БАКСТ (сапр. Розенберг) Леў Самойлавіч

(9.5.1866, г. Гродна — 27.12.1924),

тэатральны мастак, графік, жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1883—87), у Парыжы (1893—96). У 1906—09 выкладаў жывапіс у прыватнай маст. школе ў Пецярбургу, сярод яго вучняў — М.Шагал. Член аб’яднання «Свет мастацтва». З 1910 жыў пераважна ў Парыжы. Быў адным з вядучых дэкаратараў «Рускіх сезонаў» С.П.Дзягілева. Моцны ўплыў стылю мадэрн зазнала яго кніжная графіка (час. «Мир искусства», «Золотое руно», «Аполлон»), станковы жывапіс («Старажытны жах», 1908) і асабліва тэатр.-дэкарацыйнае мастацтва (балеты «Клеапатра», 1909, «Шэхеразада», 1910, «Дафніс і Хлоя», 1912), дзе, стылізуючы ант. і ўсх. матывы, Бакст стварыў вытанчана — дэкар. эскізы касцюмаў і дэкарацый. Выканаў шмат партрэтаў (І.​І.​Левітан, І.​А.​Бунін, К.​Дэбюсі, І.​Рубінштэйн і інш.) і станковых твораў («На схіле гадоў», «Вячэра», «С.​П.​Дзягілеў з нянькай» і інш.).

Літ.:

Голынец С.В. Л.​С.​Бакст, 1866—1924. Л., 1981.

М.​М.​Паграноўскі.

Л.Бакст. Эскіз касцюма Сіняй султаніхі да балета «Шэхеразада». 1910.

т. 2, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСАЛЫ́ГА (Уладзімір Самойлавіч) (н. 1.4.1940, г. Слуцк),

бел. графік. Брат М.С.Басалыгі. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). У 1971—80 гал. мастак Маст. фонду. Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, экслібрыса. Гал. тэма творчасці — культ. і гіст. спадчына Беларусі: графічныя аркушы «Шануйце роднае слова» (1976), «Неба бацькаўшчыны» (1980), «Навагрудчына», «Мой родны кут», «Дух стагоддзяў», «Радзіма Купалы» (усе 1982). Стварыў серыю графічных аркушаў «Мова наша родная»; ілюстрацыі да кнігі «Мая Іліяда» У.​Караткевіча (1969), альбома «Гравюры Францыска Скарыны» (1972, з М.​С.​Басалыгам) і інш. З 1977 працуе над серыяй графічных твораў «Помнікі дойлідства Беларусі»; «Мірскі замак», «Царква ў Сынковічах», «Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку», «Каложская царква ў Гродне», «Спаса-Праабражэнская царква ў Заслаўі», «Вежа замка ў Любчы», «Нясвіжскі замак», «Слуцкая гімназія» і інш.

Літ.:

Пянькоўская А. Справа даўжынёй у жыццё // Мастацтва Беларусі. 1991. № 8.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Басалыга. Слуцкая гімназія. З серыі «Помнікі дойлідства Беларусі». 1977.

т. 2, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́ШКА (Андрэй Самойлавіч) (15.11. 1912, г. Абухаў Кіеўскай вобл. — 17.2.1970),

украінскі паэт. Скончыў Кіеўскі ін-т нар. адукацыі (1932). Друкаваўся з 1930. Аўтар зб-каў паэзіі «Радзіма» (1936), «Лірыка» (1938), «Жаваранкі» (1940), «Да бою ўставайце!» (1941), «За сінім морам» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Далёкія арбіты» (1962, Дзярж. прэмія Украіны імя Шаўчэнкі 1964), «Дарога пад яварамі» (1964, Дзярж. прэмія Украіны імя Шаўчэнкі 1964, Дзярж. прэмія СССР 1969), «Жнівень маёй душы» (1970) і інш., адметных тэматычным багаццем, глыбокім лірызмам, эмацыянальнасцю, патрыятычным гучаннем і філас. насычанасцю. Гісторыі Украіны прысвяціў паэмы «Ярына» (1938), «Кармалюк» (1940), «Дума пра казака Данілу» (1941), «Праметэй» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Тарас Шаўчэнка» (1961). Выступаў як літ. крытык (кн. «Думкі пра паэзію», 1959; «Слова пра паэта», 1960). Прапагандаваў бел. л-ру і культуру. Пераклаў на ўкр. мову кн. выбраных твораў Я.​Купалы (зб. «Лірыка», 1967), асобныя творы П.​Броўкі, А.​Вялюгіна, А.​Куляшова, П.​Панчанкі, А.​Русака, М.​Танка. На бел. мову яго творы пераклалі Куляшоў (зб. «Запаветная крыніца», 1962), А.​Астрэйка, М.​Аўрамчык, А.​Бачыла, Г.​Бураўкін, Вялюгін, А.​Грачанікаў, Л.​Дайнека, С.​Дзяргай, Х.​Жычка, А.​Звонак, М.​Калачынскі, М.​Машара, Р.​Няхай, П.​Прыходзька, М.​Хведаровіч і інш.

Тв.:

Твори. Т. 1—5. Київ, 1986—87;

Бел. пер.Выбр. творы. Мн., 1953;

Рус. пер. — Полдень века. М., 1975.

Літ.:

Костенко А.І. Андрій Малишко. Київ, 1981.

В.​А.​Чабаненка.

А.С.Малышка.

т. 10, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)