчнік і інш. ўнутр. органы птушанят і яечнікі дарослых птушак. Хварэюць на П. куры, індычкі, перапёлкі, цяцеркі, канарэйкі, галубы і інш.

Крыніца інфекцыі — хворыя птушаняты і дарослыя птушкі-сальманеланосьбіты, якія выдаляюць узбуджальніка з памётам, яйцамі, спермай. Інфекцыя перадаецца з кормам і піццём, праз паветра, пры апладненні. Цячэнне хваробы ў куранят вострае, падвострае і хранічнае. Назіраецца прыгнечанасць, санлівасць, адсутнасць апетыту, павышаная т-ра (да 44 °C), белаваты светлы панос, апярэнне ўскудлачана, крылы звісаюць. У дарослых птушак П. хранічны, бессімптомны, пры ўскрыцці назіраюцца дэфармацыя і перараджэнне фалікулаў яечніка. Смяротнасць куранят 60—70%, кур 30—40%. Магчыма захворванне чалавека пры спажыванні ў ежу заражаных мяса і яец.

Пулароз куранят.

т. 13, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЛАМПСІ́Я (ад грэч. eklampsis успышка),

форма позняга таксікозу цяжарнасці. Асн. праява — раптоўныя сутаргі і страта прытомнасці, якія могуць паўтарацца. Бывае ў цяжарных, парадзіх (у час родаў найб. часта) і пасля родаў.

Адрозніваюць Э. лёгкую, сярэдняй цяжкасці і цяжкую, сутаргавую і бяссутаргавую (хворая адразу ўпадае ў кому), цэрэбральную (мазгавую), пячоначную, нырачную. Часцей узнікае ў першародак, таксама пры наяўнасці захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, печані, нырак і інш., на фоне нефрапатыі цяжарных (ацёкі, павышаны артэрыяльны ціск і інш.). Перад сутаргавым прыпадкам павышаецца артэрыяльны ціск, пагаршаецца зрок, магчыма часовае спыненне дыхання, павышэнне т-ры цела і інш. Пасля сутаргаў — каматозны стан, потым астэнія, санлівасць. Пры Э. можа развівацца нырачная, пячоначная, сардэчная і дыхальная недастатковасць, пнеўманія і інш. Лячэнне тэрапеўт., пры неабходнасці — паскарэнне родаў, кесарава сячэнне У жывёл да Э. больш схільныя сабакі, пушныя звяры, каты. Характарызуецца з’яўленнем тоніка-кланічных сутаргавых прыпадкаў.

І.​М.​Семяненя.

т. 18, кн. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ТЫЙ (лац. Lithium),

Li, хімічны элемент I гр. перыяд. сістэмы, ат. н. 3, ат. м. 6,941, адносіцца да шчолачных металаў. Прыродны складаецца з 2 стабільных ізатопаў ​6Li (7,52%) і ​7Li (92,48%). У зямной кары 6,510​−3 % па масе (гл. Літыевыя руды). Адкрыты ў 1817 швед. хімікам А.​Арфведсанам у мінерале петаліце; назва ад грэч. lithos — камень. Л. метал. атрыманы ў 1818 англ. хімікам Г.​Дэві.

Мяккі і пластычны серабрыста-беды метал, tпл 180,54 °C, шчыльн. 533 кг/м³ (самы лёгкі метал). Узаемадзейнічае з вадой, бурна з разбаўленымі мінер. к-тамі (утварае солі; гл. Літыю злучэнні), з галагенамі (з ёдам пры награванні), кіслародам і азотам. У паветры хутка цьмянее з-за ўтварэння Л. нітрыду Li3N і аксіду Li2O. Пры награванні ўзаемадзейнічае з вадародам, вугляродам, серай і інш. неметаламі. З металамі ўтварае інтэрметаліды. Важнейшымі злучэннямі Л. з’яўляюцца літыйарганічныя злучэнні. Захоўваюць Л. у герметычных бляшанках пад слоем сумесі парафіну з мінер. маслам. Атрымліваюць электролізам расплаўленай сумесі хларыдаў Л. і калію (ці барыю). Выкарыстоўваюць у вытв-сці анодаў для хім. крыніц току, як кампанент сплаваў магнію і алюмінію, антыфрыкцыйных сплаваў (бабітаў), як каталізатар полімерызацыі; вадкі — у якасці цепланосьбіта ў ядз. рэактарах; ізатоп ​6Li — у вытв-сці трытыю. Пры кантакце выклікае апёкі вільготнай скуры і вачэй, пры пападанні ў арганізм — слабасць, санлівасць, галавакружэнне.

І.​В.​Боднар.

т. 9, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)